Now Reading
У Беларусі хочуць больш свінакомплексаў, але што рабіць з адходамі?

У Беларусі хочуць больш свінакомплексаў, але што рабіць з адходамі?

адкіды свінакомплексаў, свінакомплексы ў Беларусі

У Беларусі плануецца пабудаваць 14 свінакомплексаў для забеспячэння мясаперапрацоўчай прамысловасці сыравінай. За гэтымі планамі стаіць вялікая рызыка — невядома, што будзе з небяспечнымі адходамі, якія з’яўляюцца ў выніку дзейнасці свінакомплексаў.

Разбіраемся разам з экспертамі «Экадома».

Адходы свінакомплексаў шкодныя

У пачатку верасня па выніках нарады ў Лукашэнкі былі абвешчаны планы пабудаваць 14 свінакомплексаў на 24 тысяч галоў кожны. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ сцвярджаў, што свінакомплексы будуць сучаснымі і тэхналагічнымі. Частка новых свінакомплексаў з’явіцца на месцы некаторых дзеючых сёння маленькіх.

За стварэннем буйных прадпрыемстваў стаіць рэальная праблема. Любая інтэнсіўная жывёлагадоўля — гэта вялікая нагрузка на навакольнае асяроддзе, падкрэсліваюць у «Экадоме».

Адна з асноўных праблем — гэта адходы, якія ў абмежаванай прасторы на свінакомплексе вырабляе велізарная колькасць свіней. Свіння вырабляе ў восем разоў болей фекалій, чым чалавек, што выклікае вострую неабходнасць у рэгуляванні і абясшкоджванні гэтых адходаў. Таму ключавую ролю ў будаўніцтве новых комплексаў мае якасць ачысткі сцёкаў і наяўнасць біялагічнай абароны.

Па меркаванні экспертаў, беспадсцілачны гной і памёт па ўзроўні хімічнага забруджвання навакольнага асяроддзя ў 10 разоў больш небяспечны ў параўнанні з камунальна-бытавымі адходамі. Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, такія адходы з’яўляюцца фактарам перадачы больш за 100 відаў розных узбуджальнікаў хвароб жывёл і чалавека, а свежы свіны гной па таксічнасці можна параўнаць з ртуццю.

адкіды свінакомплексаў, свінакомплексы ў Беларусі
Фота: Amber Kipp / unsplash.com

— Сцёкі са свінафермаў могуць утрымліваць патагенныя мікраарганізмы, бактэрыі (часта ўстойлівыя да антыбіётыкаў) і цяжкія металы, якія могуць быць таксічнымі пры пападанні ў арганізм, — тлумачаць у «Экадоме». — Акрамя таго, адходы свінагадоўлі таксама спрыяюць забруджванню грунтавых вод нітратамі.

Даследаванні даказваюць, што гнаявыя сцёкі выклікаюць раздражненне слізістай абалонкі ў людзей, якія пражываюць у непасрэднай блізкасці ад свінакомплексаў або якія працуюць на іх, а таксама рэспіраторныя захворванні, стрэс, зніжэнне якасці жыцця і павышэнне крывянога ціску.

З будаўніцтвам свінакомплексаў у Беларусі змагаюцца даўно

У 2014-2016 гадах у краіне ўжо праводзіліся мадэрнізацыя і рэканструкцыя свінакомплексаў. Тады Лукашэнка даў дазвол на будаўніцтва двух вялікіх свінакомплексаў у Маладзечанскім раёне — кожны на 100 тысяч свіней.

Гэта выклікала абурэнне грамадскасці: калі б свінакомплексы пабудавалі, то ў радыусе пяці кіламетраў нельга было б утрымліваць свойскіх свіней. Мясцовыя жыхары абураліся і экалагічнасцю свінакомплексаў: непакоіла будучая якасць паветра і блізкае размяшчэнне да населеных пунктаў.

Падчас грамадскіх абмеркаванняў жыхары Маладзечаншчыны пратэставалі супраць будаўніцтва свінакомплексаў. А ў лістападзе 2014 года «Экадом» накіраваў заяву аб намеры правесці грамадскую экалагічную экспертызу праектаў свінагадоўчых комплексаў. Кампанія «Вялес-Міт» не дала неабходную інфармацыю для правядзення экспертызы, таму на іх падалі ў суд. У студзені 2015 года ў судзе забудоўшчык заявіў, што матэрыялаў для правядзення экалагічнай экспертызы няма, бо дакументацыя яшчэ не гатова. Толькі праз год, у 2016-м, «Вялес-Міт» даў праектную дакументацыю для экспертызы.

адкіды свінакомплексаў, свінакомплексы ў Беларусі
Фота: Christina Abken / unsplash.com

Па выніку, намаганні па барацьбе са свінакомплексамі мелі частковы поспех: адзін з іх быў перанесены з вёскі Мойсічы ў раён Палачан. Пасля, хоць у 2016 годзе будаўніцтва свінакомплексаў суправаджалася пікетамі, абодва аб’екты ўсё ж былі завершаны і пачалі функцыянаваць.

А ці магчыма бяспечна разводзіць свіней?

Эксперты лічаць, што гэта магчыма. Адным з прыкладаў называюць Данію, якая займае трэцяе месца ў свеце па вытворчасці свініны.

— У Даніі каля 12 тысяч свінарнікаў — на 600-900 галоў кожная. І ў гэтым уся сутнасць! Краіна раўнамерна пакрыта сеткай гэтых гаспадарак, і гэта ў асноўным сямейныя фермы. З аднаго боку, там людзі ў сёлах загружаны працай, а з іншага — прырода не нясе празмернай нагрузкі. На 600-900 свіней прыпадае 150-200 гектараў зямлі, і такой колькасці раллі дастаткова для бяспечнай утылізацыі асветленых сцёкаў.

Вярнуцца ўгару