Грошы і беларусы: якія прыказкі ёсць пра іх?

прыказкі пра грошы, беларускія прыказкі, прыказкі беларусаў, народныя прыказкі

PALATNO расказвае пра грошы і тое, што пра іх думалі нашы продкі.

Веру Яўменю, а грошы кладзі ў кішэню

Кажуць пры грашовых разліках, калі не вераць чыім-небудзь абяцанням і патрабуюць плаціць неадкладна.

«[Бусыга:] Мы табе ўсё спаўна заплацім, калі зробіш справу. [Саўка:] Не, кладзі на бочку! [Бусыга:] Што ты, Саўка, мне не верыш? [Саўка:] Веру Яўменю, а грошы кладзі ў кішэню». (Якуб Колас, «У пушчах Палесся»)

Грошы — вада

Кажуць пра грошы, калі яны хутка расходуюцца.

«— Бачу, ты дастукаўся да свайго даўжніка? — спытаў я. — Ага, сустрэліся — і ён якраз пры грашах. Кажа: колькі разоў адкладваў — столькі і распускаў. Грошы — вада». (А. Кудравец, «Смерць нацыяналіста»)

Грошы не пахнуць

Для кагосьці не мае значэння, якім шляхам атрыманыя, здабытыя грошы. Гаворыцца пра каго-небудзь з неадабрэннем.

«Гэтыя за зарплату падстаўляць лоб пад кулю не надта адважацца, дый няма ніякіх гарантый, што некага з іх рэкет не купіць. Грошы, як ты кажаш, не пахнуць». (І. Канановіч, «Чорныя цені»)

Дзе грошы гавораць, там праўда маўчыць

Грошы могуць прымусіць чалавека адступіцца ад праўды, дзейнічаць несумленна, несправядліва.

«[Русалка:] Вучыся нікога не шкадаваць. [Томначка:] Я з праўдай і любоўю жыву. [Пачварнік:] Дзе грошы гавораць, там праўда маўчыць. Я бяру цябе да сябе ў краму. Будзеш гандляваць кока-колай, гарэлкай, спіртам…» (Г. Марчук, «Чужое багацце»)

Дзяцей радзіць — не грошы лічыць

Нарадзіць дзяцей — цяжкая, балючая, не вельмі прыемная справа.

«Чаго ты плюскаеш на мяне вачыма, бы сына нарадзіўшы? Пакажы мне, дзе ён? Не маеш яго, ага. А я гаварыў табе: трэба нам хлопца!.. Баялася ты болю, скажу, во, табе ў вочы! Вядомая справа: дзяцей радзіць — не грошы лічыць». (С. Яновіч, «Сцяна»)

прыказкі пра грошы, беларускія прыказкі, прыказкі беларусаў, народныя прыказкі

Еш селядца з галавою, за ўсё грошы плачаны

Гаворыцца іранічна як рэакцыя на чые-небудзь прымусовыя дзеянні рабіць штосьці насуперак свайму жаданню.

«Праўда, вытрымліваць такія цырымоніі, ды яшчэ два разы на дзень, цяжкавата. Рабіў спробу выкруціцца — дарэмна! Хоць плач, а мыйся. Еш селядца з галавою, за ўсё грошы плачаны — здзекуецца кплівая прыказка» (М. Лужанін, «Рэпартаж з рубцом на сэрцы»)

За пастой грошы не плацяць

Кажуць пры запрашэнні сесці.

«— Сядай, мой мілы, мой харошы, бо за «пастой» не плацяць грошы, — сказаў сярмяжнік дабрадушны…» (Якуб Колас, «Новая зямля»)

І мой грош таксама не шчарбаты

Гаворыцца тады, калі хто-небудзь, жадаючы ўдзельнічаць у агульнай справе, уносіць у яе свае грошы.

«— Ну, хлопцы, вы мяне проста ўзрушылі, я проста не чакаў, прызнаюся, — усхвалявана загаварыў Кірыенка. — Калі ўжо так, то дазвольце і я вазьму [гарэлкі] тры па сто, мой грош таксама не шчарбаты». (Н. Гілевіч, «Што ты шукаеш, Сцяпан?»)

Каб не ежка ды адзежка, была б грошай поўна дзежка

Пра вялікія выдаткі на харчаванне і адзенне.

«Кажуць, каб не ежка ды адзежка, была б грошай поўна дзежка. За абновамі ў нашай вёсцы не ганяюцца. У кожнага мужчыны ёсць выхадны касцюм, чыстыя кашулі, чаравікі, галіфэ, хромавыя боты». (В. Шырко, «Хай людзі бачаць»)

Калі ёсць у мяшку, то будзе і ў гаршку

Калі ў гаспадарцы ёсць грошы ці запасы прадуктаў харчавання, то будзе за што ці з чаго згатаваць ежу.

«Саша вучыўся слухаць на родную мудрасць, бо калі ёсць у мяшку, то будзе і ў гаршку». («Настаўніцкая газета», 2000, 10 чэрвеня).

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Чаму пандэміі, тэхналогіі і грошы растуць хутчэй, чым мы гэта ўяўляем

 

Ці былі грошы ў Беларускай Народнай Рэспублікі

 

Усе баяцца рэцэсіі. А што гэта такое?


Лепш біць свае вошы, чым лічыць чужыя грошы

Гаворыцца, калі чалавека, які мае справу з чужой, дзяржаўнай маёмасцю, грашамі, напаткала непрыемнасць (растрата, напад і падобнае).

«Нашто табе гэты камітэт, нашто табе вазекацца з чужымі грашамі! Праўду людзі кажуць — не падзівіце: лепш біць свае вошы, чымся лічыць чужыя грошы!.. Во ён павёз здаваць грамадзянскія грошы, а нейкія зладзеі падсцераглі, грошы забралі, а самога крыху зусім не забілі». (А. Мрый, «Працоўны дзень савецкага лекара»)

Вып’ем на грош, а п’яныя на цэлы злоты

Пра паводзіны п’янаватага чалавека.

«Хадзем сюды, Усяслаў… У нас ж так: вып’ем на грош, а п’яныя на цэлы злоты…» (У. Карпаў, «Нямігі крывавыя берагі»)

У пустым шынку без грошай не вельмі разгуляешся

Пры безграшоўі нічога не зробіш, нічога не даб’ешся.

«Бачаць [за граніцай] — паскакалі, пагулялі таварышы ды назад. У пустым шынку без грошай не вельмі разгуляешся, як гаворыць народ. Заводы і фабрыкі забралі, а пусціць не могуць: і казна пуста, і спецыялістаў няма. Вось і прыходзіцца кланяцца той жа заграніцы, каб памагла». (Кандрат Крапіва, «Мядзведзічы»)

Усякі (кожны) гад чужому грошу рад

Кажуць з асуджэннем пра таго, хто сквапны на чужое.

«Людзі сквапны на чужое: усякі гад чужому грошу рад». (Кандрат Крапіва, «Беларускія прыказкі»)

Вярнуцца ўгару