Now Reading
Як юнак беларускага паходжання забіў савецкага пасла ў Варшаве

Як юнак беларускага паходжання забіў савецкага пасла ў Варшаве

барыс каверда, забойства пятра войкава, забойства савецкага пасла ў варшаве

Амаль сто гадоў таму на пероне варшаўскага чыгуначнага вакзала шпацыравалі двое савецкіх дыпламатаў. Адзін з іх ехаў у Маскву — яго нядаўна ветліва папрасілі з’ехаць з Лондана з-за шпіёнскага скандалу. Другі ўжо тры гады працаваў у польскай сталіцы. Яго звалі Пётр Войкаў. Войкаў яшчэ не ведаў, што за ім чатыры дні сачыў малады хлопец беларускага паходжання па імені Барыс Каверда. Каверда стане яго забойцам, правядзе шмат часу ў польскай турме, будзе дапамагаць нацыстам у Другой сусветнай і памрэ ў Злучаных Штатах.

PALATNO расказвае гісторыю жыцця Каверды, чаму ён забіў Войкава і як падмануў польскі суд.

Ад уцёкаў ад жахаў Першай сусветнай да нянавісці да бальшавікоў. Хто такі Барыс Каверда?

Барыс Каверда нарадзіўся 12 жніўня 1907 года ў Вільні. Яго бацькамі былі беларускія сяляне Сапрон і Ганна. Бацька ўдзельнічаў у палітычным жыцці, быў эсерам. Калі пачалася Першая сусветная вайна, то пайшоў ваяваць. У гэты час яго жонка з дзецьмі з’ехала падалей ад вайны — углыб Расіі: спачатку на Тамбоўшчыну, а потым яны пераехалі пад Самару. Менавіта ў Самары Барыс Каверда пачаў атрымліваць адукацыю. Там жа, у Расіі, малодшы Каверды ўпершыню пабачыў, што такое чырвоны тэрор.

Тым часам бацька Сапрон пасля заканчэння Першай сусветнай уступіў у шэрагі Чырвонай арміі, але ў хуткім часе перайшоў савецка-польскую мяжу. Ён застаўся на Падляшшы, і больш ніколі не жыў са сваёй жонкай і дзецьмі.

Ганна разам з дзецьмі вярнулася з Расіі ў Вільню толькі ў 1921 годзе. Там Барыс працягнуў адукацыю ў беларускай гімназіі, аднак кінуў яе з-за перакананасці, што там вучацца адны камуністы. З беларускай гімназіі ён перавёўся ў гімназію Віленскага рускага таварыства. Але і там хлопец пратрымаўся нядоўга, бо за адукацыю ў беднай сям’і не было чым плаціць.

Барыс Каверда ў маладосці, забойца барыс каверда
Барыс Каверда.

Фактычна Барыс Каверда стаў адзіным кармільцам сям’і. Спачатку ўладкаваўся ў беларускую газету «Наша думка», але сышоў адтуль, бо ўбачыў там пракамуністычныя настроі. Яго наступным месцам працы стаў штотыднёвік «Грамадскі голас», які пазней выдавец Арсень Паўлюкевіч пераймянуе ў «Беларускае слова».

З Паўлюкевічам у Барыса завяжацца сяброўства. Яны будуць шмат размаўляць пра барацьбу супраць бальшавікоў, разглядаць магчымасці і планы, як знесці камуністычны рэжым. У той віленскі час Каверда будзе заводзіць шмат знаёмстваў з людзьмі, якія прытрымліваліся антыбальшавіцкіх поглядаў. Адным з яго новых знаёмых і сяброў стане былы есавул Міхаілам Якаўлевым. Якаўлеў змагаўся ў Грамадзянскай вайне ў «Ваўчанскім атрадзе» на поўдні Расіі, а потым перайшоў на польскі бок падчас вайны супраць бальшавікоў. У Вільні ён таксама займаўся выдавецкай дзейнасцю, быў кіраўніком газеты «Новая Расія».

фотаздымкі вільні, старыя фота вільні
Вільня, 1920-я гады. Фота: fotopolska.eu

Паўлюкевіч і Якаўлеў шмат у чым паўплываюць на маладога хлопца. Ён будзе абмяркоўваць з імі планы, як можна змагацца супраць камуністаў. Дарэчы, гэта не фантастычныя планы эмігрантаў. На той час, у сярэдзіне 1920-х, эміграцыя сапраўды планавала сур’ёзную барацьбу супраць бальшавіцкага рэжыму. Паўлюкевіч, Якаўлеў і Каверда таксама не хацелі заставацца ў баку. Аднак размовы маглі застацца толькі размовамі, пакуль тройка не даведалася пра прызначэнне новага савецкага амбасадара ў Варшаву.

Ім стаў Пётр Войкаў. Фігура дастаткова вядомая і ў СССР, і ў па-за межамі сярод эмігрантаў. Войкаў быў адным з тых, хто прымаў рашэнне аб смяротным пакаранні імператара Мікалая II і яго сям’і ў Екацярынбургу. Войкаў прыехаў у Варшаву ў 1924 годзе як паўнамоцны прадстаўнік ураду Савецкага Саюза.

Пётр Войкаў
Пётр Войкаў.

Каверда лічыў Войкава адным з актыўных удзельнікаў камуністычнага рэжыму, які лічыў злачынным. Так, яшчэ знаходзячыся ў Вільні, ён вырашыў, што Войкаў павінен памерці.

Планаванне замаху і забойства. Лёсавызначальная дарога з Вільні ў Варшаву

Паўлюкевіч, Якаўлеў і Каверда пачалі планаванне замаху больш чым за паўгода. У гэтай гісторыі Паўлюкевіч пагадзіўся выдаць неабходныя сродкі, а Якаўлеў дапамагаў з планаваннем. Выканаўцаў павінен быў стаць Барыс Каверда. Яму было ўсяго 19 гадоў.

Да планавання Барыс хацеў працягнуць яшчэ трох чалавек, але ў выніку перадумаў. Дзякуючы сувязям Якаўлева, да справы далучылі яго былога падначаленага з «Ваўчанскага атрада» Канстанціна Шыпчынскага. Яму выдалі 200 злотых і адправілі ў Варшаву, каб той сачыў за Войкавым. Па ўспамінах Каверды, у саўдзельнікаў замаху было не вельмі многа грошай, таму паўнавартаснага сачэння яны арганізаваць за дыпламатам так і не змаглі.

Пакуль Шыпчынскі быў у Варшаве, Якаўлеў навучыў Каверду страляць з пісталета. Папярэдне саўдзельнікі дамовіліся, што ў выпадку затрымання Каверда будзе казаць: дзейнічаў адзін, пісталет купіў даўно, хацеў помсты.

22 мая 1927 года Барыс забраў 200 злотых у Паўлюкевіча і выехаў з Вільні ў Варшаву. Першую ноч ён правёў у варшаўскай гасцініцы «Асторыя», а на наступны дзень сустрэўся з Шыпчынскім, які дапамог яму з часовым жыллём. Высветлілася, што Шыпчынскі нічога не зрабіў для іх супольнай справы. Ён не спрабаваў нават сачыць за савецкім дыпламатам. Адзінае, што той зрабіў для Каверды — давёў яго да пасольства СССР. Для Барыса гэта быў шок. Ён не ведаў, што яму рабіць: грошай было абмежавана, а родныя ўвогуле не ведалі, што той паехаў у Варшаву.

пасольства ссср у варшаве, савецкае пасольства ў варшаве
Пасольства СССР у Варшаве. Фота: NAC

Каверда палічыў наведванне савецкага пасольства найлепшым варыянтам. Яго легендай было тое, што ён вельмі моцна хацеў пераехаць у Савецкі Саюз і атрымаць там адукацыю. Так ён змог чатыры разы без падазрэнняў прыходзіць у пасольства. У апошні візіт, калі яму канчаткова адмовілі ва ўездзе, ён убачыў Войкава ўжывую. Раней ён бачыў пасла толькі па здымках у газетах, а цяпер зафіксаваў знешнасць сваёй цэлі.

Каверда спрабаваў знайсці кантакты з Войкавым і ў гандлёвым прадстаўніцтве, але яго адтуль выгналі, бо ён не змог сказаць, што ўвогуле яму там трэба. Тым часам грошы ў хлопца заканчваліся. Кожны дзень ён чытаў польскія і рускія газеты, каб знайсці хоць якую-небудзь інфармацыю. Так, 3 чэрвеня, ён прачытаў у газеце Kurier Czerwony, што Войкаў павінен з’ехаць у Маскву. Каверда ўжо думаў ад безвыходнасці ехаць у Вільню, але тая нататка змяніла яго лёс. Ён даведаўся пра расклад цягнікоў і чатыры дні запар хадзіў на вакзал, дзе чакаў сустрэчы з Войкавым.

7 чэрвеня 1927 года ў Барыса скончыліся грошы, а яго надзея сустрэць Войкава зусім знікла. Ён думаў, што прапусціў дыпламата ці ён з’ехаў з іншай станцыі. І ў той дзень Каверда вырашыў у апошні раз прыйсці на вакзал, а пасля, калі не знойдзе пасла, паехаць дадому ў Вільню. Калі Барыс прайшоў на вакзал, то адразу пазнаў Пятра Войкава. Той ішоў разам з яшчэ адным мужчынам, якога хлопец не ведаў. Каверда вельмі расхваляваўся:

«Тое, што адбывалася, не адпавядала маім чаканням, я разгубіўся. Я спрабаваў пераканаць сябе, што за Войкава прыняў нейкага іншага пасажыра. Пасля кароткага моманту ваганняў пайшоў у вакзальнае памяшканне, куды накіраваліся Войкаў і яго спадарожнік. Я хваляваўся, спяшаўся і не зайшоў у вакзальны рэстаран, дзе яны былі ў гэты час. Калі не знайшоў Войкава, я пайшоў назад, выйшаў на перон і стаў хадзіць каля цягніка, як і ў папярэднія тры дні».

Зусім інакш выглядаў той дзень для Пятра Войкава. Насамрэч, ён не збіраўся з’язджаць у Маскву. Ён быў на вакзале, каб сустрэць іншага дыпламата, паўнамоцнага прадстаўніка ўрада СССР у Лондане Аркадзя Разенгольца. Разенгольца адаслалі з Вялікабрытаніі з-за буйнага шпіёнскага скандалу. Таму Войкаў і Разенгольц і сустрэліся на варшаўскім вакзале. Дыпламаты выпілі там па кубачку кавы і шпацыравалі па пероне ля цягніка. Там жа іх і ўбачыў устрывожаны Каверда, які думаў, што ўвогуле згубіў Войкава.

Барыс лічыў, што сустрэча з Войкавым была выпадковасцю, якой магло і не здарыцца:

«Быў тут нейкі фатум. Калі нават Разенгольц ехаў праз Варшаву днём пазней, то замаху не адбылося. Грошы ў мяне ўжо скончыліся. На пакупку пероннага білету я выдаткаваў апошнія 20 грошай».

Сведкі сцвярджалі, што Войкаў і Каверда нібыта паспелі некалькі хвілін паразмаўляць. У сваіх успамінах Каверда пра гэта не піша. Па яго словах, калі ён убачыў Войкава зноў, то пачаў у яго страляць. Ён выпусціў шэсць куляў, але ў дыпламата трапілі толькі дзве: першая куля трапіла ў плячо, а другая прабіла лёгкае. Пасол паспеў адбегчы ад стралка і таксама некалькі разоў стрэліў міма.

Паліцэйскія адразу затрымалі Каверду, ён не супраціўляўся пры затрыманні. Яго адвялі ў вакзальны паліцэйскі пастарунак. Туды ж прынеслі і Войкава, на якім разарвалі кашулю, спрабуючы хоць штосьці зрабіць з ледзьве жывым паслом. У хуткім часе пацярпелага адвезлі ў шпіталь, дзе ён памёр менш чым праз гадзіну.

Каверду абшукалі і дапытвалі каля двух гадзін. Пры сабе ў яго былі два пісталеты. Пазней ён успамінаў, што ў пастарунку бегалі туды-сюды шмат людзей, усе крычалі. Пасля допыту яго адвезлі ў турму «Павяк».

смерць пятра войкава, забойства пасла ссср у варшаве
Труна з Пятром Войкавым. Фота: NAC

Афіцыйная Варшава выказвала савецкаму ўраду спачуванні, але адмовілася выдаваць Каверду. Польская прэса малявала з яго героя, а ў Савецкім Саюзе праходзілі дэманстрацыі, якія павінны былі паказаць як увесь савецкі народ злуецца з-за смерці пасла. Рэакцыя Масквы тады, як і цяпер на ўсе міжнародныя падзеі, была дзіўнай. Яны абвінавацілі ў забойстве брытанцаў, а потым і палякаў.

Надзвычайна хуткі суд, які Каверда назваў дамоўным паміж Польшчай і СССР

Усяго за некалькі дзён Барыса Каверду дапыталі і прызначылі дату суда — на 15 чэрвеня 1927 года. З моманту замаху прайшоў толькі тыдзень. Падчас следства і суда хлопец не выдаў ні аднаго са сваіх саўдзельнікаў:

«Я прытрымліваўся схемы, раней устаноўленай і абдуманай: што саўдзельнікаў у мяне няма, ніхто пра мае намеры здзейсніць замах не ведаў. Асноўнай прычынай стрэлу ў Войкава быў намер адпомсціць за бядоты, якія здзейсніў камуністычны рэжым у Расіі, а Войкаў быў актыўным дзеячам гэтага рэжыму».

Па меркаванні Каверды, яго справу разгледзелі хутка, бо паміж польскім і савецкім урадам была дамоўленасць. Суд прайшоў усяго за адзін дзень. Абарона настойвала на тым, што нянавісць юнака для бальшавіцкага рэжыму — гэта змякчальныя абставіны.

ДАВЕДКА
Дарэчы, падобны выпадак адбыўся чатырма гадамі раней у Лазане. Белы эмігрант Морыс Конрадзі застрэліў савецкага дыпламата і параніў двух яго спадарожнікаў. Конрадзі апраўдалі, а на судзе ён выступіў з абвінавачваннем супраць Кастрычніцкага перавароту і бальшавіцкага руху. Масква, у сваю чаргу, разарвала адносіны са Швейцарыяй і забараніла яе грамадзянам уезд у СССР.

У той час паміж Польшчай і СССР існавала значная напружанасць у адносінах. Афіцыйная Варшава, вядома, шукала хутчэй разрадкі, чым эскалацыі. Савецкі саюз пакрысе выходзіў з міжнароднай ізаляцыі і пазбягаў выканання дамоўленасцяў Рыжскага міру. У час, калі Войкава забілі, Варшава і Масква вялі перамовы пра дамову аб ненападзе.

Падчас судовага працэсу дапыталі дзясятак сведак, у тым ліку і бацькоў Барыса Каверды, якія даведаліся пра забойства з газет.

Каверда атрымаў пажыццёвыя катаржныя работы, якія пазней замянілі 15-гадовым зняволеннем. Суд вырашыў, што юнак дзейнічаў самастойна. Прэса пісала, што асуджаны выйшаў з залы судовага пасяджэння з усмешкай. Падчас зняволення ў турме Грудзёндзы Барыс спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, але яго выратавалі.

Як склалася далейшае жыццё Каверды

У 1937 годзе Каверду вызвалілі па амністыі. Праз год ён перабраўся ў Югаславію, але прабыў там нядоўга, бо краіну акупавала Германія. Другую сусветную Барыс сустрэў ужо ў Польшчы, дзе правёў чатыры гады вайны. У Польшчы ён ажаніўся з Нінай Пятрушынай, у пары нарадзілася дачка Наталля.

барыс каверда
У Варшаве Барыс Каверда ажаніўся.

Падчас вайны Каверда рыхтаваў агентаў і афіцэраў, якія ваявалі супраць Савецкага Саюза. Пасля вайны ён пераехаў у Германію, а потым разам з сям’ёй эміграваў у Злучаныя Штаты.

Як згадваў гісторык Валянцін Грыцкевіч, дачка Каверды расказвала пра бацьку, што той быў сціплым чалавекам і амаль ніколі не размаўляў з дачкой пра сваё мінулае.

Памёр у Адэлфі 18 лютага 1987 года. Пахаваны на расійскіх могілках манастыра Нова-Дзівеева ў Н’ю-Ёрку.

* * *

Пры арышце на пероне варшаўскага вакзала паліцэйскія забралі ў Каверды дакументы. У яго з сабой быў пашпарт для асоб без грамадзянства, ён не меў польскага грамадзянства. Нацыянальнасць Каверды ад самога пачатку яго справы выклікала пытанні.

Расійскія гісторыкі называюць Каверду белгвардзейцам, але ён такім не быў. Бо на момант распаўсюджання белага руху Барысу было ўсяго дзесяць гадоў. Яго называлі манархістам, але падчас судовага пасяджэння ён упэўнена заявіў, што з’яўляецца дэмакратам.

Беларускія гісторыкі доўга спрачаліся, ці лічыў сябе Барыс Каверда беларусам.

Барыс Каверда
Барыс Каверда.

Гісторык Валянцін Грыцкевіч упэўнены, што дакументы з судовага працэсу над Кавердай сведчаць пра тое, што ў яго была прарасійская і зусім не беларуская антысавецкая арыентацыя. Гісторык Наталля Стужынская лічыць наадварот, што Каверда быў беларусам, а расійская белая эміграцыя прыклала намаганні, каб зрабіць з юнака патрыёта Расіі.

Паўлюкевіч падчас суда казаў так: «Да каго трэба залічыць Каверду ў нацыянальным сэнсе, да беларусаў ці да расейцаў — не ведаю. Мы яго называлі Барысам і пра нацыянальнасць не пыталі. У мінулым годзе з ім адбыўся некаторы пералом. Барыс казаў, што ён не верыць у поспех Беларусі і хутчэй схіляецца да нашага (антысавецкага — заўв.) кірунку. Я не магу сказаць, кім ён сябе лічыў — расейцам ці беларусам. Нацыянальная самасвядомасць у Каверды не акрэслівалася».

Вярнуцца ўгару