Now Reading
Прафсаюзы ў Беларусі: што з імі не так і як яны мусяць працаваць

Прафсаюзы ў Беларусі: што з імі не так і як яны мусяць працаваць

прафсаюзы ў беларусі, беларускія прафсаюзы

У красавіку 2022 года па ўсёй краіне пачалі затрымліваць членаў незалежных прафсаюзаў. Многіх з затрыманых прызналі палітвязнямі. Крыху пазней улады ліквідавалі ўсе незалежныя прафсаюзы краіны. 19 ліпеня 2022 года Вярхоўны суд спыніў дзейнасць Свабоднага прафсаюза Беларускага, Свабоднага прафсаюза металістаў, Беларускага Незалежнага прафсаюза гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў, Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, а таксама Асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў».

Цяпер у краіне засталіся толькі тыя прафсаюзы, якія кантралюе дзяржава. Яны прымаюць удзел у праўладных мітынгах, а работнікаў, якія не хочуць туды ўступаць, звальняюць.

PALATNO расказвае, што не так з прафсаюзамі ў Беларусі і як насамрэч яны мусяць працаваць на прыкладзе іншых краін.

Што сабой уяўляе беларускі прафсаюз

Прафсаюз — гэта добраахвотнае аб’яднанне работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый, студэнтаў і навучэнцаў прафесійных навучальных устаноў для абароны сваіх працоўных і сацыяльных правоў.

Першыя прафсаюзы ў Беларусі з’явіліся пад канец XIX стагоддзя. У 1894 годзе паўстаў прафсаюз шчаціншчыкаў, а ў 1898-м — прафсаюз гарбароў, які прадстаўляў рабочых Смаргоні, Беластока, Вільні, Ашмян і Крынак. У 1901 годзе ў Гомелі з’явіўся прафсаюз друкароў, у 1904-м у Віцебску — гарбароў, а ўжо ў 1905-м годзе практычна ва ўсіх беларускіх гарадах паўсталі прафсаюзы чыгуначнікаў, работнікаў пошты і тэлеграфа, крэдытных і гандлёва-прамысловых устаноў.

У 1906 годзе ўрад прыняў «Часовыя правілы аб прафесійных арганізацыях» — закон, які легалізаваў прафсаюзы. У тым жа годзе з’явіліся першыя прафсаюзы настаўнікаў і сельскагаспадарчых работнікаў. Аднак «Правілы», прынятыя ўрадам, не дапускалі легалізацыі прафсаюзаў у гэтых сферах, а таксама забаранялі ствараць прафсаюзы работнікам пошты, тэлеграфа, банкаў і дзяржустаноў. Свае арганізацыі не маглі ўзаконіць і рабочыя ды служачыя, якія працавалі на чыгуначным транспарце.

У 1907 годзе на тэрыторыі Беларусі афіцыйна дзейнічаў 101 прафсаюз. З-за таго, што некаторыя арганізацыі былі палітычна актыўнымі, да 1910 года Царскі ўрад забараніў амаль 50% прафсаюзаў, а падчас Першай сусветнай вайны амаль усе яны перасталі дзейнічаць.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года розныя партыі пачалі змагацца за палітызацыю прафсаюзаў і падпарадкаванне іх сабе. У ліпені 1920-га па ініцыятыве ўладаў паўстала Цэнтральнае бюро прафсаюзаў Беларусі, а крыху пазней яго пераўтварылі ў Савет прафсаюзаў Беларусі. У наступным годзе прафсаюзы сталі «школай камунізму».

Паступова прафсаюзы ўсё больш і больш укараняліся ў дзяржаўную сістэму і адстойвалі, у першую чаргу, дзяржаўныя інтарэсы і інтарэсы камуністычнай партыі, а не людзей. Разам з тым, улады ўсё больш кантралявалі прафсаюзны рух.

Гісторыя Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных устаноў пачынаецца ў 1931 годзе. Вясной таго года адбыўся I Усебеларускі з’езд Саюза работнікаў дзяржаўных устаноў. Першым старшынёй Цэнтральнага праўлення быў абраны Віктар Башмачнікаў. У 1933 годзе колькасць сяброў арганізацыі складала 10,8 тысячы чалавек.

У 1934 годзе IV пленум ВЦСПС прыняў рашэнне падзяліць прафсаюз работнікаў дзяржустаноў на чатыры прафсаюза:

  • работнікаў дзяржустаноў, які аб’ядноўваў сістэму Савета дэпутатаў, Дзяржплана, кіравання народна-гаспадарчага ўліку і апарату савецкага кантролю;
  • работнікаў адміністрацыйных устаноў;
  • работнікаў суда і пракуратуры;
  • работнікаў гаспадарчых устаноў.

У лістападзе 1937 года прафсаюз работнікаў дзяржустаноў аб’ядналі з прафсаюзам работнікаў адміністрацыйных устаноў, у які ўваходзілі вольнанаёмныя работнікі міліцыі, дзяржбяспекі і папраўчых устаноў.

У чэрвені 1941 года, у сувязі з часовай акупацыяй тэрыторыі Беларусі, дзейнасць прафсаюза работнікаў дзяржаўных устаноў БССР прыпынілі. Падчас Другой сусветнай вайны дзяржаўная сістэма прафсаюзаў была цалкам разбураная. Але ў снежні 1944-га савецкая ўлада прыняла пастанову «Аб аднаўленні прафсаюзных арганізацый у БССР». У выніку, у студзені 1946 года ў прафсаюзах знаходзілася 64,4% чалавек ад агульнай колькасці рабочых і служачых.

прафсаюзы Беларусь
Фота: aif.by

Прыналежнасць да прафсаюза станавілася практычна абавязковай у Савецкай Беларусі. У 1980 годзе членамі такіх арганізацый было 52,3% чалавек ад усіх жыхароў Беларусі. Улады ўцягвалі актывістаў і радавых сяброў прафсаюзаў у партыйную дзейнасць. Дзяржава намагалася цалкам падпарадкаваць сабе прафсаюзы, умацоўвала сувязі прафсаюзаў з КПСС. Чалавек, які не ўступаў у прафсаюз, не мог стаць у чаргу, каб атрымаць кватэру, не мог адправіць дзіця ў лагер ці атрымаць пуцёўку ў санаторый або матэрыяльную дапамогу.

Улады адкрывалі розныя школы і запускалі курсы для будучых прафсаюзных актывістаў, дзе ім тлумачылі, што найперш трэба будаваць камунізм, а ўсе астатнія пытанні, у тым ліку пытанні па абароне правоў рабочых, — гэта другараднае. У канцы 1980-х прафсаюзы выконвалі функцыі, якія ніяк не былі звязаны з грамадскімі або прафесійнымі структурамі. Напрыклад, некаторыя прафсаюзы арганізоўвалі сацыялістычныя спаборніцтвы і рухі за камуністычную працу. Іншыя кантралявалі выкананне заканадаўства па пытаннях вытворчасці, працы, зарплаты і культуры побыту рабочых. Усе важныя рашэнні прафсаюзы прымалі сумесна з Камуністычнай партыяй і ўрадам.

Такім чынам, праз прафсаюзы ўлада спрабавала кантраляваць рабочых і мець на іх уплыў.

У 1990 годзе на XVII з’ездзе прафсаюзаў Беларусі было прынята рашэнне, што прафсаюзы мусяць абараняць інтарэсы шырокіх мас насельніцтва незалежна ад іх палітычнай, нацыянальнай і рэлігійнай арыентацыі. Вынікам гэтага з’езда стала ўтварэнне Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), у якой аб’ядналіся галіновыя арганізацыі і шэсць абласных прафсаюзных аб’яднанняў.

На дадзены момант ФПБ аб’ядноўвае 15 галіновых прафсаюзаў, 6 абласных і Мінскае гарадское аб’яднанне прафсаюзаў, а таксама 137 раённых і гарадскіх аб’яднанняў. Агульная колькасць членаў прафсаюзаў складае больш за чатыры мільёны чалавек, як напісана на сайце ФПБ.

Акрамя таго, у ФПБ па змоўчванні трапляюць усе работнікі дзяржаўнага сектара. Менавіта ФПБ прымусова звозіла людзей на праўладныя мітынгі. Адно з такіх мерапрыемстваў адбылося вясной 2022 года: ФПБ сабрала каля ста чалавек побач з манументам Перамогі на мітынгу «Беларусь Zа Расію».

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі фактычна знаходзіцца пад кантролем у дзяржавы. Міхаіл Орда, яе кіраўнік, раней узначальваў БРСМ, а ў 2020 годзе быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах.

прафсаюзы Беларусь
Міхіал Орда. Фота: peramoga.by

У 2020 годзе на сустрэчы з Ордам Лукашэнка заявіў: калі прыватныя прадпрыемствы не створаць прафсаюзныя арганізацыі, то іх ліквідуюць.

Пасля падзей 2020 года людзі пачалі павальна выходзіць з праўладных прафсаюзаў. Работнікі многіх заводаў сутыкаліся з ціскам кіраўніцтва і афіцыйных прафсаюзаў, якія пагражалі ім звальненнем, пазбаўленнем прэмій і прыцягненнем да адказнасці. Супрацоўнікі асобных прадпрыемстваў патрабавалі адстаўкі кіраўніка Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіла Орды.

У 2021 годзе работнікаў некаторых прадпрыемстваў, якія выйшлі з праўладных прафсаюзаў, пазбаўлялі сацыяльнага пакета. Такія работнікі не маглі атрымаць месцы ў інтэрнаце, матэрыяльную дапамогу, дадатковы адпачынак, пуцёўкі ў санаторыі і г. д.

А ў 2023 годзе двух супрацоўнікаў звольнілі ў першы ж дзень працы з Мінскага завода «Тэрмапласт», бо тыя адмовіліся ўступіць у афіцыйны прафсаюз. Намеснік дырэктара па ідэалогіі прапанавала работнікам запісацца ў прафсаюз добраахвотна. У адказ яны паведамілі, што з’яўляюцца сябрамі незалежнага прафсаюза РЭП, кіраўнікі якога знаходзяцца за кратамі. Пасля гэтага ідэолаг заявіла, што з такой пазіцыяй працаваць на прадпрыемстве няможна.

Як у Беларусі знішчаецца незалежны прафсаюзны рух

Незалежныя прафсаюзы ў Беларусі паўсталі разам з рабочым рухам. У 1989 годзе ў Салігорску шахцёры выступілі з патрабаваннем павысіць заробкі, палепшыць умовы працы і ліквідаваць палітычную манаполію КПСС-КПБ.

У 1990 годзе меў месца страйк на найбуйнейшым машынабудаўнічым аб’яднанні «Гомсельмаш» у Гомелі. Страйкоўцы патрабавалі выплаціць грашовыя кампенсацыі ў сувязі з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы.

Крыху пазней у Мінску па ініцыятыве членаў Беларускага Народнага Фронту стварылі Рабочы саюз Беларусі. Члены саюза паставілі задачу засцерагчы працоўны і прафсаюзны рух ад камуністычнага і дзяржаўнага ўплываў.

У 1991 годзе ў Мінску выступілі рабочыя фабрык і заводаў. Страйкоўцаў абурала павышэнне цэн на харчовыя і прамысловыя тавары. Дзясяткі тысяч рабочых і службоўцаў штодня выходзілі на Плошчу Незалежнасці з патрабаваннем спыніць рост цэн і змяніць урад.

прафсаюзы
Забастоўка рабочых, 1991 год. Фота: belsat.eu

Крыху пазней паўсталі Канфедэрацыя працы Беларусі, Свабодны і Незалежны прафсаюзы.

Улада пачала аказваць на іх ціск, паколькі праз такія прафсаюзы было немагчыма ўплываць на масы людзей. Да прыкладу, дырэктараў прадпрыемстваў абавязалі не даваць ствараць альтэрнатыўныя прафсаюзы. А ў выпадках, калі такія ўжо існавалі, дырэктары мусілі былі ліквідаваць іх.

Пасля падзей 2020 года ўлады і ўвогуле забаранілі дзейнасць незалежных прафсаюзаў. Спачатку чыноўнікі стваралі такія ўмовы, каб работнікі не толькі не ўступалі ў альтэрнатыўныя прафсаюзы, але і пераходзілі з іх у афіцыйныя. Для гэтага на прадпрыемствах уводзілі дадатковыя бонусы для тых, хто знаходзіцца ў праўладных прафсаюзах. Адзін з такіх бонусаў — надбаўка за выслугу гадоў для членаў афіцыйнага прафсаюза (на многіх прадпрыемствах гэта прапісана ў калектыўных дамовах). З іншых — ільгота па падаходным падатку.

У 2020 годзе на Беларускім металургічным заводзе мела месца спроба стварыць нізавую арганізацыю Беларускага Незалежнага прафсаюза, пасля чаго работнікам пагражалі звальненнем.

прафсаюзы Беларусь
Мітынг незалежных прафсаюзаў. Фота: euroradio.fm

У красавіку 2022 года па ўсёй краіне пачалі затрымліваць членаў незалежных прафсаюзаў. За кратамі апынуліся лідар Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч, старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук і яго намеснік Сяргей Антусевіч і іншыя. Многіх з затрыманых прызналі палітвязнямі. Цяпер у турмах знаходзіцца больш за 10 сяброў незалежных прафсаюзаў.

У сакавіку 2023 года ў Полацку ў чарговы раз затрымлівалі старшыню Свабоднага прафсаюза Беларускага Мікалая Шараха.

У канцы красавіка 2022-га па рашэнні мясцовых уладаў перастала дзейнічаць незалежнае аб’яднанне на Мазырскім НПЗ. Пракуратура таксама спыніла працу незалежнага прафсаюза «Гродна Азот», пазней яго прызналі экстрэмісцкім.

Улады ліквідавалі ўсе незалежныя прафсаюзы. 19 ліпеня 2022 года Вярхоўны суд забараніў дзейнасць Свабоднага прафсаюза Беларускага, Свабоднага прафсаюза металістаў, Беларускага Незалежнага прафсаюза гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў, Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, а таксама Асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў».

У пракуратуры палічылі, што замест абароны правоў работнікаў незалежныя прафсаюзы «прымалі актыўны ўдзел у дэструктыўнай дзейнасці, масавых мерапрыемствах, якія парушаюць грамадскі парадак, і распаўсюджвалі інфармацыйную прадукцыю экстрэмісцкага зместу».

А што ў іншых краінах?

Германія

У Германіі прафсаюзы лічацца аднымі з самых моцных у свеце. Яны прапануюць сваім членам не толькі дапамогу і абарону на працоўных месцах, але і мноства іншых ільгот: бясплатныя кансультацыі адваката, курсы павышэння кваліфікацыі і іншыя. Менавіта з прафсаюзнай касы аказваецца дапамога страйкоўцам і звольненым. На большасці прамысловых прадпрыемстваў Германіі нават зацвярджэнне меню ў сталовых адбываецца пры ўдзеле прафсаюзаў.

Упершыню прафсаюз у Германіі з’явіўся ў 1865 годзе, калі ў Лейпцыгу заснавалі ўсеагульнае нямецкае аб’яднанне работнікаў цыгарнай галіны (Allgemeiner Deutscher Cigarrenarbeiter-Verein). Менавіта гэтая арганізацыя стала прататыпам усіх сучасных прафсаюзаў Германіі.

У цяперашні час у краіне налічваецца некалькі дзясяткаў галіновых прафсаюзаў. Яны прадстаўлены трыма аб’яднаннямі. Найбуйнейшае з іх — Аб’яднанне нямецкіх прафсаюзаў (Deutscher Gewerkschaftsbund, DGB). Меншыя аб’яднанні: прафсаюз дзяржаўных служачых (Beamtenbund und Tarifunion) і Аб’яднанне хрысціянскіх прафсаюзаў (Christlicher Gewerkschaftsbund).

Асноўная задача нямецкіх прафсаюзаў — дасягненне кампрамісу. Часам спрэчкі атрымліваецца ўладзіць мірным шляхам, але бывае і так, што прафсаюзы звяртаюцца да страйкаў. Да прыкладу, страйк вясной 2023 года, калі сотні авіярэйсаў, чыгуначных і аўтобусных перавозак былі адменены. Прафсаюз работнікаў сферы абслугоўвання Verdi і прафсаюз EVG патрабавалі павысіць заробкі работнікам сектара. Гэта была найбуйнейшая забастоўка за апошнія 30 гадоў, якую арганізавалі два самыя вялікія транспартныя прафсаюзы краіны.

прафсаюзы
Страйк у Германіі. Фота: ru.euronews.com

Прафсаюз патрабаваў павысіць заробкі на 11%, каб яны суадносіліся з рэзкім ростам кошту жыцця ў краіне. У выніку, патрабаванні прафсаюза выканалі: з сакавіка 2023 года работнікам паабяцалі павысіць заробак на €200, а потым — яшчэ на 5,5%.

ЗША

У ЗША ёсць Гільдыя кінаакцёраў (SAG-AFTRA або Screen Actors Guild) — прафесійны саюз, які аб’ядноўвае больш за 160 000 акцёраў. Гільдыя была створана ў 1933 годзе для таго, каб супрацьстаяць эксплуатацыі акцёраў у Галівудзе. Яна вядзе перамовы, стварае справядлівую сістэму кампенсацый, ільгот і ўмоў працы для сваіх членаў, абараняе аўтарскія правы. У сакавіку 2012 года Гільдыя кінаакцёраў ЗША (SAG) і амерыканская Федэрацыя акцёраў тэлебачання і радыё (AFTRA) аб’ядналіся ў адзіны прафсаюз SAG-AFTRA. Але ў народзе засталася толькі абрэвіятура SAG.

У маі 2023 года ў Галівудзе распачалася самая маштабная забастоўка за апошнія 63 гады — яна аб’яднала дзясяткі тысяч сцэнарыстаў і акцёраў. Яна пачалася пасля правалу перамоў аб новым пагадненні з Альянсам прадзюсараў кіно і тэлебачання (AMPTP). Прафсаюз SAG-AFTRA заклікаў акцёраў спыніць свой удзел у вытворчасці і прасоўванні новых і бягучых праектаў і выйсці на пікеты.

прафсаюзы
Страйк у Галівудзе. Фота: focus.ua

Перамовы паміж арганізацыямі ішлі з 7 чэрвеня. Па словах прэзідэнта SAG-AFTRA Фрэна Дрэшэра, прапановы AMPTP былі несправядлівымі, а таксама «абразлівымі і непаважлівымі». Акцёры патрабавалі:

  • павысіць заробкі і пераглядзець кантракты з улікам развіцця стрымінгаў штучнага інтэлекту;
  • абароніць ад несанкцыянаванага выкарыстання іх фатаграфій з дапамогай штучнага інтэлекту;
  • увесці дакладныя правілы, якія рэгулююць правядзенне «самакастынгаў».

На дадзены момант у Галівудзе прыпынена праца над усімі буйнымі праектамі, даты рэлізу многіх поўнаметражных фільмаў і серыялаў былі перанесены. Перамовы паміж гільдыямі і студыямі працягваюцца.

Швецыя

У 2012 годзе шведскія прафсаюзы прыгразілі стварыць у краіне дэфіцыт туалетнай паперы ў выпадку, калі іх умовы не будуць выкананыя працадаўцамі.

Прычына была ў тым, што кампанія Svensk Handel, у якой працавала большасць страйкоўцаў, прапанавала павялічыць заробкі на 2,6%, тады як члены прафсаюза патрабавалі павялічыць іх на 4,5%.

Падчас забастоўкі рабочыя, якія ўваходзілі ў прафсаюз, перашкаджалі адгрузцы паперы з фабрык.

Прадстаўнікі прафсаюзаў таксама заяўлялі, што маюць намер пры дапамозе забастоўкі зраўнаваць даходы ў розных галінах.

У выніку перамовы скончыліся тым, што заробкі павысілі на 2,6%.

У Швецыі работнікі могуць далучыцца да прафсаюза, які мае непасрэдную сувязь з іх прафесіяй (напрыклад, для настаўнікаў — Lärarförbundet, для інжынераў — Sveriges Ingenjörer), або выбраць прафсаюз з больш шырокім спектрам дзейнасці.

Усе шведскія прафсаюзы дзеляцца на тры асобныя арганізацыі:

  • Шведская канфедэрацыя прафсаюзаў (LO) — для людзей, якія выконваюць фізічную працу;
  • Шведская канфедэрацыя прафесійных работнікаў (TCO) — для работнікаў інтэлектуальнай сферы;
  • Шведская канфедэрацыя прафесійных асацыяцый (SACO).

У Швецыі прафсаюзы карыстаюцца папулярнасцю, таму што яны арганізоўваюць і забяспечваюць лепшыя ўмовы працы. Напрыклад, калі працадаўца плануе звальняць работніка, спачатку ён абавязаны пракансультавацца з прафсаюзам. У выпадку несправядлівага звальнення прафсаюз нават можа падаць у суд на працадаўцу.

Акрамя таго, прафсаюзы даюць работнікам актуальныя даныя пра рынкавую стаўку і статыстыку заробкаў, дапамагаюць з рэзюмэ і выконваюць паслугі кар’ернага коўчынга.

Вярнуцца ўгару