Now Reading
Беларуская кухня: слодычы

Беларуская кухня: слодычы

Беларуская кухня, беларускія слодычы

PALATNO расказвае, якія беларускія слодычы можна прыгатаваць самому: і гэта будзе вельмі смачна.

Кулага беларуская

  • Ягады (свежыя ці замарожаныя) – да 1 шклянкі.
  • Вада – 1 шклянка (200 мл).
  • Мука – 1,5 сталовай лыжкі.
  • Цукар ці мёд – па гусце.

Кулага – старадаўні дэсерт, які нагадвае кісель. Кулага па-беларуску гатуецца практычна з любых свежых ці замарожаных ягад. Спачатку трэба размяшаць порцыю мукі прыкладна ў 50 мл. вады. У астатняй вадзе зварыць перабраныя і прамытыя свежыя (ці замарожаныя) ягады – каля пяці хвілін на сярэднім агні. Затым зменшыць агонь, заліць ваду з мукой і змяшаць: усё варыць да загусцення. У канцы дадаць цукар ці мёд.

Печаныя яблыкі з брусніцамі

  • Яблыкі – 540 г.
  • Цукар – 120 г.
  • Брусніца – 130 г.
  • Цукровая пудра – 20 г.

Выразаць з яблыка костачкі, а ў заглыбленне, якое ўтварылася пасля выдалення костачак, дадаць брусніцы ў цукры. Яблыкі запекчы ў духоўцы. Пры падачы пасыпаць цукровай пудрай.

Дранікі з бруснічным сіропам

  • Бульба – 5-6 штук.
  • Мука – 1 сталовая лыжка.
  • Алей – 1 сталовая лыжка.
  • Соль, сода.
  • Для сіропу: брусніца – 50 г., цукар – 50 г., вада.

Змяшаць сырую цёртую бульбу з пшанічнай мукой, соллю, содай. Выпекчы з бульбяной сумесі аладкі. Падаваць з бруснічным сіропам.

Смятаннік з курагой

  • Яйкі – 2-3 шт.
  • Цукар – 1 шклянка.
  • Смятана – 1 шклянка.
  • Мука – 1,5 шклянкі.
  • Курага – 1 шклянка.
  • Лімон – 1 шт.
  • Сода.
  • Для алейнага крэму: масла сметанковае – 125 г., малако згушчанае з цукрам – 0,25 банкі, лікёр – 1-2 сталовыя лыжкі.

Нарэзаць курагу невялічкамі кавалачкамі. Узбіць яйкі з цукрам, дадаць смятану і замяшаць да поўнага растварэння цукру. Затым дадаць соду, цэдру, курагу – усё перамяшаць. Цеста заліць у форму, загадзя памазаць форму маслам і пасыпаць сухарамі. Ахалоджаны торт пакрыць алейным крэмам, упрыгожыць курагой і цэдрай.

Чарнасліў у малацэ

  • Малако – 1 шклянка.
  • Ягады чарнасліву – 10 шт.
  • Цукар – 1 сталовая лыжка.

Чарнасліў прамыць, заліць гарачым малаком і пакінуць у ім на гадзіну. Затым засыпаць цукар, змяшаць і паставіць у духоўку. У духоўцы трымаць пры невысокай тэмпературы пакуль на малацэ не з’явіцца румяная пенка.

Вярнуцца ўгару