Now Reading
Перайсці на беларускую мову: якія ёсць хітрыкі і з чаго пачаць

Перайсці на беларускую мову: якія ёсць хітрыкі і з чаго пачаць

беларуская мова, як пачаць размаўляць па-беларуску

Настаў той дзень, калі ты нарэшце прачнуўся і вырашыў, што трэба дадаць болей беларускай мовы ў сваю паўсядзённасць. Пахвальнае памкненне! І цалкам натуральнае для беларуса! Зрабіць гэта не так складана, як можа падасца на першы погляд.

PALATNO зараз навучыць.

Піша Вадзім Чарток.

Матывацыя

Найперш вызначым матывацыю. Навошта табе патрэбна беларуская мова? Чаму менавіта зараз? Калі пройдзе першапачатковы запал, гэта дапаможа не кінуць, не спыняцца на дасягнутым і працягваць далей. Даём падказку — менавіта ты, як і мільёны тваіх беларускіх суайчыннікаў, нясеш адказнасць за захаванне, папулярызацыю і развіццё сваёй унікальнай беларускай культуры.

Як ставяцца да нашай культуры тыя, хто, па ідэі, мусіць прасоўваць яе на дзяржаўным узроўні, мы ўжо ўбачылі. Таму ўсё толькі ў нашых руках. І нават калі ты лічыш сябе касмапалітам, грамадзянінам свету, гэта ўсё адно ніяк не адмяняе таго, што наша планета складаецца з безлічы разнастайных цікавых культур. Адна з якіх — твая.

Як да яе наблізіцца?

Чытай па-беларуску

Гэта адна з самых папулярных парад тым, хто хоча лепш ведаць беларускую мову. Але мала проста даць параду — пра беларускую літаратуру трэба напісаць падрабязна, бо і тут могуць быць «падводныя камяні».

Напрыклад, аўтар гэтага артыкула неаднаразова сутыкаўся з тым, што шмат хто лічыць класічную літаратуру нецікавай і таму адмаўляецца ад гэтага спосабу пашырэння ведаў амаль адразу. Яно і не дзіўна. Цягам апошніх гадоў колькасць «беларускіх» навучальных гадзін у школах імкліва скарачалася. Не ўсе настаўнікі беларускай мовы і літаратуры насамрэч апантаныя сваёй справай і могуць перадаць гэту любоў вучням. Увогуле, кансерватыўнасць школьнай адукацыі ў Беларусі і адсутнасць дастатковай колькасці матываваных настаўнікаў з’яўляюцца вялікай праблемай, і не толькі для беларускай літаратуры.

Нават калі табе не падабалася чытаць па-беларуску падчас вучобы ў школе, гэта не азначае, што не варта паспрабаваць яшчэ раз. Як вядома, з узростам мы шмат чаго пераасэнсоўваем: магчыма, тое, што не падабалася раней, выдатна «зойдзе» зараз. Мой асабісты топ беларускіх класікаў (які, вядома, абсалютна не прэтэндуе на экспертнасць і можа адрознівацца ад твайго) — гэта Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў і Янка Купала. Існуе таксама шмат добрых перакладаў на беларускую мову твораў сусветнай класікі. Таму наступным разам, калі ў цябе ўзнікне жаданне перачытаць любімы твор, варта пашукаць — мо ён ужо ёсць і па-беларуску?

Але чытанне — гэта, вядома, не адна толькі «класіка». Мы маем шмат крутых сучаснікаў, якія пішуць па-беларуску, абсалютна па-рознаму і пра рознае. Уладзімір Арлоў, Віктар Марціновіч, Андрусь Горват — тыя, хто прыйшлі ў галаву адразу. Безумоўна, цікавых беларускіх аўтараў нашмат больш.

Калі твой тэмп жыцця вельмі інтэнсіўны і ты проста не маеш вольнага часу, каб спакойна пасядзець за кніжкай, пагрузіцца ў свет беларускай літаратуры дапамогуць аўдыёкнігі, выбар якіх зараз даволі вялікі. Пра гэта ў наступным пункце.

Слухай сваё

Тут і пра аўдыёкнігі, і пра музыку, і пра шэраг розных падкастаў. Апошнім часам з’яўляецца шмат ініцыятыў, якія займаюцца запісам аўдыёкніг. Даўно і стала запісвае аўдыёкнігі беларуская інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат». Ініцыятыва «Кніжны воз» спецыялізуецца на кнігах для дзяцей. Праект audiobooks.by з’яўляецца агрэгатарам усіх беларускіх аўдыёкніг і дае інфармацыю, на якіх пляцоўках купіць альбо паслухаць бясплатна тыя ці іншыя творы на беларускай мове.

Пяройдзем да музыкі. Добрых беларускіх музычных праектаў таксама вельмі шмат. Беларуская музыка не абмяжоўваецца толькі ўсім вядомымі гуртамі NRM альбо «Стары Ольса». Ёсць многа цікавых і абсалютна не падобных адзін да аднаго беларускіх выканаўцаў. Напрыклад, Iva Sativa з яе эксперыментальным хіп-хопам. Альбо Irdorath са сваім атмасферным фэнтазі-фолкам і медыевалам. Альбо рэп, які робяць Vinsent ці «Чырвоным Па Белым». Індзі-рок ад NaviBand. «Шаманства» Івана Кірчука. Фолк ад гурта «Варган». Эксперыменты з электронікай ад AP$ENT. Хардкор ад The Superbullz. Панк ад «Дзецюкоў». Бардаўскія песні Кацярыны Ваданосавай і Змітра Вайцюшкевіча. Працягваць, здаецца, можна бясконца, і кожны знойдзе тое, што дазволіць атрымаць асалоду менавіта яму. Праўда, вялікай праблемай з’яўляецца адсутнасць у многіх беларускіх музыкаў добрага піяру. Таму часта здараецца так, што ты знаходзіш шыкоўны гурт, які патрапляе табе ў самае сэрца, і пры гэтым шчыра не разумееш, як так сталася, што ты пра іх ніколі нічога не чуў. Паўплываць на гэту праблему, дарэчы, можа кожны з нас, калі пачне проста раіць сябрам ці посціць у сацыяльных сетках тое, што яму падабаецца слухаць.

Што тычыцца падкастаў — тут беларускія кантэнтмэйкеры таксама не стаяць на месцы. Здаецца, зараз не піша падкасты толькі самы лянівы. PALATNO, «Забі зяпу», «Так склалася гістарычна» і г. д. — тэматыка падкастаў вельмі разнастайная, кожны знойдзе тое, што яму будзе цікава. Свае падкасты ёсць у KYKY.ORG, «Радыё Рацыя» і іншых СМІ. Усе ведаюць пра «Белліт пад піва», «Відзік» (пра гікаўскае), «Цёмны лес». Нават банальны пошукавы запыт «падкасты па-беларуску» прапануе не адзін дзясятак цікавых варыянтаў.

Глядзі па-беларуску

Беларускі кінематограф зараз знаходзіцца ў стане занядбання. Дзяржаўныя ініцыятывы не могуць прапанаваць нічога цікавага большасці гледачоў. Рэдкія годныя творы, як, напрыклад, «Купала», часцей трапляюць на паліцы, чым на экраны. Між тым, існуе і незалежны кінематограф, часам ён падымае вострыя пытанні, але, на жаль, робіць гэта не так часта, як бы таго хацелася. І, як і музыка, хварэе на адсутнасць піяру. Але гэта не азначае, што няма чаго глядзець. Праект Anibel, напрыклад, прапануе нам шмат перакладаў анімэ і мангі. «Кавярня» робіць беларускую агучку знакамітых серыялаў і не толькі. «Знічка», «Кінакіпа», Belmovie — рабяты стараюцца дзеля цябе, а ты яшчэ не бачыў іх пераклады? Гэта трэба выпраўляць!

Глядзець можна не толькі фільмы ды серыялы. Беларускія відэаблогі зараз ужо не навіна — існуюць дзясяткі цікавых і актуальных праектаў пра што заўгодна. Канал «Янахімічыла» перакладзе «з навуковай на чалавечую» ўсё, што ты не зразумеў з урокаў хіміі. «Рудзі» распавядзе пра відэагульні. Віталь Чырвінскі пашырыць веды па вайсковай гісторыі. Pro Food навучыць гатаваць смачныя і незвычайныя стравы. Крутых блогераў у нас шмат. Дарэчы, можа гэта і твой шлях? Спяшайся, пакуль канкурэнцыя яшчэ не занадта вялікая.

Усталюй беларускую мову на сваіх прыладах

Абсалютная большасць сучасных мабільных тэлефонаў мае такую магчымасць у базавых наладах. Тое ж датычыцца планшэтаў і ПК. Беларускую мову падтрымлівае або мае магчымасць дадаваць вялікая колькасць папулярных праграм і сэрвісаў.

Тут можна ўзгадаць і вядомыя ўсім беларусам Telegram, Viber, розныя інтэрнэт-браўзеры, Google-сэрвісы. Змена мовы ў навігацыі праграм спачатку можа падасца не вельмі зручнай, але, павер, гэта даволі хутка пройдзе.

Размаўляй

Банальна, але, каб пачаць размаўляць па-беларуску, трэба… пачаць размаўляць па-беларуску! Лепшага спосабу загаварыць яшчэ не прыдумалі. Не атрымліваецца без памылак? Няма бяды. Не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць. Пазбягаць памылак могуць дапамагчы сэрвісы skarnik.by i slounik.org.

Страшна? Знайдзі для сябе абсалютна бяспечную прастору: звярніся па падтрымку да сваіх блізкіх і сяброў, бо разам заўжды прасцей. Пачаць можна хаця б з перапіскі па-беларуску ў мэсэнджэрах. А яшчэ пазітыўна адаб’ецца на ўзроўні валодання беларускай мовай пераклад профіляў у сацыяльных сетках.

Усё адно страшна? Гаварыць па-беларуску заўсёды можна з самім сабой — перакладзі ўнутраны маналог на беларускую мову, каб з часам набрацца смеласці і перанесці «ўнутраныя» размовы па-беларуску ў публічную прастору.

Аднойчы ты смела скажаш «Дзякуй» прадавачцы ў краме і будзеш вельмі ганарыцца сабой! Не саромейся быць не такім, як усе. Міф пра тое, што беларуская мова з’яўляецца «калгаснай», што на ёй «нельзя выразить ничего великого», можа ўзнікнуць толькі ў галаве таго, хто да гэтай мовы і культуры не мае дачынення. Альбо чый узровень ведаў пра беларускую мову абмяжоўваецца «Славянскім базарам» і «Дажынкамі». А меркаванне такіх людзей, відавочна, не павінна ніяк уплываць на нашыя рашэнні. Будучыня нашай мовы і нашай культуры залежыць выключна ад нас.

Вярнуцца ўгару