Ні адна мова свету не існуе без запазычанняў. Беларуская — у тым ліку. PALATNO расказвае, якія словы і з якіх краін прыйшлі ў беларускую мову, а таксама падказвае спіс сэрвісаў, дзе вы можаце праверыць правапіс і даведацца шмат іншага пра беларускую мову.
Германізмы
Германізмы трапілі ў беларускую мову дзякуючы гандлёвым сувязям паўночнай Беларусі з Германіяй. Пападанню нямецкіх слоў у беларускую мову паспрыяла польская мова: менавіта праз яе на тэрыторыю сучаснай Беларусі траплялі пераўтвораныя нямецкія словы.
- Абцас (der Absatz);
- Гандаль (der Handel);
- Жарт (der Scherz);
- Фарба (die Farbe).
Паланізмы
Паланізмы пачалі пранікаць у беларускую мову ў XIV стагоддзі. Гэта лёгка тлумачыцца шчыльнымі сувязямі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, а пасля — утварэннем адзінай дзяржавы, Рэчы Паспалітай. Актыўнае прасоўванне польскіх слоў доўжылася да пачатку Другой сусветнай вайны.
У беларускай мове можна сустрэць словы з польскамоўнымі спалучэннямі:
- -ен,-эн, -ён, -он, -ан (ę, ą): парэнчы, маёнтак;
- -дл: страшыдла;
- -лу: паміж зычнымі: слуп, тлусты.
Украінізмы
Марозіва, напрыклад, прыйшло ў сучасную беларускую мову з поўдня нашай краіны, а адтуль — з Украіны.
Уладзімір Караткевіч увёў у беларускую мову цэлую купу ўкраінізмаў: буданіна, піхвы (футляр для халоднай зброі), повінь (паводка), распавядаць і іншыя.
Сэрвісы
Беларускі N–корпус. Праект, дзе вы знойдзеце граматычную базу беларускай мовы, праверку правапісу, архіў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору і шмат чаго яшчэ.
Трансліт. Сайт, праз які можна транслітараваць іншамоўныя найменні на беларускую мову.
Verbum. Сайт, на якім можна знайсці дзесяць розных слоўнікаў – ад англійска-беларускага і польска-беларускага да этымалагічных і тлумачальных.
Slounik.org. Тут вы знойдзеце вельмі-вельмі шмат слоўнікаў і энцыклапедый на любы густ.
Гласарыі. Калі вы шукалі аўтарытэтныя гласарыі, то вам сюды.
Language Tool. Калі вам патрэбны інструмент, які будзе правяраць арфаграфію на вашых прыладах, то вам абавязкова патрэбны гэты плагін. Ёсць бясплатная і платная версіі.
Skarnik.by. Гэта самы вядомы рэсурс, дзе знаходзіцца руска-беларускі слоўнік. За аснову ўзяты акадэмічны слоўнік пад рэдакцыяй Я. Коласа, К. Крапівы і П. Глебкі. Skarnik дапрацаваны з улікам сучаснай практыкі.
Starnik.by. Слоўнік анаграм і паліндромаў, арфаграфічны слоўнік.