Дом у традыцыйнай культуры — гэта не проста месца, дзе можна спаць, есці, і пакідаць рэчы. Гэта неад’емная частка міфапаэтычнага сусвету і яго сімвалічнае ўвасабленне. А таксама надзейны прытулак для чалавека традыцыйнай культуры сярод «чужых прастораў».
Ад моманту выбару месца для будаўніцтва хаты і да спосабу камунікацыі з духамі дома, чалавек праходзіў праз мноства разнастайных рытуалаў. Многія з іх былі рэгламентаваныя: правілы пабудовы, арыентацыя будынка, унутраны парадак. Але знешні архітэктурны дэкор збольшага залежаў найперш ад гаспадароў.
PALATNO расказвае пра тое, як і чаму беларусы ўпрыгожвалі свае дамы.
Ад абярэгу да дэкору
Самыя раннія згадкі пра архітэктурную разьбу на тэрыторыі Беларусі адносяцца да XI-XII стагоддзя. Асобныя помнікі сустракаецца ў драўляным дойлідстве Мінска, Віцебска, Полацка і іншых беларускіх гарадоў. Гэта былі самыя элементарныя засечкі на вушаках дзвярэй і панэлях.
Менавіта драўляныя дэкаратыўныя элементы ў традыцыйным дойлідстве з’яўляюцца прыкладна з XIX cтагоддзя. Спачатку — у гарадах і мястэчках, пазней з’ява пашыраецца і сярод вясковай культуры. Адсутнасць элементаў упрыгожвання невыпадковая — доўгі час беларускія хаты ў большасці былі курнымі, то бок не мелі дымаходу і тапіліся «па-чорнаму».
Традыцыйны дэкор вельмі неаднастайны, як у розных частках краіны, так нават і суседніх рэгіёнах. На гэта звяртае ўвагу даследчык Яўген Малікаў, які вылучае, напрыклад, розніцу ў разьбе заходняга Палесся і паўднёвага-ўсходу Беларусі: на захадзе дэкор прасцейшы, лінейны, а на ўсходзе — разнастайней і складаецца з шматлікіх элементаў. Прычым, гэта тэндэнцыя заўважаецца не толькі ў архітэктурным дэкоры, але і ў ткацтве, арнаменце, і нават у сістэме гаспадарчых пабудоў.
Дэкор выконваўся з дрэва. А ўжо як менавіта — залежала ад заможнасці сям’і ці майстэрства гаспадара. Ёсць версіі, што старажытным «прататыпам» таго ж вільчыка маглі быць сапраўдныя чарапы жывёл як магічныя абярэгі.
Сучасны дэкор выконвае хіба выключна дэкаратыўную функцыю. Майстры паўтараюць традыцыйныя сюжэты, але першапачатковы іх сэнс згублены. Этнографы ХІХ і пачатку ХХ стагоддзя стагоддзяў яшчэ занатоўвалі глыбокае сімвалічнае значэнне элементаў — на іх пераносілі сімвалічныя і магічныя функцыі — аберагчы, паспрыяць, адвесці злое. На жаль, сёння пра большасць сэнсаў можна толькі здагадвацца.
Дом як цэнтр сусвету
Дом — гэта маленькая копія сусвету і самога чалавека.
У міфапаэтычным светапоглядзе чалавека традыцыйнай культуры сусвет падзяляўся гарызантальна (свае і чужыя прасторы) і вертыкальна (зямное і нябеснае). Аснова і фундамент хаты ўспрымаліся як ніжні, «той» свет. Страха, гарышча — як верхні, «нябесны» ўзровень.
Столь сімвалізавала неба, гарышча — аблокі. Вышэй была «бездань нябесная», якая пралівалася дажджом — адсюль звычка ўпрыгожваць закрыліны даху хвалістым арнаментам. Паверхня зруба хаты адносілася да «зямнога». Таму тут пераважаюць арнаменты з выяўленнем расліннага і жывёльнага характару.
Гэтаксама хата ўвасабляла сабой мадэль галавы чалавека: твар адпавядае «зямной» частцы дома, рот — дзверы, вочы — вокны, векі, бровы — аканіцы, лоб — франтон, валасы — страха, цемечка — вільчык.
«Я вам раскажу вот такі сон. Сніцца, што папа сначала выходзіць, і з мяне ўсю кожу здзіраець да пояса. І я сіжу, нейкай простынню прыкрыўшыся, і яна так нідзе не даторкнулася да мяне. А тут прыйшла гэтая Матруна і гаворыць: “Енчы перад Богам і цалуй зямлю! Тады ня будзець болей скуру рваць, а так усю парвець!” Ну, усім я расказвала, а ніхто майго сна не разгадаў. А тады цераз нескалькі врэмя паднялася бура, і ў нас звярнула палавіну хаты. Усё зьнясло: і крышу, і мурлаты, а адна часць – прысценак і во з гэтай хаты сюды закінула, а другую – аж за дарогу занясло. Толькі столь засталася» (в. Шо, Глыбоцкага р-на)
Хата сімвалізавалася таксама з самім жыццём. Калі чалавек памірае, ён ужо нічога не бачыць і не чуе, таму прысніць хату без дзвярэй і вакон — аналагічна атрымаць папярэджанне аб смерці:
« (…) Она [мама] как-то (я в городе работала, приезжаю с города), а она говорит: “Наверное, всё, я умру скоро”. “Ну, мама, ну ты что, 51 год!” (А перед этим папа умер 3 года назад). Говорит [мама]: “Папа мне построил такой тесный домик, без окон, без ничего. Ну, такой, такой тесный”. “Ну, мама, ну не может быть!” Ей приснилось, во сне. И потом не с того не с сего ей плохо, в больницу отвезли. И всё [умерла]» (ФА; Люта Брэсцкага р-на).
А вось пра аздабленне гаспадарчых пабудоваў (клеці, сеннікі, хлявы) вядома вельмі мала. Найхутчэй яно магло быць у форме акенцаў на франтоне ці ў дэкоры палотнішчаў дзвярэй.
Што ўпрыгожвалі?
Самым яскравым і «багатым» на архітэктурны дэкор рэгіёнам называюць Падняпроўе і Усходняе Палессе. Менавіта там была пашырана дэкаратыўная разьба карнізаў, ліштваў і аканіц, брам сядзібы, ганкаў жылля.
На Паазер’і, Панямонні, у Цэнтральнай Беларусі перавагу аддавалі ўпрыгожванню галоўнага фасада жылля (карніз, ліштвы, франтон, вуглы зруба). Заходняе ж Палессе адметнае асаблівай увагай да аздаблення франтонаў.
Вільчык — завяршальны элемент пры будаўніцтве двухсхільных дахаў, месца злучэння закрылін. Лічыцца, што ў старажытнасці вільчык выконваў магічную функцыю аховы дома і мог аздабляцца сапраўднымі чарапамі коней ці кароў як абарона ад злых сілаў.
Аздабленне мела сіметрычную форму, найчасцей адпавядала анімалістычнай тэматыцы — рогі, фігуркі птушак, жывёл. Распаўсюджаным быў вільчык у форме здвоеных стылізваных коней. У ХХ стагоддзі распаўсюджваецца адзінарныя вільчыкі.
Шчыт (франтон) — вялікая трохвугольная (або трапецыепадобная) плоскасць над фасадам будынку. Папулярны дэкор – простая (вертыкальная, гарызантальная), фігурная («квадрат», «ромб», «у елачку», салярныя матывы) і камбінаваныя шалёўка (абшыўка тоненькімі дошчачкамі), накладкі з геаметрычным арнаментам і расфарбоўкай.
Атаясамленне франтона з небасхілам абумовіла прысутнасць салярнай сімволікі. Папулярныя сюжэты гэта наяўнасць сонца з прамянямі, колаў, зорак, ромбаў. Сонца нават магло быць намалявана проста фарбай, выяўлена праз паўкруг-накладку ці круглае акенца.
Ліштвы — накладныя фігурныя планкі вакол аконных праёмаў. Часта аздабляліся разам з аканіцамі, ствараючы своеасаблівую сюжэтную стужку.
Дэкор ліштваў па ўсёй тэрыторыі Беларусі быў самы розны. Вялікай разнастайнасцю вылучаецца дэкор ліштваў Заходняга Палесся.
Сустракаюцца геаметрычныя, салярныя, зааморфныя, раслінныя матывы, а таксама элементы савецкай сімволікі. Распаўсюджаны элемент — ромб, ромб-страла. Таксама сіметрычныя, а наверша аздабляюць каронамі, птушкамі, вужамі ці нават цмокамі.
Аканіцы (стаўні) — драўляныя накладкі на вокны, якія адыгрывалі ролю ўцяпляльніка і ахоўніка для хаты. У раскрытым выглядзе аканіцы запаўнялі прасценкі паміж вокнамі, утвараючы сабой суцэльны дэкаратыўны пояс.
Што ж азначаюць узоры?
Папулярны сюжэт — вобраз каня. Акрамя надзвычайнай ролі ў гаспадарцы, яго звязваюць з культам продкаў і салярным культам. Напрыклад, звычай прыбіваць знойдзеную падкову да парога ці вушака дзвярэй мела «ахоўнае» значэнне — маркіркаванне мяжы свайго і хтанічнага свету.
Часта ў дэкоры сустракаліся птушкі. Найбольш старажытныя і пашыраныя вобразы — качка (сімвал дабрабыту), певень (сімвал пачатку новага дня, усходу Сонца, знікнення нячыстай сілы) ды інш. Пара птушак сімвалізавала сямейнае шчасце. Як занатаваў М. М. Нікольскі:
«…на першым месцы тут стаіць амаль што паўсюды певень, аб якім многа гаварыць не трэба: певень лічыцца птушкай, якая адганяе сваім пяяннем нячыстую сілу і наогул мае здольнасць аберагаць ад усякага ліха…».
Птушкі ў дэкоры сядзяць на гнёздах, стаяць, але амаль заўсёды павернуты галовамі адна да адной. У якасці элемента паміж птушкамі сустракаюцца дрэва, кветка, вазон або сімвал сонца.
Ахоўную функцыю надаюць выявам змей. Беларусы асабліва шанавалі вужоў, іх нават называлі «гаспадаром, дамавіком, хатнікам, вужом-вартаўніком». Якраз выяўленне вужоў на вільчыку павінна было захаваць жыллё ад удараў маланкі. У дэкоры выявы сіметрычныя вобразы змей змяшчалі на верхняй частцы ліштваў. Галовамі яны маглі быць павернуты да цэнтра або глядзець у розныя бакі.
Цмок (змей) — сімвал мудрасці, магічнай сілы, апякунства ачага, захавальнік сям’і, дому.
Салярныя сімвалы — ад элементарнага круга-сонца да шматпялёсткавых кветак і крыжоў. Сімваламі сонца з’яўляюцца чатырохпялёсткавыя замкнёныя і востраканцовыя разеткі, якімі аздабляляюцца франтон, уваход, сцены, ліштвы.
Крыж як сімвал агню і сонца вядомы быў на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў часы язычніцтва. У народных павер’ях агонь лічыўся ачышчальнай сілай ад шкодных духаў. Крыж малявалі на ліштвах, дзвярах, на фасадзе. Крыж у крузе сімвалізаваў адзінства зямнога агню і нябеснага свяціла.
У сістэму дэкаратыўнага ўпрыгожвання ўключалася таксама інфармацыя, часцей за ўсё на франтоне, напрыклад — даты пабудовы дома, ініцыялы.
Папулярны геаметрыны ўзор ромб трактуюць як сімвал, які аб’яднаў у сабе такія каштоўнасці як «хлеб, сям’я, жыццё». (Праўда, таксама варта адзначыць што «ромб» — гэта наша сучасная назва элемента, як называўся гэты элемент раней — мы не ведаем). Гэтаксама іх называюць сімваламі ўрадлівасці і багацця.
Адназначна трактаваць які сэнс мелі тыя ці іншыя архітэктурныя аздабленні нельга. У даследчыкаў хапае версій і трактовак, але да ўсіх іх трэба падыходзіць з асцярожнасцю — з адсылкай да эпох, іншага мыслення і светапогляду.