Вы чытаеце:
Як марксізм і царызм уплывалі на беларускіх рабочых

Як марксізм і царызм уплывалі на беларускіх рабочых

дзень труда, дзень працы, рабочыя Беларусі

Сёння мы прывыклі, што звычайны працоўны дзень — гэта восем гадзін. Аднак больш за сто гадоў звычайны рабочы мог толькі марыць пра такі працоўны графік. Большасць працавала каля 12 гадзін на дзень і шэсць дзён у тыдзень. Вядома, рабочыя пачалі арганізоўваюць рухі, якія дапамаглі б зменшыць колькасць працоўных гадзін і палепшыць умовы працы.

Беларускія рабочыя — не выключэнне. Яны самі арганізоўвалі пратэсты і самі дамагаліся змяненняў, часам — нават без умяшання палітычных партый. PALATNO расказвае, з чаго пачынаўся рабочы рух у Беларусі

Новы клас — пралетарыят

XIX стагоддзе — гэта стагоддзя перамен, імклівай індустрыялізацыі і росту імперый. У гэту эпоху адбыўся скачок у навуцы і тэхналогіях: выкарыстанне паравой энергіі і чыгунак, якія зрабілі сапраўдную рэвалюцыю ў транспарце і сувязі. Для сучаснай Беларусі тое стагоддзе таксама было значным: канчатковае далучэнне да Расійскай імперыі, два паўстанні і адмена прыгонніцтва.

У 1861 годзе, калі адмянілі прыгоннае права, колькасць наёмных рабочых пачынае расці. Спачатку наёмнымі рабочымі былі рабочыя мануфактур, першых фабрык і заводаў, занятыя ў будаўніцтве і транспартнай сферы. Да адмены прыгонніцтва іх было крыху больш за 40 тысяч. Цяпер жа іх колькасць павялічваецца за кошт беларускіх сялян: ім было неабавязкова ісці ў горад за працай на прамысловасць, бо дваранскія прадпрыемствы, лесараспрацоўкі і чыгунка самі ішлі ў вёску. А ў беларускіх гарадах большасць рабочых заставалася выхадцамі з мяшчан — гэта ў значнай ступені адрознівалася ад таго, што адбывалася ў астатняй Расіі.

Нацыянальны склад рабочых змяняўся ад галіны прамысловасці, таго месца, дзе знаходзілася прадпрыемства, і нацыянальнасці жыхароў. У буйных гарадах было больш яўрэйскіх, польскіх і рускіх рабочых, а ў сельскай мясцовасці пераважалі беларусы (і яўрэйскія рабочыя там амаль не сустракаліся).

У пачатку XX стагоддзя ў прамысловасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі працавалі каля 237 тысяч рабочых.

А якое ў іх было становішча?

Становішча беларускіх рабочых залежала ад шматлікіх фактараў: тып прадпрыемства, галіна вытворчасці, месца размяшчэння прадпрыемства і асоба рабочага.

Чым больш буйное і тэхнічна дасканалае было прадпрыемства, тым лепшымі былі ўмовы працы і вышэй заробак. Такім, да прыкладу, была Добрушская папяровая фабрыка — там ужо ў 1894 годзе ўвялі 8-гадзінны працоўны дзень. На фабрыцы была бальніца, аптэка, а за кошт фабрыкі аказвалі медыцынскую дапамогу.

Лепшым месцам для працы лічылася і чыгунка. Чыгуначнікі атрымлівалі ў сярэднім большы, чым фабрычна-заводскія рабочыя, заробак. Рабочыя толькі казённых прадпрыемстваў, якой і была чыгунка, мелі права на пенсійнае забеспячэнне.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Гістфак #5. Гісторыя беларускай чыгункі. Частка першая

На малых прадпрыемствах і рамесных майстэрнях былі больш жорсткія ўмовы працы. Іх гаспадары лічылі, што толькі так можна выжыць у канкурэнтнай барацьбе. Там шырэй выкарыстоўвалі жаночую і дзіцячую працу, працоўны дзень быў больш працяглым з меншым заробкам.

дзень труда, дзень працы, рабочыя Беларусі
Ілюстрацыя створаная штучным інтэлектам.

А як рэгулявалі адносіны паміж рабочымі і працадаўцамі? Спачатку не існавала ніякіх заканадаўчых актаў. Першым з іх стаў закон ад 29 чэрвеня 1882 года: ён забараняў на фабрыках і заводах працу дзяцей, якія былі маладзейшымі за 12 гадоў, начную працу непаўналетніх і жанчын. За выкананнем гэтага закону назірала фабрычная інспекцыя. Аднак фабрычная інспекцыя магла кантраляваць толькі прадпрыемствы, на якіх працавалі не менш за трыццаць рабочых без адсутнасці механічнага рухавіка, або не менш чым шаснаццаць рабочых пры наяўнасці рухавіка.

У 1886 годзе выходзіць новы закон, які забараніў фабрыкантам прымаць на працу рабочых без пашпартоў. Гэты закон забараняў забастоўкі, рабочыя не мелі права патрабаваць скараціць працоўны дзень і павелічэння заробку. За парушэнне закону каралі, маглі нават пасадзіць у турму.

У 1897 годзе закон змянілі: для дарослых мужчын усталявалі максімальны працоўны дзень — 11,5 гадзін, замацоўваліся нядзельныя і святочныя адпачынкі.

А што з рабочых рухам? Ці былі пратэсты рабочых?

Як і ў іншых краінах, на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі рабочыя хваляванні. У другой палове XIX стагоддзя тут інтэнсіўна будавалі чыгунку, дзе працавалі сотні тысяч людзей. Гэта былі цяжкія ўмовы працы і побыту, дрэннае харчаванне і розныя злоўжыванні падрадчыкаў. З часам рабочыя пачыналі скардзіцца на ўмовы: часцей — падавалі калектыўныя скаргі і ўцякалі з месцаў працы. За дваццаць гадоў пасля адмены прыгонніцтва зафіксавана дзевяць хваляванняў рабочых.

Калі ад пачатку выступленні рабочых былі рэакцыяй на празмерную эксплуатацыю і свавольства працадаўцаў, то пазней яны пачалі змагацца за паляпшэнне свайго эканамічнага становішча.

У 1876 годзе 300 рабочых мінскіх майстэрняў Маскоўска-Брэсцкай чыгункі правялі першую стачку ў Беларусі: яны патрабавалі выдачы рэгулярнага заробку. У 1879 годзе беларускія рамесныя рабочыя правялі першы страйк: ён прайшоў у Гродне, а патрабаваннем было скарачэнне працоўнага дня. На працягу 1880-1890-х гадоў беларускія рабочыя сотнямі бастуюць супраць паніжэння заробкаў і пагаршэння ўмоў працы.

І тут з’яўляюцца марксісты…

Марксісты былі не першымі, хто праводзіў асветніцкую дзейнасць і прапагандаваў свае ідэі сярод сялян ці рабочых. Яшчэ раней тут былі народнікі: прадстаўнікі розных плыняў спрабавалі праз сялянства дасягнуць змены ўлады. Менавіта народнікі забілі  ў 1881 годзе імператара Аляксандра II у надзеі, што сялянства паўстане супраць царызма. Вядома, такога не адбылося.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: «Свабода патрабуе чалавечых ахвяр». Ігнат Грынявіцкі — забойца рускага імператара

Лідары народнікаў пераходзяць да марксізму, і ў 1880-я гады на беларускіх землях пачынаюць распаўсюджвацца ідэі марксізму. Праўда, узнікненне сацыял-дэмакратычных гурткоў у розных беларускіх гарадах практычна ніяк не паўплывала на свядомасць рабочых. Рабочыя працягваюць узмацняць сваю барацьбу, павялічваецца колькасць стачак — і ўсё гэта без уплыву марксістаў.

Справа ў тым, што марксісты працягваюць рабіць тое, што і іх папярэднікі з народніцтва: яны займаюцца кніжна-асветніцкай дзейнасцю і прапагандуюць у вузкіх гуртках. У выніку, яны разумеюць, што гэта не ўплывае на рабочых і не дапамагае ім узначаліць рабочы рух. Таму марксісты змяняюць сваю тактыку: яны імкнуцца да супрацы з прадстаўнікамі рабочага руху і прыстасоўваюцца да рэгіянальных асаблівасцей.

З часам з’яўляюцца асобныя сацыял-дэмакратычныя арганізацыі. Напрыканцы XIX стагоддзя ў Мінску ўжо працавалі дзясяткі нелегальных прафесійных саюзаў рабочых, што аб’ядноўвалі тысячы чалавек. Колькасць арганізаваных страйкаў таксама расце.

дзень труда, дзень працы, рабочыя Беларусі
Ілюстрацыя створаная штучным інтэлектам.

У той жа час пачынаюць утварацца палітычныя партыі. У 1896 годзе ўтварылася Літоўская сацыял-дэмакратыя і Рабочы саюз Літвы. Праз год утварыўся Бунд — усеагульны яўрэйскі рабочы саюз. У тым жа 1897 годзе стварылі Расійскую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю (РСДРП). Партыі маглі страчваць кіруючыя пазіцыі, але і хутка аднаўляліся. Напрыклад, РСДРП на рубяжы стагоддзяў не моцна ўплывала на жыцці рабочых.

Рабочыя ўсё часцей сутыкаліся з рэпрэсіямі царскіх улад і самавольствам паліцыі. Гэта хутка прывяло да антыўрадавых выступленняў рабочых — яны выходзілі на вуліцы з дэманстрацыямі і маніфестацыямі.

1 мая 1900 года віцебскія рабочыя правялі ўсеагульную забастоўку, мінскія рабочыя правялі дэманстрацыю, а ў Смаргоні ў антыўрадавую акцыю ператварылася пахаванне рабочага. За 1899-1900 гады ў Віцебску прайшлі тры палітычныя страйкі, дэманстрацыі ў тым жа Віцебску, Гродне, Мінску і Смаргоні. Большасць акцый была напаўстыхійнымі. Рабочыя масава пачынаюць хадзіць на масоўкі (тайныя сходкі): яны праводзіліся да 1 Мая, дня забойства нарадавольцамі Аляксандра II, дня адмены прыгонніцтва і іншых падзей. Так сацыял-дэмакраты ўбачылі, што могуць пашыраць палітычную агітацыю ў асяродку працоўных.

Палітыка царызму і марксізм значна ўплывалі на развіццё ўмоў і свядомасці беларускіх рабочых. У суровых рэаліях індустрыялізацыі адбываліся першыя арганізаваныя пратэсты: хаця першапачаткова намаганні марксістаў істотна не ўплывалі на рабочых, то пазней ідэалагічны ўплыў адыграў вырашальную ролю ў фарміраванні кірунку рабочага руху. Марксісты змаглі адаптавацца і супрацоўнічаць з рабочых рухах, што прывяло да арганізаваных і эфектыўных забастовак. На гэтым фоне строгія царскія парадкі і рэпрэсіўная палітыка ў адносінах да рабочых толькі падсілкоўвалі рашучасць у працоўных руху.

Вярнуцца ўгару