Now Reading
Пяць парадоксаў, якія «ўзарвуць» твой мозг

Пяць парадоксаў, якія «ўзарвуць» твой мозг

разумовы эксперымент кітайскі пакой

Хочаце кінуць выклік свайму разуменню логікі і рэальнасці? Адкрываем для вас інтрыгуючыя канцэпцыі, якія стаяць за разумовымі парадоксамі. Напрыклад, знакаміты «Карабель Тэсея» ці «Кітайскі пакой», якія паўплывалі на розныя сферы жыцця чалавека: ад філасофіі да фізікі.

PALATNO зрабіла падборку пяці разумовых парадоксаў, якія могуць «узарваць» чалавечы мозг (ці проста прымусяць задумацца).

Парадокс карабля Тэсея

Згодна са старажытнагрэчаскай міфалогіяй, Тэсей выратаваў ад мінатаўра дзяцей афінян — і на караблі паплыў з імі на выспу Дэлас. Кожны год пасля гэтага афіняне плавалі на караблі Тэсея да Дэласа, каб адсвяткаваць гэта. Паўстала пытанне: пасля некалькіх сотняў гадоў кожная асобная частка карабля была заменена, ці заставаўся ў гэтым выпадку той карабель тым самым караблём Тэсея?

З часам філосафы пачалі пашыраць гэты эксперымент. Англійскі філосаф Томас Гобс прапанаваў варыянт, што ўсе гнілыя часткі карабля былі замененыя, але іх захавалі для пабудовы іншага карабля. У такім выпадку паўстае пытанне, які з двух караблёў будзе арыгінальным?

Парадокс карабля Тэсея — гэта прыклад галаваломкі, у якой галоўнай праблемай з’яўляецца вызначэнне адносін паміж аб’ектам і матэрыялам. Вырашэнні гэтага парадоксу існуюць — і іх шмат! Згодна з філасофскай школай Арыстоцеля, карабель Тэсея застаўся тым жа, таму што яго сутнасць не змянілася, хоць і змяніўся матэрыял, з якога ён быў зроблены. Амерыканскі філосаф Дэвід Льюіс прапанаваў іншы распаўсюджаны погляд: два розныя караблі існуюць у адной прасторы ў адзін час і ў іншай прасторы ў іншы час — і ўсе аб’екты адрозніваюцца адзін ад аднаго ва ўсе моманты часу.

Згодна з яшчэ з адным рашэннем — аб’екты не маюць фіксаванай ідэнтычнасці, арыгінальнасці. Гэта значыць, што ідэнтычнасць — гэта ілюзія ці зручная выдумка. Карабель змяняецца паступова, і ні ў якім разе нельга з упэўненасцю сказаць, што ён той самы. Такім чынам, ідэнтычнасць, зменлівая і залежыць ад нашага ўспрымання.

парадокс карабля тэсея, разумовы эксперымент
Ілюстрацыя створаная штучным інтэлектам.

Сучасныя прыклады парадоксу Тэсея:

  • ЗША. Фрэгат USS Constitution лічыцца сучасным караблём Тэсея. Ад 1794 года карабель шмат разоў рамантавалі, мадыфікавалі і рэканструявалі.
  • Японія. Храм Ісэ перабудоўваюць кожныя дваццаць гадоў з новага дрэва. Драўніну бяруць з прылеглага лесу, які лічыцца святым.

Мозг у колбе

Гэта яшчэ адзін разумовы эксперымент, які ставіць перад чалавекам пытанні пра прыроду рэчаіснасці, нашай здольнасці пазнаваць яе.

У сцэнарыі «Мозг у колбе» чалавечы мозг вымаюць з цела і змяшчаюць у ёмістасць з вадкасцю, якая здольная падтрымліваць жыццё мозга. Мозг падключаны да суперкамп’ютара, які пасылае электрычныя імпульсы, што прымушаюць мозг верыць, што ён жыве нармальным жыццём. Гэта і выклікае наступнае пытанне: калі б вы былі гэтым мозгам, ці маглі б вы ведаць, што свет, які вы ўспрымаеце, — сімуляцыя?

Ці можна давяраць нашаму ўспрыманню? Ці можна быць упэўненым у ведах, калі нашы пачуцці могуць быць так падманутымі? Філосафы прапанавалі некалькі вырашэнняў. Кожны з адказаў на «Мозг у колбе» закранае розныя аспекты: ад прырорды ведаў і веры да практычных меркаванняў пра тое, як мы павінны жыць і думаць пра свой досвед. Вось некаторыя з вырашэнняў:

  • Калі перакананні мозгу выкліканы надзейным працэсам (нават штучным), яны ўсё роўна могуць разглядацца як веды. Таму сапраўднасць залежыць ад фактараў, знешніх для свядомасці суб’екта.
  • Некаторыя філосафы сцвярджаюць, што для таго, каб у чалавека былі думкі аб рэальным свеце, з ім павінна быць нейкая прычынна-следчая сувязь. Калі мозг у колбе ніколі не кантактаваў з рэальным светам, ён не можа думаць або абмяркоўваць аб’екты ці падзеі рэальнага свету, а толькі яго вобразы.
  • Згодна з прагматычным падыходам, турбавацца пра тое, што ты мозг у колбе — бессэнсоўна, бо гэта не ўплывае на чалавечы досвед або жыццёвы выбар.

Пакой Мэры

Разумовы эксперымент быў распрацаваны Фрэнкам Джэксанам у 1982 годзе. Джэксан распрацаваў не цалкам новы эксперымент, ён браў ідэі ў іншых філосафаў.

Мэры — бліскучы навуковец, якая спецыялізуецца на нейрафізіялогіі зроку і ведае ўсё пра фізічныя і біялагічныя працэсы, звязаныя з бачаннем і ўспрыманнем колераў. Аднак усё сваё жыццё Мэры пражыла ў чорна-белым пакоі, яна бачыла свет толькі пра чорна-белы манітор тэлевізара. Аднойчы Мэры выйшла з пакоя і ўбачыла чырвоны колер. Пытанне: ці спазнае Мэры нешта новае, калі бачыць чырвоны колер?

разумовы эксперымент пакой мэры
Ілюстрацыя створаная штучным інтэлектам.

Гэты разумовы эксперымент выкарыстоўваецца для аспрэчвання ідэі, што ўсё, што мы можам ведаць пра розум, можна растлумачыць выключна фізічнымі тэрмінамі. Напрыклад, калі Мэры пазнае нешта новае, калі ўбачыць чырвоны колер, то гэта сведчыць аб наяўнасці свядомага досведу, які не ахопліваецца фізічнымі тлумачэннямі.

  • Насамрэч Мэры не даведаецца нешта новае пра сам колер, а атрымае здольнасць ці новы спосаб рабіць нешта (бачыць і распазнаваць колеры). З гэтага пункту гледжання, усе фактычныя веды ўжо былі ў яе распараджэнні, а адчуванне колеру — іншы, нефактычны спосаб спасціжэння.
  • Мэры атрымала новыя веды — веды пра тое, што такое бачыць чырвоны колер. Гэтыя веды прынцыпова адрозніваюцца ад фізічнай інфармацыі, якой яна валодала, і паказваюць на існаванне нефізічных аспектаў свядомасці.
  • Некаторыя філосафы ставяць пад сумнеў, што адчуванне колеру дадае нешта фундаментальнае да ведаў Мэры.

Кітайскі пакой

Гэта разумовы эксперымент і філасофскі аргумент, які прадставіў Джон Сёрл у 1980 годзе. Задума Сёрла была ў тым, каб аспрэчыць паняцце моцнага штучнага інтэлекту — ідэю, што машына можа не толькі імітаваць чалавечае пазнанне, але разумець і мець свядомасць.

У сцэнарыі эксперыменту чалавека (назавём яго «аператар»), які не валодае кітайскай мовай, закрываюць у пакоі. У пакоі ёсць набор кітайскіх сімвалаў і зборнік правілаў для маніпулявання гэтымі сімваламі. Зборнік правілаў распрацаваны для аператара, каб ён мог ствараць адпаведныя паслядоўнасці кітайскіх іерогліфаў у адказ на іншыя паслядоўнасці, якія перадаюць у пакой. Калі носьбіты кітайскай мовы за межамі пакоя перадаюць туды сімвалы, аператар выконвае інструкцыі ў кнізе правілаў, каб даваць адказы з даступных сімвалаў. Звонку здаецца, што ў пакоі разумеюць і размаўляюць па-кітайску, але аператар у пакоі зусім не разумее па-кітайску: ён проста выконвае правілы, якія яму далі.

Сёрл выкарыстаў эксперымент, каб паказаць, што камп’ютарныя праграмы не могуць сапраўды разумець мову або мець розум. Яго галоўная думка заключаецца ў тым, што машыны могуць мадэляваць разуменне, але не здольныя да семантычнага разумення — яны не ведаюць, што насамрэч азначаюць сімвалы.

Абвяргаць ідэю Сёрла спрабавалі, але ён знаходзіў свае контраргументы. Раскажам пра некаторыя з іх:

  • Чалавек у пакоі не разумее кітайскай мовы, а вось сістэма — пакой, чалавек, кніга правілаў і сімвалаў — разумее.
  • Іншыя прапаноўваюць варыянт са стварэннем робата з праграмай саманавучання і з датчыкамі для ўспрымання свету. Такі робат можа пазнаваць. Сёрл лічыць, што пры такіх узаемадзеяннях штучны інтэлект па-ранейшаму апрацоўвае ўваходныя і выходныя дадзеныя, не разумеючы пры гэтым іх сэнсу.
  • Яшчэ адно з рашэнняў — сімулятар мозгу. Згодна з гэтым меркаваннем, мадэляванне ўсёй працы чалавечага мозгу можа даць разуменне. Сёрл абвяргае тым, што мадэляванне мозгу або яго працэсаў не абавязкова паўтарае свядомыя станы розуму.

Праблема ваганеткі

Праблема ваганеткі — знакаміты этычны разумовы эксперымент. Першапачаткова яго сфармулявала Філіпа Фут у 1967 годзе. Праблема падымае глыбокія пытанні аб маралі, этыцы і наступствам дзеянняў супраць бяздзейнасці.

У разумовым эксперыменце ёсць шмат варыяцый, але асноўны сцэнарый выглядае так:

Ваганетка імчыць па каляіне ў напрамку пяці чалавек, якія прывязаныя да каляіны і не могуць рухацца. Вы стаіце каля рычага, якія кантралюе кірунак тралейбуса. Калі пацягнуць за рычаг, ваганетка пойдзе па іншай каляіне, дзе знаходзіцца адзін прывязаны чалавек. Этычная дылема заключаецца ў тым, ці пацягнуць за рычаг і прымусіць ваганетку забіць аднаго чалавека, выратаваўшы пяць іншых чалавек, або нічога не рабіць і дазволіць ваганетцы забіць пяць чалавек.

праблема ваганеткі
Ілюстрацыя створаная штучным інтэлектам.

Вырашэнняў таксама шмат. Згодна з утылітарным падыходам вы павінны пацягнуць за рычаг, таму што гэта павялічвае агульнае шчасце — выратаванне пяці жыццяў за кошт аднаго. Этыка цноты прапаноўвае сканцэнтравацца на характары і матывах асобы, якая прымае рашэнні, а не наступствам або правілах: што зрабіў бы мужны чалавек?

Некаторыя філосафы сцвярджаюць, што этычныя рашэнні ў рэальным жыцці занадта складаныя для такіх спрошчаных дылем і іх не вельмі лёгка вырашаць з дапамогай тэарэтычнага аналізу. Праблема ваганеткі працягвае заставацца магутным інструментам для навучання і абмеркавання этыкі.

Вярнуцца ўгару