
Якія жывёлы жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі дзясяткі і сотні тысяч гадоў таму? Ці былі гэта маманты? Ці, можа, вялікія тыгры з вялізнымі ікламі? Беларускія навукоўцы дзесяцігоддзі таму знайшлі парэшткі старажытных жывёл, якія засялялі мясцовыя абшары.
PALATNO расказвае, што знаходзілі ў беларускай зямлі.
Розныя маманты
На тэрыторыі Беларусі знаходзілі косткі двух розных тыпаў старажытных сланоў — Archidiscodon і Mammuthus (маманты). Першы — Archidiscodon — з’яўляецца больш старажытным родам сланоў, які жыў яшчэ да з’яўлення класічных мамантаў. Беларускія навукоўцы зафіксавалі толькі адзін выпадак, калі адшукалі парэшткі гэтага слана — на Гомельшчыне.
На тэрыторыі Беларусі сотні гадоў знаходзілі парэшткі мамантаў. Навукоўцы лічаць, што маманты з’явіліся на сучаснай беларускай зямлі ў сярэдні антрапаген (~800 000-126 000 гадоў таму), а ў часы позняга антрапагену (~126 000-11 700 гадоў таму) шырока распаўсюдзіліся. Але што гэта былі за маманты?
Былі знаходкі стэпавага маманта, які жыў на тэрыторыі Еўразіі прыкладна 800 000-300 000 тысяч гадоў таму. Гэты мамант быў вялікага памеру, ён жыў пераважна ў стэпах — месцах, дзе было цяплей, чым у тундры.
Яшчэ адзін від маманту, парэшткі якога знаходзілі на тэрыторыі Беларусі, — шарсцісты мамант. Гэты мамант жыў падчас апошняга ледніковага перыяду (прыкладна ад 400 000 да 4 000 гадоў таму).

Са школьных урокаў гісторыі мы ўсе ведаем пра стаянкі Бердыж і Юравічы. З гэтых стаянак даследавалі зубы мамантаў. Цікава, што мамант з больш старой стаянкі ў Юравічах быў геалагічна маладзейшым тыпам, чым той, што быў знойдзены ў Бердыжы.
Парэшткі гэтых мамантаў знаходзілі пераважна на Віцебшчыне, Магілёўшчыне і Гомельшчыне.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Знайшлі шкілет і засыпалі яго зямлёй. Як у Беларусі сотні гадоў знаходзілі мамантаў
Насарогі на Смаргоншчыне
Уявіце сабе, што тысячы гадоў таму ля Смаргоні жылі насарогі. Праўда, на той час было вельмі холадна, таму яны былі шарсцістымі. Насарогі сустракаліся значна радзей, чым маманты.
Усе вядомыя знаходкі старажытнага насарога абмяжоўваюцца адным месцам — стаянкай Бердыж. Шарсцістыя насарогі сталі распаўсюджвацца ва Усходняй Еўропе прыкладна 200 000-130 000 гадоў таму. Мяркуецца, што насарог жыў у такіх жа ўмовах, што і мамант, — у халодным і бедным на расліннасць тундрастэпу.
Шарсцісты насарог жыў у халодным клімаце падчас ледніковага перыяду. У яго была густая поўсць, ён быў добра прыстасаваны да жыцця ў тундрах і стэпах Еўразіі. Шарсцісты насарог вымер падчас глабальнага пацяплення.
Там жа, на Смаргоншчыне, беларускія навукоўцы знайшлі выкапні яшчэ больш старажытнага насарога, які быў падобны да этрускага насарога. Яны жылі ў час ледніковага перыяду, былі большыя за сучаснага белага насарога.

Зубры і туры
Без зуброў — сімвала Беларусі — немагчыма абысціся нават у ледніковы перыяд. Выкапні зуброў былі адзінымі з усіх парнакапытных, што знайшлі ў Беларусі. Лічыцца, што дзясяткі тысяч гадоў таму зубры маглі жыць у стэпах, лясах і пераходных зонах.
На Гомельшчыне знаходзілі парэшткі стэпавага каротканогага зубра — гэта вымерлы від, які быў шырока распаўсюджаны ў Еўразіі.
У раёне Смаргоні знайшлі косткі тураў. Яны з’явіліся значна пазней за зуброў. У палеалітычных стаянках Усходняй Еўропы косткі тураў амаль не знаходзілі. Лічыцца, што на тураў на тыя часы было цяжка паляваць — магчыма, з-за іх памераў, паводзін ці асяроддзя. У неаліце туры сталі больш распаўсюджанымі.
Аўцабыкі, як у Грэнландыі
Па аўцабыках можна было меркаваць, якой была прырода ў старажытныя часы. Сёння аўцабыкі жывуць у арктычнай тундры Паўночнай Амерыкі і на выспах, дзе вельмі халодна і мала раслін.
Выкапнёвыя аўцабыкі, якіх знаходзілі ў Беларусі, амаль не адрозніваюцца ад сучасных. У Беларусі іх знаходзілі ў некалькіх месцах, у тым ліку каля Смаргоні. Смаргонскі аўцабык, паводле памераў і формы костак, бліжэй за ўсё да сучаснага быка з Грэнландыі.
У Еўропе аўцабыкі з’явіліся даволі даўно, а ўжо каля 200 000 гадоў таму сталі распаўсюджанымі ва Усходняй Еўропе. Тады гэта тэрыторыя была падобная да сучаснай тундры.