
Езуіты амаль 200 гадоў займаліся адукацыяй на беларускіх землях, хоць адукацыя не была іх галоўнай задачай. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай і вайны 1812 года езуіты апынуліся пад асаблівай увагай царскіх улад. Ім забаранілі наведваць некаторыя гарады, а пасля ўвогуле зачынілі Полацкую акадэмію (якая да гэтага была калегіумам) і выслалі езуітаў з тэрыторыі Расійскай імперыі.
PALATNO расказвае, як рускія ўлады пазбавіліся ад Полацкага калегіума езуітаў.
Змест
Коратка пра езуітаў і Полацк
Езуіцкі ордэн быў заснаваны ў 1540 годзе. Езуіты зрабілі стаўку на адукацыю і з часам іх навучальныя ўстановы дасягнулі высокага ўзроўню. Гэта дазволіла ордэну стаць адным з найбуйнейшых землеўладальнікаў Еўропы, а гэта, у сваю чаргу, выклікала напружанне ў многіх еўрапейскіх краінах, якія захацелі прысвоіць гэту зямлю. Так праз амаль дзвесце гадоў пасля заснавання ордэну ён трапіў пад забарону ў многіх краінах Еўропы і нават забарону ад папы рымскага Клімента XIV.
Езуіты пачалі прыязджаць у Беларусь напрыканцы XVI стагоддзя. Першыя навучальныя ўстановы з’явіліся ў Полацку (1581) і Нясвіжы (1584). Ад таго часу яны пачалі ствараць і развіваць шырокую сетку сваіх навучальных устаноў.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Марыя дэ Кастэлян Радзівіл — княгіня-рэфарматар, якая вярнула славу Нясвіжскаму замку
Езуіцкі калегіум у Полацку заснаваў Пётр Скарга. За некалькі стагоддзяў калегіум стаў магутнай навучальнай установай на беларускіх землях, ва ўстанове знаходзілася буйная бібліятэка.

Езуіты пад ударам у Еўропе, а ў Расіі ім дазваляюць працаваць
У сярэдзіне XVIII стагоддзя езуіцкі ордэн знаходзіўся ў складаным становішчы. У гэты час яго дзейнасць забаранялася ў Партугаліі, Францыі, Іспаніі. Цікава, што папа рымскі Клімент XIII збіраўся забараніць ордэн, але не паспеў гэта зрабіць: за суткі да абвяшчэння забароны ён памёр. Наступны папа рымскі забараніў дзейнасць ордэна ў 1773 годзе. У 1779 годзе дзейнасць езуітаў забаранялася ў Прусіі — адной з краін, якая падзяліла Рэч Паспалітую.
У Расіі езуіцкі ордэн быў забаронены яшчэ раней. Пётр I зрабіў гэта ў 1719 годзе, і пасля гэтага езуіты высылаліся з Расіі. Пры Кацярыне II, калі частка беларускіх зямель увайшла ў склад Расійскай імперыі, езуіты падтрымалі імператрыцу. У гонар яе праводзіліся набажэнствы, а сама імператрыцы ставілася ад езуітаў з падазрэннем, але адзначала высокі ўзровень адукацыі ў езуіцкіх установах.
На той час Полацк становіцца цэнтрам для езуітаў усяго свету, бо ў большасці краін яны знаходзіліся пад забаронай. Напрыканцы XVIII стагоддзя езуіты з Полацка пачынаюць пашыраць уплыў на тэрыторыі Расійскай імперыі. Яны ствараюць навучальныя ўстановы ў Астрахані, Адэсе, Рызе, а ў іншых гарадах імперыі пачынаюць працаваць аддзяленні таварыства езуітаў. Менавіта ў той час езуіты зрабілі спробу перанесці цэнтр уплыву з Полацка ў Пецярбург.
Аднак з Пецярбургам не атрымалася. У 1803 годзе там адкрыўся езуіцкі калегіум, рэктарам прызначылі былога прафесара Полацкага калегіума. Усяго праз некалькі гадоў, у 1805-м, калегіум цалкам згарэў разам з яго рэктарам.
Так езуіты вярнуліся да ідэі стварэння ў Полацку вышэйшай навучальнай установы. Тады ў Полацку жылі і працавалі дзясяткі прафесараў. Полацкая акадэмія з’явілася гады пасля пры Аляксандры I у 1821-м. Цікава, што ўрачыстасці з нагоды адкрыцця акадэміі адбыліся менавіта ў той дзень, калі французскі пасол уручыў ноту расійскаму боку аб аб’яўленні вайны.
Праз некалькі гадоў пасля вайны 1812 года папа рыскі Пій VII выдаў булу, у якой пацвярджалася аднаўленне дзейнасці ордэна езуітаў. Гэта значыла, што ордэнам кіраваў цяпер не царскі ўрад з Санкт-Пецярбурга, а папскі з Ватыкана. Гэта адбылося ў 1814 годзе, ужо праз шэсць гадоў Полацкая акадэмія скончыць сваё існаванне.

Крызіс пачаўся пасля вайны з Напалеонам
У 1815 годзе езуітаў абвінавацілі ў росце даўгоў. Пасля ім забаранілі наведваць Маскву і Санкт-Пецярбург, а хто ўжо быў там адправілі ў Полацк. У той жа час у Пецярбургу закрылі навучальныя ўстанову езуітаў. У той жа час пачалі адзін за адным змяняцца рэктары акадэміі.
Агулам у Полацкай акадэміі навучалася каля 800 чалавек. У акадэміі было тры факультэты: філасофскі, тэалагічны, моў і літаратур. У 1815 годзе засталося толькі два факультэты — тэалагічны і факультэт філасофіі і моў. Вучыліся 4-5 гадоў, у канцы кожнага года здаваўся іспыт. Навучальны год доўжыўся ад верасня да ліпеня.
У 1817 годзе кіраўнікоў езуіцкіх навучальных устаноў, якія падпарадкоўваліся Полацкай акадэміі (рэктара акадэміі таксама) абвінавацілі ў тым, што выкладчыкі падчас урокаў спрабуюць пераканаць юнакоў пераходзіць у каталіцтва. Адразу пасля абвінавачвання выходзіць указ Аляксандра I, па якім у акадэміі забаранялася навучацца дзецям іншых веравызнанняў акрамя каталіцкага.
13 сакавіка 1820 года Аляксандр I падпісаў указ аб высылцы езуітаў з Расіі, закрываліся Полацкая акадэмія і іншыя навучальныя ўстановы, што былі падначаленыя езуітам.
Пасля ў будынку акадэміі працавала піярскае вучылішча, затым — кадэцкі корпус. У савецкі час частка былога езуіцкага калегіума і касцёл на тэрыторыі быў узарваны. Пасля там збудавалі шматпавярхоўку. У сучаснай Беларусі комплекс былога калегіума быў перададзены Полацкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, пасля рэканструкцыі там пачаліся заняткі ў студэнтаў.