Тры творы Дуніна-Марцінкевіча, які павінен прачытаць кожны

вінцэнт дунін-марцінкевіч, творы дуніна-марцінкевіча, кнігі дуніна-марцінкевіча

Творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча з’яўляецца неад’емнай часткай беларускай літаратуры. Яна спалучае народны гумар, сацыяльную крытыку і, вядома, глыбокую любоў да радзімы. Што пачытаць з Дуніна-Марцінкевіча, каб адчуць гэта таксама?

PALATNO расказвае пра творы Дуніна-Марцінкевіча, якія варта прачытаць кожнаму беларусу і беларусцы.

«Ідылія» («Сялянка»)

Год: 1842-1844

Жанр: паэма

Ключавыя тэмы: сацыяльная несправядлівасць, нацыянальная ідэнтычнасць, жыццё сялян

Чаму варта чытаць? Гэта адзін з першых твораў на беларускай мове, дзе аўтар паказвае цяжкае жыццё сялянства. Дунін-Марцінкевіч шчыра і эмацыянальна апавядае гісторыю. У творы бачна, як аўтар спачувае простаму народу і любіць беларускую мову.

У п’есе малады пан Кароль Лятальскі пераасэнсоўвае стаўленне да роднай зямлі і сялян. Пачынаецца ўсё з таго, што Юлія, дачка былога апекуна Лятальскага, пад выглядам сялянкі Югасі знаёміцца з маладым панам. Праз шэраг камічных сітуацый усё прыводзіць да таго, што Лятальскі не толькі змяняе погляды, але і заводзіць рамантычныя адносіны з Юліяй. Напрыканцы п’есы ён аб’яўляе яе жонкай і вырашае жыць разам з сялянамі.

«Пінская шляхта»

Год: 1866

Жанр: п’еса, камедыя

Ключавыя тэмы: сацыяльны падзел, народны гумар

Чаму варта чытаць? Гэты твор з’яўляецца адным з сімвалаў беларускай драматургіі. У ім з іроніяй і гумарам паказваецца жыццё дробнай шляхты на Палессі. «Пінская шляхта» высмейвае дробязнасць і сацыяльную несправядлівасць, але ў той жа час з’яўляецца каштоўным гістарычным дакументам, які перадае моўныя і культурныя асаблівасці беларусаў XIX стагоддзя.

Падзеі п’есы адбываюцца ў не названым мястэчку («у ваколіцы О… паміж балотаў, у глушы Пінскага павета»). Там усе лічаць сябе прадстаўнікамі шляхты. Марыся і Грышка хочуць вяселле, але бацькі супраць. Бацькі Марысі і Грышкі б’юцца паміж сабой: бацька Марыі, Ціхан Пратасавіцкі, сказаў на бацьку Грышкі, Івана Цюхай-Ліпскага, што той не шляхціц, а мужык. Пасля бойкі адбываецца суд, на якім Харытон Куторга хлусіць на карысць Пратасавіцкага, каб узяць яго дачку ў жонкі. Аднак суд заканчваецца добра: судоваму прыставу Кручкову даюць хабар, усе мірацца і збіраюцца ажаніць дзяцей. У канцы п’есы Кручкоў нацкаваў пінскіх шляхціцаў адзін на аднаго, згадаўшы, што хтосьці кагосьці назваў мужыком.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Перспектывы беларускай кнігі. Падзенне ў «Заходне-рускі край»?

 

«Зніклыя людзі». Адкуль пад Ваўкавыскам з’явіліся прозвішчы Рунге, Цапф, Франк?

 

Велічныя і маўклівыя. Як складваецца лёс беларускіх арганаў


«Гапон»

Год: 1854, апублікавана ў 1855 годзе

Жанр: паэма

Ключавыя тэмы: барацьба за свабоду і правы

Чаму варта чытаць? Твор паказвае жыццё звычайнага беларускага селяніна Гапона, які спрабуе выжыць у цяжкіх умовах і захаваць годнасць.

Паэма складаецца з чатырох песень. Гісторыя пачынаецца з таго, як сяляне добра бавяць час у карчме да моманту, пакуль там не з’яўляецца войт. Усе спужаліся, акрамя Гапона. Хлопца затрымліваюць, завязваюць у калодкі, а потым аддаюць у салдаты.

З цягам часу высвятляецца, што ў салдаты маладзёна адправілі праз дзяўчыну. Кацярыну, якая падабалася Гапону, захацеў узяць у жонкі мясцовы аканом. А каб прыбраць канкурэнта з дарогі, паклапаціўся, каб таго забралі ў царскае войска.

Кацярыну ўзялі працаваць у дом да заможнай пані. У гэты ж час Гапон служыць у войску, становіцца афіцэрам. Ён знаходзіцца ў камісіі, якая набірае ў войска перад вайной новых салдат. У Магілёве падчас такой камісіі Гапон настойвае на тым, каб прызвалі аканома. У канцы паэмы Гапон сустракаецца з Кацярынай, яны вырашаюць ажаніцца, абодва сумуюць па вясковым жыцці.

Вярнуцца ўгару