2 верасня 1737 года ў Гомелі адбыўся моцны пажар. Ён ледзь цалкам не знішчыў Гомель: згарэлі сотні пабудоў, загінула шмат людзей. Цікава, што пасля пажару адбыўся працяглы канфлікт з-за знішчаных праваслаўных цэркваў.
PALATNO расказвае пра вялікі гомельскі пажар і яго наступствы.
Горад ледзь не згарэў з-за грыбоў
У першай палове XVIII стагоддзя Гомель быў буйным горадам. Яго старастам быў князь Міхаіл Фрэдэрык Чартарыйскі. Чартарыйскі пабудаваў бліскучую кар’еру: ад віленскага кашцелянам да канцлера ВКЛ. Ён актыўна гуляў у палітычную гульні, змагаўся з Каралем Станіславам Радзівілам, якога мы ведаем як «Пане Каханку». Дарэчы, дзякуючы і Чартарыйскаму таксама на трон Рэчы Паспалітай сеў яго пляменнік – апошні кароль аб’яднаных Польскага каралеўства і ВКЛ Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Аднак гэта ўжо будзе пасля…
У 1730 годзе Міхаіл Чартарыйскі становіцца гомельскім старастам. Пры ім горад буйнее, пры ім у горадзе адбудзецца найбуйнейшы пажар. Менавіта з заявы князя Чартарыйскага стане вядома, чаму гэты пажар пачаўся і што яго справакавала.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Гуляка ці патрыёт? Кім быў легендарны Пане Каханку
Як паўсталі беларускія гарады і мястэчкі
Дваццаць фактаў па геаграфіі Беларусі, якія мусіць ведаць кожны
Катастрафічны інцыдэнт пачаўся позна ўвечары 2 верасня на вуліцы Траецкай Вуліца была названая так, бо на ёй стаяла Траецкая царква. Вуліца знаходзілася ў цэнтры горада, адносна непадалёк ад яе быў рынак і шмат розных пабудоў.
Пажар пачаўся з-за жанчыны па Прозвішчы Сямёнава, якая жыла на вуліцы Траецкай. Жанчына сушыла грыбы позна ўвечары і па неасцярожнасці падпаліла свой дом. З яе дома агонь перакінуўся на бліжэйшыя будынкі, у тым ліку і на цэрквы. Пажарам былі знішчаныя сотні дамоў з рухомай маёмасцю, шынкі і бровары, збожжасховішчы.
Так з-за грыбоў была знішчаная значная частка Гомелю. У заяве Чартарыйскага гаварылася, што пажар паўплываў на здольнасць люду плаціць падаткі. Многія адпраўляліся ўглыб Расійскай імперыі, таму князь хадайнічаў аб палягчэнні ці змяншэнні падаткаабкладання.
Чартарыйскі адмовіўся аднаўляць цэрквы
Пажар знішчыў усе праваслаўныя цэрквы ў Гомелі: Прэчысцінскую царкву, Траецкую царку, Спасскую царкву. Агонь знішчыў і Фарны касцёл. Князь Міхал Чартарыйскі загадаў аднавіць толькі касцёл. У хуткім часе на месцы яго пабудавалі драўляны храм.
Вядома, што ў горадзе знаходзіўся Рушыцкі, які прапагандаваў уніяцтва. Ён таксама выступаў супраць аднаўлення праваслаўных храмаў, а яшчэ і супраць будаўніцтва новых. Паступова праваслаўныя цэрквы пераходзілі ва ўніяцтва. Той жа Рушыцкі забраў нават землі, што належалі Траецкай царкве.
Праз два гады пасля пажару беларускі епіскап Іосіф Валчанскі пісаў да расійскага ўраду данясенне, што, маўляў, на Гомельшчыне адбываюцца ганенні на праваслаўных: «Три церкви православныя сгорели в самом Гомлю, которых вновь строить воспрещают. А те вотчины Гомель со всем уездом суть вышеозначенаго Князя Чарторижского. От чего следует, что остановок той Епархии весь отойдет на Унию, и Епископа праваславного ни к чему и не чем будет здесь содержать в недолгом времени. Аще всемощнейная Российская Держава здешнему Праваславию не поможет».
Міхаіл Чартарыйскі сапраўды быў супраць будаўніцтва цэркваў. Новыя праваслаўныя храмы пабудавалі ў Гомелі толькі праз дваццаць гадоў пасля пажару. А яшчэ праз дваццаць гадоў Екацярына II далучыла Гомель да Расійскай імперыі.