Гісторыя Папялушкі — вядомая ва ўсім свеце казка пра перамогу дабрыні над злом — натхняе творцаў стагоддзямі. У сучасным кіно гэта класічная легенда пераасэнсоўваецца з улікам культурных трэндаў і сацыяльных змяненняў. Кожны фільм па-свойму раскрывае знаёмую гісторыю, робіць яе актуальнай для новага пакалення гледачоў.
PALATNO расказвае пра шэсць розных фільмаў пра Папялушку, якія пераносяць старую казку ў сучаснасць.
Змест
«Папялушка» (Cinderella)
Год: 2015
У фільме зняліся Лілі Джэймс, Кейт Бланшэт, Рычард Мэдэн, Хелена Бонам Картэр. У фільме шмат візуальных эфектаў высокага ўзрозня і раскошныя касцюмы. У гэтай адаптацыі захоўваецца арыгінальная ідэя казкі, але больш глыбока распрацаваныя персанажы і іх матывацыя.
«Гісторыя Папялушкі» (A Cinderella Story)
Год: 2004
Сучасная (для 2024 года, напэўна, не зусім, але…) падлеткавая камедыя пераносіць гісторыю Папялушкі ў асяроддзе амерыканскай сярэдняй школы. Галоўная гераіня жыве са сваёй мачахай і сёстрамі, якія зневажаюць яе. У дзяўчыны таемны анлайн-раман з таямнічым хлопцам, які аказваецца самым папулярным хлопчыкам школы. Калі яны нарэшце сустракаюцца на школьным балі, то адбываецца традыцыйная сцэна з пакіданнем туфлі — у гэтым выпадку, мабільнага тэлефона.
«Зачараваная Эла» (Ella Enchanted)
Год: 2004
Гэты фільм — адаптацыя аднайменнага рамана Гейл Карсан Левін. Галоўная гераіня, Эла, атрымлівае ад феі дар, які фактычна становіцца праклёнам, бо яна вымушана падпарадкоўвацца кожнаму загаду. Гэта прыводзіць да шэрагу камічных і небяспечных сітуацый. Эла не проста чакае свайго прынца, а актыўна спрабуе пераадолець свой дар і стаць самастойнай.
«Чым далей у лес» (Into the Woods)
Год: 2014
Гэты фільм — адаптацыя аднайменнага музычнага твора Стывена Сондхейма, які спалучае некалькі вядомых казак братоў Грым і Шарля Перо ў адзін складаны твор. У фільме Папялушка (Ана Кендрык) з’яўляецца адным з галоўных персанажаў, якія праходзяць шлях ад мары аб шчасці да сутыкнення з рэальнасцю, дзе жаданні могуць мець нечаканыя наступствы. У гэтай версіі Папялушка мае больш актыўную ролю і сутыкаецца з рознымі дылемамі.
«Папялушка» (Cinderella)
Год: 2021
Гэтая сучасная музычная адаптацыя з Камілай Кабела ў галоўнай ролі прапануе зусім новы погляд на класічную гісторыю. Гераіня Папялушка марыць стаць паспяховай дызайнеркай моднага адзення і адкрыць сваю краму, замест таго каб засяроджвацца на пошуку прынца. Гэты фільм разлічаны на сучасную аўдыторыю, прыцягваючы сваёй феміністычнай інтэрпрэтацыяй і яркімі музычнымі нумарамі, аднак ацэнкі крытыкаў ў яго не вельмі пазітыўныя.