Пра што былі «Сакрэтныя матэрыялы» і ці знайшоў у канцы Малдэр іншапланецян?

фокс малдэр, дана скалі, сакрэтныя матэрыялы, пра што быў серыял сакрэтныя матэрыялы

На памежжы штодзённай рэальнасці і невядомага хаваюцца таямніцы, якія могуць змяніць успрыманне свету. Небяспечныя змовы, іншыя формы жыцця, якія назіраюць за намі, і феномены, што кідаюць выклік навуцы — усё гэта сплятаецца ў захапляльны сусвет «Сакрэтных матэрыялаў». У ім агенты Фокс Малдэр і Дана Скалі спрабуюць разгадаць загадкі, якія ўлады імкнуцца схаваць. Ці можна давяраць таму, што мы бачым? І ці заўсёды ісціна — гэта тое, што мы хочам ведаць?

PALATNO шукае ісціну, якая абавязкова павінна быць недзе побач.

Пра што былі «Сакрэтныя матэрыялы»?

У 1993 годзе на амерыканскім тэлебачанні пачаў выходзіць легендарны і культавы серыял «Сакрэтныя матэрыялы». Ён спалучаў элементы навуковай фантастыкі, містыкі, трылера і дэтэктыву. Асноўная тэма — пошук ісціны, змоў ураду і загадкавых феноменаў. А застаўку серыялу, вядома, ведаюць усе.

Амаль усе справы, якія расследуюць галоўныя героі — Фокс Малдэр і Дана Скалі, звязаныя з паранармальнымі з’явамі. Гэтыя справы называюцца «Сакрэтнымі матэрыяламі», адсюль і назва самога серыялу. Малдэр — фанат паранармальнага і верыць у іншапланецян, а Скалі — скептык і навуковец.

Серыял складаецца з дзвюх сюжэтных ліній: глабальнай міфалогіі і «монстраў тыдня». Баланс паміж складанай галоўнай сюжэтнай лініі і захапляльнымі гісторыямі-«монстрамі тыдня» зрабіў серыял такім папулярным.

Так-так, а што за галоўная сюжэтная лінія?

Гэта асноўны аповед пра змовы ва ўрадах і іншапланетнае ўмяшанне ў жыццё Зямлі. Згодна з сюжэтам, лічыцца, што ўрады розных краін супрацоўнічаюць з іншапланецянамі, каб схаваць іх існаванне. У серыяле расказваецца пра план каланізацыі Зямлі іншапланецянамі, эксперыменты над людзьмі для стварэння гібрыдаў іншапланецян і людзей.

На працягу серыяла Малдэр і Скалі супрацьстаяць Курцу — галоўнаму антаганісту серыяла і сімвалу змовы. Курэц маніпуліруе героямі і кантралюе ключавую інфармацыю.

ХТО ТАКІ КУРЭЦ?
Гэта адзін з самых знакавых і загадкавых персанажаў серыяла. Яго сапраўднае імя — Сі Джэй Бі Спэндер. У кадры ён заўсёды курыць папіросы, што стала яго адметнасцю. Ён выступае як лідар групы высокапастаўленых чыноўнікаў, якія працуюць у змове з іншапланецянамі, каб ажыццявіць план каланізацыі Зямлі. У пазнейшых эпізодах высветляецца, што Курэц можа быць біялагічным бацькам Фокса Малдэра, а таксама ён мае дачыненне да выкрадання Саманты Малдэр. Курэц апраўдвае свае дзеянні тым, што ён працуе для таго, каб пазбегнуць гвалтоўнай іншапланетнай каланізацыі Зямлі (аднак гэта хлусня).

А што з «монстрамі тыдня»?

У незалежных ад асноўнай сюжэтнай лініі эпізодах Малдэр і Скалі расследуюць паранармальныя з’явы, мутантаў і монстраў. Эпізоды разнастайваюць серыял і прапаноўваюць новыя, часта жахлівыя і незвычайныя гісторыі. Вось некалькі самых вядомых «монстраў тыдня»:

  • Юджын Тумс (эпізоды Squeeze і Tooms). Тумс з’яўляецца мутантам, які здольны расцягваць сваё цела, каб пранікаць у вузкія прасторы. Ён выжывае, бо спажывае чалавечыя органы (асабліва пячонку), а потым пагружаецца ў анабіёз на некалькі дзесяцігоддзяў.
  • Сям’я Пікок (эпізод Home). Гэты эпізод расказвае гісторыю пра інцэстуальную сям’ю, якая хаваецца ў доме ля маленькага амерыканскага горада. Серыя з’яўляецца адной з самых супярэчлівых і страшных у серыяле, якую часам называюць найлепшым эпізодам «Сакрэтных матэрыялаў».
  • Чалавек, які бачыць смерць (эпізод Clyde Bruckman’s Final Repose). У гэтай серыі нам расказваюць пра жыццё чалавека, які можа прадказваць смерці, але бачыць выключна саму смерць. Гэта адзін з самых эмацыянальных эпізодаў, які атрымаў шмат узнагарод.

Малдэр і Скалі — хто яны?

фокс малдэр, дана скалі, сакрэтныя матэрыялы, пра што быў серыял сакрэтныя матэрыялы
Фокс Малдэр і Дана Скалі.

Галоўнай траўмай у жыцці Фокса Малдэра стала знікненне яго сястры Саманты, калі яму было 12 гадоў. Малдэр верыць, што яе выкралі іншапланецяне, і гэта становіцца яго галоўнай матывацыяй для цікавасці да паранармальнага. Бацькі Фокса звязаныя з амерыканскім урадам, гэта, у сваю чаргу, накладае адбітак на жыццё Малдэра. Фокс — інтэлектуал і ідэаліст, не баіцца рызыкаваць і часта дзейнічае з-за сваіх інтуітыўных перакананняў.

Фокс Малдэр прыходзіць у ФБР як крымінальны псіхолаг. Першапачаткова ён займаецца складаннем профіляў серыйных забойцаў і злачынцаў. У нейкі момант яму трапіліся «Сакрэтныя матэрыялы» — нераскрытыя справы, звязаныя з паранармальнымі з’явамі. Малдэра часта не ўспрымаюць сур’ёзна з-за яго цікавасці да тэорый змовы і ўсяго паранармальнага, аднак яго лічаць таленавітым супрацоўнікам Бюро.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Як Галівуд бачыць вампіраў: восем культавых фільмаў

 

«Службовы раман», «Каўказская нявольніца», «Масква слязам не верыць». Савецкія фільмы, якія цяпер дзіўна глядзець

 

Беларускі крымінальны падкаст: серыйныя маньякі, махляры і таямнічыя забойствы


Дана Скалі прыходзіць у ФБР пасля атрымання медыцынскай адукацыі, там яе прызначаюць у аддзел да Фокса Малдэра, каб кантраляваць эксцэнтрычнага спецыяльнага агента. У адным з сезонаў Скалі нібыта выкрадаюць іншапланецяне. На працягу серыялу Дана сутыкаецца з траўматычнымі падзеямі, звязанымі з яе мацярынствам: дачка Эмілі з’яўляецца генетычным эксперыментам, а сын Уільям таксама звязаны з канспіралогіяй. У Скалі рацыянальны падыход і скептычнае стаўленне да перакананняў Малдэра, хоць з часам яна становіцца больш адкрытай да незразумелых з’яваў.

Малдэр успрымае Дану Скалі як рацыянальную супрацьвагу ўласным перакананням. З часам паміж імі ўзнікае не толькі працоўная, але глыбокая эмацыянальная сувязь.

Ці знайшоў Малдэр іншапланецян у канцы серыяла?

фокс малдэр, дана скалі, сакрэтныя матэрыялы, пра што быў серыял сакрэтныя матэрыялы, іншапланецяне ў сакрэтных матэрыялах
Іншапланецяне ў «Сакрэтных матэрыялах».

Малдэр не знайшоў відавочнага і адназначнага пацвярджэння існавання іншапланецян, хоць серыялу ўласцівыя розныя намёкі на тое, што яны існуюць.

У асноўнай лініі «Сакрэтных матэрыялаў» галоўнай тэмай з’яўляецца супраца ўрадаў з іншапланецянамі і наступная каланізацыя імі Зямлі. Малдэр і Скалі неаднаразова сутыкаюцца з істотамі, якія могуць быць іншапланецянамі, але канчатковы доказ іх існавання заўсёды застаецца недасягальным: ці то з-за ўмяшання ўрадавых агентаў, ці з-за знішчэння доказаў.

У фінальным эпізодзе асноўнага серыялу (2002 год) Малдэр і Скалі сутыкаюцца з чарговай змовай. Малдэр упэўнены, што дата іншапланетнага захопу Зямлі — 22 снежня 2012 года. Гэта інфармацыя стала ключавым адкрыццём, аднак серыял не паказаў рэальнага нападу іншапланецян і пакінуў гледачам гэта пытанне.

У 2016 годзе выйшаў працяг серыялу, але адказ на галоўнае пытанне аб існаванні іншапланецян таксама застаўся няпэўным.

Таму Малдэр так і не атрымлівае неаспрэчнага пацвярджэння існавання іншапланецян. Серыял застаецца верным свайму слогану — «Ісціна недзе побач» (The Truth is Out There), і прапаноўвае гледачам самім вырашыць, ці існуюць іншапланецяне і ці можна верыць у тое, што мы бачым.

Вярнуцца ўгару