Што жанчыны адзяваюць у турме?

праект палітвязынка

У Музеі Берлінскай сцяны праходзіць выстава пра жанчын і Беларусь. У цэнтры ўвагі — палітзняволеныя. Гэта выстава — частка праекта «Палітвязынка», які расказвае пра тое, што адбываецца з жанчынамі, якіх пераследуюць па палітычна матываваных крымінальных справах.

PALATNO пагутарыла са стваральніцай «Палітвязанкі» Яўгеніяй Доўгай пра праект.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: «Беларускі — у сітуацыі татальнага абясцэньвання». Расказваем пра «Палітвязынку» — кранальны праект пра беларускіх жанчын-палітзняволеных

«Пасадзілі на самае дно жыцця — у беларускую турму»

Рэчы для выставы збіралі два месяцы. Іх перадавалі самі палітзняволеныя — тыя, хто прайшоў турму. У кожнай рэчы — свая адметная гісторыя.

— Мяне ўразіла турэмная сукенка і хустка, — расказвае Яўгенія Доўгая. — Яно такое тонкае, з паркалю, і было ўсё паношаным. Сукенка перажыла і холад, і спёку, і знясільваючую працу. Пад пахай сукенка парваная, а хустка сцёртая да дзірак. Я ведаю, што ў спёку жанчыны сябе абліваюць вадой у калоніі, і ў гэтых мокрых сукенках стаяць на пастраенні пад сонцам. Гэта сукенка шмат бачыла. І яна ружовага колеру.

У калекцыі выставы ёсць і чорныя тонкія трусы. Яны падпісаныя імем палітзняволенай — на іх вышыта імя «Кася». Яўгенія адзначае, што ў калоніі трэба падпісваць рэчы, бо яны могуць згубіцца ці іх могуць скрасці. Суразмоўца падкрэслівае, што кожная рэч для жанчыны ў калоніі — вялікая каштоўнасць.

— Аднойчы я глядзела перадачу пра жанчыну, якая збірае бялізну жанчын з ГУЛАГу. Там бялізна са «шнырамі», некалькі разоў перашытае. Тыя чорныя трусы і вышытае імя на іх — таксама шрам.

Трусікі належалі маладой студэнтцы Касі, якая трапіла на два гады ў калонію па палітычна матываванай справе. Ёй было 19 гадоў, калі арыштавалі.

— Ёй бы адзяваць прыгожую бялізну, вучыцца, вандраваць, кахаць. Але яе вырвалі несправядліва з жыцця і пасадзілі на самае дно жыцця — у беларускую турму.

@politvyazynka

Приходите обязательно #выставка #prison #belarus #berlin #muzeum #палітвязынка #longlivebelarus #women #solidarity #love #grlpower #жывебеларусь

♬ Into The Light – Brand X Music

Яшчэ адзін з экспанатаў — вясельная сукенка палітзняволенай Рэгіны Лавор. У белай сукенцы яна вянчалася, а пасля пайшла ў ім на суд. Ёй прысудзілі два гады «дамашняй хіміі». Для праекта «Палітвязынка» гэта ўжо другая вясельная сукенка. Праваабаронцу Марфу Рабкову таксама затрымалі ў сукенцы, у якой яна выходзіла замуж — і ў ёй яна сядзела да першай перадачы.

Палітзняволенай Яне Арабейцы, калі яна сядзела ў СІЗА, сябры перадалі майку з вышытымі далонямі. Вышытыя далоні азначалі абдымкі. Арабейка перадала для калекцыі свой крэм для рук, рукавіцы і шапку свайго мужа Валерыя. Яна і Валерый ажаніліся ў калоніі, а шапку ён купіў у турэмнай краме, каб быць ментальна бліжэй да сваёй жонкі.

Пастаянная экспазіцыя пра палітзняволеных беларусак у цэнтры Берліна

Экспазіцыя рэчаў беларускіх палітзняволеных назаўсёды застанецца ў Музеі Берлінскай сцяны. У музеі — 50 памяшканняў: там ёсць выставы пра Украіну, Паўночную Карэю і цяпер з’явілася пра Беларусь.

Выстава стала магчымай пасля таго, як з Яўгеніяй Доўгай звязалася куратарка музея. Яна родам з Украіны, крымская татарка. 150 палітзняволеных з часова акупаванага Крыма адбываюць пакаранне ў расійскіх калоніях, 99 з іх — крымскія татары. Некаторыя з іх памерлі ў турме.

праект палітвязынка
Выстава ў Музеі Берлінскай сцяны. Фота: Яўгенія Доўгая

— Куратарцы была блізкая гэта тэма. Яна прапанавала зрабіць такую экспазіцыю і займалася яе арганізацыяй. Маёй задачай быў толькі збор рэчаў. Вельмі ўдзячная гэтай жанчыне, але яна прасіла не называць яе імя з мэтаў бяспекі. Мы з ёй сталі блізкімі сябрамі, — дзеліцца Яўгенія.

Палітзняволеныя жанчыны былі ўдзячныя за выставу, дзякавалі Доўгай.

— Тыя, хто бачыў выставу, былі ўражаныя тым, колькі рэчаў атрымалася сабраць. Людзі былі ўражаныя і тым, якой выстава атрымалася маштабнай.

Вярнуцца ўгару