Спланаваная аперацыя ці «п’яная дрэзіна»? Як у Мінску сто гадоў таму забілі аднаго з галоўных чэкістаў

смерць апанскага іосіфа, забойства іосіфа апанскага, беларускія чэкісты, беларускі адпу, юзэф апанскі

У 1927 годзе пад Мінскам загінуў намеснік старшыні сталічнага ДПУ Іосіф Апанскі. Яго смерць звязалі з англійскай разведкай, контррэвалюцыяй і нават сялянамі, якія жылі побач з інцыдэнтам. Навошта зусім розным сілам патрабавалася забіць Апанскага? Кім ён быў? І чаму пасля яго смерці папаўзлі чуткі пра тое, што ён памёр з-за п’янага дэбошу?

PALATNO расказвае, як сто гадоў таму загінуў адзін з галоўных чэкістаў Мінска Іосіфа Апанскага.

«Рыцар» рэвалюцыі

Іосіф Апанскі нарадзіўся ў вёсцы Сталярышкі ў Ковенскай губерні (сучасная тэрыторыя Літвы) у 1897 годзе ў сям’і сялян. Там жа атрымаў першапачатковую адукацыю.

У 1914 годзе пачалася Першая сусветная вайна. Ён бяжыць у Пецярбург, дзе застаецца жыць у бежанскім інтэрнаце і працягвае атрымліваць адукацыю. У Пецярбургу Апанскі ўступіў у вучнёўскі гурток, у якім гуртавалася рэвалюцыйная моладзь. Праз некалькі гадоў Апанскі са сваім гуртком далучыліся да петраградскага камітэта РСДРП.

Да Лютаўскай рэвалюцыі Апанскі займаўся распаўсюдам нелегальнай літаратуры, арганізоўваў рэвалюцыйныя гурткі. Пасля некалькі месяцаў загадвае бальшавіцкай друкарняй — аж да Кастрычніцкага перавароту. За гэты час яго шмат разоў арыштоўвалі, адзін раз амаль не забілі.

Пасля перавароту Апанскага накіравалі на падпольную працу ў Літву. Калі Чырвоная армія заняла Вільню, яго там прызначаюць ужо на адказныя партыйныя пасады: у прыватнасці, ён быў членам Віленскага гарадскога камітэта. У 1919 годзе Апанскага дасылаюць у Беларусь, якая была занятая палякамі.

У 1920 годзе Апанскага прызначылі намеснікам у асобым аддзеле 16-й арміі, якая размяшчалася ў Беларусі. У 1922 годзе працаваў у ЧК у Петраградзе і Самары. Ужо ў наступным годзе яго прызначылі начальнікам паграншколы ў Маскве.

У 1924 годзе вяртаецца ў Беларусь. Там становіцца намеснікам паўнамоцнага прадстаўніка АДПУ па Беларускай ваеннай акрузе. У 1926 годзе Апанскага прызначаюць начальнікам беларускага аддзялення Галоўнага таможнага ўпраўлення СССР.

Пры ўдзеле Апанскага чэкісты распрацавалі аперацыю па затрыманні рускага рэвалюцыянера і кіраўніка партыі эсераў Барыса Савінкава. У 1924 годзе Савінкаў разам з палюбоўніцай і яе мужам перайшлі польска-савецкую мяжу. Праз некалькі дзён іх арыштавалі на канспіратыўнай кватэры, гаспадара кватэры «гуляў» той самы Апанскі. Дарэчы, жонка Апанскага праводзіла асабісты дагляд затрыманай палюбоўніцы Савінкава і вельмі здзівілася шыкоўнай бялізне затрыманай. Савінкаў праз кароткі час памёр на Лубянцы: па версіі чэкістаў, скончыў жыццё самагубствам, але па іншай версіі — яго забілі.

З імем Апанскага ў Беларусі таксама звязаны пераслед беларускай інтэлігенцыі. У тым ліку за гэта ён быў узнагароджаны ордэнамі.

Як загінуў Апанскі

7 чэрвеня 1927 года Іосіф Апанскі разам з кіроўцам загінуў на пераездзе паўстанка Ждановічы пад Мінскам. Абставіны яго гібелі застаюцца таямнічымі і дагэтуль.

Афіцыйна Апанскі паехаў у той дзень з Мінска на польска-савецкую мяжу, каб арыштаваць шпіёна. Разам з іншымі чэкістамі яны забралі шпіёна і везлі на дрэзіне ў Мінск. У той час дрэзіна была папулярным транспартным сродкам сярод сілавікоў: дарогі яшчэ не былі так добра ўладкаваныя, а перасоўвацца па чыгунцы было самым хуткім спосабам. Але часам абслугоўванне дрэзін і іх стан быў незадавальняючым, таму здараліся аварыі. У гісторыі з Апанскім сцвярджалася, што на чыгунцы падклалі выбухоўку, а забойства Апанскага было спланаваным. Разам з Апанскім загінуў кіроўца Мікола Голубеў, які быў чырвонаармейцам, а пасля перайшоў на працу ў АДПУ. Яшчэ два чэкісты — Федасеенка і Карытаў — засталіся жывымі.

Аднак існавала і іншая версія смерці Апанскага, якая распаўсюдзілася ў хуткасці пасля яго гібелі.

Францішак Аляхновіч, які правёў за кратамі ў савецкай турме амаль дзесяць гадоў, быў знаёмы з Апанскім. Аляхновіч пакінуў успаміны пра Апанскага, якія сведчаць пра тое, што вядомы чэкіст любіў выпіць: «Быў гэта бляндын у сярэднiх гадох, добра адкормлены, са сьвiрлячым поглядам гепiстага. 3 ягонага твару ня зыходзiла iранiчная ўсьмешка. <…> Пасьля прыйшоў i Апанскi. Спазьнiўшыся, ён налiў сабе адразу цэлую шклянку гарэлкi, выпiў яе адным махам i закусiў iкрой». Гэты ўспаміны Аляхновіч апублікаваў ужо ў Польшчы, калі яго абмянялі на Тарашкевіча ў сярэдзіне 1930-х гадоў. У час, калі Аляхновіч быў за кратамі, здарыўся і той інцыдэнт з Апанскім, пра што пісьменнік таксама расказаў у мемуарах:

«У гэтым самым часе здарылася яшчэ нешта, што давяло чэкiстых да шалёнае злосьцi. Недзе на дарозе памiж прыгранiчнай станцыяй Стоўпцамi й Менскам выскачыла з рэек аўто-дрэзiна, у якой ехаў вiцэ-старшыня Менскага ГПУ тав. Апанскi, Карытаў i iнш., вязучы, як кажуць, схопленага на гранiцы шпiёна. У часе катастрофы Апанскi й шофэр былi забiтыя, Карытаў атрымаў раны, а надгранiчная здабыча — шпiён — уцёк шчасьлiва. Савецкая прэса ў прычынах катастрофы бачыла справу рук контррэвалюцыянэраў. У горадзе, аднак, хадзiлi чуткi, якiя дайшлi i да нас у падвал, што сапраўднай прычынай катастрофы было п’янства Апанскага, якi “пад п’яную руку” загадаў шофэру даць машыне надта вялiкую скорасьць. Дрэзiна ляцела, як шалёная. У вадным месцы быў лёгкi закрут. Раптам ваганэтка саскочыла з тору й грымнулася на пару мэтраў у бок. Гэтак расказвалi».

На каго ўсклалі віну за смерць Апанскага

Савецкая ўлада хутка знайшла вінаватых у смерці Апанскага. У той час паміж СССР і Вялікабрытаніяй існавала напружанасць, таму ў арганізацыі забойства аднаго з галоўных чэкістаў Мінска абвясцілі брытанцаў і контррэвалюцыю: «Загінуў ад рукі негадзяеў, пагроза контррэвалюцыянераў у нашай краіне, таварыш Апанскі», — пісала «Савецкая Беларусь». У тыя ж дні быў забіты савецкі пасол Войкаў у Варшаве ад рук ураджэнца Беларусі Барыса Каверды, таму савецкая прапаганда настойвала на тым, што гэты акцыі былі загадзя спланаваныя.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Як юнак беларускага паходжання забіў савецкага пасла ў Варшаве

смерць апанскага іосіфа, забойства іосіфа апанскага, беларускія чэкісты, беларускі адпу
Фотаздымак з пахавання Апанскага і Голубева. «Савецкая Беларусь» — №129, 1927 год.

Апанскаму арганізавалі вялікае пахаванне ў Мінску. Труну Апанскага неслі Чарвякоў, Хацкевіч, Кнорын, Пілер і іншыя. Савецкая прэса ў тыя ж дні вяла рэпартажы з месца пахавання, пісала хвалебныя водгукі пра памерлага чэкіста і настойвала, каб народ выказваў сваю незадаволенасць з нагоды забойстваў Войкава і Апанскага.

Пасля расследавання, якое праводзілі чэкісты па факце забойства Апанскага, былі арыштаваныя сем’і сялян, якія жылі непадалёк ад месца, дзе адбылася трагедыя. Сем’і Лукомскіх і Эйсмантаў выслалі ў Архангельскую вобласць.

Вярнуцца ўгару