Пад канец чэрвеня 2023 года адну з аршанскіх школ перайменавалі ў гонар Героя СССР Барыса Хігрына. Гэта не першае перайменаванне школ у Віцебскай вобласці ў гонар савецкіх герояў. Ідэйным натхняльнікам такога нэймінгу стаў віцебскі дэпутат Уладзімір Цярэнцьеў. Ён абгрунтоўвае гэта патрэбай замацоўваць сувязі паміж краінамі былога Савецкага Саюза і запэўнівае, што ўсё толькі пачынаецца.
PALATNO расказвае пра Уладзіміра Цярэнцьева і павальнае перайменаванне школ Віцебшчыны ў гонар савецкіх вайскоўцаў.
Змест
«Мы ўжо перайменавалі больш за сто школ»
28 чэрвеня 2023 года падчас цырымоніі прысваення аршанскай школе № 2 імя Героя СССР Барыса Хігрына дэпутат Уладзімір Цярэнцьеў падкрэсліў, што перайменаванне стала важнай падзеяй для розных груп насельніцтва. Паводле яго, такім чынам моладзь будзе браць прыклад з герояў вайны.
Уладзімір Цярэнцьеў нарадзіўся ў 1969 годзе ў Смаленску. Скончыў тры вышэйшыя навучальныя ўстановы: Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання. Працаваў у школах, у ЛКСМБ, а пасля распаду Савецкага саюза ўзначаліў Віцебскі гаркам БПСМ (пазней ён будзе перайменаваны ў вядомы ўсім БРСМ). Трапіў на працу ва ўпраўленне ідэалагічнай работы Віцебскага аблвыканкама, затым атрымаў прызначэнне ў гарадскія адміністрацыі Віцебска. У 2010-х займае кіраўнічыя пасады ва ўпраўленні культуры Віцебскага аблвыканкама, а пасля становіцца намеснікам старшыні аблвыканкама. У 2016 годзе Цярэнцьева абралі старшынёй Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў. Ён дагэтуль займае гэтую пасаду.
Цярэнцьеў адзначыў, што праца па прысваенні навучальным установам імёнаў савецкіх вайскоўцаў ідзе апошнія чатыры гады.
— Больш за сто школ Віцебшчыны носяць імёны герояў, і праца будзе працягвацца. Як паказваюць дзясяткі прыкладаў па нашай вобласці, гэта дазваляе замацоўваць сувязі з рэгіёнамі, найперш, Расійскай Федэрацыі, Казахстана і іншых рэспублік Савецкага Саюза.
Замежнікі, якіх звязвае з Беларуссю смерць
У парадыгме чыноўніка Цярэнцьева прысваенне школам імёнаў герояў вайны мае гуртаваць народы былога Савецкага Саюза. Аднак большасць замежнікаў, у гонар якіх называюць школы, паходзіць з тэрыторыі цяперашняй Расіі. Толькі адзінкі нарадзіліся па-за межамі былой РСФСР.
Расійскія героі, чыімі імёнамі называюцца беларускія школы, амаль ніяк не звязаны з Беларуссю. Адзіная сувязь — вайна і смерць на тэрыторыі Беларусі. Некаторыя ўвогуле былі военачальнікамі і толькі камандавалі войскамі падчас Другой сусветнай у БССР.
Называць школы ў гонар рускіх у Беларусі пачалі яшчэ ў перыяд БССР. Адной з першых стала лепельская школа № 2 (цяпер гімназія). Гэта адбылося ажно ў 1960-я гады. Школу тады назвалі ў гонар Івана Ерашова. Ерашоў нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу, падчас Другой сусветнай быў лётчыкам. Удзельнічаў у буйных аперацыях, быў паранены, трапляў у палон, памёр у 1948 годзе.
Браслаўская школа носіць імя Аляксея Жданава. Жданаў нарадзіўся ў 1917 годзе ў Белгарадскай вобласці, а ў 1944 годзе загінуў каля Браслава падчас наступальнай аперацыі.
Школа ў Копцях названая ў гонар Георгія Грыгор’ева. Ён таксама нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Расіі і загінуў у Віцебскім раёне падчас разведвальнай аперацыі.
Школа ў пасёлку Арэхаўскі атрымала імя Юрыя Смірнова. Смірноў нарадзіўся ў вёсцы на тэрыторыі сучаснай Іванаўскай вобласці Расіі. Загінуў ва ўзросце 18 гадоў — падчас дэсантнай аперацыі пад Оршай яго захапілі ў палон і закатавалі нацысты. Дарэчы, у Арэхаўскім таксама ўсталяваны помнік Смірнову. У гонар гэтага байца названая школа яшчэ і ў Дуброўне.
У вёсцы Мішневічы ў Шумілінскім раёне мясцовай школе далі імя Аляксандра Расказава. Расказаў нарадзіўся ва Уладзімірскай вобласці Расіі, а загінуў ў 1944 годзе на Шуміліншчыне.
У Шуміліне школа атрымала імя Анатолія Дубасарскага. Дубасарскі загінуў у 1944 годзе, але яго астанкі знайшлі толькі праз 20 гадоў. У мясцовым музеі ёсць экспазіцыя з яго пасведчаннем і часткай шкла ад самалёта.
У Оршы школа названая ў гонар Івана Флёрава. Флёраў нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Расіі. Вядомы тым, што быў камандзірам першай у савецкай арміі батарэі рэактыўнай артылерыі. Загінуў на Смаленшчыне.
У Новалукомлі адна са школ стала насіць імя Фёдара Азміцеля, ураджэнца сучаснага Казахстана. Азміцель працаваў у НКВД, падчас вайны ўзначальваў партызанскія атрады на Віцебшчыне і Смаленшчыне. У 1944 годзе ў Барысаўскім раёне падарваў сябе звязкай гранат, калі быў акружаны.
У вёсцы Павяцце на Мёршчыне школе далі імя Віктара Бабічава. Бабічаў нарадзіўся ва Уладзімірскай вобласці. Атрымаў званне Героя СССР за бітву на Мёршчыне — там яго цяжка паранілі, але ён выжыў, здолеў забіць некалькіх нацыстаў і знішчаць тэхніку праціўніка.
Школе ў Бешанковіцкім раёне прысвоілі імя Мірзы Гелавані. Грузінскага паэта прызвалі ў армію ў 1939 годзе. Ён удзельнічаў у вызваленні Беларусі, загінуў падчас аперацыі на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна.
Школе ў Наваполацку прысвоілі імя Яўгеніі Трапезнікавай. Яна нарадзілася ў 1930 годзе ў Херсоне. У 1963 годзе перабралася ў Наваполацк, а ў 1969 годзе стварыла атрад «Чырвоных следапытаў», затым — вайскова-патрыятычны клуб разведчыкаў вайсковай славы.
Яшчэ адно цікавае імя — Якаў Кульнеў. Яго іменем названая дзіцячы сад-базавая школа ў Сакалішчы на Расоншчыне. Кульнеў нарадзіўся ў 1763 годзе ў Люцыне (цяпер Лудза, Латвія). Ён быў расійскім палкаводцам, героем Айчыннай вайны 1812 года. Удзельнічаў у турэцка-рускай вайне, вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 года, падаўляў паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, руска-шведскай вайне. Загінуў у бітве пры Клясціцах.
Віцебскія генералы
Сярод гарадоў рэгіёна ў Віцебску як у абласным цэнтры знаходзіцца самая вялікая колькасць школ. У школьнай «геройскай» тапаніміцы ёсць такая цікавостка: частка віцебскіх школ названая ў гонар савецкіх генералаў. Іх адзіная сувязь з Беларуссю — яны камандавалі войскамі на гэтай тэрыторыі падчас Другой сусветнай.
Адной са школ далі імя Афанасія Белабародава. Белабародаў нарадзіўся ў Іркуцкай вобласці. Падчас Другой сусветнай ваяваў супраць нацысцкіх войск, камандаваў арміяй у «Баграціёне», штурмаваў Кёнігсберг, пад канец вайны яго накіравалі на ўсход. Пад яго кіраўніцтвам савецкія войскі ўзялі кітайскі Харбін.
Яшчэ адна віцебская школа названая ў гонар Васіля Маргелава. Ён удзельнічаў ва ўварванні ў Польшчу ў 1939 годзе, руска-фінскай вайне, Другой сусветнай і ва ўварванні ў Чэхаславакію. Атрымаў званне Героя Савецкага Саюза за вызваленне Херсона ад нацыстаў. Пасля Другой сусветнай вайны камандаваў паветрана-дэсантнымі войскамі, пад яго кіраўніцтвам ПДВ уварваліся на тэрыторыю Чэхаславакіі.
Сярэдняя школа № 33 у Віцебску носіць імя Івана Чарняхоўскага. Чарняхоўскі нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Украіны. У пачатку Другой сусветнай камандаваў танкавай дывізіяй, а праз год пасля пачатку вайны атрымаў званне генерал-маёра (ён стаў самым маладым з генералаў у СССР). У 1944 годзе ўжо камандаваў войскамі 3-га Беларускага фронту. Загінуў у 1945 годзе ў Польшчы падчас інспекцыі тылавых частак арміі.
Яшчэ адной віцебскай школе прысвоілі імя Івана Баграмяна. Нарадзіўся на тэрыторыі сучаснага Азербайджана. Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне, армянска-турэцкай вайне 1918 года і Грамадзянскай вайне ў Расіі. Падчас Другой сусветнай камандаваў 1-м Прыбалтыйскім і 3-й Беларускім франтамі. Маршал Савецкага Саюза.
Ураджэнцы Беларусі таксама ўшанаваны
Школы на Віцебшчыне імкнуцца захаваць імёны і славутых ураджэнцаў, але яны часцей за ўсё так ці іначай звязаны з мілітарызмам.
Раман Мацяюн нарадзіўся на Глыбоччыне пасля Другой сусветнай вайны. Яго прызвалі ў войска ў Афганістан, дзе ён і загінуў праз два месяцы. Яго імя далі Каробкаўскай школе ў Глыбоцкім раёне.
У Суражы школа атрымала імя Міная Шмырова. Партызанскі псеўданім Шмырова вядомы многім — Бацька Мінай. Дзякуючы ў тым ліку брыгадзе Шмырова былі створаныя Віцебскія вароты.
Школе ў Талачынскім раёне надалі імя Пятра Галецкага. Галецкі быў партызанам, загінуў у 1942 годзе — кінуўся з мінай на чыгунку, каб падарваць цягнік.
Адну з шумілінскіх школ назвалі ў гонар Пятра Акуцыёнка. Акуцыёнак нарадзіўся на Шуміліншчыне, удзельнічаў у Другой сусветнай вайне. Загінуў у 1943 годзе ў Гомельскай вобласці.
Школа ў Обалі атрымала імя Зінаіды Партнавой. Дзяўчына нарадзілася ў Санкт-Пецярбургу, але па нацыянальнасці — беларуска. Яе называюць піянерам-героем, яна была падпольшчыцай і партызанкай. Яе расстралялі ў 1944 годзе пасля таго, як яна забіла нямецкіх афіцэраў.
Віцебская школа носіць імя Еўфрасінні Зянковай. Яна нарадзілася на Шуміліншчыне. Удзельнічала ў Другой сусветнай вайне — была ў падполлі, а пасля арышту актывістаў уступіла ў партызанскі атрад.
Школе ў Талачыне прысвоілі імя Марыі Осіпавай. Нарадзілася на Магілёўшчыне, падчас вайны стварыла і ўзначаліла адну з першых падпольных арганізацый у Мінску. Вядомая тым, што была сярод арганізатараў аперацыі па ліквідацыі Вільгельма Кубе.
Полацкія асаблівасці
Як і ў Віцебску, у Полацку ёсць свае асаблівасці нэймінгу школ. Напрыклад, частка навучальных устаноў названая ў гонар ураджэнцаў раёна. Аднак і тут ёсць выключэнні: напрыклад, адна са школ носіць імя рускага пісьменніка Аляксандра Пушкіна.
Яшчэ адной школе надалі імя Уладзіміра Азіна, які нарадзіўся ў вёсцы Мар’янава ў Полацкім уездзе. Азін ваяваў у Першай сусветнай, удзельнічаў у Грамадзянскай вайне ў Расіі. Загінуў у 1920 годзе ў Кубанскай вобласці, абставіны яго смерці дагэтуль невядомыя.
Яшчэ адна школа названа імем Івана Аляксеева — ураджэнца Полацка, вайскоўца, які загінуў падчас Другой сусветнай вайны ў баі за горад Россаш у Варонежскай вобласці.
У Полацкім раёне ёсць школы, якія носяць імёны славутых землякоў. Частка з іх звязана з вайной. Гэта школы імя Дзмітрыя Цябута (ваяваў у Другой сусветнай, затым быў партыйным работнікам у БССР), Таццяны Марыненкі (партызанкі і разведчыцы, расстралянай нацыстамі ў 1942-м), Паўла Купрыянава (удзельніка Грамадзянскай вайны ў Іспаніі, загінуў там жа ў 1936-м).
Толькі вайскоўцы і партызаны?
Не ўсе школы ў Віцебскай вобласці (і ў Беларусі) названыя ў гонар вайскоўцаў, падпольшчыкаў і партызан. Частка з іх ушаноўвае мясцовых выбітных ураджэнцаў. Такія школы атрымалі імёны значна раней, чым гэта стала мэйнстрымам у выкананні дэпутата Цярэнцьева.
У вёсцы Новы Пагост школа носіць імя Генадзя Цітовіча. Ён нарадзіўся ў Новым Пагосце ў 1910 годзе. Цітовіч быў беларускім музыказнаўцам-фалькларыстам, музыкальным этнографам і харавым дырыжорам.
Празароцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа ў Глыбоцкім раёне носіць імя Ігната Буйніцкага. Ігнат Буйніцкі нарадзіўся ў 1861 годзе ў вёсцы Палачаны (цяпер Маладзечанскі раён). Буйніцкі быў акцёрам, рэжысёрам, тэатральным дзеячам. Ён быў заснавальнікам першага прафесійнага нацыянальнага беларускага тэатра.
Школе ў Лёзне прысвоілі імя беларускага пісьменніка Міхася Лынькова. Лынькоў нарадзіўся ў 1899 годзе на Віцебшчыне.
Вялікадолецкая школа ва Ушацкім раёне носіць імя Петруся Броўкі. Броўка нарадзіўся ў вёсцы Пуцілкавічы Барысаўскага павета (цяпер Ушацкі раён).
Адна з аршанскіх школ названая ў гонар Уладзіміра Караткевіча. І гэта не так, як у выпадку з Флёравым, які адзначыўся толькі рэактыўнай артылерыяй у той мясцовасці — Караткевіч нарадзіўся ў Оршы.
У Сянне адна са школ мае імя Заіра Азгура. Беларускі скульптар нарадзіўся ў вёсцы Маўчаны ў Сенненскім павеце. Ён з’яўляецца аўтарам дзясяткаў скульптур і помнікаў у Беларусі і Расіі.
Расонскай школе прысвоілі імя Пятра Машэрава. Машэраў нарадзіўся ў вёсцы Шыркі Сенненскага павета. У 1939-1941 гадах працаваў настаўнікам у расонскай школе, з пачаткам вайны кіраваў падполлем у горадзе, а пасля стаў кіраваць партызанскім атрадам. У 1965 годзе і да смерці ў 1980 годзе быў кіраўніком БССР.
А Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 носіць імя Францыска Скарыны.
***
Даваць імёны ў гонар беларусаў, не звязаных з мілітарызмам, у Беларусі — не традыцыя, а выключэнне. Цяпер для дзяржаўнай ідэалогіі важныя не гістарычныя персоны, мастакі і пісьменнікі, а менавіта вайскоўцы. Галоўнай ідэяй з’яўляецца праслаўленне подзвігаў салдат Вялікай Айчыннай вайны (эпізоду Другой сусветнай). А для Аляксандра Лукашэнкі менавіта вайскоўцы — гэта падмурак улады.
— У нашай краіне абарона Радзімы была і будзе ў руках мужных, моцных духам і адважных людзей. <…> Наша, вайскоўцаў, з вамі задача — абараніць Радзіму, — казаў Лукашэнка.