Now Reading
Як паўсталі беларускія гарады і мястэчкі

Як паўсталі беларускія гарады і мястэчкі

адкуль пайшлі беларускія гарады, гісторыя назваў беларускіх гарадоў, легенды беларускіх гарадоў

Беларускія гарады паўсталі з балот і ад няшчаснага кахання — такія легенды сустракаюцца даволі часта. На самой справе, гісторыі з’яўлення беларускіх местаў не такія і рамантычныя. Некаторыя атрымалі свае назвы ад бліжэйшых рэк ці дзякуючы розным геаграфічным асаблівасцям.

PALATNO расказвае некалькі легенд пра стварэнне беларускіх гарадоў і мястэчак.

Нясвіж і паляванне на мядзведзяў

Легенда аб стварэнні Нясвіжа звязана з паляваннем і мядзведзямі. Згодна з ёй, на месцы цяперашняга горада быў густы лес, а побач з ім стаяў панскі маёнтак. Аднойчы паны з таго маёнтка паехалі паляваць на мядзведзяў. Падчас выпраўкі яны апынуліся на балоце і паспрачаліся, хто зможа праз гэтае балота прайсці, а пасля дамовіліся сустрэцца ў маёнтку.

Адзін з паноў пераходзіў праз балота і забіў на ім мядзведзя. Ён вярнуўся ў маёнтак і расказаў пра забітага звера. Паны пайшлі шукаць труп жывёлы, але так і не знайшлі. А ўжо летам адшукалі таго мядзведзя, адзін з паноў сказаў: «Не свеж». Нібыта з гэтага і пайшла назва Нясвіжа.

А па праўдзе… Тапонім мае гідранамічнае паходжанне: назва горада з’явілася дзякуючы не лакалізаванай дагэтуль рацэ.

Менск і мука з камення

На тым месцы, дзе цяпер беларуская сталіца, раней жыў асілак-знахар Менеск. Ён пабудаваў на Свіслачы каменны млын на сем колаў. Аднак ніхто Менеска ніколі не бачыў, а пра яго складалі ўсялякія фантастычныя гісторыі.

Лічыцца, што на млыне Менеска муку малолі не з жыта, а з камення. Ля млына па начах чулі крыкі, песні і музыку.

А па праўдзе… Назва горада, па версіі большасці даследчыкаў, пайшла ад назвы невялікай ракі Менкі.

Магіла льва

Самая трагічная легенда пра заснаванне горада звязана з Магілёвам. Яна мае некалькі варыяцый, але згодна з кожнай хлопец па імені Машэка стаў разбойнікам з-за няшчаснага кахання. Ён шмат гадоў рабаваў на тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца Магілёў.

Па першай версіі, Машэка закахаўся ў Прадславу, але выпадкова забіў яе брата — ён думаў, што гэта яе палюбоўнік. Праз шмат гадоў яны сустрэліся, калі Машэка чарговы раз займаўся рабаваннем. Прадслава расказала, што той забіў яе брата, але яна яго прабачыла. На самой справе, Прадслава планавала забіць Машэку, каб адпомсціць яму. Калі той заснуў, яна ўдарыла яго нажом у горла. Падручныя Машэкі закапалі жанчыну жыўцом разам з яго трупам. Тое месца, дзе іх закапалі, назвалі Магілай Льва.

Па іншай версіі, каханая Машэкі таксама яго забіла з помсты, але выжыла.

А па праўдзе… Існуюць розныя тэорыя, якія звязваюць назву горада з канкрэтнымі гістарычнымі асобамі. Відавочна тое, што тапонім мае патранамічнае паходжанне і ўтварыўся ад славянскай асновы — «магіла».

адкуль пайшлі беларускія гарады, гісторыя назваў беларускіх гарадоў, легенды беларускіх гарадоў
Магілёў узімку. Фота: writervall.ru

Бяроста на балотах

Па легендзе, купец вёз свой тавар праз балоты на месцы сучаснага Брэста (ці Берасця). Ён захрас у балоцістай мясцовасці, а каб выбрацца, стаў абдзіраць бяросту і засцілаць ёй дарогу.

Калі купец вяртаўся назад, то пабудаваў на тым месцы каплічку. Затым да той каплічкі сталі прыходзіць людзі. Яны зразумелі, што месца было лёгка ўмацаваць ад ворагаў, таму і сталі на тым месцы жыць.

А па праўдзе… Хутчэй за ўсё, назва сапраўды пайшла ад слова «берасць».

Мелкая рака і Гомель

З Гомелем зусім простая гісторыя: пасярод Сожа колісь было намыта шмат пяску. Таму там стаяў чалавек і папярэджваў плыты і баркі, каб тыя не ўзбіваліся на мель, воклічам:

— Го! Мель! Го! Мель!

А па праўдзе… Гэта легенда з’явілася даволі позна — толькі ў дваццатым стагоддзі. А вось даследчыкі мяркуюць, што горад атрымаў назву ад апісання мясцовага рэльефу — «гом» (узвышша над нізінай).

Браслаў

Жылі-былі князь Дзвін і князёўна Друя. У іх нарадзілася дачка Дрыва. Дрыва падрасла, і да яе сваталіся князі, але ёй ніхто не падабаўся. Тады пскоўскі Сноў, лукомльскі Снуд і полацкі Брас пачалі змагацца за сэрца маладой князёўны. Сноў і Снуд таемна забілі Браса, пачалі біцца адзін супраць аднаго — і загінулі ад ран.

Пасля смерці Снова і Снуда высветлілася, што яны забілі толькі слугу Браса. Брас пайшоў да Дзвіна, каб той аддаў яму дачку — ці добраахвотна, ці ён забярэ дзяўчыну сілай. Дрыва кінулася ў раку і загінула, смерць дачкі не перажылі яе бацькі. А Брас забраў княжацкі замак сябе і даў імя гораду — Браслаў.

А па праўдзе… Паходжанне тапоніма Браслаў звязваюць з імем полацкага князя Брачыслава. Некаторыя навукоўцы прытрымліваюцца меркавання, што Браслаў існаваў і раней, да Брачыслава, а назва горада мае балцкую аснову і пайшла ад слова, якое азначае «брод».

Івянец

Як і ў гісторыі з Брэстам, усё пачалося з балота… Вельмі багатая княгіня ехала праз будучы Івянец і захрасла ў балоцістай мясцовасці. Жанчына думала, што памрэ там, але ўбачыла дзяўчыну, якая пляла вянок. Княгіня папрасіла ў яе дапамогі, але тая згадзілася дапамагчы толькі пры ўмове, што яна заселіць тую мясцовасць людзьмі.

У выніку, коні вылезлі з балота, а адзінай праблемай была толькі назва будучага мястэчка. Дзяўчына сказала, што горад трэба назваць Івянцом, бо яна пляла вянок.

Клімавічы

Легенда пра Клімавічы таксама пачынаецца ў балоце. Праз тую мясцовасць ехалі паны, якія там і захраслі. На дапамогу ім прыйшоў селянін Клім — так нібыта і паўсталі Клімавічы.

адкуль пайшлі беларускія гарады, гісторыя назваў беларускіх гарадоў, легенды беларускіх гарадоў
Узда зімой. Фота: zorkanews.by

Лунінец

Згодна з легендай, побач з месцам, дзе ўзнік Лунінец, было сяло Лунін. Неяк адзін з жыхароў Луніна вырашыў аддзяліцца і пасяліцца ў новым месцы. У хуткім часе тое месца празвалі Лунінцом, бо там жыў лунінец (чалавек з Луніна).

Стоўбцы

Па легендзе, на месцы будучых Стоўбцах некалі быў густы лес. Князь пабудаваў там манастыр, у якім жылі манахі. У адзін год манахі загінулі ад чумы, а манастыр запусцеў і разбурыўся. На тым месцы ўкапалі тры стаўпцы, каб людзі ведалі, што там нельга сяліцца.

Прайшоў час, і людзі пачалі засяляць тую мясцовасць, а затым знайшлі гэтыя стаўпцы — і назвалі так горад.

А па праўдзе… Географ Вадзім Жучкевіч мяркуе, што тапонім быў назвай-арыенцірам: стаўпамі раней пазначалі дарогі.

Узда

Ёсць дзве легенды, чаму Узду назвалі Уздой. Па першай, пасля адной з бітваў супраць татар атаман уцякаў з поля бою, але яго дагналі нашы продкі і паранілі. Калі ён падаў з сядла, то ўхапіўся за ўзду свайго каня.

А па другой легендзе, таксама звязанай з вупражжу, на месцы цяперашняга горада цар згубіў залатую ўзду. Яго слуга ездзіў туды-сюды, але так і не змог адшукаць яе. Адзін з вандроўнікаў убачыў слугу і запытаўся, што той шукае. Слуга і адказаў, што ўзду.

А па праўдзе… Тапонім утварыўся ад назвы ракі Уздянка.

Вярнуцца ўгару