Now Reading
Што такое даўгунец і навошта кожнае лета яго цярэбяць

Што такое даўгунец і навошта кожнае лета яго цярэбяць

Церабіць лён-даўгунец

Кожнае лета аграрыі прыступаюць да цераблення даўгунцу. А што гэта значыць? Што такое даўгунец і навошта яго церабіць? Калі гэта лён, то чаму яго не косяць і не жнуць?

PALATNO расказвае простымі словамі пра лён і працэс цераблення.

Што гэта за такі даўгунец

Лён-даўгунец — гэта падвід лёну. У яго высокае сцябло — у сярэднім да 120 сантыметраў. Лён-даўгунец выкарыстоўваюць для вытворчасці валакна, і з такой мэтай яго вырошчваюць у Беларусі. Калі даўгунец прызначаны для атрымання валакна, то яго бліжэйшых братоў вырошчваюць для іншых патрэб.

Лён алейны (ці лён-кудраш) вырошчваюць для атрымання насення. Такі лён калісьці быў нетыповай раслінай для Беларусі, але ў сувязі з глабальнай зменай клімату яго пачалі разводзіць і ў нашай краіне. Напрыклад, у 2009 годзе ў Беларусі быў выведзены яго новы гатунак — «Сонечны». З яго насення робяць льняны алей. Далей ідзе лён міжпародны — сярэдняе звяно паміж даўгунцом і кудрашом. Ёсць яшчэ лён, які сцелецца, — ён расце ў стэпах і далінах як дзікарослая расліна.

Але асноўная для Беларусі бітва ідзе за лён-даўгунец. Яго пачынаюць сеяць пад канец красавіка. Прыкладна праз тыдзень лён пачынае ўзыходзіць: на паверхні грунту з’яўляюцца невялічкія лісткі з почкай паміж імі. Лён квітнее прыблізна на 60-62 дзень пасля пасеву, то бок дзесьці пад канец чэрвеня. Квітненне працягваецца каля двух тыдняў.

Вызначаюць чатыры стадыі спеласці лёну:

  • Зялёная спеласць. Адбываецца праз два тыдні пасля квітнення. Валакно мяккае і гнуткае.
  • Ранняя жоўтая спеласць. Адбываецца праз 25-30 дзён пасля квітнення. Ніжнія лісткі абсыпаюцца, сцябло жаўцее, насенне — лімоннага колеру. Гэта лепшая стадыя для ўборкі валакна.
  • Жоўтая спеласць. Наступае праз 35-40 дзён пасля квітнення. Сцябло жоўтае, а насенне жоўта-карычневае. Валакно хутка страчвае якасць.
  • Поўная спеласць. Каробачкі сухія, насенне карычневае, цвёрдае, бліскучае. Валокны вельмі грубыя. На гэтым этапе звычайна ўбіраюць алейны лён.

Чаго баіцца даўгунец? Ён любіць вільгаць, але пасля квітнення патрэба ў вадзе памяншаецца. Пры лішку вільгаці лён-даўгунец можа захварэць. Для росту і развіцця лёну аптымальнай тэмпературай з’яўляецца 16-18 градусаў, а пры яе павышэнні да 22 градусаў сцябло не расце. Таксама лён вельмі ўспрымальны да кіслотнасці глебы. Калі лён узыходзіць, яго апрацоўваюць інсектыцыдам супраць льняных блох. Затым ідзе бітва з пустазеллем і рознымі захворваннямі расліны.

Даўгунец мае шмат гатункаў: яны могуць быць раннімі, сярэднімі і познімі. Беларускія вучоныя рэкамендуюць сеяць іх часткамі, каб было лягчэй збіраць.

Церабіць лён-даўгунец
Фота: pixabay.com

Церабленне першы этап працэсу ўборкі лёну

Лён-даўгунец убіраюць трыма спосабамі. У кожным з іх прысутнічае церабленне — гэта першы этап працэсу ўборкі лёну. Але спачатку раскажам, што гэта такое.

Церабленне азначае выдзіранне расліны з глебы з каранямі. Лён не косяць і не жнуць, бо кожны сантыметр лёну важны для далейшай перапрацоўкі валокнаў. Выцераблены лён звязваюць у снапы ці спачатку кладуць у шэраг —пакідаюць для даспявання і прасушкі.

Спосабы ўборкі лёну адрозніваюцца ў залежнасці ад таго, для чаго прызначаецца гэты лён. Да таго ж, многае залежыць ад надвор’я. Напрыклад, у непагадзь камбайн — самы лепшы памагаты. Палеглы лён (гэта калі было шмат вільгаці) таксама ўбіраюць — яго цярэбяць толькі з аднаго боку, каб зусім не знішчыць пасеў.

Спосабы ўборкі лёну:

  • Камбайнавы. Камбайны цярэбяць лён і абчэсваюць каробачкі з насеннем, потым рассцілаюць лён у шэрагі. Пасля адведзенага часу лён збіраюць у снапы.
  • Снаповы. Спачатку даўгунец цярэбяць без абчэсвання каробачак, пасля рассцілаюць у шэрагі, затым звязваюць у снапы, і ўжо ў канцы адбываецца малацьба.
  • Паасобны. Спярша цярэбяць, затым рассцілаюць у шэрагі, абчэсваюць каробачкі і толькі пасля звязваюць у снапы.

Каля сямі гадоў таму ў Беларусі пачалі актыўна выкарыстоўваць паасобны спосаб уборкі лёну. Яго яшчэ называюць еўрапейскім. Спосаб лічацца эканомным — патрабуе да 25-30 долараў на адзін гектар.

Што адбываецца з лёнам далей?

Пасля ўборкі лён прасушваюць, потым льняную трасту (прасцей кажучы, салому) адвозяць на льнозавод. На заводзе лён мнуць, прыбіраюць драўніну са сцябла. Пасля сартавання льняное валакно сплятаецца, прачэсваецца і выцягваецца да таго моманту, пакуль яно не стане тонкім. Затым валакно адпраўляюць на варэнне, адбельванне ці афарбоўку. На прадзільных машынах з яго робяць гатовую пражу.

Льняныя каробачкі з насеннем трапляюць у сушыльны пункт. Каробачкі сушаць у канвеерных ці карусельных сушылках, а затым насенне перапрацоўваюць на малатарні, ачышчаюць і падсушваюць да патрэбнай вільготнасці.

Церабіць лён-даўгунец
Фота: sb.by

У Беларусі з церабленнем даўгунцу ўсё кепска?

У 2000 годзе ў Беларусі стварылі Інстытут лёну пры Нацыянальнай акадэміі навук. Там распрацоўваюць новыя гатункі гэтай культуры. Інстытут займаецца не толькі навуковай дзейнасцю, але і вырошчвае лён самастойна. Пад кіраўніцтвам арганізацыі было каля 300 гектараў зямлі, дзе вырошчваўся лён-даўгунец.

У 2018 годзе дырэктар Інстытута лёну Іван Голуб расказваў, што беларускія гатункі больш падыходзяць для нашай глебы, чым замежныя. Яго абураў той факт, што прадпрыемствы павальна купляюць менавіта замежныя гатункі, не звяртаючыся да інстытуцкіх даследаванняў. Гэта была не адзіная праблема ў льняной галіне. Магутнасці беларускіх ільнозаводаў дазваляюць перапрацоўваць каля 180 тысяч тон трасты. Аднак такі аб’ём сыравіны не пастаўляецца, бо патрэбную колькасць лёну проста не сеюць.

— Нават у найлепшыя гады ў краіне збіраюць 140, максім 150 тысяч тон. Пры гэтым, на выхадзе вельмі мала доўгага валакна. Праблема ў тым, што лён прыбіраюць несвоечасова і высаджваюць не на тых глебах, на якіх трэба.

У 2020 годзе Лукашэнка загадаў нарыхтаваць гэтыя 180 тысяч тон, але аграрыі выстараліся на крыху больш за 167 тысяч. У наступныя гады гэты загад паўтараўся, але пераадолець планку ў 180 тысяч так і не змаглі.

Беларускія гаспадаркі несвоечасова прыбіраюць лён. Яго трэба нарыхтаваць да 15 верасня, але некаторыя прадпрыемствы прыбіраюць яго толькі ў лістападзе. Напрыклад, у 2023 годзе ў Віцебскай вобласці не паспелі ў час нарыхтаваць доўгае валакно — і гэта для Віцебшчыны не рэдкасць, тое самае паўтараецца праз некалькі гадоў.

Другая праблема — якасць тэхнікі. «Сёння падрыхтоўка насення ідзе старымі машынамі 70-х гадоў. Мы нават жартуем, што 27 гадоў ужо няма ГДР, а мы ўсё працуем на машынах, якія адтуль прывезлі», — дзяліўся Голуб.

Трэцяя праблема — грошы. Частка льнозаводаў разлічваецца з вытворцамі трасты толькі праз некалькі гадоў. У 2001 годзе было 1 250 гаспадарак, якія сеялі лён. Цяпер іх у Беларусі каля 50. У нашай краіне працуе 23 льнозаводы, яшчэ 15 гадоў таму іх было ў два разы больш.

Загалоўнае фота: БЕЛТА

Вярнуцца ўгару