
Калі ў 1990-я гады беларусы і Беларусь шукалі сябе, то ўжо ў 2000-я пачалася фарміравацца сістэма Лукашэнкі, якая існуе дагэтуль. У гэтым матэрыяле мы раскажам пра ключавых падзеі ва ўнутранай палітыцы Беларусі: выбары без выбару, рэферэндумы і масавыя пратэсты супраць Лукашэнкі.
PALATNO расказвае, што адбывалася ва ўнутранай палітыцы Беларусі ў 2000-я гады.
Змест
Першыя кантраляваныя прэзідэнцкія выбары
Да 2001 года ў грамадстве панавала стомленасць ад мінулага дзесяцігоддзя. Беларусы перажылі амаль усё: палітычны крызіс, дэфіцыт, рэформы.
Да гэтага часу дзяржаўныя СМІ ператварыліся ў палітычны інструмент. На тэлебачанні і ў дзяржаўнай прэсе расказвалі пра дасягненні краіны пры Лукашэнку і тое, як яму атрымалася захаваць стабільнасць і парадак. СМІ фарміравалі вобраз Лукашэнкі як адзінага, хто можа ўтрымаць Беларусь ад хаосу, а вось апазіцыя яму называлася радыкаламі ці агентамі Захаду. Незалежныя медыя з часам атрымлівалі ўсё менш магчымасцяў для паўнавартаснай працы.
Беларускі Народны Фронт і іншыя палітычныя фарміраванні, якія былі супраць Лукашэнкі, хацелі знайсці адзінага кандыдата, які бы меў шанец змагацца супраць на выбарах. Аднак да 2001 года адзіны кандыдат так і не з’явіўся. У выбарах 2001 года ўдзельнічалі 22 кандыдаты, але зарэгістравалі толькі чатырох: Лукашэнка, Сямён Домаш, Уладзімір Ганчарык, Сяргей Гайдукевіч.
На той час ужо з’явілася паняцце адміністрацыйнага рэсурсу ў беларускай прасторы: кіраўнікі прадпрыемстваў і мясцовыя ўлады забяспечваюць патрэбны вынік на выбарах.
Паводле афіцыйных дадзеных, Лукашэнка набраў 75% галасоў. Незалежныя назіральнікі адзначалі, што падчас выбараў адбываліся масавыя парушэнні (ад уздзеяння КГБ на апазіцыйных кандыдатаў да прамых фальсіфікацый вынікаў), а самі выбары прайшлі не празрыста.
Як Лукашэнка зрабіў сябе пажыццёвым прэзідэнтам
Пасля выбараў 2001 года Лукашэнка ўжо кантраляваў усе галіны ўлады, дзяржаўныя медыя. Заставалася адна фармальная перашкода для таго, каб зрабіць сябе пажыццёвым прэзідэнтам. Справа ў тым, што Канстытуцыя 1994 года дазваляла прэзідэнту знаходзіцца на сваёй пасадзе толькі два тэрміны.
У 2004 годзе разам з выбарамі ў парламент прайшоў рэферэндум, на якім было толькі адно пытанне наконт удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах без абмежавання тэрмінаў. Згодна з Выбарчым кодэксам, пытанні наконт заняцця прэзідэнтам пасады нельга было вырашаць на рэферэндуме.
Па афіцыйных дадзеных — «за» прагаласавалі 77%. Назіральнікі АБСЕ і Еўрасаюза не прызналі рэферэндум свабодным. Рэферэндум 2004 года дазволіў Лукашэнку ўдзельнічаць у выбарах у наступныя два дзесяцігоддзі.
Першая Плошча
Пасля атрымання неабмежаванай улады Лукашэнкам апазіцыйныя рухі зразумелі, што паасобку яны асуджаныя на паразу. У 2005 годзе было вырашана, што на наступных выбарах апазіцыйныя сілы выставяць адзінага кандыдата — гісторыка і прафесара Аляксандра Мілінкевіча.
На хвалі змяненняў у Грузіі і ва Украіне многія думалі, што надышоў час Беларусі. У палітычную дзейнасць актыўна ўключалася моладзь, якая верыла ў хуткія перамены. Аднак у тых умовах, калі прэсу кантралявала дзяржава, апазіцыйнаму палітыку было складана дагрукацца да насельніцтва. Да таго ж, на той момант Лукашэнка кантраляваў і Цэнтрвыбаркам, які да гэтага сфальсіфікаваў выбары 2001 года і рэферэндум 2004 года.
Выбары прайшлі ў сакавіку 2006 года. Па афіцыйных дадзеных, Лукашэнка набраў 83%, а Мілінкевіч усяго 6%, астатнія кандыдаты — менш за 3%. Незалежныя назіральнікі фіксавалі масавыя парушэнні, але галоўнае — адсутнасць даверу да самога працэсу выбараў. Людзі адчувалі, што іх голас нічога не вырашае.
Увечары 19 сакавіка пасля закрыцця ўчасткаў людзі пачалі збірацца на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. На плошчы знаходзіліся бел-чырвона-белыя сцягі, сцягі Еўрасаюза. Пратэстоўцы не заклікалі да гвалту, гэта ад самога пачатку быў мірны пратэст. На плошчы людзі паставілі некалькі дзясяткаў намётаў, арганізавалі дзяжурствы. Пратэсны лагер пратрымаўся чатыры дні.
Ноччу 24 сакавіка ў дзень абвяшчэння перамогі Лукашэнкі на выбарах плошчу атачылі сілавікі: намёты знеслі, людзі збівалі і адвезлі ў ізалятары. У дзяржаўных медыя пратэстоўцаў называлі хуліганамі і агентамі Захаду, якія хацелі гвалтоўна змяніць уладу ў Беларусі.
У 2000-х гэта акцыя супраціву была першай масавай дэманстрацыяй супраць Лукашэнкі. Удзельнікі Плошчы-2006 былі будучымі ўдзельнікамі пратэстаў у 2010 і 2020 гадах. Хоць пратэсты аказаліся не паспяховымі і не змянілі ўладу ў Беларусі, але ў людзей з’явілася ўпэўненасць, што яны не адны і могуць пратэставаць.
Выбары не былі прызнаныя Еўрасаюзам і ЗША, пасля супраць Беларусі былі ўведзеныя санкцыі.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Выбары з дохлымі пацукамі. Як 18 гадоў таму Лукашэнка абраў сябе прэзідэнтам
Другая Плошча
Праз некалькі гадоў пасля выбараў 2006-га і масавых акцый пратэсту ў Беларусі пачалася адліга. На той час Беларусь крыху канфліктавала з-за нафты з Расіяй, таму Лукашэнка спрабаваў выправіць адносіны з Захадам. З часам частку санкцый знялі, незалежныя медыя ў краіне пачалі дыхаць больш свабодна, апазіцыя праводзіла сходы без масавых арыштаў.
У выбарах удзельнічалі дзесяць кандыдатаў, частка была апазіцыйна настроеная да Лукашэнкі і ў кожнага з іх былі свае выбаршчыкі. Краіна на той час была ў эканамічнай стагнацыі: цэны раслі, але лукашэнкаўская стабільнасць яшчэ трымалася. Людзі стаміліся не толькі ад зменаў у эканоміцы, але хацелі новага чалавека ва ўладзе.
Перад выбарамі 2010 года дзяржаўныя медыя працавалі ў звыклым рэжыме: Лукашэнка быў гарантам, гаспадаром і крыніцай беларускай стабільнасці. Перад асноўным днём выбараў у Мінску назіралася шмат сілавікоў, што казала пра тое, што Лукашэнка не імкнецца правесці чарговыя выбары дэмакратычна.
Пасля закрыцця ўчасткаў Цэнтрвыбаркам абвясціў перамогу Лукашэнкі з 79%. Апазіцыйныя кандыдаты заявіла пра фальсіфікацыі і заклікала выйсці на Плошчу Незалежнасці для пратэсту.
Увечары 19 снежня ў цэнтры Мінску сабраліся дзясяткі тысяч чалавек. Гэта была найбуйнейшая акцыя пратэсту за гісторыю незалежнай Беларусі да 2020 года. Апазіцыя не разглядала акцыю як сілавую, але правакацыя ўсё ж адбылася: група людзей пачала біць шкло ў будынку Дома ўрада. Дзяржаўнае тэлебачанне пасля паказала гэта як спробу штурму і сілавы сцэнарый апазіцыі, хаця гэта было няпраўдай і пастаноўкай.
У тую ж ноч сілавікі жорстка разагналі дэманстрацыю. Былі затрыманы не толькі шэраговыя ўдзельнікі акцыі, але амаль усе апазіцыйныя кандыдаты. Пасля выбараў пачаліся рэпрэсіі: сотні людзі атрымалі адміністратыўныя арышты, журналістаў пазбаўлялі акрэдытацый, кандыдатаў — Саннікава, Міхалевіча, Някляева і Статкевіча — пазней пераследавалі па крымінальных артыкулах за масавыя беспарадкі. Пераслед апазіцыйных дзеячаў моцна крытыкаваўся еўрапейскімі краінамі і ЗША.
Пасля Плошчы-2010 некаторыя актывісты з’ехалі за мяжу, іншыя пагрузіліся ва ўнутраную эміграцыю. Пратэсты супраць Лукашэнкі сталі тэмай-табу на гады наперад. Аднак менавіта пасля гвалту сілавікоў на тых акцыях у беларускім грамадстве пачала зараджацца новая свядомасць: разуменне, што сістэма несправядлівая.
Лукашэнка пасля выбараў застаўся пры ўладзе, але пабудаваная ім сістэма страціла рэпутацыя мяккага аўтарытарызму. Улады перайшлі да палітыкі татальнага кантролю, а дзяржава на некаторы час аказалася ў міжнароднай ізаляцыі.