«‎Хто забіў Лору Палмер?» 35 гадоў таму выйшаў серыял «‎Твін Пікс»

твін пікс, серыял дэвіда лінча, хто забіў лору палмер, дэйл купер

35 гадоў таму адбылася прэм’ера ўжо легендарнага серыяла ад Дэвіда Лінча — «‎Твін Пікс». Навошта ў серыяле так шмат сімвалізму? Чаму гэты серыял змяніў уяўленне пра тэлебачанне ў 1990-х? І хто ж усё-такі забіў Лору Палмер?

PALATNO адказвае на галоўныя пытанні.

Сцісла пра сюжэт

У маленькім, здавалася б, спакойным горадзе Твін Пікс адбываецца злачынства: знаходзяць цела школьніцы Лоры Палмер, загорнутае ў поліэтылен. Расследаваць справу прыязджае агент ФБР Дэйл Купер, які хутка разумее, што пад фасадам прыстойнасці горада  хаваецца шмат цемры, сакрэтаў і містыкі.

Хто такая Лора Палмер і хто яе забіў?

Лора Палмер — школьніца, якую ўсе любілі і лічылі прыкладам. Пасля яе смерці высвятляецца, што дзяўчына мела шмат цёмных бакоў: наркотыкі, сувязі з злачынцамі, псіхалагічныя траўмы. Яна — сімвал «‎падвойнага жыцця».

У другой палове першага сезона становіцца вядома, што забойца — яе ж бацька, Ліланд Палмер, які быў апанаваны дэманам Бобам. Боб — не проста злачынец, а ўвасабленне зла, якое пранікае ў чалавечую душу.

Вігвамы

У серыяле фігуруюць два месцы: чорны і белы вігвамы. Гэтыя прасторы звязаныя з духамі і сіламі, якія ўплываюць на людзей у рэальным свеце. Чаму Лінч паказаў іх нам? Бо праз іх рэжысёр тлумачыць метафізічны канфлікт дабра і зла.

Чорны вігвам — гэта месца, дзе жыве зло. А Белы вігвам — супрацлегласць Чорнаму, месца святла і дабра.

А што хацеў сказаць Лінч? (прыкладна)

Мы можам толькі прыкладна ўявіць, што хацеў паказаць Дэвід Лінч серыялам «‎Твін Пікс».

  • праўда — не заўсёды на паверхні;
  • зло можа жыць у кожным з нас, нават у самых, здавалася б, «‎правільных» людзях;
  • свет падсвядомага, сноў, інтуіцыі такі ж рэальны;
  • форма важная не менш за змест: таму ў «‎Твін Пікс» так шмат сімвалізму, паўтораў і дзіўных дыялогаў.
Дэвід Лінч, дэвід лінч і твін пікс, фільмы дэвіда лінча
Дэвід Лінч.

Добра, а як «‎Твін Пікс» змяніў тэлебачанне?

Да «‎Твін Пікс» па тэлебачанні паказвалі тыповыя серыялы пра паліцэйскіх, медыкаў, камедыі, простыя драмы, дзе кожная серыя з’яўляецца асобнай гісторыяй. А сапраўднае мастацтва і эксперыменты тады ўсё яшчэ абмяжоўваліся кіно.

Да 1990-х гадоў Дэвід Лінч стаў прызнаным кінарэжысёрам і зрабіў тое, чаго ад яго не чакалі — пайшоў на тэлебачанне. Лінч прынёс стыль з сюррэалізмам, паэтычнасцю і трывожнасцю.

Серыял трансліраваў канал ABC. Канал не ведаў, што атрымаецца. Першыя серыі адразу зрабілі неймаверны фурор. Аднак серыял аказаўся празмерна дзіўным для аўдыторыі, якая чакала выключна дэтэктыва. Лінч паказаў, што серыялы на тэлебачанні таксама могуць быць адкрытымі для інтэрпрэтацыі і мастацкі вытанчанымі.

Без «‎Твін Пікса» напэўна не было б «‎Сакрэтных матэрыялаў» (агент Малдэр — гэта ж амаль Купер), «‎Чорнага люстэрка», «‎Фарга» і іншых.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Пра што былі «Сакрэтныя матэрыялы» і ці знайшоў у канцы Малдэр іншапланецян?

«‎Твін Пікс» — гэта момант, калі тэлебачанне вырасла з «‎папкорнавага» фармату ў сапраўднае мастацтва. Таму сёння мы можам глядзець складаныя, глыбокія серыялы, бо адзін вар’ят (чытай, Лінч) рызыкнуў і адкрыў новую эпоху.

«‎Мы пабачымся зноў праз 25 гадоў». Лінч выпусціў працяг

твін пікс, серыял дэвіда лінча, хто забіў лору палмер, дэйл купер
Лора Палмер: «‎Мы пабачымся зноў праз 25 гадоў».

Праз 25 гадоў з моманту падзей арыгінальнага серыяла выйшаў працяг. У арыгінальным серыяле Лора Палмер сказала ў чырвоным пакоі прароцкую фразу: «‎Мы пабачымся зноў праз 25 гадоў».

У працягу серыял становіцца яшчэ больш сюррэалістычным, павольным і філасофскім. Дэйл Купер пасля падзей другога сезона застаецца ў Чорным вігваме, а ў нашым свеце яго месца займае «‎злы Купер» (яго апанаваў Боб, і ён стаў амаль дэманам). Калі Купер урэшце вызваляецца, то не адразу становіцца сабой.

У серыяле расказваецца пра стварэнне Боба: ядзерны выбух у 1945 годзе нібыта вызваліў зло ў наш свет. Гэту серыю (8-ы эпізод, 3 сезон) называюць смелай і незвычайнай у гісторыі тэлебачання.

Трэці сезон адкрывае новыя тэмы: серыял спрачаецца з самім паняццем часу. У апошніх серыях Купер спрабуе вярнуцца назад у мінулае, каб змяніць лёс Лоры Палмер. Гэта прыводзіць да таго, што рэальнасць змяняецца, і ў ёй не ўсё так, як павінна быць.

* * *

«‎Твін Пікс» — гэта не галаваломка з адным рашэннем, а люстэрка, у якое кожны глядзіць і бачыць штосьці сваё. Гэты серыял не пра забойства Лоры Палмер, а пра траўму, якая ідзе ўглыб пакаленняў.

Вярнуцца ўгару