
PALATNO расказвае, якімі былі першыя тыдні Другой сусветнай вайны: ад нацысцкай правакацыі ў Глівіцы да падзення абароны Варшавы.
Нацысцкі бліцкрыг
Пачатак вайны з Польшчай старанна планаваўся Германіяй. хацеў мець casus belli — фармальную падставу для пачатку вайны. Для планавання быў падключаны Рэйнхард Гедрых, які задумаў аперацыю ў Глівіцы. Планавалася, што будзе сфальсіфікаваны напад польскіх вайскоўцаў на радыёстанцыю ў памежным горадзе, каб пасля абвясціць вайну Польшчы і такім чынам легалізаваць ваенныя дзеянні.
Аперацыя ў Глівіцах планавалася таемна ад мясцовых уладаў, галоўным па аперацыі прызначылі члена Службы бяспекі Альфрэда Наўёкса. Наўёкс правёў каля месяца ў Глівіцах у чаканні загаду аб пачатку аперацыі. У аперацыі ўдзельнічалі сем чалавек, якія павінны былі захапіць радыёстанцыю і перадаць адтуль сігнал пра тое, што палякі пачалі вайну з немцамі. Усё пайшло не так ад пачатку:31 жніўня 1939 года група Наўёкса захапіла не галоўную студыю з апаратнай, а толькі станцыю з узмацняльнікамі (там проста не было нармальных умоў для вяшчання). Радыётэхнік з групы не змог перадаваць сігнал, бо магутны вяшчальнік ва Уроцлаве заглушаў іх. Замест закліку да паўстання ў эфір трапіла толькі дзевяць слоў, пасля радыё замаўчала, сам сігнал быў чутны толькі ў ваколіцах Глівіцаў. У выніку, аперацыя, якая павінна была стаць гучнай правакацыяй, правалілася падчас эфіру. Аднак нацысты ўсё роўна абставілі ўсё як доказ польскай агрэсіі: на месцы ў радыёстанцыі пакінулі застрэленых палякаў і вязняў-немцаў у польскіх мундзірах. Першай ахвярай Другой сусветнай вайны лічыцца 40-гадовы Францішак Хонёк, якога выставілі як аднаго з агрэсараў. На наступны дзень, 1 верасня, пачалася Другая сусветная вайна.
У Польшчы нацысцкія войскі пачалі бліцкрыг. Гэта была новая тактыка, якая значна адрознівалася ад баявых дзеянняў у Першую сусветную вайну. Спачатку немцы праводзілі авіяатакі, а затым бамбардіроўшчыкі знішчалі камунікацыі і тыл, затым танкі і артылерыя прасоўвалася ў тыл праціўніка (углыб па сельскай мясцовасці, пазбягаючы гарады і ўмацаваныя пункты), за імі ішлі пехацінцы.
У першы тыдзень вайны немцы захапілі Кракаў, у якім тады жылі каля 250 тысяч чалавек. На другі тыдзень вайны баявыя дзеянні адбываліся ўжо ля Варшавы, абарону якой збіраліся трымаць доўга. На трэці тыдзень вайны палякі не здаліся толькі ў Варшаве, Модліне і на паўвостраве Хэль ля Данцыга. 27 верасня 1939 года Варшава пала.
СССР абраў бок Гітлера
Падчас аблогі Варшавы жыхары горада спадзяваліся, што іх могуць выратаваць з Усходу. Па горадзе хадзілі чуткі, што над Варшавай лётаюць самалёты з серпам і молатам і змагаюцца супраць нацысцкіх лётчыкаў. Вядома, у савецкіх самалётаў не было такіх апазнавальных знакаў: там была пяціканцовая зорка. Аднак чуткі дапамагалі варшавякам і абаронцам горада не здавацца і трымацца да апошняга.
На той час толькі нямногія ведалі, што за некалькі дзён да пачатку вайны быў падпісаны пакт, які ўвайшоў у гісторыю як пакт Рыбентропа-Молатава.
У час, калі нацысты наступалі на Польшчу з заходняга боку, на ўсходзе канцэнтраваліся войскі СССР. 17 верасня 1939 года савецкія войскі зайшлі на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Украіны. Вайсковая аперацыя СССР скончылася 28 верасня, а супраціў «саветам» змаглі аказаць толькі кропкава, бо ў той час польская армія моцна пацярпела ад нацысцкага ўварвання. Пасля завяршэння аперацыі ў некаторых беларускіх гарадах былі праведзеныя супольныя савецка-нацысцкія ваенныя парады.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Восем малавядомых фактаў пра Другую сусветную вайну
Ад «Альпійскай балады» да «Пошукаў будучыні». Кнігі беларускіх пісьменнікаў пра вайну
Росквіт і падзенне Трэцяга Рэйха на дзесяці фотаздымках
Знішчэнне яўрэяў і палякаў
«У мяне ёсць інфармацыя, што ў Польшчы плануюцца масавыя смяротныя пакаранні і што будуць вынішчаны прадстаўнікі польскага дваранства, епіскапы і святары каталіцкай царквы», — так адмірал Вільгельм Канарыс расказваў начальніку штаба вярхоўнага камандавання ўзброеных сіл Вільгельму Кейтэлю пра наведвання захопленых нацыстамі польскіх зямель. Паездка ў частку захопленай Польшчы назаўсёды змяніла стаўленне Канарыса да Гітлера і яго палітыкі. Ён збіраўся асабіста дакласці фюрэру, якія жахі адбываюцца на акупаваных тэрыторыях. Аднак Кейтэль адгаварыў адмірала, бо праграму «расавага вынішчэння» ўхваліў сам Гітлер. За месяц да падзення Берліна ў 1945 годзе Канарыса расстраляюць за ўдзел у замаху на Гітлера.
Нацысты пачалі знішчаць мірнае насельніцтва як толькі зайшлі ў Польшчу. У першыя ж дні спальвалі вёскі, пачаліся масавыя забойствы людзей у населеных пунктах. Адразу за вермахтам ішлі войскі СС, якія займаліся карнымі аперацыямі.
19 верасня 1939 года Адольф Гітлер выступіў з прамовай у захопленым Данцыгу. У гэты ж дзень ён сустрэўся ў мясцовай бальніцы з нацысцкімі чыноўнікамі. Падчас сустрэчы Гітлер падкрэсліў неабходнасць знішчэння псіхачнахворых людзей унутры Германіі і на акупаваных тэрыторыях.
На трэці тыдзень вайны ў штабы нацысцкіх армій пачалі даходзіць рапарты, згодна з якімі вайскоўцы вермахта занепакоеныя дзеяннямі СС на акупаваных тэрыторыях. Крызіс паміж прафесійнымі вайскоўцамі і эсэсаўцамі пачаў узрастаць, таму кіраўнік апошніх Рэйнхард Гейдрых склікаў нараду камандзіраў часцей СС у Польшчы. На нарадзе было патлумачана, што мэта эсэсаўцаў у Польшчы павінна захоўвацца ў таямніцы. На той нарадзе было загадана стварыць асобныя раёны ў буйных гарадах — гета.
Варшаву бамбілі некалькі тыдняў да моманту, пакуль польская сталіца не здалася. У дзень нацысцкай аперацыі «Бераг» (25 верасня 1939-га) Варшаву атакавалі 400 бамбардзіроўшчыкаў. Жыхары ўспаміналі, якой жудаснай была тая атака і яе вынікі. Ядвіга Сасноўская працавала ў бальніцы і ўспамінала падзеі таго дня так:
«На тым сасновым стале пад скальпелем хірурга памерла маладая цяжарная жанчына гадоў 19, вантробы яе былі вывернутыя выбухам бомбы. Да родаў ёй засталася ўсяго некалькі дзён. Мы так і не даведаліся, хто быў яе мужам, з якой сям’і яна была. Гэта невядомую жанчыну пахавалі ў брацкай магіле з загінулымі салдатамі».
Нацысты імкнуліся не толькі захапіць новыя землі, але знішчыць насельніцтва гэтых зямель. Задача перад нацысцкімі войскамі стаяла не толькі ў знішчэнні яўрэяў, а ў знішчэнне палякаў таксама. Напрыклад, у захопленай Заходняй Польшчы ў першыя тры тыдні вайны арыштавалі дзве траціны каталіцкіх святароў, амаль палову з іх расстралялі.