Піва, віно і гарэлка. Як да алкаголю ставіліся продкі беларусаў?

алкаголь у беларускай міфалогіі, гарэлка ў міфалогіі, віно ў міфалогіі, піва ў міфалогіі

Для беларусаў алкаголь раней быў не толькі звычайным напоем, але і магутным сімвалам. PALATNO расказвае, як беларусы раней ставіліся да алкаголю (і, можа, працягваюць ставіцца дагэтуль).

Віно як сімвал урадлівасці і крыві

У старажытных вераваннях віно ўвасабляла жыццёвую сілу, урадлівасць і чалавечую кроў. Яго выкарыстоўвалі ў ахвярных рытуалах: напрыклад, жывёлу палівалі неразбаўленым віном — гэта было незвычайна, бо ў ранейшыя часы віно людзі заўсёды разводзілі вадой. З часам напой стаў часткай хрысціянскай традыцыі як сімвал крыві Ісуса Хрыста.

У беларускіх песнях і казках віно часта згадваецца разам з мёдам. У валачобных песнях гаворыцца пра чатыры напоі, кожны з якіх мае рознае прызначэнне: гарэлка належала валачобнікам, «саладок мядок» — дзецям, «чорнае піва» — жонцы гаспадара, а «зеляно віно» — самому гаспадару. Цікава, што ў гэтым выпадку віно супрацьстаўляецца гарэлцы, а вось у рускай мове віно часам называюць гарэлкай.

ЧЫТАЙЦЕ ЯЧШЭ:

 

«Дзе чарка, там і сварка». 14 беларускіх прыказак пра алкаголь

 

Як па-беларуску размаўляць пра алкаголь?

 

Гісторыя надзеі і ўзаемадапамогі. Як з’явіліся Ананімныя Алкаголікі


Гарэлка: паміж Богам і чортам

У беларускай міфалогіі гарэлка можа быць як божым дарам, што дае сілу і здароўе, так і вынаходніцтвам чорта, якое вядзе да бяды. Да прыкладу, у адной легендзе Бог скараціў ураджай, калі даведаўся, што чорт гнаў гарэлку з жыта.

У народных абрадах гарэлка адыгрывае важную ролю. Яна прысутнічае ў пахавальных рытуалах: нябожчыку «прапаноўвалі» гарэлку, лілі яе на магілу, ставілі асобную чарку для нябожчыка на стол. Падчас памінак гарэлка была знакам ушанавання душы памерлага.

На розных святах гарэлка была неад’емнай часткай застолля. Выказванне «без гарэлкі і празнік не ў празнік» падкрэслівае ролю напоя як сімвала радасці і дастатку. У народнай свядомасці частаванне гарэлкай мела нават магічную функцыю: «Як вып’еш — так і адмочыць» — так казалі, каб забяспечыць добры ўраджай. Тут гарэлка атаясамлівалася з дажджом.

Разам з усім гэтым ап’яненне было небяспечным станам чалавека. Такі стан адкрываў межы паміж светам людзей і незямным светам. Менавіта п’яных герояў часта блытала нячыстая сіла: яны блукалі ў лесе або прачыналіся ў незвычайных месцах.

Піва

Піва варылі з жыта і хмелю да спецыяльных выпадкаў. Беларускі фальклор звязвае піва з каханнем і стыхіяй агню.

Абрад варкі піва быў насычаны рытуальнымі дзеяннямі і спецыфічнымі правіламі. Цікава, што варкай піва займалася ўсё паселішча. Аднак у залежнасці ад свята варыць маглі толькі дзяўчаты, замужнія жанчыны ці нават толькі старыя мужчыны.

Працэс варкі піва адбываўся ў асаблівых месцах — ля царквы, на гары, у лесе ці беразе ракі. Падчас варкі спявалі рытуальныя песні.

Піва было часткай многіх святаў: вяселлі, хрэсьбіны, пераезд у новы дом, вяртанне дадому салдата, памінкі і іншае. У Літве і Заходняй Беларусі піва выкарыстоўвалі для ахвярнага палівання зямлі пасля збору ўраджаю, тушылі ім пажары ад маланкі. І яшчэ адзін факт: паводле падання, на балоце ля Лунінца жылі ведзьмы, што варылі піва.

Вярнуцца ўгару