У жніўні 2020 года былы супрацоўнік Дэпартамента аховы МУС Валерый Савіцкі стаў кіраўніком ініцыятыўнай групы маладзечанцаў. Ініцыятыўная група займалася перамовамі з гарадскімі ўладамі, арганізацыяй мітынгаў, вызваленнем затрыманых пратэстоўцаў. У ліпені 2021 года Савіцкі быў вымушаны пакінуць Беларусь з-за пераследу з боку сілавікоў.
PALATNO паразмаўляла з Валерыем Савіцкім пра тое, як стваралася ініцыятыўная група, як ішлі перамовы з мясцовай уладай і як сілавікі пераследавалі ўдзельнікаў гэтай групы.
Гэта гутарка была запісаная да пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.
Змест
- Адкуль з’явіліся апазіцыйныя погляды
- Праца МУС у эпоху Юрыя Захаранкі
- Ці хадзіў раней на прэзідэнцкія выбары
- Калі зразумеў, што выбарчая кампанія будзе асаблівай
- Што адбывалася 9 жніўня 2020 года
- Калі ўбачыў гвалт на вуліцах Маладзечна
- Як з’явілася і чым займалася ініцыятыўная група
- Як на ініцыятыўную групу ціснулі сілавікі
- Чаго дамаглася ініцыятыўная група
- Што казалі знаёмыя супрацоўнікі міліцыі аб збіцці пратэстоўцаў
- Што цяпер адбываецца ў Беларусі
- Чаму выехаў з Беларусі
- Чаму спачуваў сепаратыстам ва Украіне і чаму змяніў свае погляды
- Калі вернецца ў Беларусь
Адкуль з’явіліся апазіцыйныя погляды
— Я не скажу, што ў мяне былі моцна апазіцыйныя погляды. Я не лічыў сябе такім. Мне не падабалася, што адбывалася. Складана мне было прадставіць сябе нейкім змагаром з рэжымам. Проста захапляўся гісторыяй Беларусі, каму дапамагаў, чым мог.
Праца МУС у эпоху Юрыя Захаранкі
— Я тады яшчэ быў сяржантам у Дэпартаменце аховы. На той момант гэта быў такі шок. Уяўляеце, была кандовая савецкая міліцыя, а з Захаранкам яна стала не тое што еўрапейскай, а больш чалавечнай. Мы бачылі гэтыя змены, пачалі добрую тэхніку закупляць.
Юрый Захаранка — міністр унутраных спраў Беларусі ў 1994-1995 гадах. У 1995 годзе Лукашэнка адправіў Захаранку ў адстаўку, а пазней панізіў яго ў званні з генерал-маёра да палкоўніка. СМІ пісалі пра канфлікт Лукашэнкі і Захаранкі.
Жыццё міліцыі змянялася вельмі дынамічна. У Юрыя Захаранкі свая харызма, і людзі, якіх ён падбіраў і з якімі працаваў… Крок за крокам, калі скаціліся да таго, да чаго скаціліся, — калі б тады пра гэта сказалі — ніколі б не паверыў. Узровень, які быў пры ім, вернем няхутка, усё трэба ствараць зноўку.
Ці хадзіў раней на прэзідэнцкія выбары
— Складана сказаць пра першыя кампаніі 1990-х і пачатку 2000-х гадоў. Складана ўспомніць, якія былі пачуцці. Нават не было расчаравання, усё было зразумела. Можна апусціць рукі і не хадзіць, але я прынцыпова хадзіў і галасаваў так, як лічыў патрэбным.
Калі зразумеў, што выбарчая кампанія будзе асаблівай
— Калі пачаў збіраць подпісы за Віктара Бабарыку. Не чакаў, што будзе столькі. Мне людзі самі тэлефанавалі, мне не хапала гэтых аркушаў, прасіў яшчэ — і потым дадатковых не хапала. Напэўна, ужо тады з’явілася надзея. Калі людзі так ставяцца, то штосьці можа змяніцца.
Я Бабарыку трошкі ведаў. Мы асабіста не знаёмыя, але перасякаліся па Газпрамбанку, калі адкрывалі офіс у Маладзечне. Мае вельмі добрыя знаёмыя прыяцельствавалі з ім, вельмі шмат пра яго добрага расказвалі.
Ды і наогул ён — гэта вобраз беларуса. Такі дабрак, адкрыты, спакойны, разважлівы. Прыемны чалавек. У плане яго праграмы — вельмі выразна, зразумела, нічога загадзя невыканальнага. Гэта для мяне было важна. Таму што ўсё гэта пустабрэхства мы выдатна ведаем, мы ўжо не хлопчыкі. Немалаважна, што ён з вялікім эканамічным вопытам. Калі чалавек змог у банк, то ён тое ж можа зрабіць з краінай.
Што адбывалася 9 жніўня 2020 года
— Я пайшоў галасаваць за гадзіны паўтары да закрыцця ўчастка. Там была чарга, але не скажу, што вялікая. Шмат чалавек з белымі стужкамі. Я быў без, але таксама склаў бюлетэнь гармонікам. Яшчэ заўважыў, калі выходзіў і складваў, усе так — хоп, глядзяць. Другі раз склаў — раз, хтосьці галаву з камісіі апускае.
А ўвечары было незразумела. Раптам знік інтэрнэт. Разумеў, што гэта можа быць, але моцна ў гэта верыць не хацелася. Быў не шок, а разгубленасць нейкая. Чаму? Як? Што? Здавалася, цішыня была ўсюды, а бліжэй да гадзін дзвюх ночы знайшоў RTVI, які больш ці менш паказваў навіны. Давалі сюжэты, што адбываецца ў Мінску. Тады ўжо, вядома, быў шок.
Калі ўбачыў гвалт на вуліцах Маладзечна
— Менавіта на вуліцах Маладзечна ўбачыў толькі на відэа. Ужо потым ездзілі, удзельнічалі ў ланцужках салідарнасці. Трэба было штосьці рабіць. Ужо сядзець спакойна дома было ні для каго немагчыма.
Як з’явілася і чым займалася ініцыятыўная група
— У вайберы ў чаце аднакласнікаў напісалі, што трэба было б сабрацца каля райвыканкама каля 15 гадзін.
13 жніўня 2020 года каля 200 маладзечанцаў прыйшлі да райвыканкама з патрабаваннямі вызваліць затрыманых пратэстоўцаў, а таксама правесці перамовы гараджан з мясцовай уладай.
Я прыехаў загадзя. Паглядзеў — а вакол нідзе нікога няма. Каля помніка Леніну пакруціўся. Думаю: ну, напэўна, зараз будзе як заўсёды, нашы беларусы… У Мінску яшчэ неяк выступілі, а ў нас зараз ніхто нават не прыйдзе. Я прыйшоў з думкай адной — трэба вызваліць затрыманых.
У аднакласніцы трапіліся муж і брат. Трэба было ўсё гэта спыніць і вызваліць людзей. Яшчэ не было зразумела, ці ёсць у нас забітыя і зніклыя. Нейкія чуткі хадзілі: там адзін знік без вестак, там забілі кагосьці.
Потым гляджу — двое хлопцаў уздоўж тэхнікума ў бок райвыканкама павярнулі. Сцяжок у іх маленькі быў. Ну, хоць не адзін буду. Пайшлі паціху — а за хвілін дзесяць 200 чалавек сабралася.
Тады ніхто не адважваўся, а я кажу: «Пайшлі, чаго мы тут стаім-та!». Мы зайшлі ў выканкам. Нам сказалі, што пяць чалавек могуць прайсці да старшыні. Ззаду людзі пачалі казаць: «Што гэта такое? Як гэта — пяць чалавек?». І я кажу: людзі сабраліся, хай да іх выходзіць старшыня. Патэлефанавалі — выйшаў ён, начальнік РАУС, пракурор.
На сустрэчы прысутнічалі старшыня райвыканкама Юрый Горлаў, начальнік РАУС Вадзім Прыгара, пракурор Уладзімір Дубоўскі.
Калі людзі на эмоцыях, то размовы моцна канструктыўнай не атрымалася. Галоўны пасыл, які нас цікавіў, мы змаглі данесці: трэба вызваліць затрыманых. Не было нічога такога, з-за чаго варта было людзей так закручваць у асфальт.
У выніку сам старшыня выканкама сказаў, каб мы стварылі ініцыятыўную групу, якая можа сфармуляваць, каб не было гэтага гвалту. Хлопцы, якія стаялі побач, арганізаваліся. Пайшлі побач у кафэ, селі за стол. У пяць гадзін павінен быў патэлефанаваць старшыня і сказаць, калі зможа пагутарыць з народам. Ён узяў мой нумар і яшчэ аднаго чалавека, але патэлефанаваў на мой. Ён патэлефанаваў, але размовы не атрымалася.
Ён сказаў, што не гатовы сустракацца сёння, можа быць, толькі ў панядзелак. Як ён сам сказаў, будзе сустракацца толькі з тымі, хто падтрымлівае яго палітычную пазіцыю.
Пазней увечары пайшлі на плошчу. У першы дзень нас было не так шмат, дзесьці некалькі тысяч чалавек. Усё роўна для нашага горада — гэта вельмі… Я быў трохі здзіўлены. Была такая атмасфера, у людзей уздым. Там жа высвятляецца: як гаварыць з людзьмі, калі цябе ніхто не чуе? Спачатку рупар шукалі, потым кажуць, што не дапаможа. Неяк самі калонкі прывезлі, яшчэ хтосьці — генератар, хтосьці — мікрафон. Усё атрымалася, такі ўздым.
У той момант сапраўды з’явілася надзея, што штосьці можна зрабіць. Людзі пачалі аб’ядноўвацца. Пачалі камунікаваць адно з адным зусім па-іншаму, бляск у вачах з’явіўся ва ўсіх.
Не можа ж быць вялікая частка людзей абсалютна адмарожанай, якія могуць адключыць сумленне і мозг. Усе ўсё бачылі і ўсё разумелі. Баяліся за выслугу, за выплаты. Некаторыя казалі, што былі б таксама там, «але ты ж разумееш»… Гэта грамадзянская пазіцыя і адказнасць кожнага. Кожны выбірае.
Мы першапачаткова ўсе абмяркоўвалі. У нас былі дзве сустрэчы ў выканкаме. Нам сказалі складаць нашы патрабаванні. Па-першае, вы самі бачылі, што пасля першых сустрэч пачалі адпускаць людзей. Адзінае, што за апошняга чалавека мы біліся два дні. Там проста ўперліся ў сцяну. Тады было сказана: «Лічыце, што гэта мая асабістая прыхамаць. Ён не выйдзе». Мы знайшлі яго жонку, маладая дзяўчына ў паніцы. Яна проста была ў такім стане, як быццам у яе ў галаве выбухнула бомба. Знайшлі адвакатаў, я вазіў яе з сабой у РАУС. Але яны ўжо з вечара панядзелка (17 жніўня 2020 года — PALATNO) пачалі не выконваць свае абяцанні. Прасілі пусціць яе і паглядзець, што ён хоць бы жывы, — яе пусцілі. Начальнік РАУС павінен быў з ёй сустрэцца, але раптам аказалася, што ён кудысьці з’ехаў. Дзякуй богу, на наступны дзень усё-ткі выпусцілі. Калі людзі не выйшлі і не аб’ядналіся, нічога гэтага не адбылося б.
Мы дамаўляліся, што выканкам будзе ісці насустрач. Выканкам павінен быў падпісаць паперы, што мітынгі будуць дазволеныя. У суботу (15 жніўня 2020 года — PALATNO) было каля пяці тысяч, у нядзелю — больш. Напісалі заяўку на мітынгі на пяць тысяч чалавек, але яны знайшлі адмазку, як нам адмовіць.
Як на ініцыятыўную групу ціснулі сілавікі
— Мяне выклікалі ў крымінальны вышук, потым ГУБАЗіК прыехаў. І падпіскі давалі, і пагражалі. Было па-рознаму. Казалі, што калі я недзе апынуся, то мяне забяруць, былую жонку звольняць з працы і пазбавяць інтэрната, дзіця забяруць у дзіцячы дом. І, як яны сказалі, «хрэн яе адтуль выцягнеш».
Пра радыёстанцыю казалі, што гэта я перамовы зліваю. Ну, так, шэсць гадоў пасля звальнення і, кажу, зараджаю і трымаю радыёстанцыю, я ж ведаў, што будуць мітынгі. Неяк усё гэта было нават смешна, але і было сумна ад усяго, што адбываецца.
У той момант пайшоў моцны прэсінг на ўсіх удзельнікаў ініцыятыўнай групы. Усіх папярэдзілі, калі будзем недзе з’яўляцца і арганізоўваць людзей, то, адпаведна, усіх нас прыцягнуць за стварэнне арганізаванай групы, за арганізацыю беспарадкаў.
Чаго дамаглася ініцыятыўная група
— Мы зусім не прафесійныя рэвалюцыянеры або дзеячы рухаў. Атрымлівалася так, як атрымлівалася. Мы зыходзілі з таго, што маглі зрабіць. Самае галоўнае: людзей выпусцілі, гвалт спыніўся, далейшага кровапраліцця не здарылася.
Было шмат гарачых галоў, якія збіраліся ісці штурмаваць РАУС. «Давайце ўсё спалім!», «Давайце штурмаваць!»… Даводзілася прыводзіць людзей у прытомнасць. Тлумачыць, што там людзі затрыманыя, збітыя, пакалечаныя, але яны жывыя.
Кожнаму з такіх я казаў, што не гатовы. Пытаўся, колькі яны гатовыя людзей павесці за сабой і колькі з іх загіне. «У вас зброі няма, а там усе ўзброеныя». А яны: «Не ведаю, ты ідзеш гэтых затрыманых вызваляць або цябе наогул бандыты нанялі?». У любым выпадку, яны будуць абараняць свой будынак як сваё жыццё. Адпаведна, будуць ахвяры. «Колькі ты гатовы ўбачыць забітых?»… Я, кажу, не гатовы.
Што казалі знаёмыя супрацоўнікі міліцыі аб збіцці пратэстоўцаў
— Што яны гэтага не бачылі: «Я там не быў», «Я быў з іншага боку будынка», «Я не чуў, не бачыў». Пры жаданні за дзве гадзіны можна знайсці ўсіх, хто там быў. Там столькі спосабаў! Без усялякага ціску, гвалту. Проста элементарна. Мы адправілі відэа са збіццём ў двары РАУС на сайт УУС Мінаблвыканкама. Яны сказалі, што з усім разбяруцца. Казалі, што гэта была ноч 10 жніўня, хоць гэта было з 9 на 10 жніўня ноччу. Я размаўляў з чалавекам, які гэта зняў. Ён растлумачыў па часе, часовых адрэзках.
Нічога не было, акрамя таго, што яны пацвердзілі, што гэта было на тэрыторыі Маладзечанскага РАУС.
Што цяпер адбываецца ў Беларусі
— Цяпер адбываецца чыстай вады барацьба з іншадумствам. Не трэба, каб чалавек штосьці рабіў. Дастаткова таго, што чалавек думае не так. І яго можна закручваць у асфальт.
Чаму выехаў з Беларусі
— Выехаў, таму што папярэдзілі. Сказалі, што ў мяне ёсць лічаныя хвіліны да прыезду пэўных «сяброў-таварышаў». Сабраўся і з’ехаў.
Больш за шэсць гадзін ішоў ператрус дома. Вывернулі ўсё, што толькі было можна. Штосьці паламалі, сёе-тое знікла. Забралі дзве кніжкі, у тым ліку і «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» Вацлава Ластоўскага. Калі ім гэтая літаратура вельмі трэба, каб чытаць, то богам прашу.
Не ведаю, што там адбывалася. Усім, хто ўдзельнічаў, далі падпіску аб неразгалошванні.
Чаму спачуваў сепаратыстам ва Украіне і чаму змяніў свае погляды
— Я заўсёды лічыў, што магу распазнаць, як і дзе што адбываецца. Але калі на цябе гэты вал інфармацыі падае, калі пастаянна кажуць, што ва Украіне — фашысцкі мяцеж, там усіх забіваюць і закручваюць, то пачынаеш у гэта верыць.
Падчас адной з сустрэч ініцыятыўнай групы і мясцовай улады Савіцкаму прадэманстравалі яго здымкі са сцягам так званай «ДНР».
Сабраліся з сябрамі, купілі ў асноўным усё дзіцячае, крупы нейкай. Сабралі цэлую машыну, павезлі на склад у Растоў. Як потым высветлілася, з гэтага склада людзі ўсё прадавалі. Гэта кажу для тых, хто яшчэ працягвае глядзець расійскае тэлебачанне.
Поўнае ўсведамленне прыйшло ў жніўні 2020 года. Калі давяраеш чалавеку, а ён расказвае ўсялякае трызненне пра тое, што ў нас адбываецца на вуліцах. Што мы ўсе польскія агенты, мы ўсе фашысты — пасля гэтага прыходзіць зусім іншае ўсведамленне свету. Балюча, але прыходзіць.
Напэўна, самае важнае ў наш час — своечасова навучыцца адрозніваць навіны ад прапаганды.
Калі вернецца ў Беларусь
— Як толькі гэта будзе бяспечна, перш за ўсё. Напэўна, як большасць з нас. Гэта цяжка, калі табе пад 50 гадоў, — бегчы, пачынаць усё з самага пачатку. Але жыць так, як я жыў некалькі месяцаў перад пераездам, чакаючы, што за мной у любы час прыйдуць, — яшчэ больш невыносна.