Now Reading
Заморскія тэрыторыі ВКЛ: ці былі яны і дзе знаходзіліся?

Заморскія тэрыторыі ВКЛ: ці былі яны і дзе знаходзіліся?

заморскія калоніі ВКЛ, заморскія землі ВКЛ

У эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыццяў еўрапейскія дзяржавы пачалі каланізаваць раней невядомыя мясціны. Іспанія, Партугалія, Англія, Францыя… Разам з імі непрацяглы час каланізатарам было і Вялікае Княства Літоўскае.

PALATNO расказвае, як ВКЛ атрымала свае калоніі ў Афрыцы і Паўднёвай Амерыцы.

Аб’яднанне з Курляндскім герцагствам

У XV-XVI стагоддзях Вялікае Княства Літоўскае мела безліч ваенных канфліктаў з Масковіяй: ад памежных войнаў да маштабнай Інфлянцкай вайны. Небяспеку ад маскоўскіх цароў адчувалі не толькі ў ВКЛ, але таксама ў Курляндскім герцагстве і Лівонскім ордэне. Менавіта таму гэтыя дзяржавы аб’ядналіся з ВКЛ, а пасля Люблінскай уніі сталі васаламі і Польскага каралеўства. Курляндскае герцагства заставалася часткай Рэчы Паспалітай да 1795 года.

У сярэдзіне XVI стагоддзя герцагам Курляндыі стаў Якаб Кетлер, які кіраваў залежнай ад ВКЛ дзяржавай з 1642 да 1682 года. Дарэчы, падчас Паўночнай вайны (1655-1660) яго выгналі з Курляндыі, нават нягледзячы на нейтралітэт Курляндыі ў вайне, але пасля заканчэння канфлікту ён вярнуў сваю ўладу.

Кетлер шмат вандраваў па свеце: наведаў Англію, Галандыю і Францыю. Асабліва яму спадабалася ў Галандыі, дзе ён вывучаў караблебудаванне. Там ён упершыню зразумеў, што і маленькія дзяржавы з доступам да мора могуць зарабляць на гандлі. У той час многія краіны захоплівалі калоніі і з іх дапамогай арганізоўвалі гандаль рэдкіх тавараў.

З імем Кетлера звязаны заморскія калоніі ВКЛ і росквіт Курляндскага герцагства. Насамрэч, калоніямі валодалі курляндцы, але тэхнічна яны былі пад уладай федэратыўнага аб’яднання Рэчы Паспалітай.

Каланізацыя Афрыкі і Паўночнай Амерыкі

Курляндыя распачала працэс каланізацыі яшчэ да пачатку праўлення Якаба Кетлера —  падчас кіравання дзяржавай яго дзядзем Фрыдрыхам. У 1639 годзе курляндцы спрабавалі каланізаваць выспу Табага на Карыбах (побач з сучаснай Венесуэлай). Дзве сотні пасяленцаў загінулі цягам некалькіх месяцаў знаходжання на выспе. Па дадзеных латвійскіх даследчыкаў, пасяленцы загінулі ад шматлікіх нападаў мясцовых абарыгенаў. Даследчык Лэні Німблет у кнізе «Табага: міфы і рэальнасць» расказваў, што курляндцы загінулі ад хвароб.

заморскія калоніі ВКЛ, заморскія землі ВКЛ
Заморскія землі Курляндыі ў Афрыцы. Фота: Radosław Botev, Atamari, CC BY-SA 2.0, via Wikimedia Commons

Другая спроба каланізацыі выспы адбылася ў першы год кіравання Курляндыяй Кетлерам. Гэтым разам каланізаваць Табага спрабавалі не курляндскія пасяленцы, а замежнікі — галандцы на чале з Карнэліўсам Карунам. Пасяленцы пражылі на выспе некалькі гадоў, а затым іх паселішча разграмілі абарыгены.

Якаб Кетлер вырашыў, што ў каланізацыі Паўднёвай Амерыкі шмат цяжкасцяў і канкурэнцыі з іншымі дзяржавамі, асабліва з Іспаніяй, якая не хацела, каб іншыя краіны дамінавалі на іх каланіяльнай тэрыторыі.

У 1651 годзе курляндцы купілі ў Афрыцы выспу (яе назвалі выспай Святога Андрэя, цяпер гэта тэрыторыя Гамбіі), пабудавалі на ёй форт Якаб і дадаткова набылі зямлю побач з ракой, на якой знаходзілася выспа. Курляндцы актыўна развівалі новыя каланіяльныя ўладанні: будавалі плантацыі, цэрквы, гандлявалі з мясцовым насельніцтвам.

У 1653 годзе да Табага — былой калоніі Курляндыі ў Паўднёвай Амерыцы — даплылі курляндскія караблі з вайскоўцамі. Выспу назвалі «Новай Курляндыяй». На працягу некалькіх гадоў там паўсталі новыя паселішчы, дзе да пачатку Паўночнай вайны жылі пасяленцы — больш за тысячу чалавек. З Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі Курляндыя экспартавала цукар, тытунь, бавоўну, какаву, экзатычных жывёл.

Каланізацыя скончылася падчас Паўночнай вайны

У 1655 годзе паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай пачалася Паўночная вайна. Курляндскае герцагства адразу ж аб’явіла аб сваім нейтральным статусе. Аднак гэта не перашкодзіла шведскім войскам зайсці на тэрыторыі герцагства і на два гады ўзяць у палон Якаба Кетлера.

А што ў гэты час адбывалася з калоніямі? Курляндскія калоніі захапілі галандскія перасяленцы, колькасць якіх значна перавышала колькасць курляндцаў. Галандцы нядоўга валодалі пасяленнямі курляндцаў у Афрыцы і Паўднёвай Амерыцы. Пасля заканчэння Паўночнай вайны ў 1660 годзе калоніі вярнуліся да герцагства.

заморскія калоніі ВКЛ, заморскія землі ВКЛ
Латвійская паштовая марка з выявай Якаба Кетлера. Фота: Philaweb, Public domain, via Wikimedia Commons

У 1666 годзе курляндскія пасяленцы пакінулі выспу Табага. Дагэтуль дакладна невядома, чаму гэта адбылося. Магчымай прычынай называюць пірацкую атаку на выспу. У 1668 годзе курляндцы спрабавалі вярнуцца на выспу, але галандцы далі адпор. Праўленне курляндцаў у Табага было ўзноўлена ў апошнія гады Кетлера.

Курляндцы канчаткова пакінулі калоніі ўжо пасля смерці Якаба Кетлера. У 1690 годзе выспа Святога Андрэя была прададзена. Але да 1795 года курляндцы працягвалі прызначаць мясцовых губернатараў.

Вярнуцца ўгару