Вы чытаеце:
Што пачытаць падлетку летам

Што пачытаць падлетку летам

беларускія кнігі для падлеткаў, беларускамоўныя кнігі для падлеткаў

Чарговы навучальны год амаль скончыўся, школьнікі збіраюцца на канікулы і ў іх з’явіцца вольная хвілінка. Спецыяльна для іх падрыхтавалі спіс літаратуры, з якой варта пазнаёміцца цёплымі летнімі дзянькамі.

Беларускія казкі

Беларускія народныя казкі ў апрацоўцы Алеся Якімовіча. Мінск, «Юнацтва», 1990 год

Каб разумець народ, да якога належыш, трэба ведаць народную культуру. Адзін з важных яе пластоў — вядома, казкі. Здавалася б, гэта проста забаўкі для дзяцей, але насамрэч усё куды больш складана і глыбока.

Нездарма ў часы рамантызму, калі адбыўся сапраўдны паварот у бок народнай культуры, браты Грым і Віктор Гюго збіралі народныя казкі, апрацоўвалі іх і выдавалі. Таму што казка — гэта яшчэ і тое, што можа згуртаваць нацыю. Агульныя сюжэты, якія лучаць людзей з рознымі лёсамі ў адну супольнасць.

З імкненнем зразумець беларусаў дастаткова завітаць у бібліятэку або кнігарню і адшукаць там любы зборнік народных казак.

«Дванаццаць подзвігаў Геракла» Пятра Васючэнкі

«Дванаццаць подзвігаў Геракла» Пятра Васючэнкі. Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2013 год

Каб зразумець, што адбываецца цяпер, варта зірнуць на тое, што было раней.

Як той казаў, усё было ўжо ў старажытнай Грэцыі, і з тых часоў мала што змянілася.

Беларускі пісьменнік і крытык Пятро Васючэнка перастварыў па-беларуску знакамітыя дванаццаць подзвігаў Геракла. У выніку атрымаўся самастойны твор, які можна чытаць, а можна паслухаць у аўдыёфармаце.

Гісторыі пра тое, як Геракл спраўляўся з выпрабаваннямі, будуць цікавыя ў тым ліку і дарослым, якія з нейкіх прычын прапусцілі біяграфію галоўнага героя антычных часоў.

«Падарожжа ў пекла» Янкі Маўра

Першае выданне «Пекла» Янкі Маўра. Менск, Белдзяржвыдавецтва, 1929 год

Іван Фёдараў — так у жыцці звалі нашага класіка, які застаецца адным з самых чытаных беларускіх пісьменнікаў. Займацца літаратурай гэты настаўнік пачаў, калі меў за 40 гадоў.

Але ўзрост не стаў перашкодай для літаратара — Маўр быў адораным педагогам, таму лёгка знаходзіў агульную мову з вучнямі. З першых сваіх твораў ён займеў прызнанне і аўдыторыю, бо захапляльна пісаў на самыя розныя тэмы. І пра першабытных людзей, як у аповесці «Чалавек ідзе», і пра экзотыку Новай Гвінеі, як у аповесці «У краіне райскай птушкі», і пра дзівосы выспы Ява, як у рамане «Амок». Пры гэтым сам пісьменнік ніколі ў тых далёкіх краях не бываў, ён проста быў вельмі адукаваным чалавекам.

Адзін з твораў аўтарства Янкі Маўра — казка «Падарожжа ў пекла», дзе пісьменнік паспрабаваў паказаць пекла, сучаснае яму. Галоўныя героі твора — піянеры, якія прабіраюцца ў апраметную і робяць там пераварот. Вызваляюць ад пакут усіх грэшнікаў за выняткам ужо зусім лютых зладзеяў.

Першы раз гэты фантастычны травелог пабачыў свет у 1929 годзе асобным выданнем, другі раз — у канцы 50-х гадоў. Аўтар уласнаруч удасканаліў твор, перапісаўшы або выкінуўшы слабыя моманты.

«Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага

Першае выданне «Шляхціца Завальні» Яна Баршчэўскага. Санкт-Пецярбург, 1844 год

Непераўзыдзеная класіка, якая прыйдзецца любому аматару готыкі. Як і ў выпадку з казкамі, дазваляе лепей зразумець беларусаў, бо гаворка ў творы выключна пра нашы абшары, хаця і напісаны твор польскай мовай.

У цэнтры сюжэта самотны шляхціц Завальня, які прымае ў доме здарожаных вандроўнікаў. Ён гатовы даць ім дзе заначаваць, накарміць і абагрэць, а наўзамен просіць расказаць дзіўную гісторыю. Адна за другой перад намі паўстаюць сітуацыі з рознымі міфалагічнымі персанажамі і нячыстай сілай у галоўных ролях.

Аўтар быў абазнаны не толькі ў беларускім фальклоры, але таксама ў археалогіі і гісторыі, таму ў яго і атрымаўся такі дасціпны твор. «Шляхціц Завальня» Яна Баршчэўскага цалкам на ўзроўні еўрапейскіх аналагаў.

Гэта must read для тых, хто хацеў бы ўбачыць Беларусь ва ўяўленнях ХІХ стагоддзя.

«Шчарбаты талер» Андрэя Федарэнкі

Першае выданне «Шчарбатага талера» Андрэя Федарэнкі. Мінск, «Юнацтва», 1999 год

Таленавіты пісьменнік можа працаваць у розных жанрах. Аўтар глыбока псіхалагічных аповесцей і раманаў з пакалення «Тутэйшых» Андрэй Федарэнка напісаў у канцы 90-х твор для падлеткаў пад назвай «Шчарбаты талер».

Гаворка там пра групку хлапцоў і дзяўчат, якія, маючы срэбны талер і карту, спрабуюць адшукаць скарб, які пакінулі французскія афіцэры ў часе вайны 1812 года. Аказваецца, можна захапляльна апісаць і самую звычайную беларускую вёску, дзе бавяць летам час падлеткі і разгортваюцца падзеі твора.

Аповесць была настолькі папулярнай, што трапіла ў школьныя хрэстаматыі. Яе пераклалі на рускую мову, а следам яшчэ і экранізавалі.

«На прасторах жыцця» Якуба Коласа

Фрагмент з першага часопіснага варыянта аповесці Якуба Коласа, які быў апублікаваны на старонках часопіса «Полымя». Менск, 1926 год

Вядомая аповесць Якуба Коласа, напісаная ў сярэдзіне 20-х гадоў, якая праўдзіва адлюстроўвае раннюю савецкую эпоху ў Беларусі.

У цэнтры аповеда — падлеткі Сцяпан і Алена, якія выпраўляюцца з вёскі ў горад на вучобу. З апісанняў можам даведацца, якім быў даваенны Мінск, а таксама пазнаёміцца з тагачаснымі беларускімі рэаліямі. Твор адпавядае тагачасным ідэалагічным устаноўкам, але няблага чытаецца і цяпер. Яшчэ ў момант выхаду ў часопісным варыянце ў 1926 годзе яго прыхільна сустрэла крытыка.

Каму цікавы перыяд міжваеннага часу, раім першапачатковы варыянт, які публікаваўся на старонках «Полымя» і не быў парэзаны цэнзурай. Там адлюстраваныя рэаліі, характэрныя для краіны часоў НЭПу.

Серыя «Авантуры Пранціша Вырвіча» Людмілы Рублеўскай

«Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега» Людмілы Рублеўскай. Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2012 год

Серыя гістарычна-фэнтэзійных раманаў ад вядомай беларускай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай, дзе гаворка вядзецца аб часах позняй Рэчы Паспалітай, калі караляваў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Галоўны герой — шляхціц Пранціш Вырвіч, бо менавіта вакол яго жыцця аўтар пабудаваў сюжэт. Па гэтых кнігах можна вывучаць падзеі, якія адбываліся ў той час: змовы, інтрыгі, стварэнне шляхецкіх канфедэрацый, падзелы дзяржавы і так далей. Праўдзівыя гістарычныя факты густа перамяшаныя з выдумкай, што стварае асаблівы каларыт. Сюжэт можа быць цікавы ў тым ліку і дарослым.

Зусім нядаўна пабачыла свет апошняя кніга з серыі, якая на момант выхаду артыкула налічае сем твораў.

«Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча

Сучаснае выданне «Каласоў» Уладзіміра Караткевіча. Мінск, «Поппури», 2022 год

Раман пра паўстанне 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага выйшаў у савецкі час, але не страціў актуальнасці і цяпер. Гэта адзін з самых чытаных і самых папулярных твораў у беларускай літаратуры ўсіх часоў.

Празмерны ідэалізм і ўзнёслы рамантызм перамяшаныя з багатым гістарычным і фальклорным матэрыялам. Акрамя прыдуманых персанажаў, кім з’яўляецца галоўны герой шляхціц Алесь Загорcкі, тут сустракаюцца і цалкам сабе рэальныя асобы: Кастусь Каліноўскі, Цітус Далеўскі, Тарас Шаўчэнка ды іншыя.

Ёсць меркаванне, што Уладзімір Караткевіч нібыта напісаў нават да яго працяг, але рукапіс скралі.

«Брамнік заўжды самотны» Юрыя Станкевіча

«Брамнік заўжды самотны» Юрыя Станкевіча. Мінск, «Галіяфы», 2014 год

Яшчэ адзін пісьменнік, што арыентаваўся на дарослую аўдыторыю, зрабіў сабе імя на брутальнай прозе, напісаў у апошнія гады жыцця кнігу для падлеткаў.

Аднайменная аповесць раскрывае гісторыю аматара футбола з малазабяспечанай сям’і, які мроіць стаць добрым брамнікам, як і ягоны кумір.

На старонках гэтай кнігі зусім няма «чарнухі», якую можна адшукаць у іншых творах Юрыя Станкевіча. Разам з тым кніга рыхтуе падлетка да дарослага жыцця — вучыць браць адказнасць за ўласны лёс, заўжды заставацца моцным і пераадольваць сябе.

«Лабірынты» Вацлава Ластоўскага

Першая публікацыя аповесці «Лабірынты» Вацлава Ластоўскага на старонках выдаванага ім часопіса «Крывіч». Коўна, 1923 год

Вацлаў Ластоўскі напісаў аповесць «Лабірынты» сто гадоў таму і пазначыў, што гэта «фантазыя». Яно і праўда так, бо тэкст змяшчае гісторыю не толькі аб тым, як даследчык даўніны трапіў у знакамітыя полацкія падзямеллі, але і ідэальную Беларусь. Да ўсяго твор напісаны сакавітай беларускай мовай.

Неназваны даследчык старасвеччыны выпраўляецца ў Полацк на запрашэнне знаёмага. Там яны доўга дыскутуюць у коле неабыякавых да даўніны. Потым даследчык праходзіць ініцыяцыю і трапляе ў знакамітую бібліятэку, якую схавалі ад чужых вачэй у сутарэннях пад горадам у даўнейшыя часы.

Ластоўскі знарок ніякім чынам не прывязаў апісанае да нейкай эпохі. Таму мы не можам дакладна меркаваць, калі ж насамрэч адбываюцца падзеі ў аповесці, але ў творы можна без перашкод дабрацца з Вільні ў Полацк. У час стварэння аповесці гэта было немагчыма, бо Беларусь была разарваная ў выніку Рыжскага міру паміж Савецкім Саюзам і Польшчай.

Вярнуцца ўгару