Рыцар беларускай свабоды. Кім быў Тамаш Грыб

тамаш грыб, рыцар беларускай свабоды, хто такі тамаш грыб, члены ўраду бнр

Юнак з беднай беларускай вёскі на захадзе Беларусі, які змог адвучыцца ў Пецярбургу на доктара, а потым стаў адным з галоўных дзеячаў беларускай дзяржаўнасці. Кім ён быў — Тамаш Грыб? 

PALATNO расказвае пра Тамаша Грыба.

Адзін з 16 дзяцей у сям’і, хацеў стаць доктарам

Тамаш Грыб нарадзіўся 19 сакавіка 1895 года ў вёсцы Паляны (цяпер — Смаргонскі раён). Тамаш быў адным з 16 дзяцей у беднай сялянскай сям’і.

Тамаш вучыўся ў школе ў Ністанішках, пасля паступіў у Пецярбургскі псіханеўралагічны інстытут у 1914 годзе. Падчас навучання ва ўніверсітэце далучыўся да беларускага руху: на той час Пецярбург быў цэнтрам актыўнага беларускага жыцця.

Аднак пачатак Першай сусветнай вайны перапыніў адукацыю Грыба. У 1916 годзе Тамаша мабілізавалі ў рускае войска, ён ваяваў на румынскім фронце.

У 1917 годзе адбыўся Кастрычніцкі пераварот. У снежні таго ж года Грыб выступіў на Усебеларускім з’ездзе, дзе быў дэлегатам ад удзельнікаў вайны. Туды ён прыехаў адразу з фронту. Тамаш настойваў на неабходнасці абвяшчэння беларускай дзяржаўнасці. Падчас з’езду Грыба арыштавалі ў ліку тых, хто выступаў за незалежнасць Беларусі.

Пазней Грыб стаў адным з аўтарам Устаўных грамат БНР і заняў пасаду міністра земляробства ва ўрадзе беларускай дзяржавы.

тамаш грыб, беларускі дзеяч, дзеячы бнр, беларусы ў эміграцыі

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Бадунова, Сівіцкая-Войцік, Сямдзянава. Выбітныя жанчыны ў гісторыі Беларусі

 

Смяялася з пракурора, хацела аб’яднаць Беларусь. Кім была Вера Маслоўская

 

«Ключавое ў дзяржаўнай палітыцы памяці — кантроль і выгада». Беларускі гісторык — пра тое, чаму беларускія «ўлады» захапіліся гісторыяй краіны


Канфлікты з польскімі ўладамі і эміграцыя

У 1919 годзе дзейнасць Грыба прывяла да канфлікту з польскімі ўладамі, яго двойчы арыштоўвалі. Пасля аднаго з арыштаў Тамаш здолеў уцячы з-пад Кракава і працягнуў дзейнасць у эміграцыі.

Напрыканцы 1920 года Грыб пераехаў у Коўна, дзе выдаваў газету «Сялянская доля». У 1922 годзе ён знайшоў прытулак у Чэхаславакіі, дзе паступіў у Карлаў універсітэт у Празе. Там ён абараніў доктарскую дысертацыю і стаў доктарам філасофіі.

У Празе Тамаш актыўна працаваў у культурных і студэнцкіх арганізацыях, заснаваў Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Францыска Скарыны і быў старшынёй Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый. Грыб шмат пісаў пра беларускую гісторыю і культуру, друкаваўся ў часопісах «Студэнцкая думка», «Золак» і Iskry Skaryny. Ён таксама займаўся перакладамі і складаннем бібліяграфій па беларусазнаўстве.

Грыб быў двойчы жанаты. Першая жонка — Паўліна Мядзёлка, вядомая актрыса і першая выканаўца ролі Паўлінкі ў п’есе Янкі Купалы. Другой жонкай стала Палута Бадунова, актыўная дзеячка беларускага адраджэння. Нягледзячы на складанасці жыцця, Грыб заставаўся верным сваім ідэалам да апошніх дзён.

* * *

Тамаш Грыб памёр з-за ўскладненняў грыпу 25 студзеня 1938-га ва ўзросце 43 гадоў. Беларускага дзеяча пахавалі на Альшанскіх могілках у Празе. Яго жыццё і дзейнасць пакінулі значны след у беларускай гісторыі. Тамаш Грыб заставаўся чалавекам прынцыпаў і патрыётам, які прысвяціў сябе ідэі незалежнасці Беларусі.

Вярнуцца ўгару