Першае ва Усходняй Еўропе: расказваем пра паўстанне ў яўрэйскім гета ў Нясвіжы

паўстанне ў гета ў Нясвіжы

Гісторыя нясвіжскіх яўрэяў у перыяд Другой сусветная вайны амаль нічым не адрознівалася ад іншых такіх жа гісторый. Але ёсць адметнасць — менавіта ў Нясвіжы адбылося першае ва Усходняй Еўропе паўстанне ў гета.

PALATNO расказвае падрабязнасці.

Адкуль у каталіцкім Нясвіжы ўзяліся яўрэі

паўстанне ў гета ў Нясвіжы

У канцы XVI стагоддзя Радзівілы запрасілі ў Нясвіж шаснаццаць яўрэйскіх сем’яў, бо яўрэяў ужо тады лічылі вельмі добрымі работнікамі, рамеснікамі і гандлярамі. Яны пачалі прыносіць вялікі даход у гарадскую казну. Былі створаны асобныя яўрэйскія кварталы, а ў 1589 годзе Мікалай Хрыстафор Радзівіл Сіротка выдаў звод правіл для нясвіжскіх яўрэяў. Напрыклад, ім загадалі замыкаць на ноч вароты сваіх вуліц, а таксама трымаць іх зачыненымі тры дні перад Вялікаднем. А яшчэ менавіта Сіротка дазволіў пабудаваць Вялікую сінагогу. Нясвіжскі яўрэйскі кагал цягам стагоддзяў станавіўся ўсё больш шматлікім і заможным. Яўрэі валодалі амаль усімі крамамі і гатэлямі горада. У канцы XIX і пачатку XX стагоддзяў у мястэчку адкрыліся спецыяльныя яўрэйскія школы і вучылішчы.

У 1931 годзе ў горадзе пражывала 3364 яўрэі, што складала 44,3% ад агульнай колькасці насельніцтва і рабіла яўрэйскую абшчыну Нясвіжа адной з самых вялікіх у Беларусі.

Нясвіжскае гета — забарона хадзіць па тратуарах, зорка Давіда і масавыя расстрэлы

Пасля ўваходу немцаў у Польшчу ў 1939 годзе яўрэі сталі павальна ўцякаць адтуль і асядаць у Заходняй Беларусі. Да пачатку 1940 года на тэрыторыі БССР іх налічвалася ўжо амаль 90 тысяч.

У першыя месяцы нямецкай акупацыі ў Нясвіжы яшчэ не было ні калючага дроту, ні расстрэлаў. 1 ліпеня 1941 года быў заснаваны юдэнрат — адміністрацыйны орган яўрэйскага самакіравання, які стваралі ў кожным гета. Затым немцы сагналі нясвіжскіх яўрэяў у гета, якое займала тэрыторыю вакол сінагогі ў самым цэнтры горада і было агароджана калючым дротам вышынёй больш за два метры. Яўрэям не дазвалялі хадзіць па тратуары — толькі па сярэдзіне вуліцы. Людзі былі вымушаны перамяшчацца па сцёкавых канавах, бо на праезджай частцы іх бы забілі аўтамабілі ці стапталі коні. Таксама нясвіжскія яўрэі не мелі права заходзіць у крамы і размаўляць з хрысціянамі, мусілі здымаць шапкі пры сустрэчы з немцамі і абавязкова павінны былі насіць на грудзях шасціканцовую зорку — зорку Давіда. Усе каштоўныя рэчы ў вязняў гета забіралі і адпраўлялі ў Баранавічы, а адтуль — у Германію. Кожны дзень гітлераўцы прыдумвалі новыя зачэпкі, каб катаваць яўрэяў. Калі кагосьці з іх спынялі на вуліцы, аглядалі, і ён быў чысты — яго білі за тое, што ён быў чысты. Калі быў брудны — білі за гэта. Калі сустракалі худога чалавека, білі яго з крыкамі: «Ты мусіш быць тоўстым». Калі лавілі тоўстага яўрэя, то білі і крычалі: «Ты буржуй, трэба расстраляць».

30 кастрычніка 1941 года ўсіх яўрэяў пад маркай праверкі дакументаў сагналі на Ратушную плошчу. Немцы адабралі 585 чалавек, найбольш здаровых і моцных, і заставілі ў гета. Астатніх падзялілі на дзве калоны і павялі на расстрэл. Адну групу адвялі іх у Стары парк каля замка Радзівілаў. Там ужо былі выкапаны глыбокія равы, да якіх немцы падводзілі па 50 чалавек, загадвалі распрануцца нагала і расстрэльвалі. Людзі нават не спрабавалі ўцякаць — проста падыходзілі да ямы і чакалі выстралу. Калі пазней гэтыя равы закапалі, зямля варушылася яшчэ тры дні — туды падалі не толькі забітыя, але і параненыя ці непрытомныя. Другую групу павялі на пясчаны кар’ер (цяпер гэта аўтадром па вуліцы Сноўскай) і таксама расстралялі і закапалі ў спецыяльна выкапаных ямах.

Тых жа, каго загналі ў гета, за калючы дрот, гітлераўцы аддалі ў працоўнае рабства. Немцы арганізавалі майстэрні шаўцоў, краўцоў, цесляроў, слесараў, пральню і г. д. Тых, хто не быў заняты ў майстэрнях, забіралі на іншыя работы: пілаваць дровы, мыць падлогу ў камендатуры, працаваць на агародах, прыбіраць вуліцы, мыць прыбіральні. Усе ў гета павінны былі працаваць, нават дзеці. Таксама яўрэяў прымушалі выконваць самую страшную работу — рыць магілы для чырвонаармейцаў і хрысціян, якія не дагадзілі немцам і былі расстраляны, і потым закопваць іх.

Паўстанне ў Нясвіжскім гета — першае ва Усходняй Еўропе

Пасля масавых расстрэлаў у гета сфарміравалася падполле. Вязні кожны дзень збіраліся на сход у сінагозе і шукалі спосаб уратавацца. Спачатку думалі ўцячы, але хутка стала зразумела, што ўсе гэта зрабіць не змогуць і будуць забітыя. Таму ўзнікла ідэя паўстання. У канцы снежня 1941 года падпольшчыкі вырашылі здабыць зброю і наладзіць кантакты па-за межамі гета. Пачалася падрыхтоўка. Інжынеры-хімікі нарыхтоўвалі серную кіслату. Дзяўчаты, што працавалі ў камендатуры на чыстцы зброі, кралі патроны і гранаты. А што яшчэ больш уражвае — ім удалося разабраць на запчасткі і пранесці ў гета нямецкі кулямёт. Іншыя падпольшчыкі назапашвалі бензін і ўзбройваліся нажамі і сякерамі. Таксама вязні дамовіліся, што ў выпадку, калі гітлераўцы акружаць гета, усе яўрэі збяруцца ў сінагозе і будуць страляць па іх з вокнаў.

Пасля знішчэння яўрэяў у Баранавічах 4 сакавіка 1942 года пайшлі чуткі аб хуткім знішчэнні і Нясвіжскага гета. Падрыхтоўка да паўстання рэзка актывізавалася. 17 ліпеня 1942 года жорстка забілі яўрэяў Гарадзеі. Гэта ўжо стала апошнім сігналам да гатоўнасці.

Раніцай 21 ліпеня ў гета заявіліся немцы, загадалі ўсім сабрацца каля сінагогі і заявілі, што будуць адбіраць моладзь у працоўны лагер. Раптам з боку фашыстаў пачуўся стрэл. Вязні разлілі бензін і падпалілі гета, а з сінагогі застрачыў кулямёт. Бой працягваўся ўвесь дзень, сорак немцаў і паліцаяў былі забіты. Ахвяры з боку яўрэяў — 700 чалавек. Гета было завалена целамі. Частку забітых яўрэяў немцы пахавалі проста на месцы, а астатніх — у пасёлку Альба за пяць кіламетраў ад Нясвіжа.

Выратаваліся толькі 25 вязняў, якія пазней далучыліся да партызанскіх атрадаў.

На жаль, большасць з іх не дажыла да перамогі. Нясвіжскае паўстанне ўвайшло ў гісторыю як першае паўстанне ў гета на тэрыторыі Усходняй Еўропы.

Памяць аб загінулых у гета

паўстанне ў гета ў Нясвіжы

У Нясвіжы былі пастаўлены тры помнікі ахвярам генацыду яўрэяў. У маі 1965 года астанкі расстраляных са Старога парку перапахавалі на гарадскіх могілках, дзе таксама ўсталявалі стэлу. На месцы расстрэлу ў парку залілі ў бронзу карані гіганцкай таполі, якая расла на равах, куды падалі забітыя.

У 1993 годзе ў раёне аўтадрома таксама паставілі помнік 1200 расстраляным яўрэям.

Недалёка ад гэтага месца ў красавіку 2018 года падчас будаўніцтва дома знайшлі чалавечыя косці. Запрасілі археолагаў і спецыялізаваны пошукавы батальён. Раскопкі працягваліся да жніўня, было знойдзена 1067 астанкаў, сярод якіх былі не толькі яўрэі, але і чырвонаармейцы.

Ва ўрачыстым перапахаванні астанкаў удзельнічалі святары трох канфесій.

Памятны знак забітым яўрэям Нясвіжа ўстаноўлены таксама ў Іерусаліме ў музеі «Палата Халакосту» на гары Сіён.

Вярнуцца ўгару