Now Reading
Ізраіль і ХАМАС, Нагорны Карабах, вайна ва Украіне. Як дзяржавы дагэтуль ваююць з-за тэрытарыяльных спрэчак

Ізраіль і ХАМАС, Нагорны Карабах, вайна ва Украіне. Як дзяржавы дагэтуль ваююць з-за тэрытарыяльных спрэчак

вайна ізраіль хамас, сусветныя вайсковыя канфлікты

Нагорны Карабах, напад Расіі на Украіну, а цяпер — чарговая палесціна-ізраільская вайна. У апошнія гады ўсё часцей чуваць пра ўзброеныя канфлікты на спрэчных тэрыторыях. Яны працягваюцца дзесяцігоддзямі, а ў іх аснове прычыны шматгадовай даўніны. Чаму палесцінцы і ізраільцяне зноў ваююць? Як гэта стала магчымым? Дзе яшчэ ў свеце магчымыя падобныя канфлікты?

PALATNO расказвае пра гарачыя кропкі ў свеце: чаму шматлікія тэрыторыі становяцца спрэчнымі паміж дзяржавамі, як гэтыя пытанні вырашаюць міжнародныя арганізацыі і чаму войны за іх цягнуцца гадамі.

Што адбываецца ў Ізраілі і чаму гэта стала магчымым

7 кастрычніка 2023 года баевікі палесцінскага ісламісцкага руху ХАМАС напалі на Ізраіль: на тэрыторыю суседняй краіны выпусцілі ракеты і пачалі наземную аперацыю. Яе назвалі «Патом Аль-Акса», а Ізраіль называе абаронча-наступальную аперацыю супраць баевікоў «Жалезныя мячы». Пачатак канфлікту супаў з 50-годдзем пачатку араба-ізраільскай вайны 1973 года.

У Ізраілі баевікі захоплівалі закладнікаў і ўступалі ў сутычкі з ізраільскімі вайскоўцамі. З абодвух бакоў загінулі сотні мірных грамадзян, тысячы паранены. ХАМАС называе прычынай наступу блакаду секатара Газа, якую яшчэ ў 2007 годзе міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch назвала «турмой пад адкрытым небам». Справа ў тым, што Газа закрытая для свету, а доступ да ежы, вады і электрычнасці цалкам кантралюецца Ізраілем. Цікава, што толькі 29 верасня ХАМАС, што кантралюе Газу амаль 18 гадоў, дамовіўся з Ізраілем аб перамір’і.

Гэты канфлікт, які ізраільскі бок афіцыйна назваў вайной, не першы за апошні час. А ўсё пачалося каля ста гадоў таму.

вайна ізраіль хамас, сусветныя вайсковыя канфлікты
Фота: Wickey-nl, CC BY-SA 3.0, via Wikimedia Commons

Тое, што адбываецца цяпер у Ізраілі і Палесціне — канфлікт менш буйны, чым араба-ізраільскі. Але канфлікт паміж Палесцінай і Ізраілем пачаўся менавіта з яго. Ён узнік з-за прэтэнзій аднаго і другога боку на тэрыторыю: падмандатную Палесціну, утвораную ў 1920-м годзе Лігай нацый, якую яўрэі лічылі сваёй прарадзімай, а арабы лічылі тэрыторыяй палесцінцаў.

Араба-ізраільскі канфлікт мае і рэлігійны аспект: на той тэрыторыі сутыкаюцца вераванні розных бакоў і ідэй. Яўрэі лічаць, што зямля Ханаан або Эрэц-Ісраэль (зямля Ізраіля) была абяцаная богам дзецям Ізраіля. Мусульмане прэтэндуюць на гэтую зямлю ў адпаведнасці з Каранам. Насуперак яўрэйскай версіі, мусульмане сцвярджаюць, што бог абяцаў зямлю нашчадкам Абрагама — а менавіта Ізмаілу, ад якога паходзяць арабы.

У канцы XIX стагоддзя спрэчная тэрыторыя належала Асманскай імперыі. У імперыі панавалі пратурэцкія погляды і падтрымка турэцкай ідэнтычнасці — гэта прывяло да дыскрымінацыі арабаў. У Першай сусветнай вайне арабы і яўрэі падтрымалі саюзныя дзяржавы з-за абяцанняў вызвалення ад асманаў. У той жа час распаўсюджваюцца сіянізм і рэакцыйны арабскі нацыяналізм: першыя лічаць тэрыторыю сваёй гістарычнай яўрэйскай радзімай, другія разглядаюць яе як тэрыторыю палесцінцаў. Цікава, што і сіянізм, і арабскі нацыяналізм бралі пачатак у Еўропе: сіянісцкі кангрэс заснаваны ў Базэлі ў 1897 годзе, а «Арабскі клуб» створаны ў Парыжы ў 1906 годзе.

Падчас Першай сусветнай вайны Палесціну заваявалі брытанскія войскі. Урад Вялікабрытаніі выдаў Дэкларацыю Бальфура, у якой падкрэслівалася, што дзяржава станоўча ставіцца да «стварэння ў Палесціне нацыянальнага дома для яўрэйскага народа», але ў той жа час не павінна быць зроблена нічога, што можа перашкодзіць грамадзянскім і рэлігійным правам іншым неяўрэйскім суполкам у Палесціне. Пасля вайны тэрыторыяй кіравала Вялікабрытанія, а яе назвалі падмандатнай Палесцінай: яна ўключала сучасны Ізраіль, Заходні бераг ракі Ярдан і сектар Газа.

Першыя канфлікты паміж арабамі і яўрэямі адбыліся яшчэ ў 1920 годзе. У той момант павялічылася яўрэйская іміграцыя ў падмандатную Палесціну, а палесцінскія арабы бачылі ў гэтым пагрозу для сваёй радзімы і ідэнтычнасці. У 1929 годзе адбыліся беспарадкі ў падмандатнай Палесціне: за тыдзень забілі не менш 116 арабаў і 133 яўрэяў.

У 1920 і ў 1930-я гады, асабліва пасля прыходу Адольфа Гітлера да ўлады ў Германіі, яўрэйская іміграцыя ў Палесціну працягвала расці. У адказ на гэта ствараліся антысіянісцкія і антыбрытанскія арганізацыі. У 1936-1939 гадах адбылося арабскае паўстанне ў Палесціне, якое ставіла на мэту незалежнасць Палесціны і спыненне яўрэйскай іміграцыі. У выніку брытанскі ўрад абмежаваў прыток яўрэйскіх імігрантаў, што супала з Халакостам і ўцёкамі яўрэяў ад пераследу ў Еўропе. Большасць яўрэяў, што прыязджалі ў Палесціну ў той час, лічыліся незаконнымі імігрантамі, і гэта выклікала далейшую напружанасць. Пасля Другой сусветнай вайны Вялікабрытанія звярнулася ў ААН для вырашэння пытання. У 1947 годзе камітэт ААН прапанаваў план падзелу Палесціны — і гэта выклікала пачатак буйной грамадзянскай вайны 1947-1948 гадоў у Палесціне.

У 1948 годзе ў Тэль-Авіве абвясцілі пра стварэнне Дзяржавы Ізраіль. Ліга арабскіх дзяржаў вырашыла супрацьстаяць і ўварвалася на тэрыторыю, якая некалі была пад апекай брытанскай арміі. Гэта паклала пачатак араба-ізраільскай вайне 1948 года. Вайна скончылася ў 1949 годзе падпісаннем мірных пагадненняў. Падчас вайны сотні тысяч арабаў пакінулі свае дамы і больш туды не вярнуліся.

Наступны буйны канфлікт здарыўся ў 1956 годзе, калі Егіпет нацыяналізаваў кампанію Суэцкага канала і закрыў яго для ізраільскага суднаходства. У адказ Ізраіль пры падтрымцы Вялікабрытаніі і Францыі захапіў сектар Газа і Сінайскі паўвостраў. Суэцкі крызіс закончыўся дэмілітарызацыяй Сіная і свабодай суднаходства ў рэгіёне.

У 1967 годзе Егіпет увёў на тэрыторыю Сінайскага паўвострава сотні тысяч вайскоўцаў. Егіпет падтрымалі і іншыя арабскія дзяржавы. У выніку Ізраіль атрымаў кантроль над Сінаем, сектарам Газа і Заходнім берагам Ярдан. Арабскія дзяржавы сустрэліся ў Хартуме: яны адмаўляліся прызнаць Ізраіль, заключаць з ім мір і весці перамовы, а адзіным варыянтам пакінулі вайну.

Ад 1967 года тэрыторыя пад назвай Заходні бераг ракі Ярдан знаходзіцца пад ізраільскай вайсковай акупацыяй — так называе гэтую зямлю Арганізацыя аб’яднаных нацый. Палесцінскія ўлады ж ад таго часу лічаць, што Заходні бераг павінны быць часткай іх суверэннай дзяржавы.

Ізраільскі танк праязджае па мосце па Суэцкім канале падчас вайны Суднага дня. Фота: IDF Spokesperson’s Unit

У 1973 годзе Сірыя і Егіпет напалі на Ізраіль у самы святы дзень для яўрэяў — Ём Кіпур. Гэту вайну пазней назавуць вайной Суднага дня. У Ізраілі ведалі, што арабскія краіны пачнуць вайну, але прэм’ер-міністр Голда Мэір адмовілася наносіць прэвентыўны ўдар: «Калі мы нанясём удар першымі, мы не атрымаем дапамогі ні ад каго». Вайна працягвалася некалькі тыдняў і канчаткова была завершаная ў 1974 годзе мірнымі пагадненнямі.

Тым часам больш вузкі канфлікт паміж палесцінцамі і ізраільцянамі працягваўся. У 1970-я гады з тэрыторыі Лівана палесцінскія баевікі нападалі на Ізраіль. У 1978 годзе адбылася Разня на прыбярэжнай дарозе, якая прывяла да паўнамаштабнага ўварвання Ізраіля ў Ліван. Аднак ізраільскія войскі хутка выйшлі з Лівана, а напады ўсё роўна працягнуліся. У 1982 годзе Ізраіль умяшаўся ў грамадзянскую ліванскую вайну з-за забойства палесцінскімі баевікамі ізраільскага дыпламата.

У 1990-я ў Вашынгтоне прайшлі ізраільска-палесцінскія мірныя перамовы. Яны дазволілі палесцінцам заняць зямлю на Заходнім беразе ракі Ярдан і ў сектары Газа. Перамовы не спадабаліся радыкальнай частцы палесцінскага грамадства — ХАМАС і Палесцінскаму ісламскаму джыхаду. Пачалася кампанія нападаў на ізраільцян, а прэм’ер-міністра Іцхака Рабіна забіў падчас мітынгу ізраільскі ўльтранацыяналіст Ігаль Амір. У 1996 годзе Ізраіль адмовіўся ад мірнага працэсу.

вайна ізраіль хамас, сусветныя вайсковыя канфлікты
Разбураныя будынкі ў Рафе, горадзе ў сектары Газа; здымак зроблены ў 2009 годзе. Фота: International Solidarity Movement, CC BY-SA 2.0, via Wikimedia Commons

Праз чатыры гады здарыўся новы палесціна-ізраільскі канфлікт, вядомы як Інтыфада Аль-Аксы. Ён доўжыўся ад 2000 да 2005 года. Вайсковыя канфлікты працягваліся амаль кожны год. Напрыклад, у 2007 годзе адбылася бітва за Газу, а ў 2008-2009 гады прайшла вайна за Газу. У 2014 годзе адбылася вайна паміж Ізраілем і Газай, у выніку якой загінулі некалькі тысяч чалавек.

Апошні буйны канфлікт паміж палесцінцамі і ізраільцянамі адбыўся ў 2021 годзе. Крызіс пачаўся з беспарадкаў у Ерусаліме і працягнуўся ракетнымі атакамі ХАМАСА на Ізраіль і Ізраілем па сектары Газа. Мірнае пагадненне прынялі праз два тыдні пасля эскалацыі канфлікту. У 2022 годзе таксама адбываліся сутычкі ізраільскіх вайскоўцаў і палесцінскіх баевікоў.

Спрэчныя тэрыторыі ёсць па ўсім свеце

Палесціна-ізраільскі канфлікт, нядаўні канфлікт у Нагорным Карабаху — не адзіныя канфлікты з-за спрэчных тэрыторый. Спрэчныя тэрыторыі ёсць у Еўропе, Азіі, Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі і Акіяніі. Большасць з іх з’яўляецца «замарожанымі» і баявыя дзеянні цяпер не адбываюцца.

Еўропа

Ад 2014 года Украіна і Расія ваююць за Крым, Данецкую і Луганскую вобласці. У 2022 годзе расійская армія пачала паўнамаштабнае ўварванне на тэрыторыю Украіны і захапіла частку ўкраінскіх тэрыторый. Агрэсію Расіі асудзілі большасць краін. Для Украіны і Расіі гэта не адзіная тэрытарыяльная спрэчка. Украіна і Румынія падзялілі паміж сабой выспу ў заліве Мусура ў Чорным моры.

Канфлікт паміж Украінай і Расіяй — самы вядомы і гарачы, але акрамя яго ў Еўропе аспрэчваюць тэрыторыі дзясяткі краін.

Напрыклад, Імія (грэцкая назва) ці Кардак (турэцкая назва) — так называюць выспы ў Эгейскім моры — з’яўляецца прадметам спрэчак паміж Грэцыяй і Турцыяй. Францыя і Італія спрачаюцца за вяршыні Манблана: французы лічаць горныя вяршыні сваёй тэрыторыяй, а італьянцы называюць іх агульнымі. Вялікабрытанія і Іспанія дагэтуль спрачаюцца аб Гібралтары. За невялікую скалу ў паўночнай частцы Атлантычнага акіяна спрачаюцца Вялікабрытанія, Ірландыя, Данія і Ісландыя. Партугалія змагаецца з Іспаніяй за горад Алівенца, які іспанцы захапілі яшчэ напачатку XIX стагоддзя.

Балканы таксама застаюцца кропкай напружанасці. Пасля распаду Югаславіі Славенія і Харватыя сталі незалежнымі краінамі, а мяжа паміж краінамі не была дэталёва вызначаная да здабыцця незалежнасці, таму некаторыя часткі тэрыторый сталі спрэчнымі. Краіны вырашаюць спрэчкі паміж сабой у міжнародных арганізацыях. Невялікія спрэчныя тэрыторыя ёсць амаль паміж усімі балканскімі дзяржавамі: Сербія, Боснія і Герцагавіна, Чарнагорыя. Але гарачай кропкай на Балканах усё ж такі з’яўляецца Косава: апошні канфлікт адбыўся ў 1998 годзе. Сербія лічыць Косава сваёй тэрыторыяй, а Косава называе сябе незалежнай дзяржавай.

вайна ізраіль хамас, сусветныя вайсковыя канфлікты
Жаўнер косаўскай арміі. Фота: DoD photo by Sgt. Craig J. Shell, U.S. Marine Corps, Public domain, via Wikimedia Commons

Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка знаходзіцца на мяжы Малдовы і Украіны. На працягу свайго існавання ад 1990 года з’яўляецца непрызнанай дзяржавай. Прыднястроўе прызналі толькі Паўднёвая Асеція і Абхазія. Ад 2022 года парламенцкая асамблея Савета Еўропы лічыць гэтую тэрыторыю зонай акупацыі Расіі.

Афрыка

Халаібскі трохкутнік — спрэчная тэрыторыя паміж Егіптам і Суданам. Яна дэ-факта кантралюецца егіпецкімі ўладамі, аднак Судан перыядычна падкрэслівае, што гэта іх зямля. Дарэчы, Судан час ад часу знаходзіцца ў стане грамадзянскай вайны: у 2011 годзе Паўднёвы Судан аб’явіў аб незалежнасці, а спрэчныя тэрыторыі паміж падзеленымі Суданамі становяцца прадметам баявых дзеянняў.

Эрытрэя і Джыбуці канфліктавалі ў 2000-х гадах з-за памежных тэрыторый. Узброены канфлікт вырашалі катарскія міратворцы, але ў 2017 годзе спрэчную зямлю акупавалі вайскоўцы Эрытрэі. Эсвасціні і Паўднёва-Афрыканская рэспубліка спрачаюцца за тэрыторый КаНгване і Інгвавума. Замбія і Дэмакратычная Рэспубліка Конга спрачаюцца з-за памежнай вобласці, бо па-рознаму трактуюць дамовы паміж бельгійскім каралём Леапольдам II і  брытанскімі перасяленцамі ад 1894 года: інцыдэнты паміж краінамі адбываюцца кожныя дзесяць гадоў. А яшчэ дагэтуль застаюцца нявызначанымі межы па рацэ Конга паміж Дэмакратычнай Рэспублікай Конга і Рэспублікай Конга.

Танзанія і Малаві спрачаюцца з-за выспы ў заліва Мбамба і возеры Н’яса. Танзанія сцвярджае, што міжнародная мяжа праходзіць пасярэдзіне возера, а Малаві прэтэндуе на ўсё возера.

Амерыка

Канада і ЗША спрачаюцца за выспу Сіал Мачыас і скалу Норт Рок. Маяк на Сіал Мачыас працягваюць абслугоўваюць супрацоўнікі берагавой аховы Канады. Скала Норт Рок таксама з’яўляецца прадметам спрэчкі паміж краінамі. А гэтыя тэрыторыі называюць «шэрай зонай».

Фолклендскія выспы, Паўднёвая Георгія і Паўднёвыя Сандвічавы выспы — за іх спрачаюцца Вялікабрытанія і Аргенціна. Канфлікт паміж Аргенцінай і Вялікабрытаніяй цягнецца даўно: першыя сцвярджаюць, што гэта іх тэрыторыя, іншыя запэўніваюць, што яна належыла ім да з’яўлення краіны-прэтэндэнта. У 1982 годзе адбылася Фолклендская вайна, у якой перамаглі брытанцы. У Канстытуцыі Аргенціны прапісана, што гэтыя тэрыторыя з’яўляюцца аргенцінскімі. У 2013 годзе жыхары Фолкледскіх выспаў прагаласавалі большасцю галасоў на рэферэндуме за тое, каб тэрыторыя засталася брытанскай.

вайна ізраіль хамас, сусветныя вайсковыя канфлікты
Аргенцінскія вайскоўцы і жыхары Фаўлендскіх выспаў. Фота: General Archive of the Nation, Public domain, via Wikimedia Commons

Астатнія паўднёва-амерыканскія канфлікты заканчваліся падпісаннем дамоў ці не прызнаваліся ААН. Напрыклад, Балівія і Бразілія доўгі час аспрэчвалі статус выспы, а ў 1958 годзе падпісалі дамову аб статусе-кво.

Азія

У Азіі адбываліся самыя гарачыя канфлікты з-за тэрыторый. Індыя і Пакістан спрачаюцца і ваююць з-за Кашміра. Апошняя эскалацыя адбылася ў 2019 годзе, калі ў аўтобус з індыйскімі паліцэйскімі ўрэзаўся тэрарыст з бомбай.

Спрэчнай тэрыторыяй з’яўляецца нават Карэйскі паўвостраў. Баявых дзеянняў там не адбываецца, але ў Канстытуцыі Паўднёвай Карэі запісана, што паўвостраў і прылеглых выспаў належыць менавіта гэтай краіне.

У Расіі і Японіі спрэчкі наконт Курылаў. Пасля Другой сусветнай японскі ўрад адмовіўся ад прэтэнзій да Курыльскіх выспаў і Паўднёвага Сахаліна, але Савецкі Саюз так і не падпісаў Сан-Францыскую дамову. Таму Японія не прызнавала спачатку савецкую, а потым расійскую ўладу над гэтымі землямі. На большасці афіцыйных японскіх карт гэтая тэрыторыя пазначаная як нічыйная.

У стагадовы абхазска-грузінскі канфлікт у 2008 годзе ўмяшаліся расійскія войскі. У тым жа годзе Расія прызнала Паўднёвую Асецію і Абхазію незалежнымі дзяржавамі. Грузія лічыць Абхазію акупаванай тэрыторыяй.

вайна ізраіль хамас, сусветныя вайсковыя канфлікты
Пашкоджаны дом ад расійскай ракеты ў Горы ў 2008 годзе. Фота: Matti&Keti, CC BY-SA 4.0, via Wikimedia Commons

Канфлікт у Нагорным Карабаху абвастрыўся ў верасні 2023 года. Азербайджанскія вайскоўцы правялі на гэтай тэрыторыі аперацыі і за суткі сталі цалкам яе кантраляваць. Яшчэ раней прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян прызнаў Карабах падкантрольным Азербайджану. Пасля правядзення аперацыі кіраўнік Нагорнага Карабаху падпісаў указ аб спыненні існавання дзяржавы ад 1 студзеня 2024 года.

Сінгапур і Малайзія спрачаюцца наконт некалькіх выспаў у Сінгапурскім праліве. Краіны звярталіся па ўрэгуляванне спрэчкі ў ААН, аднак частка зямель так і засталася са спрэчным статусам.

Паміж Кітаем і Тайванем час ад часу ўзгарае і патухае канфлікт. Яго сутнасць палягае ў прэтэнзіях з боку Кітая на выспу Тайвань. Усё пачалося з паражэння партыі «Гоміньдан» ад кітайскіх камуністаў, яе кіраўніцтва перабралася на выспу і там аб’явіла сябе законным урадам Кітайскай рэспублікі. Апошняе абвастрэнне адбылося падчас незапланаванага візіту спікеру Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пілосі ў Тайвань (датуль яна так і не даляцела). Кітайскія вайскоўцы пачалі вучэнні і пагражалі захапіць выспу. Афіцыйна ЗША прытрымліваецца палітыкі «адзінага Кітая» і не прызнае незалежнасць Тайваня.

Акіянія

Фіджы аспрэчвае рыфы Мінервы ў Тонга — дэ-факта гэта ўсё роўна тэрыторыя Тонга.

У Паўднёвай частцы Ціхага акіяна ёсць выспа Суэйнс. Яна кантралюецца амерыканскім урадам, але прэтэнзіі па гэтым пытанні ёсць у Такелаў — гэта залежная тэрыторыя Новай Зеландыі. Сама Новая Зеландыя не падтрымлівае прэтэнзію Такелаў і прызнае суверэнітэт ЗША над выспай.

Антарктыда

Нават з-за кіламетраў снегу і льду адбываюцца тэрытарыяльныя спрэчкі. Дагэтуль з-за іх спрачаецца Вялікабрытанія паміж Аргенцінай і Чылі. Дарэчы, частка Антарктыды з’яўляецца Terra nullius («нічыйная зямля»). У міжнародным праве гэтая тэрыторыя не належыць ніякай дзяржаве, а суверэнітэт над ёй можа быць набыты любой краінай шляхам акупацыі.

Вярнуцца ўгару