Вялікі, які так і не стаў каралём. Расказваем пра князя Вітаўта

вялікі князь вітаўт, вітаўт і вкл, вітаўт і ягайла

Вітаўт стаў адным з самых значных дзяржаўных дзеячаў ВКЛ. Ён кіраваў у складаных умовах знешніх пагроз і ўнутраных супярэчнасцяў. Ён зрабіў з Вялікага княства Літоўскага не толькі магутную краіну, але змог задаволіць асабістыя амбіцыі, акрамя адной — ён так і не стаў каралём.

PALATNO расказвае пра Вітаўта.

Улада пачала цікавіць яго пасля забойства бацькі

Вітаўт быў сынам Кейстута, супраць якога змагаўся Ягайла за ўладу ў Вялікім княстве Літоўскім. Ягайла быў сынам Альгерда, а Альгерд быў братам Кейстута. Унутраная барацьба дзядзькі і пляменніка змяніла далейшае жыццё дзяржавы і лёс Вітаўта.

Пасля забойства Кейстута ў Крэве ў 1382 годзе Вітаўт змог уцячы і пазбегнуць смерці. Ён уцёк да крыжакоў і заключыў з імі саюз. Тэўтонцам Вітаўт аддаў Жамойць і стаў змагацца супраць Ягайлы, але хутка зразумеў яе безвыніковасць. Ягайла і Вітаўт заключылі мір.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Барацьба з Кейстутам, Вітаўтам і крыжакамі. Як Ягайла княжыў у ВКЛ

У 1385 годзе была падпісана Крэўская ўнія. Тады Ягайла прыняў каталіцтва, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай і сам стаў польскім манархам. У той час Вітаўт таксама прыняў каталіцтва, хоць да гэтага быў праваслаўным.

Крэўская ўнія пакінула ў Вітаўта незадаволенасць, бо Ягайла прызначыў у ВКЛ сваім намеснікам брата Скіргайлу. Вітаўт заставаўся простым служывым князем. Пасля бунта Андрэя Полацкага, які скончыўся яго паражэннем, Вітаўт зноў падымаецца на барацьбу супраць Ягайлы.

Вітаўт заключыў саюзы з Ордэнам і Масквой, каб мець магчымасць супрацьстаяць Ягайлу. За два гады ён змог захапіць значныя тэрыторыі ВКЛ, а Ягайла зразумеў, што з братам трэба дамаўляцца, каб не страціць былую радзіму цалкам.

У 1392 годзе ў выніку Востраўскага пагаднення ВКЛ аднавіла самастойнасць, якую часткова страціла пасля Крэўскай уніі, а Вітаўт стаў вялікім князем. У тыя ж гады Вітаўт змог падавіць паўстанні ўдзельных князёў, абмежаваў іх уладу і ўмацаваў цэнтральную дзяржаўную ўладу.

Барацьба з Масквой і тэўтонцамі

Вітаўт працягваў палітыку Альгерда ў адносінах да Смаленска, Пскова і Ноўгарада. У 1395 годзе ён авалодаў Смаленскам, у 1398-м дамогся прызнання сваёй улады ў Ноўгарадзе. Аднак паражэнне ў бітве на Ворскле, дзе ён падтрымаў хана Тахтамыша, прывяло да паўстанняў у падпарадкаваных Вітаўтам гарадах.

Яшчэ ў часы барацьбы супраць Ягайлы Вітаўт аддаў дачку Соф’ю за маскоўскага князя Васіля. Аднак блізкія адносіны з маскоўскім князем не перашкодзілі Вітаўту выпраўляцца ў шматлікія паходы на Маскву.

Апошні паход на Маскву адбыўся ў 1408 годзе, калі вялікакняжацкія войскі сустрэліся з маскоўскімі на рацэ Угра: бітвы не адбылося, бо Вітаўт і Васіль падпісалі мір і вызначылі мяжу паміж дзяржавамі па гэтай рацэ.

Галоўным ворагам для ВКЛ, як і для Польшчы, заставаўся крыжацкі ордэн. Для супрацьстаяння крыжакам Вітаўт пайшоў на збліжэнне з Польшчай. У 1409-1411 гадах Польшча і ВКЛ сумесна вялі вайну супраць тэўтонцаў. Падчас гэтай вайны адбылася знакамітая Грунвальдская бітва, у якой саюзнае войска Ягайлы і Вітаўта разбіла крыжакоў.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Грунвальдская бітва: як Польшча і ВКЛ амаль знішчылі Тэўтонскі ордэн

 

Тэўтонскі ордэн: як паўстаў, заваяваў Прусію і прайграў самую важную бітву пад Грунвальдам

 

Пяць сюжэтаў з беларускай гісторыі, па якіх серыялы былі бы не горш за «Гульню тронаў»


Вітаўт і рэлігійная палітыка

Пасля Гарадзельскай уніі ў 1413 годзе пачаўся масавы пераход праваслаўных князёў у каталіцтва. Частка князёў увогуле адмовілася гэта рабіць і з’ехала ў Маскоўскае княства. Вітаўт разумеў, што такія працэсы небяспечныя для дзяржавы, таму стварыў уласную праваслаўную мітраполію ў Наваградку на чале з Цамблакам.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Гарадзельская ўнія: як яна змяніла ВКЛ?

Вітаўт імкнуўся да прымірэння каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, але разам з гэтым карыстаўся рэлігійнымі супярэчнасцямі для ўмацавання ўлады. Вядома, што вялікі князь задумваўся пра ўнію каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, якая праз стагоддзі будзе рэалізавана ў рамках Рэчы Паспалітай.

ВКЛ, якое не стала каралеўствам

Напрыканцы жыцця адносіны паміж Ягайлам і Вітаўтам зноў пагоршыліся, але да адкрытага канфлікту, як было раней, гэта не прывяло. У Ягайлы ўжо з’явіліся нашчадкі, таму атрыманне польскай кароны для Кейстутавічаў, нашчадкаў Вітаўта, было немагчымым.

Вітаўт задумваўся пра атрыманне каралеўскага статусу для ВКЛ. Планаў па каранацыі Вітаўта было некалькі, але найбольш сур’ёзны выспеў у 1428 годзе. У 1429 годзе ў Луцку адбылася вялікая сустрэча Вітаўта з Ягайлам, імператарам Жыгімонтам, прускімі і лівонскімі магістрамі, маскоўскімі князямі і іншымі. Галоўным пытаннем там была менавіта каранацыя Вітаўта. Калі першапачаткова згода на каранацыю была нібыта дасягнутая, на яе нават пагадзіўся Ягайла, то пасля польская каралеўская рада адрынула ідэю і ўвогуле абвінаваціла ВКЛ у невыкананні ўмоў Крэўскай уніі.

У выніку, палякі вырашылі прапанаваць Вітаўту польскую карону, а Ягайлу адхіліць ад улады, аднак прадугледжвалася, што пасля смерці Вітаўта польскі прастол зоймуць нашчадкі Ягайлы. Вітаўт не пагадзіўся на такія ўмовы.

Нягледзячы на намаганні палякаў, падрыхтоўка да каранацыі Вітаўта ішла і была прызначаная на верасень 1430 года. У ВКЛ нават везлі кароны для Вітаўта і яго жонкі Ганны, але пасольства з каранацыйнымі дакументамі затрымалі палякі і ўладкавалі блакаду мяжы. Каранацыя пераносілася, а Вітаўт, знаходзячыся ў сталым узросце, спрабаваў дамовіцца пра цырымонію з зацікаўленымі бакамі. Аднак ён ніколі не дачакаўся кароны.

27 кастрычніка 1430 года вялікі князь Вітаўт памёр. Пасля яго пачалася ўнутраная барацьба за ўладу паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам.

Вярнуцца ўгару