Секс-скандалы 2024 года: суды, расследаванні і абвінавачванні

секс-скандалы 2024, трамп і порнаактрыса, дачка лукашэнкі, пі-дзідзі

У 2024 годзе адбылося некалькі значных секс-скандалаў, якія прыцягнулі шырокую ўвагу грамадскасці і СМІ.

PALATNO расказвае пра іх.

Судовы працэс супраць Жэрара Дэпард’ё

Жэрар Дэпард'ё, сэкс-скандалы 2024 года
Жэрар Дэпард’ё.

У кастрычніку 2024 года ў Парыжы пачаўся судовы працэс па справе Жэрара Дэпард’ё. Акцёра абвінавацілі ў сексуальным гвалце пасля здымак фільму «Зялёныя аканіцы». Дзве жанчыны заявілі пра сексуальны гвалт, назойлівых сексуальных дамагальніцтвах і абразаў сексуальнага характару з боку Дэпард’ё. Акцёр называў абвінавачванні хлуслівымі.

Дэпард’ё папрасіў суд адкласці пасяджэнні з-за праблем са здароўем, яго адвакат заявіў, што медыкі забаранілі яму ўдзельнічаць у працэсе. Сам акцёр выказаў жаданне прысутнічаць на судзе і мець магчымасць даць паказанні. Расследаванне справы праходзіла каля года, французскі акцёр удзельнічаў у допытах яшчэ ўвесну.

Для Дэпард’ё такія абвінавачванні не ўпершыню. Некалькі гадоў таму актрыса Шарлота Арну абвінаваціла яго ў згвалтаванні, а іспанская актрыса Рут Баса сцвярджала пра факт гвалт з боку Дэпард’ё яшчэ ў 1995 годзе. У 2023 годзе адзін з французскіх тэлеканалаў выпусціў дакументальны фільм пра Дэпард’ё. У ім шаснаццаць жанчын прызналіся і абвінавацілі акцёра ў сексуалізаваным гвалце.

У Жэрара Дэпард’ё знайшлі і абаронцы. Французскі прэзідэнт Эмануэль Макрон назваў яго «гордасцю Францыі». А ў выданні Le Figaro быў апублікаваны ліст ад дзясяткаў французскіх дзеячаў культуры з абаронай Дэпард’ё.

Суд адкладзены да сакавіка 2025 года. Калі Жэрара Дэпард’ё прызнаюць вінаватым, то ён можа сесці ў турму тэрмінам да пяці гадоў.

Дональд Трамп і порнаактрыса Стормі Дэніелс

Гісторыя Дональда Трампа і Стормі Дэніелс пачалася яшчэ ў 2006 годзе. Падчас скандалу, які здарыўся ўжо пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2016-м, высветлілася, што Трамп займаўся сексам з порнаактрысай Стэфані Кліфард (яе псеўданім — Стормі Дэніелс). Падчас выбарчай кампаніі ў 2016 годзе юрыст будучага прэзідэнта Майкл Коэн заплаціў Дэніелс 130 тысяч долараў за маўчанне, а калі Трамп стаў прэзідэнтам, то кампенсаваў юрысту грошы (заплаціў 420 тысяч долараў), але замаскіраваў іх пад іншыя выдаткі.

Падробка фінансавых дакументаў у Нью-Ёрку кваліфікуецца як злачынства. Следства палічыла, што просьба заплаціць Дэніелс дзеля маўчання была спробай паўплываць на зыход прэзідэнцкіх выбараў 2016 года. Падчас пасяджэнняў выступілі розныя сведкі: Стормі Дэніелс падрабязна апісала адносіны з Трампам, Коэн даў паказанні (раней ён быў прысуджаны да трох гадоў турмы за плату Дэніелс і іншыя злачынствы).

Летам 2024 года суд павінен быў вынесці прысуд, аднак адвакаты прасілі адкласці рашэнне. У выніку, прысуд так і не быў агучаны, а Дональд Трамп перамог на прэзідэнцкіх выбарах у лістападзе гэтага года. Затым адвакаты Трампа прасілі суд увогуле зняць з яго абвінавачванні, бо яго нібыта незаконна пераследавалі.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Хто абірае прэзідэнта ЗША? Расказваем, як уладкаваныя амерыканскія выбары

Дарэчы, працэс Трампа і Дэніелс быў адзін з чатырох, на якіх супраць Трампа вылучалі крымінальныя абвінавачванні ў гэтым годзе.

Скандалы на Алімпіядзе ў Парыжы

На Парыжскай Алімпіядзе быў шэраг розных скандалаў.

Сцяганосец Кіпру на OnlyFans. Руская лёгкаатлетка Алена Кулічэнка, якая з 2021 года выступае за Кіпр, аказалася ў цэнтры скандалу: акаўнт дзяўчыны знайшлі на OnlyFans. Адвакаты спартсенкі сцвярджалі, што ўсё, што знаходзілася ў тым акаўнце, было створана штучным інтэлектам. Кулічэнка адмаўляла датычнасць да зместу акаўнту, а пазней заявіла: «Людзі будуць казаць усё што заўгодна, я ніяк не змагу змяніць іх меркавання, чаканні, гэта толькі іх праблемы».

Абвінавачванні трэнера ў гвалце. Амерыканскага трэнера Рану Рэйдэра адхілі ад Гульняў пасля абвінавачванняў трох спартсменак у сексуальным гвалце. На Алімпіядзе Рэйдэр трэніраваў італьянскага лёгкаатлета Марсэля Джэйкабса і канадскага бегуна Андрэ дэ Граса. Жанчыны звярнуліся ў суд толькі пасля таго, як стала вядома, што Рэйдэр атрымаў акрэдытацыю на Гульні ад канадскага НАК.

Арышт спартсмена з-за дамаганняў. Падчас Алімпійскіх гульняў парыжскія паліцэйскія арыштавалі спартсмена зборнай Егіпта па грэка-рымскай барацьбе Махамеда Эльсаеда ў падазрэнні ў сексуальным гвалце. Па дадзеных Le Parisien, спартсмен у стане алкагольнага ап’янення паклаў рукі на ягадзіцы незнаёмай жанчыне на вуліцы. Пацярпелая напісала заяву ў паліцыю.

Валейбаліста асудзілі за секс з 12-гадовай дзяўчынай. На Алімпіядзе выступаў валейбаліст Стывен ван дэ Вэлдэ, якога ў 2015 годзе асудзілі ў Вялікабрытаніі за секс з 12-гадовай дзяўчынай. Ван дэ Вэлдэ пазнаёміўся з дзяўчынай у адной з сацыяльных сетак і прыехаў да яе ў Вялікабрытанію. Падчас судовага працэсу ён прызнаў, што ведаў пра ўзрост ахвяры. Пасля спартсмен працягнуў займацца валейболам, дабіўся сур’ёзных поспехаў. На Алімпіядзе саступіў разам з партнёрам у пляжным валейболе ў 1/8.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Пад бел-чырвона-белым сцягам. Як прайшлі першыя Алімпійскія гульні для незалежнай Беларусі

 

Трагічныя выпадкі на Алімпійскіх гульнях: гісторыі, якія ўзрушылі свет

 

Як беларусы выступалі на Алімпіядах: ад трыумфаў да нейтральнага сцяга


Аляксандр Лукашэнка і яго пазашлюбная дачка

Расследавальніцкае выданне «Бюро» высветліла, што ў палітыка Аляксандра Лукашэнкі, магчыма, ёсць пазашлюбная дачка. Журналісты знайшлі інфармацыю, што Лукашэнка мог мець сувязь са Сняжанай Моцнай, з якой яны пазнаёміліся яшчэ ў 1990-я гады. Моцная стала аўтарам вядомай прычоскі Лукашэнкі.

У 1999 годзе, калі Моцная была студэнткай лінгвістычнага ўніверсітэта, яна зацяжарыла. Журналісты не знайшлі ў базах дадзеных пацвярджэнняў, што яна была замужам да цяжарнасці ці пасля. У графе «бацька» жанчына пазначыла Моцнага Аляксандра Рыгоравіча, але такога чалавека ў Беларусі не існуе.

Пасля нараджэння дачкі Крысціны Сняжана Моцная стала імкліва прасоўвацца па кар’ернай лесвіцы. У пачатку 2000-х яна трапіла на працу ў Міністэрства замежных спраў, але хутка яна пайшла ў бізнес. Пасля атрымала пасады ў Беларускай федэрацыі хакею, Палацы Рэспублікі. Ад 2010-х працавала выключна ў кампаніях-«кашальках» Лукашэнкі. Вядома, што ў 2016 годзе бясплатна атрымала кватэру, кошт якой ацэньваецца ў 250 тысяч долараў.

Журналісты «Бюро» адзначаюць, што не могуць пацвердзіць дакладна сваяцтва Лукашэнкі і Крысціны Моцнай, аднак дзіўныя супадзенні толькі падкрэсліваюць магчымую сваяцкую сувязь паміж імі.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Выбары з дохлымі пацукамі. Як 18 гадоў таму Лукашэнка абраў сябе прэзідэнтам

Справа рэпера Пі-Дзідзі

Пі-Дзідзі, шон комбс, сэкс-скандалы 2024 года
Пі-Дзідзі.

У 2023 годзе вядомы амерыканскі рэпер Шон «Пі-Дзідзі» Комбс скончыў судовае разбіральніцтва з было дзяўчынай Кэсі Вентуры. Пасля гэтай гучнай справы іншыя людзі пачалі выказвацца аб перажытым сексуальным гвалце з боку рэпера. Напрыканцы таго ж года ў суды падалі заявы дзве жанчыны, якія абвінавацілі Пі-Дзідзі ў гвалце ў розныя прамежкі часу, а пасля была пададзеная позва аб групавым згвалтаванні, у якім нібыта ўдзельнічаў рэпер.

Толькі за 2024 год да Пі-Дзідзі падалі больш за 100 позваў. Чвэрць з магчымых ахвяр на момант злачынстваў была непаўнагадовымі. Мяркуецца, што магчымай самай малодшай ахвяры было дзесяць гадоў. Вясной 2024-га ў рэпера правялі шэраг ператрусаў.

Стала вядома, што магчымыя гвалтоўныя дзеянні супраць ахвяр маглі адбывацца падчас вечарынак рэпера. На гэтых вечарынках прысутнічалі многія сусветныя зоркі. Вечарыны Пі-Дзідзі складаліся з дзвюх частак: на першай былі танцы і нават дабрачынныя акцыі, а на другой частцы мог адбывацца гвалт, пра які кажуць людзі, што падалі позвы. Па заявах людзей, рэпер сам рэжысаваў працэс закрытай часткі вечарыны, усё здымалася на відэа, каб у далейшым шантажаваць удзельнікаў.

Пасля з’яўлення інфармацыі ў медыя з’явіліся і неверагодныя канспіралагічныя тэорыі. Напрыклад, па адной з тэорый Пі-Дзідзі разам з іншым рэперам Джэй-Зі (якога нядаўна таксама абвінавацілі ў гвалце) арганізавалі забойства адной спявачкі, каб прасунуць жонку Джэй-Зі Б’ёнсэ.

Пі-Дзідзі называе абвінавачванні ў свой адрас сфабрыкаванымі, ён лічыць, што з яго спрабуюць «выпампаваць грошы». Рэпер знаходзіцца на волі пад заклад. Першы судовы працэс адбудзецца 5 мая 2025 года.

Жызэль Пеліко супраць мужа і дзясяткаў гвалтаўнікоў

Жызэль Пеліко, дамінік пеліко, секс-скандалы 2024
Жызэль Пеліко.

Гэта справа ўзрушыла французскую і сусветную грамадскасць. У верасні 2020 года паліцэйскія затрымалі мужчыну ў адным з супермаркетаў горада Мазан на поўдні Францыі. 71-гадовы Дамінік Пеліко фатаграфаваў на мабільны тэлефон спадніцы пакупніц, на гэта звярнуў ахоўнік і выклікаў паліцыю. Паліцэйскія канфіскавалі ў яго тэхніку, а самога адпусцілі пад заклад.

Пазней высветлілася, што Пеліко быў удзельнікам закрытага чата à son insu («без яе/яго ведама»), у якім абмяркоўваўся секс з партнёрамі без іх згоды. У чаце Пеліко запрашаў мужчын згвалтаваць яго жонку, а сам запісваў згвалтаванні на відэакамеру. Следчыя знайшлі флэшку, на якой было больш за 20 тысяч фотаздымкаў і відэазапісаў згвалтаванняў. Пеліко называў фота і відэа датамі падзей і імёнамі гвалтаўнікоў, таму паліцэйскія вельмі хутка знайшлі датычных да злачынства. Жонку Дамініка, Жызэль Пеліко, гвалтавалі 72 розныя мужчыны з 2011 да 2020 года. Паліцэйскія змаглі апазнаць 50 гвалтаўнікоў, якім на момант злачынстваў было ад 21 да 68 гадоў. У Пеліко таксама былі знойдзены фотаздымкі яго нявестак, а таксама дачкі.

Праз месяц пасля першага затрымання Дамініка і Жызэль Пеліко выклікалі ў паліцыю. Там Дамініка арыштавалі, а Жызэль даведалася пра тое, што муж даваў ёй наркотыкі і яе гвалтавалі незнаёмцы. Следчыя высветлілі, што Дамініка была адпрацаваная схема згвалтавання жонкі: гвалтаўнікам забаранялася паліць і выкарыстоўваць парфуму, трэба было сагрэць рукі перад гвалтам (усё, каб не абудзіць Жызэль), таксама нельга было карыстацца прэзерватывам. Вядома, што як мінімум адзін гвалтаўнік быў ВІЧ-інфікаваны і шэсць разоў гвалтаваў Жызэль. У жанчыны выявілі чатыры інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам. Дамінік не атрымліваў грошы ці каштоўнасці за згвалтаванне жонкі.

Судовы працэс пачаўся ў верасні 2024 года. Жызэль запатрабавала, каб працэс зрабілі публічным, і адмовілася ад права на ананімнасць. Дамінік Пеліко прызнаў сябе вінаватым, частка іншых абвінавачваемых таксама прызнала сябе вінаватымі, некаторыя палічылі, што яны не вінаватыя, бо ў мужа нібыта існуе права распараджацца целам жонкі.

Пракуроры запатрабавалі для Дамініка Пеліко 20 гадоў зняволення. Прысуд чакаецца 20 снежня.

Вярнуцца ўгару