Абпаленыя целы на дроце, згарэлыя будынкі. Як нацысты двойчы знішчалі Слуцкае гета

слуцкае гета, як знішчалі нацысты слуцкае гета, гета яўрэяў у слуцку

У лютым 1943 года ў слуцкім гета забілі тысячы яўрэяў. Дасціпна спланаваная акцыя пайшла не па плане: людзей палілі, расстрэльвалі і забівалі. Гэта было не першае масавае забойства ў Слуцку падчас Другой сусветнай вайны — двума гадамі раней нацысты забілі і абрабавалі тысячы яўрэяў. Жорсткай расправай нават былі шакаваныя прадстаўнікі нацысцкай адміністрацыі — так, што пісалі Вільгельму Кубе, каб гэтыя батальёны больш не адпраўлялі ў Слуцк.

PALATNO расказвае, як амаль 80 гадоў таму ў Слуцку нацысты правялі карную аперацыю па знішчэнні гета.

Слуцк пад акупацыяй і першая карная аперацыя ў горадзе

Нацысты акупіравалі Слуцк у першы тыдзень у пачатку нападу на СССР. Горад знаходзіўся пад акупацыяй тры гады. Да пачатку вайны ў горадзе ў асноўным жылі яўрэі. Пасля прызначэння кіраўніком акругі Генрыха Карля ў Слуцку пачалася падрыхтоўка да стварэння гета. Жыхароў горада перапісалі, яўрэяў сагналі на адасобленую тэрыторыю ў межах Слуцка і абавязалі насіць на вопратцы жоўтую зорку.

У кастрычніку 1941 года каля 500 пажылых яўрэяў расстралялі за горадам. Напрыканцы месяца ў гета забілі пяць тысяч чалавек. У гэтым удзельнічаў нямецкі паліцэйскі батальён і літоўскі ахоўны батальён. Камісар акругі Карль быў настолькі ўражаны жорсткасцю расправы, што ў выніку напісаў генеральнаму камісару Вільгельму Кубе.

слуцкае гета, як знішчалі нацысты слуцкае гета, гета яўрэяў у слуцку
Слуцк у часы нямецкай акупацыі. Фота: slutsk24.by

Судзячы па лісту Карля да Кубе, у кіраўніка акругі былі спрэчкі з камандзірам Францам Лехталерам, што кіраваў масавым забойствам у кастрычніку 1941-га. Карль лічыў, што з-за аперацыі ў горадзе можа адбыцца хаос, таму прасіў камандзіра пачакаць суткі. Карль хацеў забраць з гета яўрэяў, што працавалі на нямецкім прадпрыемстве і рамеснікаў. Аднак Лехталер адмовіўся чакаць і пачаў аперацыю па знішчэнні яўрэяў.

«Адносна самога працэсу, я з вялікім шкадаваннем павінен адзначыць, што ён межаваў з садызмам. У горадзе было жудасна. Нямецкая паліцыя, але асаблівае літоўцы, з неапісальнай жорсткасцю выганялі яўрэйскае і іншае насельніцтва з іх жылля. Па ўсім горадзе грымелі стрэлы, на некаторых вуліцах ляжалі трупы расстраляных яўрэяў. <…> Я і мае людзі ўвесь дзень без перапынку ўмешваліся, каб выратаваць тое, што яшчэ можна было выратаваць. Было і такое, што я выцягваў з заводаў нямецкіх паліцэйскіх і літоўцаў, пагражаючы ім сваіх рэвальверам», — пісаў Карль да Кубе.

Акрамя масавага забойства ў яўрэяў скралі золата і іншыя каштоўнасці. У лісце Карль таксама зазначыў, што нацысцкая адміністрацыя арыштавала двух літоўцаў з ахоўнага батальёна за марадзёрства. Таксама ён папрасіў у Кубе, каб літоўскі батальён больш ніколі не адпраўлялі ў Слуцк.

Агнём і кулямі. Як ліквідавалі гета ў 1943 годзе

Пасля карнай акцыі стварылі яшчэ адно гета, якое абнеслі дротам і ахоўвалі. Праз два гады гэта гета і яе жыхароў цалкам знішчаць. Шакіраваная масавымі забойствамі, моладзь уцякала ў партызанскія брыгады. Гэта не падабалася нацысцкай адміністрацыі, таму да яўрэяў ставіліся яшчэ больш пільна.

У красавіку 1942 года некалькі сотняў яўрэяў, якія не маглі працаваць, расстралялі. На працу з гета яўрэяў вадзілі ў канвоі.

У лютым 1943 года начальнік паліцыі бяспекі акупаванай Беларусі Эдуард Штраўх падпісаў загад аб расстрэле яўрэяў у Слуцкім гета. Да загаду замацавалі план карнай акцыі: названы яго ўдзельнікі, зоны адказнасці кожнага з удзельнікаў. Для забойстваў падрыхтавалі дзве ямы паблізу Слуцка.

З загаду Штраўха аб знішчэнні жыхароў гета: «8-9 лютага 1943 года ў горадзе Слуцк сіламі мясцовай каманды адбудзецца “перасяленне” яўрэяў, якія жывуць у горадзе. У акцыі возьмуць удзел члены каманд, пералічаных ніжэй, а таксама каля 110 вайскоўцаў Латвійскай добраахвотніцкай роты. Кіраванне акцыяй даручана оберштурмфюрэру СС Мюлеру. <…> Ахова і бяспека гета ўскладаецца на паліцыю. Гаўптштурмфюрэру СС Мадэкеру даручаны ўлік і ацэнка пакінутай маёмасці ў гета. Для выканання гэтай задачы ён мае ў сваім распараджэнні каманду з двух чалавек (Крусэ, Бюхнер), двух перакладчыкаў (Міхельсан, Натараў) і 10 латышоў. Вываз яўрэяў з гета праводзіцца пад кіраўніцтвам штурманфюрэра СС Графа. У яго распараджэнне шэсць каманд, кожная з якіх складаецца з аднаго мясцовага і дзевяці латышоў. Былі прызначаны наступныя кіраўнікі каманды: Краўзэ, Ніколь, Генерт, Эрыг, Велер, Цойшэль. Перавозка яўрэяў да месца перасялення ажыццяўляецца на шасці грузавых аўтамабілях, у кожнай з якіх едуць чатыры латышы. У зоне будуць дзве ямы. Кожная яма ўкамплектаваная камандай з 10 чалавек, якія мяняюцца кожныя дзве гадзіны… У перыяд “перасялення” аховай займаецца унтэрштурмфюрэр СС П’ер з 10 латышамі…»

слуцкае гета, як знішчалі нацысты слуцкае гета, гета яўрэяў у слуцку
На фота — Эдуард Штраўх падчас Нюрнбергскага працэсу. На Нюрнбергскам працэсе яму прысудзілі смяротнае пакаранне, аднак затым экстрадавалі ў Бельгію, дзе таксама прысудзілі смяротнае пакаранне. Але ж выканаць прысуд не змаглі з-за псіхічнага захворвання падсуднага. Штраўх памёр у Бельгіі ў 1955 годзе. Фота: Unknown U.S. signal corps photographer, Public domain, via Wikimedia Commons

Карнікі выехалі з Мінска ў Слуцк апоўдні 7 лютага. Нацыстаў размясцілі ў слуцкай школе, а на наступны дзень — раніцай у пяць гадзін — яны пачалі аперацыю ў гета. Чакалася, што ўжо 8 лютага нацысты змогуць знішчыць палову насельнікаў гета, аднак яны пралічыліся.

Высветлілася, што пасля першай карнай аперацыі ў 1941 годзе яўрэі вырашалі зрабіць у гета схованкі. Апоўдні 8 лютага нацысты вырашылі спаліць само гета. Частка яўрэяў уцякала з хованак на вуліцу, а там іх расстрэльвалі з вінтовак. Зондэркаманда СС, якая займалася забойствамі, скончыла карную аперацыю ўвечары таго ж дня. Людзі, якія жылі па-за гета, расказвалі пазней, што чулі стральбу і крыкі ўвесь дзень. У той дзень былі забітыя каля трох тысяч чалавек.

Па ўспамінах відавочцаў, слуцкае гета гарэла яшчэ тры дні. Мясцовыя жыхары на наступны дзень пасля знішчэння гета пабачылі там жудасную карціну: на дроце віселі абгарэлыя трупы людзей, пагарэлыя дамы. Парэшткі загінулых звезлі за горад (цяпер гэта частка сучаснага Слуцка), а закапалі толькі вясной пасля таго, як растаяў снег.

Хто забіваў людзей у Слуцку

Імёны арганізатараў і выканаўцаў масавых забойстваў яўрэяў у Слуцку засталіся вядомымі. У кастрычніцкай аперацыі ўдзельнічаў 12-ы літоўскі паліцэйскі батальён, якім кіраваў Анастас Імпулявічус, і 3-ы нямецкі паліцэйскі батальён, а таксама дапаможная паліцыя Слуцка, якая складалася з мясцовых жыхароў. У лютаўскай акцыі ўдзельнічаў атрад СС, які базіраваўся ў Мінску і час ад часу ездзіў на карныя акцыі ў іншыя беларускія гарады.

слуцкае гета, як знішчалі нацысты слуцкае гета, гета яўрэяў у слуцку
На фота — Анастас Імпулявічус. Імпулявічус перажыў Другую сусветную вайну, у 1949 годзе пераехаў у ЗША. У 1962 годзе ўлады Літоўскай ССР спрабавалі дамагчыся дэпартацыі ваеннага злачынцы, але амерыканцы ў гэтым адмовілі. Імпулявічус памёр у 1970 годзе ў Філадэльфіі. Фота: See page for author, CC0, via Wikimedia Commons

У 1975 годзе ў Слуцку судзілі мужчыну па прозвішчы Бузук. Яго абвінавачвалі ў працы ў паліцыі падчас акупацыі горада. Ён канваіраваў яўрэяў да месцу расстрэлаў. Слуцкую дапаможную паліцыю ўзначальваў мужчына па фаміліі Логвін.

Міхаіла Гаршкова абвінавачвалі ў масавым расстрэле трох тысяч чаалвек у гета. У 1953 годзе ён змог з’ехаць у ЗША і атрымаць амерыканскае грамадзянства, якога яго пазбавяць праз 50 гадоў за хлусню пра дзейнасць падчас Другой сусветнай вайны. У 2011 годзе крымінальная справа супраць Гаршкова будзе спыненая, бо следству не атрымалася дастаткова надзейна ўстанавіць асобу, што здзяйсняла злачынствы. У 2001 годзе загінуў адзін з удзельнікаў забойстваў у гета Карліс Азолс.

Вярнуцца ўгару