Беларусы верылі ў ваўкалакаў больш, чым у іншых міфічных істот — напрыклад, тых жа вампіраў (ці вупыроў). А адзін з самых вядомых беларускіх князёў, па паданнях, быў ваўкалакам. Чаму менавіта ваўкалакі? Як продкі беларусаў уяўлялі іх? І хто мог стаць ваўкалакам?
PALATNO расказвае пра тое, як беларусы баяліся і шкадавалі адну з самых міфічных істот у нашай культуры.
Змест
Суіснаванне ў адной прасторы. Воўк — спрадвечны сусед беларусаў
Міфы пра ваўкалакаў маюць пад сабой розны грунт — старажытны і культавы, сацыяльную традыцыю, успамін пра існаванне архаічных сацыяльных груп «ваўкоў», а таксама штодзённыя назіранні за ваўкамі, з якімі нашым продкам давялося жыць у непасрэднай блізкасці. У выніку гэтага склаліся пэўныя ўяўленні, правілы паводзін, замацаваныя ў сакральных тэкстах і рэальных прыкметах.
Нашы продкі амаль заўсёды звязвалі вобраз воўка са смерцю. Гэта тлумачыцца тым, што спакон вякоў яны сутыкаліся з ваўкамі, пасля чаго рэдка заставаліся жывымі. Разам з тым, існуе шмат успамінаў пра сустрэчы з ваўкамі, калі чалавек і воўк мірна разыходзіліся.
Сур’ёзнае стаўленне да воўка як да годнага саперніка пераадольвалася ў казках, дзе яму адведзеная зніжаная роля. Юраўскія звычаі і абрады сведчаць пра існаванне агульных правіл добрасуседства (ці суіснавання) чалавека і воўка ў адной прасторы.
Пярэваратняў у розных народаў называлі па-рознаму, нават у роднасных славянскіх мовах яны маюць розныя найменні. У беларускай міфалогіі пярэварацень мае некалькі назваў: ваўкалак, ваўкалака, ваўкулак, ваўкадлак, ваўкадліна, ваўкадлышча, ваўкадліца.
Уяўленні пра ваўкалакаў шырока распаўсюджаныя ў славянскіх народаў, дзе яны маюць блізкія па гучанні назвы і надзяляюцца падобнымі рысамі. Ваўкалакі стаяць у адным шэрагу з іншымі пярэваратнямі, але паданні пра іх лепей распрацаваныя. Паводле беларускіх народных уяўленняў чалавек можа перакінуцца ў птушку, паўзуна, нават малую казурку ды кожную жывёліну — лісу, мядзведзя, тхара, ласку, свойскую жывёлу і нават розныя неадушаўлёныя прадметы, што часта бачым у казках, баладах ды іншых творах.
Вяселлі, уласная воля і заклятыя месцы. Як ператвараліся ў ваўкалакаў
Даследчык беларускай этнаграфіі і фальклору П. Шпілеўскі піша пра ваўкалакаў так: «Гэта чалавек, якога ператварыў хто-небудзь ці ён ператварыўся сам па сабе, па ўласным жаданні, у воўка».
Паводле ўяўленняў беларусаў ператварэнне можа адбыцца як па ўласнай волі чараўніка з пэўнымі эгаістычнымі мэтамі, так і па яго чарах, скіраваных на іншага чалавека або групу людзей. Таксама чалавек можа выпадкова трапіць на закляцце, нават уласнае, і стаць воўкам.
Ператварэнне па ўласнай волі адбываецца шляхам перакульвання праз уторкнутыя ў зямлю вастрыём уверх нажы (іх колькасць у розных паданнях падаецца ад аднаго да дванаццаці — 1, 5, 7, 12). Гэтай жа мэце можа паслужыць і асінавы пень, які не перахрысцілі, калі ссеклі дрэва. Калі скарыстоўвалі пяць нажоў, то на зямлі іх размяшчалі так, каб яны ўтварылі як бы сілуэт ваўка: дзве нагі пярэднія, дзве заднія і хвост. Перакульваючыся паступова праз гэтыя нажы, чалавек з кожным разам набываў рысы звера.
Выпадкам можна было трапіць на заклятае месца. Напрыклад, чалавек, пачаўшы будаваць хлеў, секануў тры разы па парозе і прамовіў (закляў): «Хто пераступіць гэтае месца, той скінецца воўкам на ўсё жыццё!», маючы на ўвазе злодзея, рабаўніка. Аднак, забыўшыся, сам ступіў на тое месца і стаў воўкам, прытым на ўсё жыццё.
Існавала перакананне, што моцны чараўнік можа ператварыць у ваўкалакаў цэлае вяселле, калі на ім сабрана дванаццаць асоб. Тады чараўнік перакіне праз іх гарошыну, узятую са струка з дванаццаццю зернямі, прамовіць цёмнае закляцце, і людзі пабягуць ваўкамі. Ператварыць вяселле ў ваўкалакаў чараўнік можа і з дапамогай заклятай ніткі, працягнутай праз дарогу, ці хамута. Дарэчы, павер’і ў вясельныя ператварэнні ў ваўкоў даволі частыя.
Лічылася, што д’ябал не ператварае чалавека ў воўка, а толькі прымушае іншых бачыць у ім звера. Пярэварацень нараджаецца ад нармальнай жанчыны, якая грашыла з чортам ці пярэваратнем. Калі яна зацяжарыла, то дзіця належыць цёмным сілам назаўсёды. Але самы распаўсюджаны выпадак з’яўлення пярэваратня — калі д’ябал кіруе душой чалавека. Заразіцца можна праз парэз, калі ў яго трапляе сліна чалавека-звера, ці ад укусу.
Як выглядалі і паводзілі сябе ваўкалакі, і ці можна зноў стаць чалавекам
Беларусы думаюць, што ў ваўкалака не ўсё цела пакрыта поўсцю, так што дзе-нідзе відаць чалавечае цела. Ваўкалак лёгка адрозніваецца ад звычайнага воўка: у яго вакол шыі белая палоска і вочы чалавечыя.
Паводзіны ваўкалака вельмі адрозніваюцца ад паводзін звычайных ваўкоў: яны жаласна выюць, нібы плачуць ці стогнуць, выюць на ўсход сонца ці ў напрамку сваіх вёсак — гэта іх малітвы. Яшчэ яны робяць сабе ўзгалоўі, раніцай мыюцца, водзячы мордамі па роснай траве, вясной капаюцца ў раллі — нібы аруць. Ваўкалакі трымаюцца бліжэй да жытла людзей, не баяцца іх, калі тыя маюць пры сабе толькі палкі, і могуць цярпець іх удары.
Ваўкалакі не ядуць звычайную ежу ваўкоў — сырое мяса, падлу, нячыстых жывёл, нават галадаючы, а падбіраюць рэшткі людской ежы, косткі, выкінутыя кавалкі скураной вупражы. Ваўкалак можа загінуць ад кулі паляўнічага, тады на ім могуць выявіцца рэшткі вопраткі, крыжык, пярсцёнак ці іншыя знакі яго чалавечай прыроды.
Вярнуць чалавечае абліцца можна было толькі адкуліўшыся назад праз тыя ж нажы, праз якія ператварыўся ваўкалак. Калі парадак прадметаў быў парушаны ці самі прадметы былі кімсьці забраныя, то адчараванне станавілася немагчымым. Таму лічылася, што працэдура пераварочвання ў воўка павінна адбывацца ў глухім месцы без сведак.
Калі мінаецца тэрмін чараў, ваўкалак становіцца чалавекам. Лічылася, што ваўкалаку можна дапамагчы хутчэй стаць чалавекам. Дзеля гэтага трэба кінуць на яго пояс, накрыць абрусам, на якім асвячалі велікодную ежу, кінуць на яго сваю скінутую і разадраную адным узмахам кашулю, парваць ільняную нітку, пад якой ваўкалак прабег.
Калі ўдзельнікі вяселля сталі ваўкалакамі, то ім трэба зайграць на скрыпцы вясельныя песні, пры гэтым угаворваць: «Ці ня досыць вам хадзіць, людзей смяшыць, сабак дражніць? Ідзіце лепей дамоў!». Як толькі музыка зайграе песню, што ігралі ў момант іх зачаравання, ваўкалакі радасна крычаць і становяцца людзьмі.
Дзеці, народжаныя ў ваўкалацтве, таксама ваўкалакі аж да ператварэння ў людзей іх бацькоў. Але нават ахрышчаныя, яны маюць адмоўныя рысы, акрамя выпадкаў, калі іх ахрысціў святар, які сам пабываў у ваўкалаках.
Нашы продкі лічылі, што ёсць два віды ваўкалакаў: ваўкалакі-знахары і няшчасныя ахвяры, ператвораныя ў ваўкоў.
Як да ваўкалакаў ставіліся нашы продкі
Да двух відаў ваўкалакаў нашы продкі ставіліся па-рознаму. Першых баяліся, а другіх шкадавалі. Стаўленне да ваўкалакаў у народзе было дваістым, аднак пераважае спачуванне, літасць, жаданне дапамагчы вярнуць ранейшы выгляд.
Ваўкалакі-чараўнікі былі ва ўяўленнях старадаўніх беларусаў самымі страшнымі з пярэваратняў. У іх перакідваліся злыя і сквапныя людзі, стаць ваўкалакамі — гэта іх свядомае памкненне. Яны падпільноўвалі толькі жанчын і дзяцей — бо з імі было лёгка расправіцца. Калі ахвяра была ўжо нежывая, то ваўкалакі не проста елі яе, а рабілі гэта жорстка і бязлітасна. З ахвяры дашчэнту выпівалі кроў, высмоктвалі мозг.
Ваўкалакі-чараўнікі ўплывалі і на гаспадарку: з-за іх не было ўраджаю, здараліся засухі і лютыя маразы, пошасці і пажары. Хутчэй за ўсё, нашы продкі проста не маглі растлумачыць з’явы прыроды і стыхіі, што турбавалі іх жыццё. Пахаванне ваўкалака-чараўніка выглядала як пахаванне самазабойцы.
Даследчык Шпілеўскі — пра няшчасных ахвяр, што ператвараліся ў ваўкалакаў:
«Кажуць, што гэтыя ваўкалакі зусім ручныя, як хатнія жывёлы, — выюць вельмі жаласна ці то па-воўчы, ці то па-сабачы, а часта глуха стогнуць, як цяжка хворыя людзі, таму што, нягледзячы на ператварэнне ў ваўкоў, яны не трацяць чалавечых пачуццяў і нават, у некаторай ступені, разумнай свядомасці. З выгляду гэтыя ваўкалакі зусім як ваўкі, толькі збольшага бываюць і нават сляпыя на абодва вокі».
Адзінае, што мог зрабіць такі ваўкалак людзям, — нанесці шкоду хатнім жывёлам і птушкам. Ён не нападаў на дзяцей і жанчын, але не таму, што баяўся, а таму, што ў жыцці да ваўкалацтва ў яго таксама была сям’я. Такія ваўкалакі не пазбаўляліся чалавечых пачуццяў і часам нават дапамагалі людзям.
Спачувальнае стаўленне да ваўкалакаў, якія паводле народных пераказаў больш пакутавалі, чым прыносілі шкоду, магло быць падказана назіраннем за састарэлымі ваўкамі, што не маглі ўжо здабываць ежу паляваннем і таму цягнуліся да жытла ў пошуках спажытку. Паданняў пра людзей, што нараджаюцца са здольнасцю ператварэння ў ваўка і такімі застаюцца да смерці, не зафіксавана.
Вобраз ваўкалака выкарыстоўваўся і ў беларускай паэзіі. Напрыклад, Янка Купала намаляваў вобраз чалавека-пярэваратня:
Як змеркне, як ноч дзень зваюе
І зораў паявіцца знак
Па нівах, па сёлах шнуруе
Туды і сюды ваўкалак.
У поўнач на пні і на сталі
Знімае, уздзявае свой від;
Не кеміць ні крыўды, ні жалю,
Ні наспаў магільных, ні пліт…
Самы знакаміты беларускі князь быў ваўкалакам?
Усяслаў Чарадзей — сын полацкага князя Брачыслава Ізяславіча, праўнук Уладзіміра і Рагнеды. Дакладны час нараджэння Усяслава невядомы, годам нараджэння прынята лічыць 1029 год. Стаў кіраваць Полацкам у 1044 годзе.
У 1060 годзе разам з князямі Яраславічамі здзейсніў паход супраць торкаў — дагэтуль невядома, па якой прычыне ён пагадзіўся на гэта. У 1065 годзе пачаў вайну супраць Яраславічаў. У адказ на гэта Яраславічы пайшлі ў паход, але не на Полацк, а на Менск. У 1067 годзе адбылася бітва на Нямізе: Усяслаў змог вырвацца да Полацка пасля бітвы, а праз чатыры месяцы Яраславічы запрасілі яго на перамовы. Па паданнях, Яраславічы цалавалі крыж і абяцалі, што не зробяць благога. Усяслаў з сынамі сустрэўся з князямі, але яго схапілі і кінулі ў земляную турму ў Кіеве. Усяслаў прабыў у гэтай турме разам з сынамі 14 месяцаў. Затым яго вызвалілі кіяне, якім не дапамаглі Яраславічы ад набегаў полаўцаў — кіяне лічылі, што Усяслаў дасведчаны і зможа дапамагчы. Так і адбылося, сем месяцаў Усяслаў займаў велікакняжацкі трон. У 1069 годзе Усяслаў трапіў у палон пад Ноўгарадам, але яго ў хуткім часе адпусцілі.
Ад Рагвалода да нашчадкаў Альгерда: хто княжыў на Полацкай зямлі
Лічылася, што Усяслаў Брачыславіч валодаў чарадзейнай сілай і мог ператварацца ў ваўка. Усяслаў стаў бадай што адзіным князем на беларускіх землях, каму надалі такія міфалагічныя якасці. Першая згадка пра яго «воўчую» натуру была ў «Слове пра паход Ігаравы».