Што адказаць тым, хто называе бел-чырвона-белы сцяг нацысцкім, а чырвона-зялёны — адзіна правільным?

бел-чырвона-белы сцяг, бчб, сцяг беларусі

«БЧБ — гэта нацысцкі сцяг, а чырвона-зялёны — наша ўсё»? У нас на падобныя закіды ёсць годны адказ.

Бел-чырвона-белы сцяг — адзін з галоўных сімвалаў пратэсту супраць улады Лукашэнкі ў Беларусі. Пасля пратэстаў 2020 года градус рэпрэсій з боку беларускіх «уладаў» дасягнуў, бадай, самага высокага за апошнія 30 год узроўню, і за адно тое, што ў вас захоўваецца такі сцяг, можна атрымаць цалкам рэальнае абмежаванне волі. А вось калі вы яшчэ і ў Instagram з такім сцягам сфатаграфаваліся…

Кіраўнік сумна вядомага ГУБАЗіК Міхаіл Бедункевіч у 2021 годзе казаў, што БЧБ-сцяг выкарыстоўвалі «ўсе калабарацыянісцкія арганізацыі на тэрыторыі БССР у гады акупацыі», а такая сімволіка «не можа быць дазволенай». Гэта, мякка кажучы, маніпуляцыя, але падрабязна пра гэта мы яшчэ абавязкова раскажам. А зараз звернем увагу на даволі цікавыя факты з біяграфій стваральнікаў бел-чырвона-белага і чырвона-зялёнага сцягоў — у іх ёсць забаўныя акалічнасці.

Маляваў партрэты Гітлера

Ці ведалі вы, што аўтар чырвонага-зялёнага сцяга — мастак Мікалай Гусеў? Ён па нацыянальнасці — рускі. Падчас Другой сусветнай вайны ў акупацыі ў Мінску маляваў партрэты Гітлера і нямецкіх афіцэраў. Самым знакамітым партрэтам Гусева стаў шматметровы партрэт нацысцкага злачынца. У 1943 годзе яго выносілі на першамайскую дэманстрацыю ў Мінску.

Пасля вызвалення Мінска Гусева арыштавалі за супрацоўніцтва з нямецкай адміністрацыяй і асудзілі да чатырох гадоў зняволення. Праўда, дакладных звестак аб тым, што ён сапраўды адбыў пакаранне, няма. Ёсць падазрэнне, што тэрмін гэты быў толькі на паперы, таму што зусім неўзабаве Гусеў стаў вельмі актыўна выконваць савецкія замаўленні. Чырвоны-зялёны сцяг ён намаляваў у 1951 годзе. Цяпер яго крыху перайначаная версія і ёсць афіцыйным лукашэнкаўскім сцягам Беларусі.

Быў рэпрэсаваны нацыстамі

Аўтарам жа бел-чырвона-белага сцяга быў Клаўдзій Дуж-Душэўскі — грамадска-палітычны і культурны дзеяч, архітэктар і журналіст. Да яго ў дні Лютаўскай рэвалюцыі звярнуліся беларускія арганізацыі Петраграда, якія марылі аб стварэнні сцяга беларускага нацыянальнага руху. Працаваць над сцягам, вывучыўшы беларускія арнаменты і колеры народных касцюмаў, ён пачаў пасля таго, як суайчыннікі паскардзіліся, што ў беларусаў ёсць герб «Пагоня», аднак уласнага сцяга няма.

Першая дакументальная згадка пра з’яўленне бел-чырвона-белага сцяга з’явілася ў 1917 годзе. Менавіта гэты сцяг у нашай краіне быў афіцыйным з 1918 па 1919 год, а таксама з 1991 па 1995.

Падчас вайны, дарэчы, Дуж-Душэўскі адмовіўся супрацоўнічаць з нацыстамі. Больш за тое, разам з жонкай ён хаваў у сваёй хаце яўрэйскую сям’ю, за што быў рэпрэсаваны нацыстамі і трапіў за краты.

Так што яшчэ пытанне, чый там сцяг нацысцкі.

 

Аўтар Воля Івашэнка.

Вярнуцца ўгару