Якія фільмы і серыялы цікавілі беларусаў у пачатку вясны?

якія серыялы паглядзець

Якімі фільмамі, серыяламі і шоу цікавіліся беларусы напачатку вясны? Сярод шэрагу «патрыятычных» праграм, якія ствараюць расіяне і глядзяць беларусы, прысутнічаюць не толькі заходнія шоу, але і кітайскія кінастужкі.

Паглядзелі, якія фільмы і серыялы гуглілі беларусы напачатку вясны.

Дадзеная падборка не з’яўляецца спісам рэкамендацый ад рэдакцыі, а даследуе інтарэсы беларусаў.

«Скарб імператара» (Расія)

Гэта адзінае шоу ў нашым спісе, якое не з’яўляецца ні фільмам, ні серыялам. «Скарб імператара» — гэта рэаліці-шоу, у якім расійскія зоркі разам са сваімі партнёрамі (сябрамі, калегамі, сваякамі і г.д.) праходзяць розныя выпрабаванні, каб атрымаць… грошы.

У гэтым шоу расійскія зоркі адпраўляюцца ў Кітай, дзе напрацягу месяца выконваюць розныя заданні ад вядоўцаў — імі сталі Міхаіл Галусцян і Вольга Бузава. Сэнс палягае ў тым, што напачатку ўдзельнічаюць трынаццаць пар, а з кожным эпізодам з праекту выбывае па адной пары. Хто дойдзе да фінішу — стане пераможцам.

«Казачок» (Расія)

Серыял знялі пры падтрымцы расійскага Інстытута развіцця інтэрнэту (ІРІ) — арганізацыі, якая ад 2020 года займаецца фінансаваннем стварэння кантэнту для «захавання культурнай ідэнтычнасці і традыцый». Гэтая ж арганізацыя фінансавала вядомы крымінальны серыял «Слова пацана» і яшчэ шэраг расійскіх фільмаў і серыял.

Сюжэт. Расійскага школьніка Сцяпана адпраўляюць на канікулы ў вёску да бабулі. Так яго хочуць пакараць бацькі, каб ён адмовіўся ад сучасных тэхналогій. У вёсцы Сцяпан трапляе ў сітуацыю, у якой ён спрабуе збегчы ад вясковых хлопцаў, але выпадкова падае ў калодзеж. Калі ён выбраўся з калодзежа, то зразумеў, што патрапіў у казацкую станіцу пачатку XVII стагоддзя. Стваральнікі серыялу лічаць, што гэта «важны гістарычны момант расійскай краіны».

Пакуль у «Казачка» выйшла восем серый, ці будзе новы сезон — невядома.

«Задача трох цел» (Кітай)

Серыял з’яўляецца экранізацыяй першай кнігі з трылогіі кітайскага пісьменніка Лю Цысіня. Спробы экранізаваць кнігі Цысіня пачаліся яшчэ ў 2015 годзе, але фільм так і не быў выпушчаны. У 2020 годзе Netflix пад кіраўніцтвам шоуранэраў «Гульні тронаў» Дэвіда Бэн’ёфа і Ды-Бі Уайса пачалі працу над будучым серыялам «Задача трох цел».

Сюжэт. У 2007 годзе эксперт па нанаматэрыялах Ван Мяо пачынае супрацу з дэтэктывам Шы Цянам. Шы Цян займаецца справамі, звязанымі з тэрарызмам, але ён расследуе справу аб дзіўных самазбойствах у навуковай супольнасці. Падчас расследавання навуковец Ван Мяо сутыкаецца з загадкавай арганізацыяй «Рубяжы навукі»: так і дазнаецца праўду пра іншапланетны сувет, тайны самазабойстваў і лёс нашага сусвету.

«Адмірал Кузняцоў» (Расія)

Серыял «Адмірал Кузняцоў» таксама створаны пры падтрымцы ІРІ. Прэм’ера серыяла адбылася ў сярэдзіне сакавіка. Цікава, што серыял ствараўся падчас вядзення Расіяй агрэсіўнай вайны супраць Украіны, у якой расійскі ваенна-марскі флот на пастаяннай аснове трапляе ў навіны: украінцы напрацягу некалькіх гадоў знішчаюць караблі расіян. У «Адмірала Кузняцова» выйшла восем серый.

Сюжэт. Серыял расказвае гісторыю кіраўніка Ваенна-марскога флоту Мікалая Кузняцова, які стаў на яго чале незадоўга да нападу Германіі на СССР. У серыяле паказана, як наркам Кузняцоў змагаецца супраць нацыстаў і нават супраць Вярхоўнай Стаўкі.

А хто такі Мікалай Кузняцоў? Кузняцоў нарадзіўся на Валагодчыне, пасля Першай сусветнай вайны пайшоў служыць на флот. Удзельнічаў у грамадзянскай вайне ў Іспаніі, ваяваў з японцамі ў 1938 годзе падчас баёў ля возера Хасан. У 1939 годзе Кузняцова прызначылі кіраўніком ВМФ — ён быў самым маладым наркамам у савецкай гісторыі. Калі вы запытаеце, чаму так здарылася, то адказ будзе простым — з-за сталінскіх рэпрэсій напрыканцы 1930-х гадоў. Пасля вайны трапіў у няміласць да Сталіна: у 1948 годзе яго разам з яшчэ некалькімі адміраламі ўвогуле судзілі за тое, што падчас вайны яны перадалі сакрэтныя дадзеныя Вялікабрытаніі і ЗША. Аднак з-за заслугі падчас Другой сусветнай Кузняцова проста перавялі на ніжэйшую пасаду. Пасля смерці Сталіна Кузняцова аднавілі ў званні, але таго быў канфлікт з Георгіям Жукавым — з-за гэтага адмірала адправілі ў адстаўку.

«Джэнтльмены» (Вялікабрытанія)

Серыял «Джэнтльмены» з’яўляецца спін-офам да аднайменнага фільма Гая Рычы. Сам Гай Рычы быў займаўся прадзюсаваннем тэлешоу, стаў сааўтарам сцэнарыя першай серыі і рэжысёрам некалькіх серый. Прэм’ера адбылася напачатку сакавіка на Netflix.

Сюжэт. Згодна з сюжэтам вайсковец Эдзі Хорніман, які служыў у частцы міратворчых сіл ААН, вяртаецца дадому ў Англію. У Англіі ён развітваецца з паміраючым бацькам, а пасля яго смерці становіцца спадкаемцам тытулу герцага Холстэдскага. Разам з тытулам яму дастаецца радавы маёнтак, які наркамафія выкарыстоўвае як прыкрыццё.

Вярнуцца ўгару