«Службовы раман», «Каўказская нявольніца», «Масква слязам не верыць». Савецкія фільмы, якія цяпер дзіўна глядзець

савецкія фільмы, службовы раман, савецкі кінематограф

Савецкае кіно, вядома, з’яўляецца культурнай спадчынай, але многія фільмы сёння выклікаюць змешаныя пачуцці з-за састарэлых сацыяльных нормаў.

PALATNO расказвае пра тры савецкія фільмы, якія дзіўна глядзяцца ў сучаснасці.

«Каўказская нявольніца, ці Новыя прыгоды Шурыка»

каўказская нявольніца, савецкі кінематограф, савецкія фільмы
Кадр з фільма «Каўказская нявольніца».

Год: 1967

Рэжысёр: Леанід Гайдай

Гэты фільм называюць класікай савецкай камедыі. Хоць у свой час Леанід Гайдай стварыў камедыйны шэдэўр, аднак сёння гэты фільм не толькі састарэлы, але і выклікае мноства пытанняў. Асабліва гэта тычыцца ўспрымання гендарных роляў, гумару на мяжы абразы і рамантызацыі таксічных адносін.

Галоўны сюжэт круціцца вакол выкрадання Ніны (Наталля Варлей), каб прымусіць яе да шлюбу з багатым кіраўніком гаспадаркі. У цэлым гледачу гэта падаецца як лёгкая камедыя, у якой гвалт (хоць і ўмоўны) над дзяўчынай трактуецца як нешта нязначнае. Гісторыя заснаваная на стэрэатыпе, паводле якога жанчына можа быць выкрадзеная для шлюбу. Гэта падаецца як частка «каларытных традыцый» Каўказа. Тое, што гераіня мусіць прыстасоўвацца да звычаяў і не можа адкрыта пратэставаць, успрымаецца як нармальная сацыяльная з’ява. А зусім дзіўны пасыл палягае ў тым, што гераіня сябруе з героямі, якія ўдзельнічалі ў яе выкраданні.

Увесь вобраз Ніны падаецца праз прызму яе прыгажосці і прывабнасці. Яе персанаж пазбаўлены самастойнасці, яе характар зводзіцца да знешнасці і адносін з мужчынамі. Мужчыны пастаянна абмяркоўваюць і ацэньваюць яе выгляд, што стварае ўражанне, нібы жанчына — толькі дэкаратыўны элемент у фільме.

Галоўны герой Шурык, які павінен выратаваць Ніну, таксама паводзіць сябе даволі дзіўна для сучаснага гледача. Спачатку ён пасіўна ўдзельнічае ў выкраданні, бо яго падманваюць, але ён не заўважае відавочнай праблемы.  Яго «геройская роля» становіцца магчымай толькі таму, што Наталля аказалася безабароннай і залежнай.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Ці праўда, што першы беларускі фільм быў пра прастытуцыю?

 

Мультфільмы, праграмы і дзіцячыя шоу па-беларуску на YouTube

 

Сем фільмаў пра замкнёную прастору (клаўстрафобія, прывет!)


«Службовы раман»

фільм службовы раман, савецкія фільмы, савецкі кінематограф
Кадр з фільма «Службовы раман».

Год: 1977 год

Рэжысёр: Эльдар Разанаў

Культавы фільм Эльдара Разанава, які многія любяць за добрую камедыю і рамантычны настрой, у сучаснасці выглядае не так проста.

Галоўная гераіня, Людміла Калугіна (Аліса Фрэйндліх), успрымалася навакольнымі як «нежаноцкая» з-за таго, што будуе кар’еру, а не асабістае жыццё. Мужчыны ў калектыве адкрыта высмейваюць яе знешнасць і называюць «мымрай»: дарэчы, гэта абраза не выклікае асуджэнне, а падаецца як гумар. Адносіны ў калектыве сапраўды таксічныя: жанчыны толькі і займаюцца плёткамі, а мужчыны абмяркоўваюць і каментуюць знешнасць калег.

Людміла перажывае трансфармацыю ў знешнасці і паводзінах толькі для таго, каб стаць больш прывабнай для Анатолія Навасельцава (Андрэй Мягкоў). То бок, фільм нібыта кажа нам, што жанчына павінна адпавядаць пэўным стандартам прыгажосці, каб быць шчаслівай у асабістым жыцці.

Пачатак рамантычных адносін паміж Калугінай і Навасельцавым адбываецца толькі праз непрафесійныя і нават фамільярныя паводзіны. Напрыклад, Навасельцаў спецыяльна фліртуе з Калугінай, каб атрымаць павышэнне.

«Масква слязам не верыць»

савецкі кінематограф, фільм масква слязам не верыць
Кадр з фільма «Масква слязам не верыць».

Год: 1979

Рэжысёр: Уладзімір Мяньшоў

У 1981 годзе фільм Мяньшова атрымаў «Оскар» за лепшы замежны фільм, на сёння ён з’яўляецца адным з самых знакамітых савецкіх кінатвораў. Аднак у сучаснасці гэтае кіно можа выклікаць змешаныя пачуцці, асабліва з-за адлюстравання гендарных роляў, патрыярхальных каштоўнасцяў і састарэлых сацыяльных норм.

Адна з галоўных гераінь, Кацярына (Вера Алентава), дасягае ўласных прафесійных вяршынь, але ў канцы фільма знаходзіць шчасце толькі ў адносінах з мужчынам. На працягу ўсяго фільма асабістае жыццё Кацярыны паказваецца як недасканалае, бо з-за адсутнасці мужчыны яна не можа «запоўніць пустэчу», хоць у кар’еры яна самастойна дасягае вялікага поспеху.

Тэматыка «сапраўднага мужчыны» і «сапраўднай жанчыны» падаецца праз вельмі патрыярхальны ракурс. Герой Аляксея Баталава, Гоша, які становіцца абранцам Кацярыны, уяўляе сабой нібы ідэал мужчыны: упэўнены, моцны, дамінант. Ён бярэ на сябе ролю кіраўніка ў адносінах, нават не пытаецца, ці патрэбна гэта самой Кацярыне. У сцэне, калі Гоша без дазволу застаецца ў яе доме і бярэ на сябе «мужчынскія абавязкі», гэта выглядае, як умяшанне ў асабістую прастору.

Вобраз жанчын паказваецца дваіста: з аднаго боку, фільм паказвае самастойнасць і сілу жанчын (Кацярына сама выхоўвае дачку, будуе паспяховую кар’еру); а з іншага боку, незалежнасць пастаянна ставіцца па сумнеў (іншыя персанажаы — напрыклад, яе сяброўкі, — намякаюць, што без сям’і і мужчыны яе жыццё няпоўнае).

Падзеі фільма фактычна рэкламуюць каштоўнасці, паводле якіх жанчына павінна быць падпарадкаваная мужчыне, а галоўная ідэя — сям’я важней за кар’еру. У кульмінацыйным моманце Гоша фактычна дыктуе ўмовы, як павінны выглядаць іх адносіны з Кацярынай. А гераіне прыходзіцца прыстасоўвацца, нягледзячы на тое, што яна дасягнула многага ў жыцці і без дапамогі Гошы. Фінальная сцэна яшчэ намякае на тое, што кар’ерны поспех Кацярыны — толькі другасны складнік жыцця, бо найперш стаіць сям’я.

Сяброўкі Кацярыны, Людміла і Антаніна, прадстаўляюць розныя тыпы жанчын, але ў цэлым іх вобразы пабудаваныя на традыцыйных ролях. Людміла бачыць мужчыну як сродак для дасягнення матэрыяльнага дабрабыту, а Антаніна выконвае ролю «ідэальнай савецкай жонкі».

Вярнуцца ўгару