Калі з’явіліся першыя электрамабілі? Ці сапраўды першы быў на Месяцы? Альбо першыя электрамабілі з’явіліся больш за сто гадоў таму? Разбіраемся.
PALATNO расказвае пра электрамабілі.
Першыя электрамабілі з’явіліся ў сярэдзіне XIX стагоддзя
Электрамабілі з’явіліся значна раней, чым мы можам сабе гэта ўявіць. Першая вядомая мадэль электрычнага транспартнага сродку была створаная ў 1828 годзе венгерскім вынаходнікам Аньёшам Едлікам. У 1830-я гады электрычныя каляскі сталі распрацоўвацца ў розных краінах. Да канца XIX стагоддзя электрамабілі сталі даволі папулярнымі. У ЗША і Еўропе электрамабілі выкарыстоўваліся як грамадскі гарадскі транспарт, бо былі цішэйшымі і менш забруджвалі паветра.
Адным з самых знакавых электрамабіляў канца XIX і пачатку XX стагоддзя стаў La Jamais Contente. Гэта быў першы электрамабіль, які перасягнуў хуткасць 100 км/г. Яго стварылі ў 1899 годзе, дзякуючы бельгійскаму інжынеру і гоншчыку Камілю Джэнацы. Джэнацы хацеў даказаць, што электрамабілі могуць канкураваць з бензінавымі аўтамабілямі, якія тады пачалі заваёўваць аўтарынак. La Jamais Contente была зробленая спецыяльна для ўсталявання рэкорду хуткасці.
Большасць сумнявалася ў жыццяздольнасці электрычных рухавікоў, але машына Каміля Джэнацы даказала адваротнае. Машына падштурхнула інжынераў і канструктараў па ўсім свеце шукаць новыя шляхі для павышэння эфектыўнасці электрамабіляў.
З цягам часу транспарт з рухавікамі ўнутранага згарання выцесніў электрамабілі. Іх адраджэнне пачалася ў канцы XX стагоддзя з-за патрэбы ў экалагічных і энергаэфектыўных рашэннях.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Беларускія вынаходнікі, якія змянілі свет
Што цікавага навукоўцы знайшлі ў 2024 годзе?
«Сіні марбл». Як зрабілі адну з самых вядомых фатаграфій Зямлі
Першы электрамабіль за межамі Зямлі
Яшчэ адным крокам у гісторыі электрамабіляў стаў… космас. Амерыканскія астранаўты выкарыстоўвалі электрамабіль Lunar Roving Vehicle (LRV) на паверхні Месяца падчас місій «Апалог-15», «Апалон-16», «Апалон-17». Стварэнне стала знакавым тэхналагічным дасягненнем, якое дазволіла значна пашырыць магчымасці даследаванняў Месяца.
LRV змог перавозіць да 490 кілаграмаў разам з экіпажам, навуковым абсталяваннем і ўзорамі грунту. Максімальную хуткасць, якую мог развіваць электрамабіль — 16 км/г. Унутры электрамабіля быў убудаваны навігацыйны камп’ютар для вызначэння адлегласці, хуткасці і кірунку.
LRV выкарыстоўваўся падчас трох місій «Апалон» у 1971-1972 гады. Першы электрамабіль падчас місіі «Апалона-15» дапамог астранаўтам даследаваць месцы, што знаходзіліся далёка ад месца пасадкі. Ужо ў трэцяй місіі электрамабіль праехаў 35 кіламетраў — у двух папярэдніх місіях ён не праязджаў больш за 28 кіламетраў.
Копіі LRV можна ўбачыць у музеях, напрыклад, у Смітсанаўскім музеі авіяцыі і космасу.