Тры беларускія нячысцікі, пра якіх вы маглі не ведаць

беларускія нячысцікі, беларуская міфалогія

Хапун — гэта не толькі тое, што можа адбывацца часам не беларускіх вуліцах, а яшчэ і адзін цікавы беларускі нячысцік? Ці вы ведалі пра яго? А ці ведалі пра Хіхітуна, які водзіцца на Мядзельшчыне? А пра Пякельнікаў — вельмі нешчасных нячысцікаў, якія трапілі ў пекла, але вельмі не хочуць там быць?

PALATNO расказвае пра трох беларускіх нячысцікаў, пра якіх многія маглі не чуць.

Хапун

хапун, беларускія нячысцікі, беларуская міфалогія
Хапун. Выява зроблена штучным інтэлектам.

Адна з міфічных беларускіх істот, якой страшылі маленькіх дзяцей, — гэта Хапун. Хапуна бачылі як невялічкага скурчанага дзядка з доўгай сівой барадой і з вялікай торбай.

Хапун лётае па паветры і шукае капрызлівых дзяцей, якія не слухаюцца старэйшых. Ён падпільноўваў такое дзіця, калі яно адыходзіла далёка ад дому, а потым хапала яго і саджала ў торбу. З торбы плачу дзяцей ніхто не чуў, а Хапун знікаў так жа хутка, як і з’яўляўся.

Ад Хапуна немагчыма схавацца ці ўцячы, бо ён нябачны. Яго можна пабачыць толькі тады, калі ён развязвае торбу, а робіць ён гэта толькі ў сябе ў доме. Хапун жыве за цёмным лесам пасярод балот у нары пад карчом. Туды ж носіць непаслухмяных дзяцей, там здзекуецца з іх і сячэ крапівой. Дайсці да жытла гэтага нячысціка немагчыма, а дзеці адтуль збегчы не могуць: калі дзеці вырастаюць там, то самі робяцца Хапунамі.

Пра Хапуна часцей за ўсё ўзгадвалі на Вілейшчыне.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Як беларускія нячысцікі зіму зімавалі

 

Начніца, Аржавень і Валасень. Падборка беларускіх міфічных істот

 

Нячысцікі Беларусі: у каго верылі продкі беларусаў?


Хіхітун

хіхітун, беларускія нячысцікі, беларуская міфалогія
Хіхітун. Выява зроблена штучным інтэлектам.

Яшчэ пра аднаго нячысціка згадвалі на Мядзельшчыне. Яго завуць Хіхітун.

Хіхітун звычайна знаходзіцца ў чалавека за спінай. Калі з гэтым чалавекам ці з блізкімі яму людзьмі можа здарыцца штосьці нядобрае, то Хіхітун абавязкова пачынае гэтаму радавацца, а пра гэтым пачынае смяяцца. Калі ў гэты момант рэзка абярнуцца, то можна ўбачыць маленькае стварэнне.

Гэта стварэнне падобнае да малпачкі, але з невялікімі рагамі на макаўцы.

Калі ўспрыняць смех Хіхітуна як перасцярогу, то нярэдка можна прадухіліць бяду.

Пякельнікі

пякельнік, беларускія нячысцікі, беларуская міфалогія
Пякельнік. Выява зроблена штучным інтэлектам.

Гэтыя нячысцікі жывуць выключна ў пекле. Там яны займаюцца падтрыманнем агню для мучэння грэшнікаў. Аднак яны незаўсёды жылі ў пекле: раней яны былі вольнымі нячысцікамі, але з-за старасці, калецтва ці дуркаватасці іх туды саслалі. Раней у Пякельнікаў была поўсць, а замест капытаў былі кіпцюры.

Пякельнікі мелі напалову сабачы, напалову казіны выгляд. У іх была тонкая скура, доўгі хвост і рогі з тоўстым слоем сажы. У іх былі белыя вочы, белыя зубы. Язык для іх быў інструментам, бо ім яны раз-пораз аблівалі свае ахвяры ў пекле расплаўленай смалой і серай.

Пякельнікі займаюцца ў пекле аднастайнай працай, а яшчэ не могуць выбрацца на волю, таму ў іх асаблівая жорсткасць да ахвяр.

Цікава, што калі б Пякельнікі ведалі, што з імі адбудзецца ў пекле, то прыклалі б усе намаганні, каб туды не трапіць.

Вярнуцца ўгару