Now Reading
Пяць спосабаў лёгка і эфектыўна вучыць мову

Пяць спосабаў лёгка і эфектыўна вучыць мову

як вывучыць новую мову

Завучванне няправільных дзеясловаў дагэтуль сніцца вам у начных кашмарах? А перад тым, як узяцца за «дамашку» па граматыцы, вы настройваеце сябе паўдня? Калі гэта пра вас, а новую мову вучыць усё ж неяк трэба, спяшаемся нагадаць, што працэс можа быць ненавязлівым і простым.

PALATNO разам з календаром «Мова вольных вандруе па свеце» дае пяць парадаў ад дасведчаных выкладчыкаў, як зрабіць працэс навучання больш разнастайным, але не менш эфектыўным.

Знайдзіце сяброў па вучобе

Нават калі вы вывучаеце мову не ў групе, а самастойна, знайдзіце тых, хто таксама вучыцца. Гэта можа быць вашая сяброўка, якая ў Варшаве вучыць польскую, ці знаёмы, які спрабуе апанаваць нямецкую.

Стварыце сяброўскі чат, у якім вы будзеце дзяліцца ўсім, што накіпіць у працэсе вучобы. Няхай там знойдзецца месца і для ныцця («капец, ну палякі і перамудрылі з будучым часам!»), і для цікавых адкрыццяў («а вы ведалі, што ў фінскай мове няма раздзялення на мужчынскі род і жаночы?»), і для тэматычных мемаў і відэа.

Можна прыдумаць і рэгулярныя рубрыкі: «Cамае смешнае слова месяца» ці «Мая самая частая памылка тыдня».

як вывучыць новую мову
Фота: Мова Вольных

Хай гэты чат будзе вашай падтрымкай падчас авалодвання новай мовай. У ім вы напішаце тое, што не заўсёды зможаце сказаць выкладчыку ці аднагрупнікам.

Кідайце сабе штодзённыя выклікі

Старайцеся не завучваць словы бяздумна. Будуйце з імі простыя сказы і адразу ўпісвайце ў жыццё і канкрэтныя сітуацыі.

Напрыклад, пры дапамозе календара «Мова вольных вандруе па свеце» знаёмцеся са словам дня і кідайце сабе выклік.

Калі слова дня — «натхненне», цягам дня выкарыстайце яго мінімум тры разы. Так, давядзецца сказаць прадаўцу ў краме штосьці накшталт «у мяне сёння натхненне на паўкіло цвёрдага сыру», але ў гэтым і сэнс!

Калі саромеецеся гаварыць, запішыце пяць сказаў з гэтым словам і самым шалёным з іх падзяліцеся з сябрамі ў чаце. Калі і гэта складана — хай выклік заключаецца ў тым, каб запісаць новае слова ў нататніку трыма рознымі почыркамі.

Дазвольце календару «Мова вольных вандруе па свеце» быць вашым правадыром у свет новай мовы. Слоўнік у выглядзе адрыўнога календара можна павесіць на сцяну або паставіць на стол. У наборы ёсць зручная скрынка, у якой можна захоўваць адарваныя аркушы. На кожным аркушыку календара на 2024 год будзе тры словы: па-беларуску, па-англійску і на адной з наступных моў — украінскай, польскай, грузінскай, літоўскай, нямецкай і іншых.

Каляндар можна заказаць у Беларусь і любыя іншыя краіны. Гэта выдатны падарунак блізкім, сябрам або самому сабе — усім, каго цікавіць самаразвіццё і крэатыў з беларускай душой.

Складзіце чэк-ліст дробных дасягненняў

Падумайце, якія дробныя перамогі чакаюць вас на шляху да запаведнага сертыфіката В2 і запішыце іх у выглядзе чэк-ліста. Пункты могуць быць самыя розныя:

Падтрымаць смол-ток з касірам у краме;

Запытацца на вуліцы, як прайсці ў бібліятэку;

Зрабіць замову ў рэстарацыі, не тыкаючы пальцам у меню, а выразна прагаворваючы кожнае слова;

Напісаць падзяку ці каментарый у сацсетках сэрвісу, які спадабаўся;

Купіць білет у аўтамаце ці на сайце, не пераходзячы на руска- ці англамоўны інтэрфейс.

Святкуйце кожную «птушачку» ў сваім чэк-лісце і памятайце, што з такіх дробных дасягненняў складаецца вялікая перамога ў выглядзе засвоенай мовы.

Карыстайцеся двайнымі субцітрамі

Кожны выкладчык скажа вам, што для вывучэння мовы варта глядзець фільмы ў арыгінале або з субцітрамі на той мове, якую вучыш.

На самым пачатку гэта не так проста, як падаецца. Калі і гук, і субцітры будуць у арыгінале, можна нічога не зразумець. Калі гук пакінуць у арыгінале, а субцітры ўключыць на роднай мове — ёсць вялікая спакуса перастаць услухоўвацца і сканцэнтравацца на субцітрах.

Устанавіце праграму, якая дазваляе ўключаць субцітры адначасова на дзвюх мовах. Так, спачатку будзе нязвыкла і складана ўлавіць адразу два радкі. Але дайце мозгу час настроіцца на такую працу. Паступова ў вас абудзіцца пэўны азарт — заўважыўшы перад сабой адну і тую фразу на дзвюх мовах, вы будзеце ацэньваць пераклад: «о, ну хто ж так перакладае!» ці «я б тут зусім іначай сказаў/сказала!».

Не лянуйцеся пісаць ад рукі

Запытайцеся ў любога выкладчыка, якія паводзіны студэнта на занятках яго выбешваюць болей за ўсё. Гэта калі ён спісаў усю дошку, кожны канчатак пазначыў іншым колерам, намаляваў стрэлачкі і малюначкі, а ў выніку чуе: «Адыдзіце, калі ласка, я хачу сфоткаць».

Тое ж тычыцца і працы анлайн: скрыншоціць нататкі выкладчыка — вядома, гэта лепш, чым не рабіць нічога. Але болей эфекту будзе, калі ад рукі занатаваць усе канчаткі, стрэлкі і малюначкі. Яшчэ лепш — запісаць інфармацыю так, як зручна менавіта вам, перарабіць таблічкі і схемы пад сябе.

Вы можаце запярэчыць: «На дварэ ХХІ стагоддзе, яшчэ скажыце пяром пісаць!». Але шматлікія даследаванні даказваюць, што падчас пісьма ў нас уключаюцца мышачная і візуальная памяць, і ў выніку запісаная ад рукі інфармацыя хутчэй засвойваецца.

Калі гэта для вас слабы аргумент, то памятайце таксама, што пісьмо ад рукі развівае дробную маторыку, а гэта прафілактыка хваробы Альцгеймера і дэменцыі. Так што, вывучаючы новую мову і занатоўваючы ад рукі, вы не толькі павышаеце якасць свайго жыцця тут і цяпер, але і працуеце на будучыню.

Вярнуцца ўгару