Як спрабавалі забіць Гітлера: самыя вядомыя замахі

замах на адольфа гітлера, замах 20 ліпеня, забойства адольфа гітлера

За час свайго кіравання Адольф Гітлер перажыў дзясяткі замахаў. Яго пільна ахоўвалі ўсе гады, пакуль ён знаходзіўся ва ўладзе, але шматлікія людзі спрабавалі спыніць яго кіраванне і жыццё.

PALATNO акунаецца ў гісторыю нацысцкай Германіі.

Замах Марыса Баво

Калі: кастрычнік 1938 года

Месца: Мюнхен

Швейцарскі студэнт Баво планаваў застрэліць Адольфа Гітлера падчас парада. Баво быў натхнёны антыкамуністычнымі і антынацысцкімі поглядамі. Ён лічыў, што Гітлер пагражае не толькі Германіі, але ўсяму чалавецтву.

Увесь план Баво распрацаваў самастойна. Ён прыехаў у Мюнхен на святкаванне Дня Германіі, дзе павінен быў знаходзіцца Адольф Гітлер і іншыя высокапастаўленыя нацысцкія лідары. Баво нават спрабаваў легальна трапіць на мерапрыемства як журналіст, але доступ да Гітлера быў больш складаным, чым ён чакаў.

марыс баво, забойства адольфа гітлера, замах на адольфа гітлера
Марыс Баво.

Гітлер прысутнічаў на мерапрыемстве кароткі час і ўвесь час быў ва аўтамабілі. Баво не здолеў прайсці праз сістэму бяспекі і наблізіцца, баяўся, што не трапіць у Гітлера з першага разу, таму замах не адбыўся.

Цікава, што Баво ў выніку арыштавалі, але не за спробу забіць Гітлера. Ён вяртаўся ў Швейцарыю і яго схапілі ў цягніку за безбілетны праезд. Падчас допыту ён прызнаўся ў сваім намеры аб забойстве Гітлера, але гэта шчырасць стала для яго фатальнай. Баво перадалі ў рукі гестапа, а праз час расстралялі ў Берліне.

Замах у мюнхенскай піўной

Калі: 8 лістапада 1939 года

Месца: піўная ў Мюнхене

Просты нямецкі рабочы Георг Эльзер самастойна вырашыў забіць Гітлера. Эльзер быў перакананы, што вайна, якую пачаў Гітлер, прывядзе краіну да разбурэння. Рашэнне аб забойстве прыйшло да яго пасля анексіі Аўстрыі і Судэтаў.

Эльзер вырабіў магутную бомбу з таймерам і ўсталяваў яе ў калонне за трыбунай, дзе Гітлер знаходзіўся падчас штогадовага выступу ў мюнхенскай піўной.

Бомба выбухнула, але на 13 хвілін пазней, чым трэба. Гітлер нечакана скончыў выступ раней, таму змог выратавацца. Пазней высветлілася, што Гітлер спяшаўся вярнуцца ў Берлін, бо тады існавала пагроза вайны Францыі. Калі адбыўся выбух, Гітлер быў на шляху да вакзала. Падчас замаху на фюрэра загінулі восем чалавек, каля 60 чалавек былі паранены.

Эльзер спрабаваў перайсці швейцарскую мяжу, але яго затрымалі нямецкія памежнікі. У яго знайшлі тэхнічныя чарцяжы і інструменты, што выклікала падазрэнні. Пасля некалькіх тыдняў катаванняў у гестапа Эльзер прызнаўся ва ўсім. Нацысцкія сілавікі не паверылі, што замах здзейсніў адзін чалавек. Падазравалі, што за Эльзерам стаіць брытанская разведка.

Эльзер знаходзіўся ў канцлагерах Заксенхаўзен і Дахаў. Планавалася стварыць штучны судовы працэс пасля вайны, але бліжэй да заканчэння вайны Гітлер загадаў ліквідаваць Эльзера. За месяц да капітуляцыі Германіі Георга Эльзера расстралялі ў канцлагеры Дахаў.

Доўгі час пра Георга Эльзера не ўспаміналі ў Германіі. Толькі ў 1990-х гадах ён і яго спроба спыніць масавыя забойствы і генацыд адным выбухам у мюнхенскай піўной атрымалі шырокае прызнанне.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

Абпаленыя целы на дроце, згарэлыя будынкі. Як нацысты двойчы знішчалі Слуцкае гета

Восем малавядомых фактаў пра Другую сусветную вайну

Адкуль узяўся сінонім нацызму — тэрмін «Трэці рэйх»?


Аперацыя «Валькірыя»

Калі: 20 ліпеня 1944 года

Месца: Воўчае логава, штаб Гітлера ва Усходняй Прусіі

У 1944 годзе становішча Германіі на франтах Другой сусветнай вайны было катастрафічным: савецкія войскі набліжаліся да ўсходніх межаў Трэцяга Рэйха, саюзнікі ўжо высадзіліся ў Нармандыі. Многія ваенныя і чыноўнікі прыйшлі да высновы, што працяг вайны пад кіраўніцтвам Гітлера з’яўляецца шляхам да гібелі Германіі.

Арганізатарамі замаху на Гітлера выступіла група высокапастаўленых афіцэраў вермахта. Клаўс фон Штаўфенберг быў адным з ключавых удзельнікаў змовы. Ён прынёс партфель з выбухоўкай на ваенную нараду з удзелам Гітлера ў Воўчым логаве (сучасная тэрыторыя Польшчы). Іншыя ўдзельнікі: былы начальнік Генштаба генерал Людвіг Бек, генерал Фрыдрых Ольбрыхт, генерал-маёр Генінг фон Трэскаў.

замах на адольфа гітлера, замах 20 ліпеня, забойства адольфа гітлера
Штаны Адольфа Гітлера пасля выбуху. Сам Гітлер атрымаў лёгкія параненні.

Першапачаткова «Аперацыя Валькірыя» была афіцыйным планам нацысцкага ўрада на выпадак унутраных бунтаў. Змоўшчыкі змянілі план так, каб выкарыстаць яго для захопу ўлады пасля смерці Адольфа Гітлера.

Клаўс Штаўфенберг павінен быў прысутнічаць на нарадзе Гітлера і падкласці бомбу каля яго. Падчас нарады ён паставіў партфель з бомбай ля Гітлера, а сам выдаліўся з Воўчага логава і паехаў у берлін. Адзін з прысутных вайскоўцаў на нарадзе адсунуў партфель ад Гітлера за некалькі хвілін да выбуху. У выніку Гітлер застаўся жывым, але атрымаў лёгкія параненні.

План сарваўся, калі стала вядома, што Гітлер жывы. Ужо ўвечары таго ж дня многіх удзельнікаў змовы арыштавалі. Галоўных змоўшчыкаў — Штаўфенберга, Ольбрыхта і іншых — расстралялі без суда той жа ноччу ва ўнутраным двары штаба рэзервовай арміі. У наступныя дні пачаліся масавыя арышты: 7 000 чалавек узялі пад варту, каля 500 чалавек забілі, некаторыя здзейснілі самагубства.

Аперацыя «Фокслі» брытанскай разведкі

Калі: 1944 год

Брытанская служба спецыяльных аперацый распрацавала падрабязны план па забойстве Адольфа Гітлера. Лічылася, што нацысцкага лідара магчыма забіць у яго доме ў Баварыі — застрэліць ці падарваць. План быў падрыхтаваны летам 1944 года, калі становішча Германіі пагаршалася, а саюзнікі пачалі ўсур’ёз разглядаць ідэю ліквідацыі фюрэра.

Пасля аналізу звычак Адольфа Гітлера брытанцы зразумелі, што ён шмат часу праводзіць у сваім доме ў Баварыі. Штодзённа выходзіў на ранішнюю прагулку ад дома да ахоўнага бліндажа па адной сцежцы ў гару. Гэту сцежку амаль не ахоўвалі, яна добра праглядалася з далечыні, таму першапачаткова Гітлера планавалі застрэліць снайперы.

адольф гітлер, ева браўн, замах на адальфа гітлера
Адольф Гітлер у Бергхофе з Евай Браўн. Менавіта там брытанцы планавалі ліквідаваць Гітлера.

У другім варыянце планавалася забіць Гітлера ў цягніку. Брытанцам было вядома, што фюрэр перыядычна карыстаецца цягніком. На чыгунцы планавалі пакінуць міну, каб знішчыць персанальны вагон Гітлера. Аднак менавіта гэты варыянт палічылі занадта непрадказальным, бо было цяжка дакладна вызначыць час руху, ахову і маршрут.

Брытанскія ўлады так і не зацвердзілі план, бо баяліся, што смерць Гітлера можа стварыць яшчэ горшыя наступствы. Арыгінальны план «Фокслі» захаваўся ў архівах і быў рассакрэчаны толькі ў 1998 годзе.

Вярнуцца ўгару