Now Reading
«Славянскі базар» супраць «Тутакі». У чым розніца паміж беларускімі фестывалямі

«Славянскі базар» супраць «Тутакі». У чым розніца паміж беларускімі фестывалямі

Tutaka, Тутака, Дай Дарогу!, Юрый Стыльскі

Штогод у Віцебску праходзіць «Славянскі базар». PALATNO расказвае, як міжнародны фестываль мастацтваў з кожным годам усё больш пераўтвараецца ў палітычнае праўладнае мерапрыемства і як выглядае беларускі фестываль Tutaka, які праводзіцца пад Беластокам.

Чаму менавіта Віцебск?

У савецкія часы Віцебск быў горадам-пабрацімам польскай Зялёнай Гуры, дзе з 1960-х гадоў рэгулярна праходзілі фестывалі савецкай песні. Іх выконвалі польскія артысты на рускай мове. Выступалі на канцэрце ў Зялёнай Гуры таксама Ала Пугачова і Муслім Магамаеў.

У 1987 годзе ўлады СССР і Польскай Народнай Рэспублікі дамовіліся стварыць «люстэркавае» мерапрыемства — Усесаюзны фестываль-конкурс польскай песні. Менавіта да яго ўсяго за восем месяцаў у Віцебску пабудавалі Летні амфітэатр, у якім зараз ладзіцца «Славянскі базар». Дырэктарам фестывалю быў Радзівон Бас.

Славянскі базар, Славянка
Фота: vitvesti.by

Першы Усесаюзны фестываль польскай песні адбыўся ў 1988 годзе. Па словах дырыжора Міхаіла Фінберга, на яго прыехала шмат гасцей з Польшчы, а лідар СССР Міхаіл Гарбачоў і кіраўнік Польскай Народнай Рэспублікі Войцех Ярузельскі даслалі віншаванні. На фестывалі працавалі больш за 140 журналістаў з абедзвюх краін, трансляцыю з яго вяло Усесаюзнае тэлебачанне. На канцэрце выступалі савецкія і польскія зоркі: Андрэй Макарэвіч, Леў Лешчанка, Аляксандр Барыкін, Марыля Радовіч, Збігнеў Вадэцкі і іншыя.

Сваю кар’еру тады распачала Іна Афанасьева. Яна выканала песню Алекса Малішэўскага «Mamy po 20 lat».

Другі фестываль польскай песні ў Віцебску прайшоў у 1990 годзе. У ім удзельнічалі Жэня Белавусаў, Ігар Талькоў, Ігар Карнялюк, групы «Фрыстайл», «Камбінацыя», «На-На» і «Брава».

У што ў 1990-х пераўтварыўся фестываль польскай песні

Наступны фестываль у Віцебску адбыўся ў 1992 годзе, але ў іншым фармаце і пад назвай «Славянскі базар». Ён сабраў прадстаўнікоў васьмі краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Грузіі, ЗША, Канады і Аўстраліі.

У 1993 годзе фестываль стаў членам Міжнароднай федэрацыі арганізатараў фестываляў (FIDOF). У гэтым жа годзе на флагштоках упершыню залуналі сцягі Славакіі, Кыргызстана, Літвы, Турцыі, Балгарыі і Югаславіі.

З 1995 года фестываль праходзіў пад асабістым патранатам Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта тады «Славянскі базар» атрымаў афіцыйную назву «Міжнародны фестываль мастацтваў».

Першыя шэсць фестываляў ладзіліся з мінімальнай дзяржаўнай падтрымкай. А ўжо ў 2010 годзе «Славянскі базар» абышоўся арганізатарам у тры мільёны долараў, два з якіх паступілі ад продажу квіткоў, а яшчэ адзін — з бюджэту Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Дзяржаўнае фінансаванне працягваецца і дагэтуль.

У тым жа годзе на турнікетах на ўваходзе ў фестывальны цэнтр у людзей забіралі не толькі напоі, але і нават станкі для галення. Таксама правяралі запісы ў нататніках, а ў крамах абмяжоўвалі продаж «небяспечных» прадуктаў.

Акрамя таго, на працягу многіх гадоў арганізатары «Славянскага базару» запрашалі выступаць на ім пераможцаў «Еўрабачання», якое праходзіць у маі. Але ў 2014 годзе новы дырэктар «Славянскага базару» Аляксандр Сідарэнка не дазволіў запрасіць аўстрыйца Тома Нойвірта, вядомага пад сцэнічным псеўданімам Канчыта Вурст. Яшчэ да фіналу конкурсу ў праграме Віцебскага фестывалю быў заяўлены пераможца «Еўрабачання» ў якасці ганаровага госця, але пасля фіналу гэты радок выкраслілі з усіх прэс-рэлізаў. Затое на канцэрце выступілі Кіркораў, Міхайлаў, Кадышава, «Любэ», а таксама «Верасы», «Сябры» і «Песняры».

— Калі гаворка ідзе пра Канчыту Вурст, не буду ўтойваць, мы нават не вялі перамовы з менеджарам артыста. Мы настолькі розныя, што пытанняў пра адсутнасць Канчыты Вурст на фестывалі нават не павінна ўзнікаць, — сказаў Сідарэнка.

У 2015 годзе Зінаіда Бандарэнка, якая была вядучай на фестывалі польскай песні ў Віцебску, адзначыла, што на «Славянскім базары» стала менш беларускай мовы.

— Цяпер «Славянскі базар» стаў больш палітычным, а на фестывалі польскай песні палітычны момант не быў прыкметны. Хацелася проста працаваць — прыгожа, па-беларуску і несці пэўную ідэю.

У 2020 годзе, нягледзячы на пандэмію каронавіруса, «Славянскі базар» усё-такі адбыўся. Гасцямі фестывалю сталі Лаліта, Алег Газманаў, Аляксандр Рыбак, Вахтанг Кікабідзэ, Томас Андэрс і іншыя.

У тым жа годзе тэлевядучаму Дзянісу Дудзінскаму і яго жонцы Кацярыне Раецкай забаранілі весці фестываль. Дзяніс быў вядучым конкурсу ўжо 14 гадоў, Кацярына — 4 гады. Прычыны рашэння не агучваліся. За два тыдні да гэтага Дудзінскі падтрымаў людзей, якія стаялі ў чарзе ў краму symbal.by, і асудзіў дзеянні супрацоўнікаў АМАП.

Славянскі базар, Славянка, Кацярына Раецкая, Дзяніс Дудзінскі
Фота: Аляксандр Трушчанка, Катерина Раецкая / Facebook

У 2021 годзе для таго, каб канцэртныя пляцоўкі фестывалю выглядалі запоўненымі, на прадпрыемствах і ў дзяржаўных прафсаюзах работнікам прапаноўвалі аплаціць палову кошту білетаў — а дзесьці нават выдавалі іх бясплатна.

У 2022 віцебская міліцыя спецыяльна для наведвальнікаў «Славянскага базару» пераапранулася ў роставых лялек, надзела савецкую форму і прывяла коней. Як патлумачылі ў прэс-службе МУС, на кожнай лакацыі гасцей сустракалі супрацоўнікі ў форме розных эпох, таму што той год быў аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. Якой менавіта эпосе належаць роставыя лялькі ў выглядзе звяроў у міліцэйскай форме, прэс-служба МУС не ўдакладніла.

На канцэрты «Славянскага базару» ў 2023 годзе рэалізавалі больш за 35 тысяч білетаў. У сакавіку Лукашэнка падпісаў распараджэнне, згодна з якім уводзіцца бязвізавы рэжым для грамадзян 73 краін, якія набудуць білеты на мерапрыемствы.

Таксама вядома, што на «Славянскім базары» манашкі са Свята-Елісавецінскага манастыра пабіліся з музыкамі-барабаншчыкамі. Прычынай канфлікту стала тое, што музыкі засланялі крамы для продажу царкоўнага начыння. Гэты манастыр вядомы сваёй падтрымкай расійскіх вайскоўцаў ва Украіне.

А як за мяжой ладзяць фестывалі для беларусаў

«Тутака» — гэта музычны фэст, майстар-класы, дыскусіі, кінапаказы, спартовыя і тэатральныя мерапрыемствы і проста ўсебеларускі пікнік у разгар лета ў маляўнічым лесе побач з возерам. Шанец паглядзець, што сёння прэзентуе незалежная беларуская культура, а таксама файна адпачыць і зарадзіць адно аднаго пазітыўнай энергіяй і аптымізмам, як пішуць на сайце фестывалю.

Фестываль праводзяць з 2021 года ва ўрочышчы Борык ля Гарадка на Беласточчыне пры мяжы з Беларуссю — там, дзе на працягу трыццаці год сустракаліся беларусы на фэсце «Басовішча».

Кожны год «Тутака» прапаноўвае ўдзельнікам усебеларускі пікнік, музычны і тэатральны фестывалі, майстар-класы, чытанні, гульні, заняткі для ўсёй сям’і, бізнес-канферэнцыі, кірмашы, выставы беларускіх ініцыятыў і вольныя пляцоўкі для тых, хто жадае паказаць сябе.

Тутака, Tutaka, Кацярына Ваданосава, Святлана Ціханоўская
Кацярына Ваданосава і Святлана Ціханоўская. Фота: Kaciaryna Vadanosava / Facebook

Сёлета на фестывалі сабралася мноства беларусаў з розных кутоў свету. У прыемнай і сяброўскай атмасферы, без ахоўнікаў, можна было пагаварыць і сфатаграфавацца з такімі беларускімі зоркамі, як Маргарыта Ляўчук, Крысціна Дробыш, Маляваныч, Андрэй Саўчанка, Кацярына Ваданосава і іншымі.

Адной з галоўных падзей фестывалю была сустрэча са Святланай Ціханоўскай. Кожны жадаючы змог задаць пытанне лідарцы беларускіх дэмакратычных сілаў і проста паразмаўляць у нефармальнай абстаноўцы.

Падчас фестывалю можна было наведаць розныя майстар-класы: напрыклад, па гісторыі батлейкі, па распісванні драўляных домікаў, тэатральны майстар-клас, а таксама лекцыі пра беларускі бізнес у эміграцыі ці пра традыцыйны строй ад Кацярыны Ваданосавай, прэзентацыі і шмат іншых мерапрыемстваў.

Tutaka, Тутака, Дай Дарогу!, Юрый Стыльскі
Гурт «Дай Дарогу!». Фота: Радыё Рацыя

На канцэртах зайгралі такія беларускія гурты, як «Дай Дарогу!», «NOCHY», «Botanic Project», «Dzieciuki» і іншыя.

Вярнуцца ўгару