Вы чытаеце:
«Ня дай вам бог кахацца ўзімку»: як выглядае зіма ў сучаснай беларускай паэзіі?

«Ня дай вам бог кахацца ўзімку»: як выглядае зіма ў сучаснай беларускай паэзіі?

зімовыя вершы па-беларуску, вершы пра зіму, вершы пра снег

Шукаем зімовы настрой у радках вершаў сучасных беларускіх паэтаў. Якая яна, зіма? Пра што снег? Ці ёсць там месца для кахання альбо толькі суцэльная азяблая безнадзёга? Дзе шукаць цудаў?

Заварвайце ўлюбёную гарбату і чытайце разам з намі.

Пра снег

У топе зімовых вобразаў, безумоўна, снег. Белы і пухнаты, калючы і халодны ці бруднай кашай пад нагамі — не важна. Галоўнае, што ён ёсць, што хочацца прыгадваць дзяцінства ці шукаць філасофскія адказы.

Цікава, што ў беларускай традыцыйнай культуры снег — гэта адзін з найважнейшых сімвалаў. Усё проста: калі ёсць снег, то і наступны год будзе. Глеба, дрэвы і расліны перазімуюць у цяпле, а значыць — будзе новы ўраджай. І ўсё будзе добра.

Аксана Данільчык

Снег як выяўленне экзістэнцыі
доўгай і бязлітаснай зімы,
еднасці магчымыя канцэпцыі
разбураюцца наўпрост: а вы, а мы…

Снег як выяўленне нетрываласці
усяго, што сыдзе па вясне,
і ў цяперашняй недасканаласці
я знайсці спрабую нейкі сэнс.

Снег як выяўленне непазбежнасці —
пакідаць ці не — свае сляды,
выбіраючы паміж залежнасцю
і свабодай выбранай хады.

Снег як свету вымярэнне белае,
як магчымасць нешта ўратаваць,
бо пад ім праз лісце спарахнелае
прарастае новая трава.

Снег не дазваляе замаркоціцца,
не зважаючы на сум і гвалт;
з думкай, што і гэта неяк скончыцца,
я ступаю на сухі асфальт.

***

Андрэй Хадановіч

Падае сьнег на поўначы і на поўдні,
восені па калена, зіме да плячэй.
Падае сьнег пад колы сонца і поўні:
выпаў — і дзень свабодны, і ночыць мякчэй.

Сьнег на Менск і Варшаву, на Вену і Вільню,
захінае сьвятло, бо і сам — сьвятло.
Сьнег, які толькі ўчора сышоў на хвілю.
Сьнег, якога ўжо вечнасьць тут не было.

Сьнег на хваіны з плітамі і крыжамі,
сьнег на вочы і вушы, на бэз і глог.
Сьнег да самага неба ў белай піжаме,
што запаўзае ў самы глыбокі бярлог.

Сьнег барадою з ваты, як у батлейцы,
на вандроўных грэшнікаў і сьвятых.
Сьнег на тых у чарзе, і тых у калейцы,
тых, што ў Бога за пазухай, і ня тых.

Сьнег на дарогу з дому і шлях дадому
між халодным сэрцам і галавой.
Сьнег, што сьніцца ад летась сабе самому,
і абудзіцца заўтра вадой жывой.

Сьнег дзьмухаўцу на голаў, бы строіць кепікі:
«Ты, жаўтароты, сьпяшайся, бялей, сталей!»
А ў чырвонае ружы настрой някепскі:
бел-чырвонаю ружай цьвіце далей.

***

Пра каханне

Кажуць, што людзі маюць патрэбу ў людзях. Зімой, калі большую частку часу цёмна ці шэра, а цяпло выпраменьвае не сонца, а толькі пыльныя батарэі, гэта сцвярджэнне выглядае надзвычай актуальным.

Асабліва пра гэта крычыць рэклама — вы заўважалі? Няважна, друкаваныя гэта ўлёткі ці банеры ў анлайн-крамах: усюды шчаслівыя сямейныя застоллі і парачкі ў аднолькавых ugly-швэдарах.

Паэты таксама пішуць пра каханне. Кажуць — бывае па-рознаму.

Андрэй Хадановіч

Ня дай вам бог кахацца ўзімку,
а давядзецца — вам жа горш!
Зь вятрамі сьнег ідзе ў абдымку,
і выжывае толькі морж.

Узімку ў экзатычны тур бы,
да пірамід і міражоў,
а вы хаваецеся ў гурбы
ад завірух і скавышоў.

Ні хостэлаў, ні love-гатэляў.
Па лёдзе — не ступіць нагой.
І верны сябра не патэліў,
што вольны маецца пакой.

На шыбах ледзяныя кветкі.
На вейках ледзяшы ад сьлёз.
А за акном сьмяюцца сьведкі
з дваіх вар’ятаў у мароз.

Сабаку за парог ня пусьціш,
калі нармальны гаспадар…
Ці ты прысьніў такую вусьціш,
ці іншым сьніцца твой кашмар?

Каханьне — тэма для паэзій,
у сьне мацнейшае ўдвая…
Дзьве таксы бегаюць па сьнезе —
яна і я.

***

Наста Кудасава

і пакуль я ўпівалася ў лужынаў жоўтыя вочы,
набівала жывот перасоленай снежнай кашай,
хтосьці здаў гэты люты ва ўтыль,
збракаваў мой почырк,
пераціснуў мне горла даўкім нясцерпным кашлем,
так што й выдыхнуць цяжка,
не тое што слова мовіць!
рот адкрыеш, а там адно «ка-хаю, ка-хаю…»
але ўпотай
нясу гэты боль як шчаслівую споведзь.
і так горача ў жываце…
няўжо гэта снег мой вось-вось растае?

***

Наста Манцэвіч

Я ведаю, што так будзе,
што я прачнуся 1-га студзеня
адзін дома
адзін у горадзе
адзін на дварэ
до рэ мі фа мі до рэ
спяваюць за вокнамі п’яныя,
а я ныю, ныю, я завываю,
а ты сцябешся, з цябе ж усё
роўна ўзяткі гладкі, усё-ткі
я сам вінаваты, што так
адбываецца з года ў год.
І гэта не лечыцца, і не лічыцца,
што быццам бы ёсць нагода —
дзве тысячы сем нагод!

Я і гарэлка «дзяржава» —
такое вось дэжа вю,
такі, бляха, новы год.

Пра веру і Каляды

Здавалася б: ХХІ стагоддзе на дварэ, век тэхналогій, трыумф штучнага інтэлекту і перамогі духу над матэрыяй — якая ж тут вера? Але рэчаіснасць не дае забыцца. І зіма, з сваімі даўгімі вечарамі, хаатычнымі сняжынкамі і завеямі, чарговы раз нагадвае пра пытанні, на якія ў нас няма адказаў — а што там, далей? А чаму ўсё так?

Тут можна зразумець паэтаў — часам таксама хочацца верыць у што заўгодна, абы наблізіць чаканае ці проста спадзявацца на цуд. Ці камету.

Наста Кудасава

Нас нажом па зямлі размазала,
расцягнула па чорнай скібцы.
І цяпер паламаным пазлам
я ляжу ўначы. Мне не спіцца.
Мне самотаю ціша цвыркае,
снег маўчыць за акном па-польску…
Ну, вазьмі ўжо мяне за шкірку,
пасадзі ў сваю пераноску
і схавай у сябе за пазухай,
хоць пад закарэлай рагожай!
Дай праспаць гэту злую казку.
Ты ж магутны, ты можаш.

***

Юлія Атрашкевіч

Вігілія. Шпіталь.
Усе чакаюць на нараджэнне дзіцяці.
Хтосьці Божага. Хтосьці свайго.
Ты чакаеш на аборт.
Табе сказалі: «Ён нежывы».
Ты прамаўчала.
Ён не пражыве свае 33 гады.
Ты таксама яшчэ не пражыла,
А ўжо носіш у сабе смерць.
Але набліжаецца Свята.
Дома чакае сужонак і сын.
Сябры тэлефануюць і запрашаюць на гуся.
Ты не плачаш. Ты прагнеш дадому:
Запаліць ліхтарыкі, з’есці вячэру,
І каб было як раней, у дзяцінстве,
Дзе ўсе нараджаюцца.

***

Яўген Кунцэвіч

на каляды к сыну ўсямоглы крочыць
падарункаў безліч хрысту рыхтуе
запаліўшы зорку на ўсе нябёсы
свечкай на торце

немаўлятку сняцца аслы й вярблюды
скарбы ўжо ў дарозе й пакуты блізка
— ойча, што за кубачак незаўважны
між падарункаў?

— спі спакойна сыне мінуе чара
самі хай ратуюць жывыя душы
ад грахоў сябе і смяротнай долі
спі мой сусвеце

ты звычайным хлопчыкам пасталееш
ты зямлі не зменіш і ўсіх не збавіш
але будзеш чухаць авечкам вушы
зорачы ў неба

і маёй правіцай заўсёды будзеш
праўда шлях жыццё альфа і амега
загадай жаданне й падзьмі на зорку —
з днём нараджэння

***

…І трошкі пра паўсядзённае

Пад канец — колькі вершаў пра тое, што цяжка акрэсліць нейкай адной катэгорыяй. Ды і ці трэба? Асабістае, балючае, філасофскае. Зімовае.

Наста Кудасава

курчыцца снег.
ад жыцця ашалелі
ў клетцы грудной грудныя шпакі:
так разышліся на рэбраў арэлях,
высунуўшы языкі,
што падаецца,
вось-вось разарвецца
цела няўрымслівая турма,
дзюбы ўцалуюцца ў роднае вецце
і завяршыцца
зіма.

***

Андрэй Хадановіч

Зімовы краявід з пасткай для Ікара

 

Сьпяшаецца вецер і вершы хаваюцца ў шалік.
Настрой на арэлях і думкі таксама на шалях.

Заход над вадой, як апошні заход у жыцьці.
Захочаш — у вір, не захочаш — у вырай ляці.

Дунай рукавамі сьлязу непатрэбную выцер.
Нашчадак Скарыны вагаецца: Прага ці Піцер.

Скарыначкай лёд загусьцеў на паверхні ракі —
і Брэйгель, адкінуўшы крылы, прымераў канькі.

Так, правільна Бройгель, ды слова цяжкое, патоне
і аўтара зь вершыкам разам зацягне ў прадоньне.

Ледзь выгукнеш слова, хай доктар адкажа: «Жыве».
А тое, што плавае добра, далей паплыве.

 

***

Дзмітры Рубін

Горад засыпаны снегам
Дрэмлюць дамы ў сумётах
Я вось з такога разбегу
Не пераскочу плота
Лясну грудзьмі аб дошкі
Кроў паліецца з рота
Слімак пакажы свае рожкі
Інакш паляціш з работы
Горад засыпаны снегам
Новым красавіковым
Не пераскочыў з разбегу
Рот напаўняецца кроўю
Пырскі ляцяць феерверкам
Як на дзявятага траўня
Шлях ад варагаў у грэкі
Шляхам на месцы стане
Не пераскочыў з разбегу
Раскінуў пад ногі вантробы
Белым ліпучым снегам
Сталі ў сасудах тромбы
Сталі на рэйках трамваі
Снегавікоў калоны
Вы мяне выклікалі
Рожкі забыў дома
Горад засыпаны снегам
Свецяць сузор’яў нізкі
Нават з такога разбегу
Не пераскочу бо слізка
Сцежкі ляцяць дарожкі
Сняжынак растуць цені
Слімак пакажы свае рожкі
Давай паглядзім у кішэнях
Нават з такога разбегу
Нават з такога разбегу
Выламаю ўсе рэбры
Аб тыя гнілыя дошкі

***

Аксана Данільчык

У лютым таго далёкага года
сям’я маёй школьнай сяброўкі атрымала кватэру.
На другім канцы горада, што ў нашым узросце
азначала развітацца ці не навекі.
Я засталася адна і цэлы люты хварэла —
ад безнадзейнай самоты яшчэ не знайшліся дзейсныя лекі.

Я не хадзіла ў школу і на вуліцу не хадзіла:
ніяк не хацеў апускацца тэмпературы слупочак срэбны.
Магчыма, менавіта тады я і вершы чытаць палюбіла,
бо адчувала сябе нікому ў той час непатрэбнай.

За днямі міналі дні, вятры вывучалі гарады і палеткі,
а я існавала нібыта ў прасторы замкнёнай —
гэта цяпер ёсць розныя мэсэнджары і сацыяльныя сеткі,
а ў тую пару нават не ва ўсіх былі хатнія тэлефоны.

Снег за акном ператвараўся ў вадзяністую шэрую масу,
раставаў і вяртаўся ізноў, выпрабоўваючы цярпенне.
Я не ведала, што боль і самота сыходзяць з часам,
але на ўсялякі выпадак пэўнае прыняла рашэнне.

Тое рашэнне будзе мець аддаленыя наступствы,
як высветлілася пазней, вызначальны выдаўся месяц:
я вырашыла, што не скончу жыццё самагубствам.
Мне было дзесяць.

***

Анатоль Івашчанка

Сьнег занёс дарогі ды парогі,
аўтазакі, бусы ды астрогі,
Саркафаг ды пляц Кастрычніцкі,
Фелікса й «палац» Пішчалаўскі…

Сьветла так, хоць вока выкалі.
Цёмна так, бы ў першы дзень, калі
Бог сьвятло ад цемры аддзяліў.

Горад наш пад покрывам смугі.
Скрозь акупацыйныя сьнягі.
Мік & Майк шыбуюць да ракі.
Па дварох курсуюць варанкі.

Безьмяжак разгортвае свой сьцяг.
Саркафаг узьняўся на касьцях.
Неба набрыняла ад тугі,
цяжка ціснуць хмары-абцугі.

Я табе лістую з-за сьцяны.
Прывітаньне, цёзка дарагі.
Шчэ крыху — й дацягнем да Вясны.
Шчэ крыху — й пабачаць пацукі:
горад НАШ
і нашыя — сьцягі!

***

Ганна Янкута

Агрэгатны стан свету мяняецца,
вада ледзянее на вачах,
і я бяру з яе прыклад,
а скавыш шапоча штосьці на вуха,
я стаю ля акна і сачу за тым,
што дзеецца вонкі,
бачу, як з дробных сняжынак
збіраецца завіруха,
гляджу на яе рассеяна,
не верачы ні ў якія абяцанкі,
што белае палатно,
пад нагамі рассцелецца
і павядзе ў неруш
сляды мае множыць,
мне б адно назіраць з-за фіранкі,
вачэй не адводзячы,
як свет чарговы раз
перастройваецца
з восеньскага ў зімовы —
столькі ў ім дзеецца,
на што я не маю ўплыву,
як на надвор’е,
хай робіць што хоча —
да знямогі,
а хоць да магілы.
Што там ізноў? Сонца
снег растапіла.

***

Юлія Цімафеева

Не кіно

Маленькай
я нават думаць баялася
пра фізічныя катаванні,
ужо не кажучы пра тое,
каб іх бачыць.

Закасаны па локаць
рукаў гімнасцёркі,
бізун,
нагайка, дручок ці палка
ў руках.
Белыя
напятыя
мускулы
прагнулі ўдару,
шалам ашчэраныя
чорныя пашчы
аўчарак
шукалі спажывы.

І калі на экране
рука ўздымалася над бедаком,
прыкутым да крэсла,
калі люты сабака рваўся наперад,
раскрыўшы зубатую ляпу,
калі адпускалі курок аўтамата,
нацэленага на бяззбройныя постаці
ў снезе
і з тэлевізара неслася
няўмольнае тра-та-та-та,

я з крыкам выскоквала
за дзверы,
заплюшчвала вочы,
закрывала далонямі вушы,
і, упаўшы на ложак, спрабавала
адплакацца і аддыхацца

ад страшных непабачаных
карцін.

Часам мне хлусілі
са шкадавання:
гэта ж толькі ў кіно.

Але я адчувала падман —
так шмат
было гэтых фільмаў,
так шмат
было гэтых кніг.

Ідзі і глядзі.
Сядай і чытай.
Каб ніколі зноў.

І вось я зноў
сяджу і гляджу,

не разумеючы,
чаму адзін чалавек
наўмысна чыніць боль
іншаму.

Я чую брэх
раз’ятраных аўчарак,
я бачу ўзнятыя рукі карнікаў.
Я выскокваю за дзверы
краіны.
Але гэтае кіно ні пераключыць,
ні выключыць.

Наперадзе бясконцыя снягі
і чорная паласа
далягляду.

Вярнуцца ўгару