Now Reading
«Дзякуючы табе мы перамаглі». Расказваем пра Станіслава Альбрэхта Радзівіла — геніяльнага бізнесмена і чалавека, які дапамог Джону Кенэдзі стаць прэзідэнтам

«Дзякуючы табе мы перамаглі». Расказваем пра Станіслава Альбрэхта Радзівіла — геніяльнага бізнесмена і чалавека, які дапамог Джону Кенэдзі стаць прэзідэнтам

сям'я радзівілаў, радзівілы ў амерыканскай палітыцы

Радзівілы заўсёды мелі вялікія амбіцыі. Князь Станіслаў Альбрэхт прадоўжыў і прымножыў славу знакамітага і магутнага роду. PALATNO расказвае пра вядомага палітыка, таленавітага бізнесмена і чалавека, які дапамог Джону Кенэдзі стаць прэзідэнтам.

Гэты тэкст можна прачытаць, а можна паслухаць у падкасце «Голасам».

Шпаніў — Жэнева

Станіслаў Альбрэхт Радзівіл нарадзіўся 21 ліпеня 1914 у Шпаніве на Валыні ў сям’і князя Януша Францішка Радзівіла і Ганны Ядвігі Марыі Любамірскай і быў малодшым з іх чатырох дзяцей. Вырас і атрымаў пачатковую адукацыю Стась (так да яго звярталіся сваякі і сябры) у Пшчыне — менавіта там знаходзіліся Дзяржаўная гімназія і прыватная школа-інтэрнат для сыноў польскіх і заходнебеларускіх арыстакратаў. Бацька Стася быў апошнім ардынатам Алыцкім — адзіным спадчыннікам сямейнай маёмасці, якая пераходзіла да яго як непадзельная і неадчужальная — і праўнукам 12-га ардыната Нясвіжскага Антонія Генрыха Радзівіла. Алыка — адна з трох ардынацый, акрамя Нясвіжскай і Клецкай, на якія ў XVI стагоддзі падзяліў свае ўладанні Мікалай Радзівіл Чорны.

Бацькоў Станіслава Альбрэхта неаднаразова арыштоўваў НКВД. Маці загінула ў турме ў 1947 годзе, а бацьку нейкім цудам удалося выжыць і вярнуцца ў Варшаву.

Станіслаў скончыў факультэт гуманітарных навук каталіцкага Фрыбурскага ўніверсітэта ў Швейцарыі, дзе вывучаў філасофію і гісторыю. У 1937 годзе ён абараніў дысертацыю і амаль адразу заняў пасаду намесніка кіраўніка Станіславоўскага ваяводства — адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў міжваеннай Польшчы. Як кавалерыйскі афіцэр ён узяў удзел у Вераснёўскай кампаніі 1939 года, а пасля яе правалу паехаў у Парыж, дзе працаваў урад Польскай Рэспублікі ў выгнанні. Адтуль князя Радзівіла адправілі ў штаб-кватэру Міжнароднага Чырвонага Крыжа ў Жэневе прадстаўніком Польшчы. Ён прымаў актыўны ўдзел у барацьбе з фашызмам, займаўся арганізацыяй дапамогі зняволеным гітлераўцамі і выступаў з прапановамі расследаваць «катынскае злачынства». Таксама да канца Другой сусветнай вайны Станіслаў Альбрэхт працаваў павераным у справах польскага ўрада ў Лізе Нацый.

Праніклівы і таленавіты прадпрымальнік

У 1940 годзе ў Жэневе Станіслаў ажаніўся са сваёй універсітэцкай сяброўкай Разелін дэ Манлеон, але праз пяць гадоў іх саюз распаўся. Ужо праз год князь пабраўся шлюбам з харваткай Грэйс Колін, з якой пераехаў у Лондан, дзе стаў актыўна займацца бізнесам і ўдзельнічаць у палітычным жыцці. У сталіцы Англіі Радзівіл пазнаёміўся з найбуйнейшым магнатам у галіне нерухомасці Феліксам Фенстанам, пад уплывам якога распачаў бізнес у гэтай сферы.

Князь хутка набыў рэпутацыю праніклівага і таленавітага прадпрымальніка і за кароткі час стаў адным з самых багатых і ўплывовых бізнесменаў Вялікабрытаніі.

Поспехі ў бізнесе дапаўняліся шчасцем у асабістым жыцці Радзівіла — у 1947 годзе жонка нарадзіла князю сына, якога назвалі Янам Станіславам.

«Гэта быў годны мужчынскі сілуэт ва ўсіх гэтых ружовых карункавых фальбонах»

Здавалася, што Стась і Грэйс стварылі сапраўды моцную сям’ю. Аднак усё змянілася восенню 1956 года, калі Радзівілаў запрасілі на паляванне да лорда і лэдзі Лэмбтан у іх маёнтак Фентон. Менавіта тады Станіслаў Радзівіл упершыню ўбачыў сваю будучую трэцюю жонку — Кэралайн Лі Буўе, малодшую сястру Жаклін Кенэдзі і ці не галоўную свецкую львіцу Амерыкі. Першая сустрэча са Станіславам моцна ўразіла Лі, бо князь быў сапраўдным арыстакратам, прадстаўніком найвышэйшай эліты Еўропы.

Праз гады Лі ўспамінала той дзень: «Стась быў такі задуменны, такі сур’ёзны. Я не сказала яму ні слова за ўсе выхадныя. Але пазней наша сяброўка захацела пагуляць у шарады і адзела яго ў адну са сваіх старых спадніц. Тады ўжо ён быў не такі сур’ёзны. Гэта быў годны мужчынскі сілуэт ва ўсіх гэтых ружовых карункавых фальбонах. Я зразумела, што ў яго цудоўнае пачуццё гумару і дастаткова самаіроніі».

Лі ў той час была замужам за Майклам Кэнфілдам, сынам буйнога амерыканскага выдаўца. Іх шлюб цяжка было назваць шчаслівым — муж піў, да ўсяго іншага, у іх не было дзяцей. Таму Лі была цалкам адкрытая да новых стасункаў. Радзвілы і Кэнфілды пасябравалі і ўсё часцей сустракаліся на ўік-энды. Аднак асабліва хутка зблізіліся Станіслаў і Лі. І гэта нядзіўна — князь быў надзвычай прыстойны, прыгожы, з цудоўнымі манерамі, за што карыстаўся вялікім поспехам у жанчын.

У арыстакратычных колах яго называлі Чорным прынцам за статнасць і цёмныя валасы і вочы.

У Лі і Стася завязаўся бурны раман. Амерыканка закахалася ў князя па самыя вушы, нягледзячы на тое, што Радзівіл быў старэйшы за яе на 19 гадоў. Дзіяна Дзюбуа, біёграф Лі, піша ў сваёй кнізе: «Стась Радзівіл адрозніваўся ад усіх, каго яна калі-небудзь ведала. Ён быў старэйшы, у яго было добрае імя. Шчодрасць і прыстойнасць Стася таксама зрабілі на Лі добрае ўражанне. Добра адклікаліся аб ім і англійскія арыстакраты. Адна з лэдзі казала, што, нават страціўшы ўсё, многія з гэтых арыстакратычных імігрантаў, кім быў у Англіі і князь, захавалі пэўную высакароднасць і ўменне атрымліваць ад жыцця задавальненне. Акрамя таго, Стась меў аўтарытэт і прэстыж у Старым Свеце. Такая спадчына і адбілася на яго яскравай знешнасці і манерах».

Каханне і прагматызм

Хутка Радзівіл зразумеў, што хоча ажаніцца з Лі. Тая таксама не хацела больш заставацца ў нешчаслівым шлюбе. А яшчэ яна горача жадала нарадзіць дзіця ад свайго Стася. Неўзабаве закаханыя пачалі шлюбаразводныя працэсы. Ужо падчас судоў выявілася, што Лі цяжарная. Яна пачала падганяць Станіслава, і, нарэшце, 6 сакавіка 1959 года князь развёўся з жонкай, а ўжо 19-га — ажаніўся з Лі.

Радзівіл набыў раскошны асабняк па суседстве з Букінгемскім палацам. Станіслаў і Лі пачыналі новае сямейнае жыццё і былі вельмі шчаслівыя.

Але акрамя відавочнага кахання, быў у гэтым шлюбе і прагматычны флёр. Лі адразу пасля шлюбу пачала прадстаўляцца княгіняй Радзівіл і вельмі гэтым ганарылася. Справа ў тым, што ў ЗША не было арыстакратыі, таму дзяўчыны з багатых сямей марылі пра шлюб з еўрапейскімі арыстакратамі. А яшчэ Лі, якая амаль усё жыццё сапернічала са старэйшай сястрой, вельмі хацела мець больш высокае становішча ў грамадстве, чым Жаклін. Ненадоўга, але ёй гэта ўдалося. Сам жа Радзівіл часта выкарыстоўваў жонку для развіцця свайго бізнесу.

У Лі заўсёды было шмат багатых прыхільнікаў і знаёмых, якія б маглі быць карыснымі князю. Так было, напрыклад, з грэцкім мільярдэрам і суднаходным магнатам Арыстоцелем Анасісам, які сябраваў з новаспечанай княгіняй. Радзівілы часта ладзілі банкеты ў яго гонар у сваім лонданскім маёнтку. Пакуль Анасіс фліртаваў з Лі, Стась дабіўся таго, чаго даўно хацеў, — стаў дырэктарам кампаніі Olympic Airways, заснаванай мільярдэрам у 1959 годзе.

У жніўні 1959 года ў пары нарадзіўся сын Антоні. Станіслаў марыў, каб хутчэй з’явілася другое дзіця, і ўсяго праз 6 месяцаў пасля родаў Лі зноў зацяжарыла. Але нараджэнне дачкі, якую назвалі Ганнай Крысцінай, стала прычынай першага крызісу ў сям’і Радзівілаў. Дзяўчынка з’явілася на свет у жніўні 1960 года, на тры месяцы раней за тэрмін, і ўрачы давалі мала шанцаў на тое, што яна выжыве. Хоць Лі і была рада дачцэ, яна абуралася, што Стась прымусіў яе так хутка зацяжарыць яшчэ раз. На яе думку, менавіта гэта і стала прычынай заўчасных родаў. На шчасце, дзяўчынка паправілася і адужэла.

Нягледзячы ні на што, сям’я жыла вельмі дружна. У свецкіх колах Радзівілаў лічылі яскравай парай. Таксама яны шмат падарожнічалі па цэлым свеце, але асабліва любілі Італію, Францыю і Грэцыю.

«Сапраўды, гэты ты зрабіў, Стасю»

ST-C250-28-63 28 July 1963
Weekend of Hyannis Port: Cruise aboard the Honey Fitz with family and friends
[Scratches are original to the negative.]Please credit “Cecil Stoughton. White House Photographs. John F. Kennedy Presidential Library and Museum, Boston”
Пасля жаніцьбы з Лі Станіслаў вельмі зблізіўся з сямействам Кенэдзі. Калі стала вядома, што Джон Кенэдзі мае намер балаціравацца на пасаду прэзідэнта ЗША, князь Радзівіл прыняў самы актыўны ўдзел у яго падтрымцы. За час выбарчай кампаніі Станіслаў Альбрэхт, дзякуючы сваім таленавітым прамовам, знайшоў для Кенэдзі шмат прыхільнікаў сярод эмігрантаў з Польшчы, Беларусі і Украіны. Таксама князю ўдалося прыцягнуць на бок Кенэдзі выбаршчыкаў у штаце Ілінойс, што і прывяло да перамогі Джона. Калі той стаў прэзідэнтам, то гаварыў, што гэтым шмат у чым абавязаны свайму зяцю.

Пасля выбараў Джон Кенэдзі даслаў Радзівілу сваю фотакартку з подпісам: «Дзякуючы табе мы перамаглі», а трохі пазней зрабіў яшчэ адзін падарунак князю — каштоўны партрэт яго прабабкі Людвікі Гогенцолерн, жонкі Антонія Генрыха Радзівіла. Жаклін прэзентавала Станіславу зроблены ўласнай рукой рысунак карты ЗША з сілуэтам князя, які перасякае краіну, і напісала: «Сапраўды, гэты ты зрабіў, Стасю».

Таксама Джэкі, каб аддзячыць Станіславу Радзівілу, дала грандыёзны баль у яго гонар, на якім прысутнічалі высокапастаўленыя асобы.

«Пане прэзідэнт, відаць, што з пана выйдзе дасканалы хросны бацька»

Паступова князь Радзівіл стаў адным з найбліжэйшых сяброў і паплечнікаў амерыканскага прэзідэнта і суправаджаў яго амаль на ўсіх урадавых візітах. Сяброўства Стась і Джон змацавалі ўзаемным хрышчэннем сваіх дзяцей. У 1961 годзе Станіслаў хрысціў Джона Кенэдзі-малодшага, а 4 чэрвеня таго ж года, пасля канферэнцыі з Хрушчовым у Вене, прэзідэнт Кенэдзі спецыяльна прыехаў у Лондан, каб стаць хросным бацькам дачкі князёў Радзівілаў. На другі дзень, 5 чэрвеня, у Вестмінстэрскім катэдральным саборы адбыўся хрост Ганны Крысціны. Хроснай маці была сястра князя Крысціна, графіня Патоцкая, якая пражывала ў Мадрыдзе. На ўрачыстасці прысутнічалі прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Гаральд Макмілан з жонкай, а таксама шэраг афіцыйных прадстаўнікоў з брытанскага і амерыканскага пасольстваў.

Калі падчас цырымоніі на галаву дзяўчынкі налілі занадта шмат вады, прэзідэнт Кенэдзі першы выхапіў ручнік і выцер дзіця. Ксёндз з усмешкай сказаў: «Пане прэзідэнт, відаць, што з пана выйдзе дасканалы хросны бацька».

Вечарам таго ж дня Радзівілы арганізавалі прыём на 50 асоб, а на наступны дзень разам з Джонам і Джэкі Кенэдзі паехалі на банкет да каралевы Лізаветы II. Жыццё Станіслава і Лі з раскошнага паступова ператваралася ў яшчэ больш раскошнае.

Сем’і Кенэдзі і Радзівілаў праводзілі час разам амаль кожную вольную хвіліну. Яны разам святкавалі Каляды ў маёнтку прэзідэнцкай пары ў Палм-Біч, а летам разам падарожнічалі. Такая блізкасць Джона і Станіслава вельмі не падабалася супрацоўнікам амерыканскай амбасады ў Лондане. Напрыклад, іх раздражняла тое, што афіцыйныя справаздачы, якія яны накіроўвалі ў офіс прэзідэнта, паступалі туды пазней, чым паведамленні ад Радзівіла.

22 лістапада 1963 года прэзідэнт Злучаных Штатаў Джон Кенэдзі быў застрэлены ў Даласе. Радзівіл даведаўся пра гэта ў лонданскім клубе для джэнтльменаў «St James’s». Ужо праз два дні князь прыехаў у Белы дом, які пазней назваў «Версалем пасля смерці караля». Стась вельмі цяжка перажываў смерць свайго зяця, які быў яму і блізкім сябрам. Падчас пахавання ён паклаў у труну Джона каштоўную рэліквію сям’і Радзівілаў — старадаўні французскі ружанец.

Жыццё без Джона, сяброўства з Уінстанам Чэрчылем і смерць брата

Роберт Кенэдзі, малодшы брат Джона, часта запрашаў Лі і Стася ў ЗША, каб падтрымаць аўдавелую Жаклін. Напачатку 1964 года Радзівілы купілі кватэру на Пятай авеню ў Нью-Ёрку. Сям’я паволі апраўлялася ад траўмы пасля смерці Джона. Яны зноў пачалі падарожнічаць, ездзілі на Ямайку, Антыгуа і ў Кенію на сафары. Часта ў гэтых паездках іх суправаджала Джэкі.

У другой палове 1960-х гадоў Радзівілы завялі шмат новых цікавых знаёмстваў. Так, сярод прыяцеляў пары былі былы прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Уінстан Чэрчыль, пісьменнік Трумэн Капотэ і танцор Рудольф Нурыеў. А 22 кастрычніка 1968 года Станіслаў і Лі прысутнічалі на вяселлі Жаклін Кенэдзі і Арыстоцеля Анасіса, таго самага, што некалі фліртаваў з Лі.

У 1971 годзе памёр старэйшы брат князя Эдмунд Фердынанд. Радзівіл з жонкай і Джэкі былі ў Варшаве на яго пахаванні. Перад цырымоніяй іх наведаў і Роберт Кенэдзі разам з чатырма сынамі.

«Ён проста ніколі не разумеў»

Праз некалькі гадоў пасля гібелі Джона Кенэдзі Лі раптам вырашыла заняцца ўласнай кар’ерай. Яна пачала здымацца ў кіно, але ні ў адной з роляў сябе так і не праявіла. Замест падтрымкі мужа яна сустрэла яго неадабрэнне. Паступова паміж Станіславам і Лі пачало нарастаць адчужэнне. У адным з інтэрв’ю княгіня расказвала: «Ён проста ніколі не разумеў. Ён заўсёды лічыў, што не трэба выстаўляць сябе на публіку, калі ў гэтым няма неабходнасці». Лі глыбока пакрыўдзіла абыякавасць мужа да яе пошуку сябе, але яна не хацела зноў разводзіцца. Князь таксама не збіраўся расставацца са сваёй жонкай, якую вельмі кахаў. Аднак іх шлюб распадаўся на вачах. Пад канец 1960-х гадоў кожны ўжо меў сваё асобнае жыццё. У Лі з’явіліся палюбоўнікі, Стась таксама стаў здраджваць ёй.

Нарэшце, у 1972 годзе княгіня пераехала ў Нью-Ёрк, а яшчэ праз год падала на развод. Джэкі спрабавала адгаварыць сястру, бо вельмі любіла свайго зяця, аднак тая яе не паслухала. У 1974 годзе пара развялася. З таго часу дачка Ганна Крысціна жыла з маці ў Нью-Йорку, а сын Антоні застаўся з бацькам у Лондане.

«Толькі са Стасем я адчула такую радасць да жыцця»

27 ліпеня 1976 года Станіслаў Альбрэхт Радзівіл раптоўна памёр ад сардэчнага прыступу. Яму было 62 гады. Пахавалі князя ў родавай капліцы касцёла Святой Ганны, які ў 1971 годзе Станіслаў заснаваў у памяць аб сваёй маці, што загінула ў ГУЛАГу ў 1947 годзе.

За некалькі гадоў да смерці Стася Лі сказала пра яго: «Гэта быў цудоўны час. Час майго шлюбу са Стасем я лічу самым шчаслівым у сваім жыцці. Гэта было каханне. У маім жыцці былі захапленні і нават каханні, але толькі са Стасем я адчула такую радасць да жыцця».

Праклён сям’і Кенэдзі?

Дачка Станіслава і Лі Ганна Крысціна Радзівіл займаецца жывапісам. Яе брат, Антоні Радзівіл, скончыў універсітэт у Бостане і стаў журналістам і прадзюсарам на тэлебачанні. Праграмы, якія ён рабіў, высока ацэньваліся і прынеслі яму шмат узнагарод.

У лістападзе 1994 года Антоні ажаніўся. На шлюбе галоўным сведкам выступіў Джон Кенэдзі-малодшы. Праз два гады Антоні ў такой жа ролі выступіў на вяселлі любімага дваюраднага брата.

Антоні ўнаследаваў ад бацькі абаяльнасць, у яго былі слава, папулярнасць і ўсё, аб чым толькі можна марыць. Але раптоўна ён захварэў на рак. У 1994 годзе ад гэтай хваробы памерла яго цётка Жаклін Кенэдзі-Анасіс. Антоні тады быў сярод тых, хто нёс яе труну.

Малады князь перанёс некалькі аперацый, але слабеў з кожным днём. 16 ліпеня 1999 года да яго дайшла страшная вестка — яго брат і найлепшы сябра Джон Кенэдзі-малодшы загінуў у авіякатастрофе разам з жонкай. Іх раптоўную гібель называлі так званым «праклёнам Кенэдзі» — шматлікія смерці маладых мужчын з роду пры загадкавых абставінах нібы даказваюць, што гэтую сям’ю праклялі. Навіна пра смерць Джона дабіла Антонія, які ніяк не мог зразумець, што ён, цяжка хворы, перажыў свайго дваюраднага брата. 10 жніўня 1999 года, ва ўзросце 40 гадоў, Антоні Радзівіл памёр. Пасля гэтага і князя пачалі лічыць адной з ахвяр праклёну сям’і Кенэдзі.

Вярнуцца ўгару