Сем фільмаў пра замкнёную прастору (клаўстрафобія, прывет!)

фільмы пра замкнёную прастору, фільмы трылеры, што паглядзець з трылераў

У замкнёнай прасторы раскрываюцца чалавечыя эмоцыі, страхі ды слабасці. Героі ў фільмах пра замкнёную прастору аказваюцца ізаляванымі, вымушаныя змагацца за жыццё, праўду або нават за сваю чалавечнасць. У гэтым артыкуле мы сабралі сем фільмаў, дзе абмежаваныя ўмовы становяцца галоўным каталізатарам для напружання і чалавечай драмы.

PALATNO расказвае пра сем фільмаў пра замкнёную прастору.

«Куб» (Cube)

Год: 1997

Фантастычны трылер пра групу людзей, якія прачынаюцца ў гіганцкім лабірынце кубападобных пакояў, кожны з якіх можа стаць пасткай для іх. Героям трэба раскрыць загадку: хто іх туды змясціў, навошта і, самае галоўнае, як адтуль выбрацца.

Фільм «Куб» даследуе, як ізаляцыя і стрэс выкрываюць чалавечыя недахопы і рысы, якія часам застаюцца схаванымі ў штодзённым жыцці.

Калі вам спадабаецца фільм, то ў яго ёсць працяг з яшчэ трох частак.

«Пахаваны жывым» (Buried)

Год: 2010

Рэжысёр Родрыга Картэс стварыў рэдкае кіно, дзе ўвесь сюжэт адбываецца ў межах аднаго месца — труны. Галоўны герой, кіроўца грузавіка Пол Конрой (яго грае Райан Рэйнальдс) прачынаецца ў драўлянай скрыні пад зямлёй. У яго ёсць толькі запальнічка, тэлефон і крыху паветра.

Гэта псіхалагічны трылер расказвае пра барацьбу з часам і адчайнае жаданне выжыць.

«127 гадзін» (127 Hours)

Год: 2010

Фільм заснаваны на рэальнай гісторыі Арана Ралстана, які апынуўся ў пастцы ў каньёне, калі на яго руку зваліўся камень. Галоўную ролю выконвае Джэймс Франка. Глядач бачыць, як герой шукае выхады з крытычнай сітуацыі і перажывае трансфармацыю, якая змяняе яго жыццё.

Гэты фільм — пра стойкасць чалавечага духу і здольнасць зрабіць складаны выбар.

«Лофт» (The Loft)

Год: 2014

Дэтэктыўны трылер пра пяць мужчын, якія дзеляць таемны лофт для сваіх амурных прыгод. Але іх ідэальнае месца для сакрэтаў ператвараецца ў поле для крымінальнага расследавання, калі яны знаходзяць там цела невядомай жанчыны. Кожны герой становіцца падазраваным, і яны спрабуюць высветліць, хто ж з іх сапраўдны забойца. Сюжэт поўны інтрыг, здрадаў і нечаканых паваротаў, якія прымушаюць сумнявацца ў кожным героі.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Ад «Галаваломкі» да «Арыёну і Цемры». Расказваем пра лепшыя мультфільмы 2024 года

 

Фільмы, якія сагрэюць вас гэтай восенню

 

Фільмы-загадкі з нечаканай канцоўкай. Лепшае з фільмаграфіі М. Найта Ш’ямалана


«Экзамен» (Exam)

Год: 2009

Гэтая брытанская псіхалагічная драма паказвае фінальны этап адбору на прэстыжную пасаду. Восем кандыдатаў аказаліся ў адным пакоі і атрымалі адно пытанне, якое, здавалася б, простае. Але яны хутка разумеюць, што заданне хавае глыбокія псіхалагічныя і этычныя выклікі.

Фільм паказвае, як стрэс і канкурэнцыя могуць змяняць паводзіны людзей.

«Платформа» (The Platform)

Год: 2019

Гэта іспанская антыўтопія, у якой героі знаходзяцца ў вертыкальнай турме. Праз кожны ўзровень гэтай турме раз у дзень апускаецца стол зверху ўніз: тыя людзі, што знаходзяцца ўнізе, атрымліваюць толькі рэшткі ежы.

Гэты фільм з’яўляецца метафарай сацыяльнай няроўнасці, фільм выклікае вострыя пытанні пра чалавечую этыку.

Калі вам спадабаўся першы фільм, то Netflix ужо выпусціў яго працяг (ці перадгісторыю?) — карацей, глядзіце.

«Кола» (Circle)

Год: 2015

50 чалавек аказваюцца ў загадкавай круглай прасторы, дзе ім трэба вырашаць, хто з іх павінен памерці. Галасаванне праходзіць кожныя некалькі хвілін, і ўдзельнікі павінны разумець псіхалогію іншых, каб уратаваць сябе.

Гэты фільм ставіць перад намі пытанні аб маралі і чалавечых прыярытэтаў у крызіснай сітуацыі.

Вярнуцца ўгару