Шэсць руканняў. Як свет аказаўся звязаным

тэорыя шасці руканняў, сацыялогія, людзі

Ці праўда, што людзі з усёй планеты звязаныя паміж сабой? А ці праўдзівая тэорыя, што праз шэсць руканняў можна аказацца знаёмым з любым чалавекам?

PALATNO расказвае, як усе ў свеце аказаліся звязанымі.

Тэорыя пра шэсць руканняў — хто яе прыдумаў?

Тэорыя пра шэсць руканняў сцвярджае, што любыя два чалавекі на планеце звязаны паміж сабой пра ланцужок знаёмых, які складаецца з максімум шасці людзей. Іншымі словамі, паміж вамі і любым чалавекам на Зямлі ўсяго шэсць прамежкавых знаёмых. Такая канцэпцыя паказвае, як наш вялікі свет становіцца маленькім дзякуючы сацыяльным сувязям.

Але як гэта тэорыя нарадзілася? Упершыню яе апісаў у 1929 годзе ў апавяданні «Ланцужок» (венг. — Láncszemek) венгерскі пісьменнік Фрыд’еш Карынці. Карынці выказаў здагадку, што колькасць людзей павялічваецца і расце колькасць сувязяў паміж імі. Гэтаму не перашкаджае нават вялікая фізічная адлегласць, бо шчыльнасць сацыяльных кантактаў робіць дыстанцыю паміж людзьмі значна меншай.

У 1967 годзе амерыканскі сацыёлаг Стэнлі Мілгрэм правёў эксперымент, які пацвердзіў тэорыю Карынці. Ён папрасіў выпадковых людзей з двух амерыканскіх гарадоў — Амаха і Вічыта — перадаць ліст чалавеку ў Бостане праз ланцужок знаёмых. Мілгрэм заявіў, што ў сярэднім чалавек быў звязаны з іншым праз шасцярых людзей, адсюль і з’явілася гэта тэорыя шасці руканняў.

Цікава, што не ўсе людзі ў эксперыменце дамагліся мэты. Частка лістоў «захрасла» ў працэсе — некаторыя проста пераставалі перадаваць ліст далей. Эксперымент Мілгрэма крытыкавалі, бо ён быў праведзены ў ЗША, у абмежаваным геаграфічным і сацыяльным кантэксце, а значыць, вынікі могуць не адлюстроўваць глабальнай рэальнасці.

У 1990-я ідэю шасці руканняў падтрымалі матэматыкі. Так з’явіўся феномен «малога свету».

Феномен «малога свету»
Феномен «малога свету» з’яўляецца канцэпцыяй, якая апісвае, як вялікія і складаныя сеткі (сацыяльныя, тэхналагічная або іншыя) складаюцца з элементаў, паміж якімі існуе адносна невялікая колькасць сувязяў. У кантэксце тэорыі пра шэсць руканняў гэта азначае, што любая пара людзей на планеце звязана праз кароткі ланцужок знаёмых. Аднак у любым ланцужку ёсць абавязковыя «вузлы» — элементы, што будуць мець большую колькасць сувязяў (палітыкі ці знакамітасці).

А чаму свет увогуле стаў такім звязаным?

Наш свет складаецца з мноства лакальных груп людзей (сям’і, сяброў, калег), якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Некаторыя людзі звязаны з іншымі культурамі і рэгіёнамі, што дапамагае злучаць розныя часткі свету.

З’яўленне інтэрнэту, сацыяльных сетак і платформ для камунікацыі яшчэ больш скараціла адлегласць паміж людзьмі. Напрыклад, сёння можна напрамкі звязацца з амаль любым чалавекам праз Instagram ці X.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Тлумачым дранікамі тэорыю струн, квантавую заблытанасць і тэорыю адноснасці

 

Што агульнага паміж каменнымі статуямі выспы Пасхі, эмодзі і Клімавічамі?

 

Фразы, якія дапамогуць вам культурна сварыцца па-беларуску


У 2016 годзе Facebook правёў аналіз карыстальнікаў. Высветлілася, што ў сярэднім паміж двума людзьмі на гэтай платформе існуе сувязь толькі праз 3,57 руканняў. Тую ж канцэпцыю выкарыстоўвае і LinkedIn: карыстальнікі часта могуць убачыць, што яны звязаны з патрэбным яму чалавекам праз 2-3 прамежкавых. Падобныя даследаванні праводзіліся і на іншых платформах, якія таксама пацвердзілі, што з развіццём тэхналогій свет становіцца ўсё больш звязаным.

У тэорыі шасці руканняў ёсць абмежаванні. Напрыклад, яна зусім не пацвярджае, што доступ да патрэбнага вам чалавека будзе простым. А моўныя, палітычныя і культурныя бар’еры могуць перашкаджаць утварэнню рэальных сувязяў. У рэгіёнах з абмежаваным доступам да інтэрнэту і тэхналогій колькасць сувязяў можа быць значна меншай.

Вярнуцца ўгару