Now Reading
Язык-джала, налітыя крывёю вусны і чырвоны твар. Ці верылі беларусы ў вампіраў

Язык-джала, налітыя крывёю вусны і чырвоны твар. Ці верылі беларусы ў вампіраў

Вупыры, вампіры, Беларусь

У беларускай міфалогіі ёсць гісторыі пра вампіраў, якіх у нас называлі вупырамі. Гэтых гісторый, праўда, не так шмат, а самі вупыры вельмі адрозніваліся ад галівудскіх вампіраў з клыкамі. Як станавіліся вупырамі? Як ад іх абараняліся? І чаму іх можна было вельмі лёгка абдурыць?

PALATNO расказвае пра тое, як нашы продкі ўяўлялі вампіраў, ці засталіся ў народнай памяці легенды пра іх і ці ёсць у Беларусі «вампіравыя» вёскі.

Не вампіры, а вупыры

У беларускіх вераваннях не было вампіраў, але былі вупыры. Вупыроў уяўлялі як нябожчыкаў, якія шкодзяць людзям, свойскай жывёле, разносяць усялякія пошасці.

Этымалогія самога слова оруr («не спалены») паходзіць ад індаеўрапейскай пахавальнай традыцыі спальвання трупаў, мае дачыненне да грэцкага слова άπύρος (што значыць «які не спальваецца», «ахвяра без агню, не прынятая багамі»), лацінскага — purus («чысты»), хецкага — pahhur («агонь»). Так называлі нябожчыка, які не прайшоў належны пахавальны абрад.

Менавіта адсюль паходзіць распаўсюджанае ў беларусаў уяўленне пра тое, што вупырамі становяцца «закладныя нябожчыкі»:

  • самагубцы, якіх хавалі без правядзення належнага абраду;
  • чараўнікі;
  • людзі, народжаныя жанчынай ад нячысціка, а таксама — ад сувязі ведзьмы з чортам;
  • людзі, да якіх пры жыцці дакрануўся нячысцік;
  • праклятыя кімсьці людзі;
  • нябожчыкі, праз чыю магілу пераскочыла чорная котка;
  • людзі, пакараныя за нейкія грахі (напрыклад, за хцівасць і празмерную прагу да багацця);
  • людзі, якія, паміраючы, вельмі аб нечым шкадавалі або аб якіх вельмі хто плача і каго бесперапынна згадвае;
  • падбабічы — дзеці, якія нарадзіліся ўжо пасля таго, як іх маці стала бабіць чужых дзяцей.

Згодна з беларускімі вераваннямі, вупыр мусіў быў доўгі час праляжаць у магіле. Там ён не паддаваўся гніенню і захоўваў выгляд здаровага чалавека. У труне ён ляжаў тварам уніз з расплюшчанымі вачыма, меў чырвоны (наліты крывёю) твар.

Вупыры захоўвалі тыя рысы свайго аблічча, якія мелі пры жыцці, толькі іх вусны ад частага смактання крыві распухалі, а язык станавіўся тонкім і вострым, як джала. Гэтым вострым языком яны прыпадалі да грудзі сваёй ахвяры, праціналі ў ёй ледзь бачную дзірачку аж да сэрца і высмоктвалі кроў. Пасля яны павінны былі вярнуцца на сваё месца да першых спеваў пеўняў. Калі камусьці гэта не ўдаецца, той падае мёртвым і аджывае толькі на наступны дзень у такі ж сама час.

Часта вупыр працягвае тыя заняткі, якімі займаўся пры жыцці: сквапны пан пералічвае грошы ў сваім прыхаваным скарбе, памерлы муж наведвае сваю жонку дзеля інтымнай блізкасці. Вупыры вельмі помслівыя: за найменшую крыўду ці нават за нястрыманае слова яны жыўцом раздзіраюць крыўдзіцеля або скручваюць яму галаву.

Вупыры могуць перакідвацца ў розных жывых істот, мяняць свае абліччы, а таксама ператварыць чалавека ў якога-небудзь звера — да прыкладу, пярэваратня. Калі апошняе здарылася, трэба адкапаць падазраванага мерцвяка, адрэзаць ад яго кавалак цела і, падсмажыўшы, даць перавернутаму ў звера чалавеку гэта з’есці, каб вярнуць яго ранейшае аблічча.

Пярэварацень — чалавек, здольны ператварацца ў адушаўлёныя і неадушаўлёныя прадметы і зноў вяртаць свой ранейшы чалавечы выгляд. Здольнасцямі набываць іншы фізічны выгляд валодаюць ведзьмы, ведзьмакі, чэрці, дамавікі, лесавікі, вупыры і іншыя. Пярэваратнем становяцца па ўласнай волі ці пад уздзеяннем вонкавай надпрыроднай сілы. Пярэварацень падвяргаецца метамарфозе пад уздзеяннем сілаў звонку, а вобарацень — па ўласнай волі.

Вупыры Беларусь
Паляўнічыя на вампіраў страляюць у сэрца трупу на могілках у Трансільваніі. Ілюстрацыя: National Geographic

Згодна з беларускай міфалогіяй, вупыры не могуць ведаць думак чалавека, таму іх вельмі лёгка абдурыць. Напрыклад, забалбатаць, каб выйграць час і дачакацца першых пеўняў. Пабачыць вупыра мог і просты чалавек. Для гэтага трэба было на ноч схаваць пад нейкай судзінай запаленую васковую свечку і пасля поўначы час ад часу асвятляць пакой, падымаючы гэтую судзіну. Пры нечаканым асвятленні вупыр становіцца бачным, і тады яго трэба адлупцаваць асінавым паленам, каб больш у гэты дом прыходзіў. Так дазнаваліся, які канкрэтна памерлы чараўнік наведваецца ў постаці вупыра.

Пазнаюць будучага вупыра па падвойным шэрагу зубоў, бо анамальная зубатасць — характэрная рыса многіх дэманічных істот.

Дзейсным сродкам супраць вупыра лічыўся забіты ў яго магілу асінавы кол або прыбітая на магіле асінавым калком цень ад сваёй левай нагі. На Палессі самым надзейным сродкам абароны лічылася зламаная ў дарозе вось ад воза, якой трэба было ўдарыць вупыра.

Вупыры баяцца асвечанага маку-самасею, якім пасыпалі дарогу ад дома да могілак, хату і могілкі. Дапаможа таксама грамнічная свечка, запаленая перад тым акном, праз якое панадзіўся хадзіць вупыр. Або стрэл у акно са стрэльбы, набітай асвечанай соллю. Самы радыкальны сродак пазбавіцца ад наведванняў вупыра — раскапаць магілу падазраванага ў «вупырстве» мерцвяка, адсекчы яму галаву і заціснуць яе яму паміж ног, каб ён не мог дастаць яе рукамі, а цела прыбіць асінавым колам да зямлі. Падобныя пахаванні археолагі знаходзілі ў складзе некаторых курганных могільнікаў.

Калі вупыр задушыць чалавека, то, каб аджывіць яго, трэба што хутчэй адрэзаць у небаракі вялікія пальцы на правай руцэ і левай назе, калі гэта мужчына. На левай руцэ і правай назе — калі жанчына.

Вупыры Валадковічы

Вупыры Беларусь

На Лепельшчыне ёсць вёска Іванск (раней яна мела назву Еванск). У той вёсцы была сядзіба паноў Валадковічаў. Цяпер ад яе засталіся толькі рэшткі, якія яшчэ можна пабачыць. Гэтую сядзібу ў 1774 годзе набыў крайчы Мінскага ваяводства Тадэвуш Валадковіч. Пра Валадковічаў захавалася шмат інфармацыі. Вядома, што ў 1739 годзе мінскі войт Станіслаў Бужынскі абвінаваціў Андрэя Валадковіча, Тэклю Валадковіч, Лявона Валадковіча і яшчэ шмат іх родзічаў у нясплаце гарадскіх падаткаў. Але яны іх так і не сплацілі. Генрых Прыгажунчык, таксама з роду Валадковічаў, быў удзельнікам паўстання Касцюшкі, потым ад’ютантам Напалеона — ягонае імя ёсць на Трыумфальнай арцы ў Парыжы. Яшчэ адзін з роду Валадковічаў, Міхал Валадковіч, быў сябрам Караля Станіслава Радзівіла («Пане Каханку») і нібыта стаў прывідам у Мінскай ратушы.

Сядзіба ў Іванску належала пляменніку Міхала Валадковіча, Вінцэнту. Апошнім яе гаспадаром быў унук Вінцэнта, які з’ехаў адтуль у апошнія гады Першай сусветнай вайны.

Жыхары суседніх з сядзібай вёсак былі ўпэўненыя, што Валадковічы — вупыры. Усё, вядома, больш празаічна: Валадковічы ўдзень спалі, а ноччу, наадварот, займаліся справамі. Незвычайным для мясцовых было і тое, што Валадковічы першымі ў тых мясцінах правялі электралінію і тэлеграф. А цэлую ноч у іх вокнах гарэла святло. Апошні з Валадковічаў па начах аб’язджаў свае прадпрыемствы.

Вёска з вупырамі на беларуска-ўкраінскай мяжы

Вупыры Беларусь
Фота: Onliner

Вёска Парэ знаходзіцца амаль на мяжы з Украінай, да якой каля 600 метраў, а да бліжэйшага буйнога горада, Пінска, — толькі 25 кіламетраў. Гэтая вёска вядомая тым, што мясцовыя вераць, што некалі туды прыходзілі вупыры. Аднак апошнім часам даказаць, што мясцовыя сапраўды ў гэта вераць, не змаглі ні журналісты, ні розныя блогеры.

Сімвалам «вупырства» ў Парэ сталі могілкі. Там стаяць вялікія драўляныя крыжы, абвязаныя рознакаляровымі стужкамі. На магілах ляжаць цяжкія камяні ці, часцей, драўляныя калоды. Частка новых магіл адрозніваецца ад старых: там звычайныя гранітныя помнікі, але традыцыя ўсё-такі працягвае жыць — на некаторыя магілы кладуць газасілікатныя блокі.

Гісторык Ігар Вуглік расказваў парталу Onliner, што існуе дзве гіпотэзы, чаму жыхары вёскі Парэ ўстанаўлівалі на магілах дубовыя калоды. Па першай, гэта рабілі для таго, каб абараніць могілкі ад дзікіх жывёл. Па другой, гэта рабілі па рэлігійна-міфалагічных прычынах: калода аддалена нагадвала саху, якая ў беларускай культуры азначала падзел паміж светам жывых і светам мёртвых. Саха была абярэгам і абаронай ад мёртвых.

Рознакаляровыя стужкі — гэта так званы аброк. Згодна з традыцыяй, мужчыны рабілі крыж, а жанчыны пазней упрыгожвалі яго каляровымі стужкамі, калі ў мясцовасці магла адбыцца бяда. Гэта такі зварот да Бога, каб гэтую бяду ад мясцовасці адправадзіць. Мясцовыя ўспамінаюць, што такі абрад праводзілі звычайна ноччу — і для іх гэта азначала, што свойская жывёла будзе здаровая.

Вупыр з Путчына

Вупыры Беларусь
Фота: glubinka.by

Самая новая легенда пра вупыроў (ёй не болей за 70-80 гадоў) тычыцца Мінскай вобласці. Па легендзе, вёска Путчына, што знаходзіцца ўсяго ў пяцідзесяці кіламетрах ад Мінска, стала месцам з’яўлення вупыра.

Вупыр з’явіўся там аднойчы, дзесьці ў сярэдзіне XX стагоддзя. Згодна з гісторыяй, мясцовы жыхар Стэфан памёр і вярнуўся ў родныя мясціны ўжо пасля смерці. Па легендзе, Стэфан стаў вупыром пасля таго, як знайшоў кнігу чорнай магіі і стаў чараўніком. У Путчына ён шукаў адну са сваіх дачок, якую хацеў скрасці. Дзеці, з якой гулялася маленькая дзяўчынка, хутка паведамілі пра гэта яе маці. Жанчына ўбачыла на месцы здарэння сваю дачку з памерлым (ці зноў жывым) мужам. Стэфан нібыта спужаўся і адпусціў дзяўчынку да маці, а сам збег.

Гэтая гісторыя мае дзве канцоўкі. Згодна з першай, жанчына і яе дачка загінулі ў той жа вечар: вупыр вярнуўся ўначы і выпіў усю іх кроў. Па іншай версіі, тая дзяўчына і яе маці ацалелі і пражылі яшчэ доўга.

Загалоўнае фота: historycollection.com

Вярнуцца ўгару