Вы чытаеце:
Адроддзя, выбледак і збрадзеці. Як беларусы называюць членаў сям’і ў розных кутах краіны

Адроддзя, выбледак і збрадзеці. Як беларусы называюць членаў сям’і ў розных кутах краіны

дыялекты беларусі, якія дыялектныя словы ёсць у беларусі

Як называлі пазашлюбнае дзіця ў розных кутках Беларусі раней? А продкаў называлі дзядамі ці неяк інакш?

PALATNO пагартала лексічны атлас беларускіх народных гаворак, які ўтрымлівае сотні беларускіх слоў і выявіла, што ў многіх рэгіёнах Беларусі аднолькавыя па сэнсе словы моцна адрозніваюцца. Расказваем пра восем слоў з розных беларускіх рэгіёнаў пра сям’ю.

Пазашлюбнае дзіця

Пазашлюбных дзяцей на захадзе і поўдні беларускіх зямель нашы продкі называлі байструкамі.

На тэрыторыі сучасных Магілёўскай, Віцебскай абласцей і паўднёвай часткі Міншчыны пазашлюбных дзяцей называлі крапіўнікамі. А яшчэ на Віцебшчыне і Міншчыне распаўсюджанымі назвамі былі бансюк, багдан, бэнсь і банкарт.

На тэрыторыі Віцебскай вобласці, амаль на межах з Расіяй, было распаўсюджанае слова выбледак.

На Гомельшчыне яшчэ былі назвы бенок і баркан.

А побач з Магілёвам пазашлюбных дзяцей звалі і бязбацькавічамі.

Радня

Амаль па ўсёй тэрыторыі радню так і называлі радня. Аднак ёсць кропкавыя адрозненні.

Каля Гродна, Брэста, Гомеля сустракаецца назва свае. Гэтая назва дамінавала на тэрыторыі Мёршчыны, Шаркаўшчыны і на частках Глыбоччыны і Полаччыны.

А яшчэ была назва крэўныя. Так называлі радню кропкава на заходне-паўночнай частцы Міншчыны — там жа сустракаюцца і кропкавыя назвы свае.

Айчым

Асноўнымі адрозненнямі па назве можна раздзяліць на Заходнюю і Усходнюю Беларусь па Мінску. У Заходняй частцы краіны айчымаў так і называлі — айчымамі. А ва Усходняй — отчымамі.

На Палессі была свая назва — атчым.

На Расоншчыне айчымаў называлі войчымамі.

Пасынак

Пасынкаў так і называлі — пасынкамі. На ўсходзе Магілёўскай і Гомельскай абласцей — амаль на мяжы з Расіяй — выкарыстоўвалі назву несын.

На самым захадзе Беларусі былі словы пасерб.

На тэрыторыі Драгічынскага і Кобрынскага раёнаў сустракалася і назва сыновец.

Падчарка

Назва падчарка сустракаецца ва Усходняй Беларусі.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі быў шэраг назваў, якія азначалі падчарку. У асноўным дамінавала слова падчарыца.

На Палессі — панчэрыца, пасэрба, падчарка, пасярбіца, дочанка.

Стрыечныя браты і сёстры

Дваюраднымі і дваюроднымі называлі кузэнаў на тэрыторыі Усходняй Беларусі. Першая дамінавала на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. Другая — на Палессі.

Кропкава назва дваюрадныя з’яўлялася на тэрыторыі Гродзеншчыны, але там, як і на Брэстчыне, у асноўным выкарыстоўвалі — стрыечныя браты ці сёстры.

У Заходняй Беларусі была і назва збрадзеці. Яна была шырокараспаўсюджанай на Шаркаўшчыне і Глыбоччыне.

Продкі

А як жа называлі продкаў нашы продкі? Амаль па ўсёй тэрыторыі — дзяды.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі была назва прадзяды.

Прэдкамі называлі на Палессі і Магілёўшчыне. Назва продкі была распаўсюджана на Міншчыне.

А яшчэ былі радзіцелі — так называлі продкаў на межах Віцебскай і Магілёўскай абласцей з Расіяй.

Нашчадкі

Вядомае нам слова нашчадкі раней выкарыстоўвалі на Гродзеншчыне.

У асноўным дамінавала слова патомства і патомкі.

Слова пакаленне выкарыстоўвалі ля Брэста, Гомеля і Гродна.

На Міншчыне выкарыстоўвалі словы наследнікі і наследства.

У сённяшнім Маларыцкім раёне выкарыстоўвалі слова праўнукі.

На тэрыторыі Полаччыны і Ушаччыны выкарыстоўвалі слова адроддзя.

Вярнуцца ўгару