Натхненне

Паўстанец, ссыльны, даследчык Сібіры. Расказваем пра Яна Чэрскага


Паўстанец, ссыльны, даследчык Сібіры. Расказваем пра Яна Чэрскага

Ён быў дваранінам з Віцебшчыны з добрай адукацыяй і светлай будучыняй. Аднак Паўстанне ўсё змяніла ў яго жыцці.

PALATNO расказвае пра Яна Чэрскага, які стаў даследчыкам Сібіры пасля ссылкі за Паўстанне Кастуся Каліноўскага.

Паўстанне змяніла яго жыццё

Ян Чэрскі нарадзіўся ў маёнтку Свольна на Віцебшыне (цяпер — Верхнядзвінскі раён) у 1845 годзе. Ян страціў бацьку ў даволі раннем узросце, аднак маці забяспечыла яму добрае дамашняе выхаванне і адукацыю.

У 1860-я гады Ян Чэрскі пачынае вучобу ў Віленскім інстытуце. Там ён змог правучыцца тры гады, а пасля пачалося Паўстанне Кастуся Каліноўскага. У некаторых крыніцах сцвярджаецца, што Ян Чэрскі ўдзельнічаў у Паўстанні ў атрадзе самога Каліноўскага. Падчас аднаго з баёў трапіў у палон: яго захапілі рускія вайскоўцы.

Ваенна-палявы суд пазбавіў Чэрскага дваранскага звання, у яго канфіскавалі маёмасць. Аднак далей было горш: за ўдзел у Паўстанні яго адправілі на бестэрміновую рэкруцкую службу ў Сібір.

Паводле адной з версій, Яна Чэрскага павінны былі адправіць у Благавешчанск, але па дарозе ён дамогся замены месца службы на Омск за пяць тысяч залатых манет, якія схавала для яго маці ў паліто «на чорны дзень».

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Ён прыдумаў беларускую літаратуру. Расказваем пра фалькларыста Рамуальда Падбярэскага

 

Дзед ізраільскага прэм’ера Нетаньяху родам з беларускага Крэва. Кім ён быў і чым займаўся?

 

Маляваў Касцюшку, калі гэта не было прынята. Расказваем пра мастака Яна Дамеля, які любіў гісторыю не менш за мастацтва


Новае жыццё ў Сібіры

Ссылка ў Омск таксама не стала выратаваннем для Чэрскага. Яго камандзіры бачылі ў юнаку дзяржаўнага злачынцу, таму ў яго была цяжкая служба, прыніжэнні і хваробы. У 1869 годзе з-за цяжкага стану здароўя Чэрскага прызналі нягодным да службы, але вярнуцца дадому так і не дазволілі. Так, Ян застаецца ў Сібіры на доўгі гады ўжо ў новай якасці: ён быў не салдатам, а палітычным ссыльным.

У Омску Чэрскі пачаў вучыцца самастойна: карыстаўся бібліятэйкай, вывучаў анатомію, геалогію, заалогію. У гэты час ён пазнаёміўся з Аляксандрам Чаканоўскім, які таксама быў у ссылцы і займаўся геалагічнымі даследаваннямі. Менавіта Чаканоўскі запаліў у Чэрскім цікавасць да геалогіі.

У 1871 годзе Ян атрымаў дазвол пераехаць у Іркуцк. Там атрымаў працу ў музеі і бібліятэцы. Чэрскі шмат працаваў у музеі і ў полі. Ён самастойна збіраў узоры горных парод, вызначаў вышыні, складаў карты, вывучаў выкапнёвых жывёл.

Асобнае месца ў біяграфіі Яна Чэрскага займаў Байкал. Ён даследаваў берагі возера напрацягу чатырох гадоў — з 1877 да 1881 года. Чэрскі даследаваў усё ўзбярэжжа Байкала, вывучыў вусці рэк, што ўпадаюць у яго. Ён вандраваў амаль заўсёды пешшу, часам на лодцы, якую набыў за ўласныя грошы. Цікава, што яго памочніцай у даследаваннях была жонка Маўра Паўлаўна Чэрская.

Са сваёй жонкай Чэрскі пазнаёміўся ў ссылцы ў Іркуцку. Тая была з простай сям’і, не атрымала ў дзяцінстве адукацыі, якую меў сам Чэрскі, але мела вялікія здольнасці і прагу да навукі. Чэрскі навучыў яе грамаце, яна сама зацікавілася даследчай працай: яны разам хадзілі ў экспедыцыі, збіралі гербарыі і гэтак далей.

маўра чэрская, ян чэрскі, беларуская навука, беларускія навукоўцы
Маўра Чэрская. Выява створана штучным інтэлектам.

Смерць напаткала яго ў Сібіры, хоць ён атрымаў амністыю

У 1885 годзе Ян Чэрскі быў амніставаны і з сям’ёй пераехаў у Санкт-Пецярбург. Так, дваццаць два гады ссылкі за ўдзел у Паўстанні скончыліся. Чэрскі стаў членам навуковых таварыстваў, выступаў з дакладамі і працаваў над буйнымі даследаваннямі.

У 1891 годзе Ян распрацаваў план вялікай экспедыцыі ў басейны Яны, Калымы і Індыгіркі, якія былі амаль не даследаванымі на той час. Тады здароўе Чэрскага ўжо было даволі слабым, але ён хацеў правесці экспедыцыю.

У экспедыцыю з Янам паехалі яго жонка, сын і пляменнік. Яны былі павінны перайсці праз горныя хрыбты, балоты, рэкі і іншыя непрыемныя з’явы надвор’я. Апошнім выпрабаваннем для даследчыка стала зімоўка ў Верхне-Калымску. Хвароба Чэрскага моцна абвастрылася — у яго былі сухоты.

У чэрвені 1892 года экспедыцыя Чэрскага рушыла па Калыме. Спачатку ён мог сядзець у лодцы і даваць указанні. Потым ужо не змог пісаць, таму за яго працавала жонка. У асабістым дзённіку Маўра Чэрская пакінула кароткія і страшныя нататкі пра стан мужа.

25 чэрвеня 1892 года Ян Чэрскі памёр каля вусця ракі Прорвы. Яго пахавалі на беразе Калымы.